Хатнi гвалт — трывожная рэальнасць
Хатнi гвалт — трывожная рэальнасць
У вераснi-лiстападзе пад эгiдай прадстаўнiцтва ААН у Беларусi Цэнтр сацыялагiчных i палiтычных даследаванняў Белдзяржунiверсiтэта ў рамках сумеснай нацыянальнай iнфармацыйнай кампанii па процiдзеяннi хатняму гвалту правёў спецыяльнае даследаванне з мэтай вывучыць сiтуацыю ў беларускiх сем’ях. Аб вынiках работы сацыёлагаў наш карэспандэнт гутарыць з кiраўнiком дэпартамента грамадскай iнфармацыi прадстаўнiцтва ААН у Беларусi Вiктарам Радзiвiноўскiм. — Вiктар Уладзiмiравiч, чаму прадстаўнiцтва ААН актыўна садзейнiчала даследаванню менавiта гэтага, прама скажам, не лепшага пласта нашага жыцця, якiм з’яўляецца хатнi гвалт? — Павышаная ўвага ААН да вывучэння i выкаранення гэтай агiднай, даволi распаўсюджанай ў свеце i, на жаль, вельмi жывучай з’явы, невыпадковая. Яна, пагадзiцеся, трывожная рэальнасць нашых дзён. I не толькi ў Беларусi. Гвалт аднаго члена сям’i над iншым цi iншымi членамi сям’i мае, так бы мовiць, рознае вымярэнне: псiхалагiчнае, эканамiчнае, фiзiчнае i сэксуальнае. У апошнiя гады праблема гвалту выклiкае да сабе павышаную ўвагу з боку праваахоўных органаў i грамадскасцi Беларусi. Iх цiкавасць абумоўлены тым, што ахвяры сямейна-бытавых канфлiктаў складаюць самую шматлiкую групу сярод загiнулых i пацярпелых ад любых злачынстваў. Разам з цялеснымi пашкоджаннямi, забойствамi i самагубствам, наступствамi гвалту ў сям’i могуць быць i розныя псiхiчныя захворваннi, страта ахвярай павагi да сябе. Асаблiва сярод жанчын i дзяцей. Скажыце, цi можна з гэтым мiрыцца? Гвалт нараджае i шэраг такiх сацыяльных праблем, як рост лiку разводаў i няпоўных сем’яў, дзiцячую бездагляднасць i злачыннасць няпоўнагадовых. Таму мэтай даследавання стала ўсведамленне сапраўдных маштабаў хатняга гвалту, вывучэння яго прычын, дынамiкi i наступстваў. — Што паказала даследаванне гэтай вострай праблемы, бо, як вядома, большасць сем’яў не хочуць выносiць смецце з хаты. — Сацыёлагамi былi апытаны 488 мужчын i 512 жанчын ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў, якiя мелi вопыт сямейнага жыцця ў афiцыйна зарэгiстраваным або грамадзянскiм шлюбе. Вынiкi даследавання паказвалi, што маштабы распаўсюджвання ў нас хатняга гвалту даволi вялiкiя. Так 4 з 5 жанчын ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў падвяргаюцца псiхалагiчнаму гвалту ў сям’i, кожная чацвёртая (з рознай частатой) — фiзiчнаму гвалту, 22,4 % жанчын церпяць ад эканамiчнага i 13,1 % — сэксуальнага гвалту з боку свайго мужа цi партнёра. Прычым амаль кожная дзясятая жанчына (8 %) выпрабоўвае на сабе i фiзiчны, i сэксуальны гвалт i кожная дзясятая жанчына (9,5 %) падвяргалася фiзiчнаму гвалту мужам цi партнёрам падчас цяжарнасцi. Звяртае на сябе ўвагу i той факт, што 22,1 % рэспандэнтаў-мужчын хоць бы аднойчы падвяргалiся фiзiчнаму гвалту з боку жонкi або партнёркi; 12,5 % выпрабоўвалi фiзiчны, а 5,7 % — сэксуальны гвалт. Тым або iншым формам псiхалагiчнага гвалту ў рознай ступенi падвяргаюцца, па вынiках апытання, 79,7 % мужчын. — Лiчбы ўражлiвыя. Але чаму, на ваш погляд, большасць нашага насельнiцтва нават i не падазрае аб сапраўдных маштабах хатняга гвалту? — У ходзе даследавання высветлiлася, што толькi 6,0 % мужчын i 46,8 % жанчын пасля фiзiчнага i сэксуальнага гвалту звяртаюцца па дапамогу. Пры гэтым гаворка iдзе не толькi аб прафесiйнай дапамозе псiхолага, супрацоўнiка сацыяльнай службы, органаў унутраных спраў або медыцынскага спецыялiста. Мала звяртаюцца па падтрымку i параду да сяброў, сваякоў i суседзяў. Хоць 40 % жанчын, якiя перажылi сэксуальны або фiзiчны гвалт, прыходзiлася пакiдаць сваю кватэру, дом, каб пазбегнуць жорсткай бойкi. — А цi ёсць сувязь памiж матэрыяльным узроўнем жыцця i адукацыi членаў сям’i i ступенню гвалту ў iх? — Ёсць. Зафiксавана, што з павышэннем узроўню дабрабыту сем’яў распаўсюджанасць розных формаў гвалту як над мужчынамi, так i над жанчынамi знiжаецца. Так, напрыклад, кожная трэцяя малазабяспечаная жанчына заявiла, што падвяргалася збiванню, сярод забяспечаных жанчын такiх толькi 5,0 %. Аб слоўных абразах казалi 76,5 % мужчын i 75,9 % жанчын з групы малазабяспечаных. У групе з высокiм узроўнем жыцця такая форма гвалту таксама прысутнiчае, але ў значна меншай ступенi. Заўважана цесная сувязь памiж узроўнем адукацыi, матэрыяльнага становiшча i ўменнем iдэнтыфiкаваць цi прасцей кажучы правiльна квалiфiкаваць гвалт у розных яго праявах. Рэспандэнты з больш высокiм узроўнем адукацыi i дабрабыту распазнаюць усе вiды гвалту. Асаблiва вiдавочны кантраст пры вызначэннi такiх вiдаў псiхалагiчнага гвалту, як лаянка, пагрозы i запалохваннi. Прычым найбольш выразна фiксуецца адрозненне ў адказах мужчын з розным узроўнем адукацыi i прыбытку. Так, лаянку лiчаць гвалтам 25,2 % мужчын з групы з няпоўнай сярэдняй i сярэдняй адукацыяй, 31,3 % мужчын з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй i 36,0 % — з вышэйшай, 34,9 % забяспечаных мужчын i 27,9 % малазабяспечаных. — Наколькi шчырымi, у залежнасцi ад узросту, былi рэспандэнты? — Значна больш жанчын сярэдняга i сталага ўзросту заявiлi аб здзяйсненнi над iмi розных формаў гвалту. Маладыя жанчыны ад 18 да 29 гадоў, паводле iх слоў, гэта адзначалi ўдвая менш. Слоўныя формы агрэсii ў роўнай меры выпрабавалi на сабе жанчыны любога ўзросту. Мiж тым самы высокi ўзровень ахвяраў хатняга гвалту зафiксаваны сярод жанчын 30—39 гадоў. — Ад чаго, у першую чаргу, залежыць "надвор’е" ў доме маладых сем’яў? — Вялiкi ўплыў на стэрэатыпы сямейных паводзiнаў для моладзi аказваюць бацькi. Гвалт у сям’i нясе ў сабе пагрозу для будучых пакаленняў. Дзецi — сведкi хатнiх скандалаў i боек, засвойваюць прыклад такiх паводзiнаў бацькоў як асноўны сродак вырашэння сямейных канфлiктаў i ў будучым звяртаюцца да яго ўжо ва ўласнай сям’i. Па вынiках апытання, 17,8 % жанчын i 16,9 % мужчын выхоўвалiся альбо ў няпоўнай сям’i, альбо з айчымам, альбо ў сям’i бабуль, iншых сваякоў, альбо ў дзяржаўнай выхаваўчай установе iнтэрнатнага тыпу. Больш за чвэрць апытаных жанчын (27,9 %) i чвэрць мужчын (24,8 %), якiя выраслi ў поўных сем’ях, былi сведкамi бацькоўскiх сварак з ужываннем фiзiчнай сiлы. Падчас аналiзу звестак была ўсталявана прамая сувязь памiж перажытым у дзяцiнстве фiзiчным гвалтам i схiльнасцю гвалту ва ўласнай сям’i. У дзяцiнстве падвяргалiся фiзiчнаму гвалту 14,1 % мужчын i 12,5 % жанчын. Неабходна таксама адзначыць, што сярод тых жанчын, якiя ў дзяцiнстве перажылi фiзiчныя гвалтоўныя дзеяннi, падвяргалiся фiзiчнаму гвалту з боку сваiх шлюбных партнёраў 37,5 % рэспандэнтак, сэксуальнаму — 21,9 %. А вось сярод тых, хто не выпрабоўваў у дзяцiнстве фiзiчных пакаранняў, гэтыя лiчбы прыкметна нiжэйшыя (адпаведна 22,4 % i 11,7 %). — Цi лёгкая гэта справа правiльна вызначаць напружаную сямейную сiтуацыю? Iнакш кажучы, як разабрацца ў тым, цi iдуць у сям’i гарачыя, часам вельмi вострыя спрэчкi, дыскусii, скажам на актуальную цяпер грашовую тэму, а калi яны пераходзяць у банальны хатнi гвалт? — Як сведчаць вынiкi даследаванняў, у свядомасцi нашых суайчыннiкаў у асноўным склаўся спрошчаны пункт гледжання на гэты конт. Маўляў, гвалт у сям’i зводзiцца толькi да фiзiчных i сэксуальных дзеянняў. Згодна з апытаннямi, так думае пераважная большасць рэспандэнтаў. Што тычыцца розных iншых вiдаў гвалту, скажам, эканамiчнага, то толькi каля паловы рэспандэнтаў лiчаць "эканамiчныя санкцыi" да жонкi праявай гвалту. Даволi страката выглядае адзнака дзеянняў псiхалагiчнага характару. Так, пагрозы, запалохваннi i абмежаванне асабiстай волi ацэньваюць як гвалт больш палову за рэспандэнтаў у кожнай з груп (i мужчыны, i жанчыны). А вось умяшанне ў асабiстае жыццё, лаянку лiчыць гвалтам толькi каля трэцi апытаных. Яшчэ больш лаяльнае стаўленне ўдзельнiкi апытання дэманструюць да такiх дзеянняў, як непрыстойныя жарты, заўвагi i рэўнасць. — Якiя хвалюючыя сiмптомы i моманты жыцця нашага грамадства, аснову якога складае сям’я, удалося зафiксаваць сацыёлагам? — За шэсць гадоў, якiя прайшлi пасля апошняга аналагiчнага даследавання на гэту тэму, практычна не адбылося iстотных змен у iдэнтыфiкацыi розных вiдаў гвалту. Насцярожвае тое, што ў цэлым становiцца больш лаяльным стаўленне да ўсiх вiдаў псiхалагiчнага гвалту. Асаблiва звяртае на сябе ўвагу той факт, што значна павялiчыўся лiк рэспандэнтаў, якiя не лiчаць гвалтам брудную лаянку (на 14,9 %), пагрозы, запалохваннi (на 5,1 %), умяшанне ў асабiстае жыццё (на 4,7 %). Гутарыў Леанiд Лахманенка.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У вераснi-лiстападзе пад эгiдай прадстаўнiцтва ААН у Беларусi Цэнтр сацыялагiчных i палiтычных даследаванняў Белдзяржунiверсiтэта ў рамках сумеснай на
|
|