Музей аховы ў Магiлёве: ...ад ланцуга i калатушкi да чыпа i сiгналiзацыi
Музей аховы ў Магiлёве: ...ад ланцуга i калатушкi да чыпа i сiгналiзацыi
У Магiлёўскiм абласным упраўленнi Дэпартамента аховы МУС Беларусi адкрылася экспазiцыя па гiсторыi аховы — ад старажытнасцi да нашых дзён. Неабходнасць ахоўваць сваю маёмасць узнiкла ў чалавека вельмi даўно: першымi сродкамi аховы сталi замкi — вялiкiя i маленькiя, жалезныя ланцугi, засаўкi i навесы, а таксама драўляныя калатушкi. Дзейснай аховай у мiнулыя часы людзi лiчылi i цудатворныя абразы. Напрыклад, магiляўчане ўпэўненыя, што менавiта Брацкi абраз Божай Мацi ў ХVІI стагоддзi выратаваў горад ад небяспекi разрабавання чужынцамi. Сёння выява гэтага абраза — у афiцыйным гербе Магiлёўскай вобласцi i ў экспазiцыi музея аховы. Пра эпiзод з гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны расказваюць у музеi як пра ўзор сумленнасцi: — У першыя днi вайны два супрацоўнiкi пазаведамаснай аховы НКУС прывезлi з Ваўкавыска, адкуль было эвакуявана аддзяленне Дзяржаўнага банка СССР, мех з грашыма, — паказвае на дакумент з абгарэлымi краямi i ўзоры савецкiх чырвонцаў спецыялiст аддзялення iдэалагiчнай працы Антанiна Кавалеўская. — Нягледзячы нi на што, яны даставiлi грошы ў Шклоў цэлымi i захаванымi. А гэта была вялiзная за тымi часамi сума: больш за 2,5 мiльёна рублёў! Адзiн з самых каштоўных экспанатаў музея аховы — гэта сiнi мундзiр ветэрана аховы са Слаўгарадскага раёна. Падобныя мундзiры апраналi ў самым пачатку стварэння службы, ў 50-60-ыя гады мiнулага стагоддзя. Адно з першых аддзяленняў аховы на Магiлёўшчыне ўзнiкла ў 1952-м годзе ў Крычаве: на фота тых часоў цэментны завод i яго ахоўнiкi на веласiпедах. Да гэтага ж часу належаць лiхтары i галаўныя ўборы, ад шлемаў матацыклiстаў да зiмовых вушанак з блiскучага штучнага футра. У экспазiцыi можна параўнаць працу аховы ў мiнулым стагоддзi i сёння: сцiплыя хаткi, у якiх месцiлiся службы аховы больш за 50 гадоў таму, змянiлiся на новыя сучасныя будынкi, якiя ўпрыгожваюць гарады. Даўно адышлi ў нябыт i прымiтыўныя ахоўныя апавяшчальнiкi. Напрыклад, адзiн з iх, названы супрацоўнiкамi аховы па сутнасцi — "Равуном", прадстаўлены ў музеi. Маленькi, але вельмi гучны, гэты механiзм пужаў злодзеяў, i яго немагчыма параўнаць з сучаснай дасканалай ахоўнай сiгналiзацыяй. Цяпер цiкавую эскпазiцыю ва ўпраўленнi Дэпартамента аховы наведваюць школьнiкi, ветэраны i маладыя супрацоўнiкi аховы. — Ветэранам прыемна ўзгадаць мiнулае, а моладзi вельмi карысна бачыць, з чаго ўсё пачыналася, — мяркуе начальнiк Магiлёўскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Аляксандр Ракусаў. — Трэба захоўваць гiсторыю, каб рухацца наперад. Гэта добрая справа. 5 снежня ва ўрачыстай абстаноўцы ў музеi атрымалi табельную зброю супрацоўнiкi, якiя пачынаюць сваю службу па ахове маёмасцi людзей. Iлона Iванова.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Магiлёўскiм абласным упраўленнi Дэпартамента аховы МУС Беларусi адкрылася экспазiцыя па гiсторыi аховы — ад старажытнасцi да нашых дзён. Неабходнас |
|