СУРОКІ, ЛЯЦIЦЕ ДА САРОКI...
СУРОКІ, ЛЯЦIЦЕ ДА САРОКI...
У П. Дземiдовiча занатавана наступнае: "Адпрэчванне лiхаманкi. Ранiцай, перад заходам сонца хворы на лiхаманку iдзе з яйкам на скрыжаванне i пакiдае там яйка, стараючыся, каб нiхто пра гэта не здагадаўся. Пасля хворы спяшаецца дадому, баючыся азiрнуцца назад, каб хвароба зноў да яго не прыстала. Некаторыя раяць пакiдаць яйка не на скрыжаваннi, а дзе-небудзь у балоце "над азярынай". Пакiнутага з гэтай мэтай яйка нiколi нельга браць, iначай да смельчака абавязкова прыстане лiхаманка; таму вясною, у сезон лiхаманкi, у вёсцы часта даводзiцца бачыць на скрыжаваннях яйкi "М. Нiкiфароўскi сцвярджаў i такое: "Магутным сродкам выратавання ад лiхаманкi i шматлiкiх iншых захворванняў выступае перадача яе iншаму чалавеку. Хворы завязвае ў белую анучку цi ў недарагую хустку дванаццаць разнастайных ядомых рэчаў, падкладваючы туды сама якую-небудзь манету. Пасля заходу сонца ён хутка кладзе вузельчык на "рубеж" (мяжу) i, прачытаўшы на каленях малiтву, паспешлiва вяртаецца дадому. Хто падыме i пакарыстаецца вузельчыкам, "той пярэймець i трасцу". Таму няма нiчога дзiўнага, што i лiхаманка нярэдка пагражала жыццю малых, iхнiя бацькi прыводзiлi ў свае хацiны "знаючых" знахараў, якiя прымушалi гэтую хваробу адступаць. Праўда, даволi часта i яны заставалiся бездапаможнымi. Я. Ляцкi адзначаў: "Веснавыя лiхаманкi маюць некалькi назваў: трасца сонная, трасца гарачая, мокрая, чубастая, пякучая, лiхучая, жоўтачка. Восеньскiя старыя-лiхаманкi, якiя народ называе "сцюдзёнымi, вадзянымi, сiнючымi", падпiльноўваюць сваiх ахвяраў i пры наблiжэннi чалавека ператвараюцца ў пару, стараючыся залезцi пад кажух цi свiтку. Пасля вяртання чалавека ў хату нябачны вораг пачынае дзейнiчаць. Хворы шукае сабе месца цяплейшае i спакайнейшае — таму залазiць на печ, якую хатнiя стараюцца мацней напалiць, каб выклiкаць хворага "на люты", з якiмi павiнна, не выцерпеўшы вялiкай гарачынi, выйсцi i сама хвароба. Дзе-нiдзе захаваўся звычай трымаць у гэты час у хаце кошку цi сабаку, каб хвароба, пакiнуўшы чалавека, прыстала да жывёлы, якая ў сваю чаргу вызвалiцца ад яе дзе-небудзь у полi". Вось якой паўставала лiхаманка ў замовах: "Наперша вяснянка, другая мядзянка, а трэцяя лiстападнiца, чацвёртая касцянiца, а пятая квактуха, а шастая начнiца, а сёмая смутнiца! Адкацiся, адвалiся ад грудзей i ад бела цела, ад буйной галавы! Ты дзеўкай не шляйся, на мяне не зазiрайся. Я ў хаце ляжу, на вугаль гляджу. Як вуглю згарэць, так табе ў катле кiпець. Бяжы, не азiрайся, назад не вяртайся. Ступай у пнi, у калоды, у гнiлыя балоты. Там табе i жыць, са мхоў ваду пiць". (Жытк. р-н.). Але ж былi i своеасаблiвыя парады пры лячэннi: "Ад лiхаманкi лекуюць: адварам з травы "пятроў крыж", якую збiраюць у маi; адварам з карэння травы "рабiнаўкi"; у першую суботу ад пачатку хваробы пасцяць, прычым да ўсходу сонца ў гэты дзень аблiваюцца вадою; адразаюць у хворага пасму валасоў, абразаюць пазногцi i гэтым падкурваюць хворага; пякуць курынае яйка над полымем i кладуць яго ў свежую магiльную яму, дзе яго i закопваюць; цалуюць якую-небудзь здохлую жывёлiну, у першую нядзелю ад пачатку хваробы ходзяць да абеднi ў тры гумны i там пад ёўняй за кожным разам тройчы кукуюць па-зязюльчынаму; бяруць плеўку ад яечнага шкарлупiння i абгортваюць ёю мезены палец на якой-небудзь руцэ; бяруць бялок з яйка чорнай курыцы, мяшаюць яго з соллю i з гарэлкай i выпiваюць; носяць у анучцы на грудзях змяiную галаву; такiм жа чынам носяць чмяля; падкладаюць ката i ягоныя "шуляты" носяць на шыi, выпiваюць конскай мачы, але калi пачынае ад яе ванiтаваць, то можна толькi мыцца ёю". Такiя прымхлiвыя дзеяннi i ўчынкi абавязкова ўзмацнялi замовай: "Стану я, раб божы (iмя), благаславясь, i пайду, перахрысцiўшыся, да сiняга мора. На сiнiм моры ляжыць бел-гаруч камень. На гэтым каменi стаiць божы прастол, на гэтым прастоле сядзiць Прасвятая Мацi, у белых ручаньках трымаючы белага лебедзя. Абрывае-абшчыпвае ў лебедзя белае пяро. Як адскочыла, адпрыгнула белае пяро, адпрыгнi, адскокнi i ты, лiхаманка, ад гарачага цела, ад буйнай галавы" (Ветк. р-н). Часта згадвалi добрыя знахары i варажбiты i пра наступнае: "У пачатку ранiшняга прыпадку хворы бяжыць на блiжэйшы могiльнiк i падае нiц на самую свежую i высокую магiлу, дзе i застаецца нерухомы, пакуль прыпадак не скончыцца. Пасля гэтага хворы бярэ кашуляю крыху зямлi з-пад грудзей, супраць сэрца, завязвае нiткаю i падымаецца на ногi. Лiхаманка не затрымаецца ў хворым, але ўсё-такi ён павiнен насiць на грудзях вузельчык з зямлёю, пакуль зусiм не паправiцца, i ў гэты час не мяняць кашулi. У час вячэрняга прыпадку той самы хворы як найхутчэй iдзе да царквы i тройчы аббягае вакол яе, потым кладзе на царкоўны ганак якую-небудзь манету i iдзе дадому задам напярод. Папраўка будзе больш хуткая i поўная, калi хворы пазбег сустрэчаў i не азiраўся назад. Калi прыпадак лiхаманкi будзе мучыць хворага ўночы, ён садзiцца на качаргу i накiроўваецца на могiльнiк, дзе прагульваецца мiж дзвюх свежых магiлаў. У гэты час хворы не трымае качаргу, а "ўшчымляiць" яе сабе мiж ног". Гаварылi i такое: "Неўпрыкмет для хворага трэба павесiць яму на шыю забiтую яшчарку. Калi ў час цi пасля прыпадку хворы з перапуду схопiць яшчарку i адкiне яе ўбок i яна, нiкiм не кранутая, высахне — ён назаўсёды пазбавiцца ад лiхаманкi. Той самы хворы павiнен тры днi насiць пад пахаю загорнутага ў анучку жывога кажана i потым пад вечар выпусцiць яго. Прыняўшы да сябе лiхаманку, кажан занясе яе далёка ад чалавека. Не менш карысна насiць на шыi загорнутага ў анучку i пакладзенага ў арэхавае шкарлупiнне жука-гнаевiка, паднятага на дарожнай каляiне, або павука, знятага з дрэва ля дарогi, або жывую жабу ў анучцы i скуру змяi пасля лiнькi. На працягу ўсёй лiхаманкi трэба насiць на шыi старую жычку з чатырма вугламi; калi хвароба аслабне, усе гэтыя рэчы трэба кiнуць у цякучую ваду". Дзецi хутка падрасталi, з iмi бацькi звязвалi свае надзеi-спадзяваннi, на iх разлiчвалi ў будучым i, вядома ж, хацелася, каб i iхнiя, новыя ўжо сем’i былi шчаслiвыя, не ведалi на сваiм шляху таго, што давялося перанесцi старэйшым. Таму i малiлiся, таму i шапталi магiчныя словы старадаўнiх замоў, каб пазбегнуць нейкiх непрыемнасцяў, цяжкасцяў i, што самае страшнае, смерцi родных i блiзкiх. Такiя замовы можна характарызаваць як абагульняльныя. Таму што iх маглi вымаўляць у любой сям’i, i iндывiдуальна-непаўторныя, паколькi большасць з iх сустракаецца вельмi рэдка. Нават спрактыкаваная знахарка можа iх не ведаць, а калi i ведае (ведала), дык перадавала найбольш блiзкiм людзям (сваiм прамым нашчадкам), а не ўсiм па парадку. Кожная мацi цi бацька хацелi, каб iм найменей зайздросцiлi, бо зайздрасць людская, цвёрда верылi яны, адбiрае дабрабыт у iхнiх сямейнiкаў. Вось прыклад такой замовы: "Святым макам пасыпаю нячыстую сiлу, з двара i дому свайго выганяю. Прыклад прыкладаецца, замкi замыкаюцца ў моры i ў рэкi кiдаюцца, нiяк ключа не дастаць, так к (iмя) двару, дому i тавару ў хляве нiчога не прыстаць. Госпадзi Божа, памажы, нячыстую сiлу адусюль зганi. Тры разы чытаць i макам накрыж у хаце, у двары, у хляве пасыпаць" (Глускi р-н). Каб жылося спакойна, без зайздрасцi з чужога боку, трэба было абавязкова ведаць некалькi (ва ўсякiм разе, хоць бы адну) замоў. Таму i не дзiўна, што спагадлiвая знахарка i навучала шчырых людзей агульнай засцерагальнай замове. "Для таго, каб добра было ў хаце, Айцец нябесны, Уладыка, Гасподзь Бог, Спасiцель наш, сахранi раба божага (iмя), сахранi нас, грэшных, сахранi маю сям’ю, адганi ад нас нячыстую сiлу, пазбаў нас ад лукавага, не ўвядзi нас у спакусу, вольную цi нявольную. Даруй нам цяжкiя грахi, пазбаў нас ад хваробаў, ад усялякiх напасцей па мiласцi тваёй. Ад ламiны, ад скацiны, ад звера бягучага, ад гада паўзучага, ад чалавека злючага, пазбаў па мiласцi сваёй. Амiнь" (Баран. р-н.). Iмкнулiся засцерагчы родную хацiну ад усёмагчымага нагаворнага ("нашэптнага", "напушчанага") зла, бо хапала i таго, якое так i перла, само па сабе з жыцця, з працоўных будняў, практычна з любой жыццёвай сiтуацыi, якая магла завяршыцца непрадказальна. Тут ужо гаварылi пра зло, пра ворагаў, пра "няпрошаных гасцей" i г.д. АЛЯКСЕЙ НЕНАДАВЕЦ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У П. Дземiдовiча занатавана наступнае: "Адпрэчванне лiхаманкi. Ранiцай, перад заходам сонца хворы на лiхаманку iдзе з яйкам на скрыжаванне i пакi |
|