Слiвы не прапалi
Слiвы не прапалi
Колькi слiў сёлета ўрадзiла, я пiсаў, але нiхто не ведае (акрамя некалькiх чалавек), што з iмi рабiў. Пра кош слiў i размовы не было б, а калi тых кашоў трыццаць цi сорак (хто лiчыў), то гэта праблема сямейнага значэння. Хоць я ўжо i не такi гаспадар, але выкiнуць тыя слiвы цi закапаць у зямлю не мог, а вырашыў з костачкавых зрабiць вiно. Пераспелыя слiвы загрузiў у пластмасавыя 40-лiтровыя бочкi i чакаў, пакуль яны дадуць сок. Праз нейкi тыдзень сок i "фуфло" падзялiлiся — апошняе ўсплывала. Тады сок разлiўся па бутлях, а далей вядомы працэс пры вырабе вiна — паветраны затвор — полiэтыленавы пакет на горла бутлi i чакай пакуль працэс браджэння закончыцца. І ў вынiку гэтага працэсу, якi не закончыўся i сёння, у мяне ўся кухня застаўленая слiвавым вiном. Падкрэслiваю — вiном, а не брагай. Адступленне. Брагу вырабляюць для гарэлкi i яна можа быць з жыта, бульбы, цукру ды ўвогуле з усяго натуральнага. А ўлiчваючы, што за брагу можа быць адмiнiстратыўнае пакаранне, то яе "квасяць" далей ад людскога вока: у лесе, пакiнутых хатах, а нярэдка i ў гарадскiх кватэрах. Вось апошнiя звесткi: у доме беспрацоўнага з в. Дзiвiн Кобрынскага раёна знайшлi 800 лiтраў брагi, а ў лесе каля в. Радостава Драгiчынскага раёна мiлiцыянеры знiшчылi 600 лiтраў, але гэта не рэкорды, здаралася, што аператыўнiкi вылiвалi тры тысячы лiтраў брагi. Вiно са слiў бывае выдатнае, асаблiва з жоўтых, але яно ўсё ж прайграе малiнаваму цi парэчкаваму, не кажучы пра вiнаграднае. Слiвавае вiно цяжкаватае i таму найлепш яго змешваць з iншым — купажыраваць. Гэта дае магчымасць пазбегнуць некаторых недахопаў слiвавага i надаць вiну новыя якасцi. Сёлета вiнаград не выспеў i гронкi засталiся зiмаваць на кустах, таму давялося цiснуць сок з яблыкаў. А яблычнае вiно даволi добрае, асаблiва калi год-два выстаiцца. Для сябе вiно вырабляць дазволена, але ж слiва найлепш падыходзiць для слiвовiцы цi слiвянкi — арыгiнальнай гарэлкi. Аднойчы мне давялося пакаштаваць слiвовiцы — прывезла жонка з былой Югаславii. З непрывычкi гарэлка паказалася дужа непрыемнай — смярдзела горш чым няўдалага выгану наша самагонка. Але ж слiвовiцу вырабляюць з брагi, а ў мяне вiно. Каб выгнаць гарэлкi патрэбен апарат, якога няма, але на плiце стаiць скараварка — гэта не самагонны апарат i хуткаварку да справы не прышыеш. Праўда, на ёй i гарэлкi не нагонiш, хiба што каб пасмакаваць. Адступленне. Для вырабу гарэлкi неабходна мець стацыянарны апарат, бо каб перагнаць 10 л брагi, патрэбен час, а што гаварыць пра сотнi лiтраў. А нашы людзi пры зручным моманце стараюцца запусцiць мiнi-заводы. Як правiла, далей ад хаты — схаваць яго ў гушчары лесу. Iншым разам мiлiцыянеры, выйшаўшы на тыя сховiшчы, здзiўляюцца, як там з вырабам гарэлкi абстаўлена ўсё грунтоўна. А нейкi месяц таму па тэлебачаннi паказалi апарат, якi быў устаноўлены на грузавой аўтамашыне. Такi перасоўны мiнi-заводзiк быў мабiльным i дазваляў гаспадарам хутка мяняць месца дыслакацыi. Многiя апараты зробленыя з вялiкай любоўю i выдумкай. Здараецца, што дэталi да яго вырабляюць на нейкiм заводзе. Пакрыць некаторыя дэталi апарату нiкелем у гаражы немагчыма. На сёння ў мiлiцэйскiх зводках найбольш парушэнняў звязана з вырабам гарэлкi — тут знайшлi самагонны апарат, а там знiшчылi брагу i гарэлку. Вядома, што вiно нiхто на гарэлку не пераганяе, бо няма выгады. Ад вiна галава i без перагону шумiць. А з сухога вiнаграднага вiна можна вырабiць спiрт, якi ў дубовых бочках з часам ператвараецца ў каньяк. Працэс доўгi i дарагi. Але са слiвавага вiна каньяк не атрымаецца, а вось гарэлка выдатная. Балканская слiвовiца i блiзка не стаяла. Вось i даводзiцца здзiўляцца, чаму на нашых вiна-гарэлачных заводах не выкарыстоўваюць слiвы? Можна зразумець, што не хочацца мяняць тэхналагiчны працэс, нешта выдумляць, але калi сыравiна валяецца пад нагамi, то чаму б не выкарыстаць гэты момант? Даводзiлася чуць ад некаторых кiраўнiкоў заводаў, як складана выпускаць тую гарэлку. Трэба пераганяць раз, другi i трэцi, каб атрымаць гарэлку высокай якасцi, але калi выпiць яе, то якасць некуды знiкае з першай чаркай. А можа, трэба быць у пастаянным пошуку, бо канкурэнты з суседнiх краiн, здаецца, нас ужо даўно абышлi. Хуткаварка — прыстасаванне даволi прымiтыўнае, але калi падысцi да справы з любоў’ю, выдае прадукцыю найвышэйшай якасцi. На жаль, мала. * * * Не ўсе слiвы ўдалося сабраць, а тыя, што засталiся на дрэвах, восенню пачалi падсыхаць. Чарнаслiў трымаецца моцна i доўга не ападае. Зморшчаныя слiвы былi сабраныя i дасушаныя ў хатняй сушылцы — набралася торба сушанага чарнаслiву. Раней спелыя слiвы таксама спрабавалi высушваць у хатнiх умовах, але яны трэскалiся, давалi сок... i толку з iх было мала. Найлепш, калi слiвы падсохнуць на дрэве, а ў сонечны год з нарыхтоўкай чарнаслiву не будзе клопату. Сёлета слiвы выручылi, бо вiнаград падвёў — не ўдалося нацiснуць вiна. Але ў прыродзе ўсё прадумана — слiвы замянiлi вiнаград i лiтраў сто слiвавага набярэцца. I хоць яно ўступае вiнаграднаму, але з гадамi настаiцца, набярэ... Хапiла б толькi цярпення чакаць. Сымон Свiстуновiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Колькi слiў сёлета ўрадзiла, я пiсаў, але нiхто не ведае (акрамя некалькiх чалавек), што з iмi рабiў. Пра кош слiў i размовы не было б, а калi тых каш |
|