Якой шкалой вымераць гэту бяду?
Якой шкалой вымераць гэту бяду?
Паважаная Вольга Мядзведзева, на жаль, не ведаю вашага iмя па бацьку, што ўскладняе нашы зносiны нават у пiсьмовай форме. Але выкласцi свае думкi на аркушы паперы, на мой погляд, трэба, хоць штосьцi "трымае за руку", пiсаць не пiсаць, напэўна гэта з серыi "мая хата з краю" або за гады ўзнiкшы недавер да вас, журналiстаў, якiя ў асноўным пiшуць пад заказ, i нават калi з iмi ўступаеш у кантакт, адкрыешся, так бы мовiць, то ў вынiку ўсё сказяць цi недагавораць. Таму кантактаваць з вашым братам асабiста ў мяне апошнiм часам нiякага жадання няма. У тым лiку i з газетай "Звязда". Гэта не тая газета, часоў ВАВ або развiтога сацыялiзму. Але раптам нешта змянiлася. Гэта нешта i прымушае мяне вадзiць ручкай па белым аркушы. Усяму вiной ваш артыкул, Вольга. Называецца "Праз 20 гадоў..." Як гаварыў вялiкi акцёр, шляхам трапнага пападання ... ваш снарад трапiў прама ў сэрца. Тое, што я прачытаў, выклiкала буру эмоцый. Прабачце, але 65-гадовы мужчына праслязiўся. Прычына?! Усё тое, што вы, паважаная, выклалi ў артыкуле — праўда. За некалькi хвiлiн перад вачамi прайшлi гэтыя 20 гадоў. Так, я пацвярджаю, тое, што здарылася ў армянскiх гарадах Спiтаку i Ленiнакане, для ўсiх савецкiх людзей — i беларусаў, i рускiх, i ўкраiнцаў, i малдаван, i прыбалтаў, i каўказцаў, i людзей з сярэднеазiяцкiх рэспублiк, людзей усiх нацыянальнасцяў, веравызнання — стала трагедыяй. Плакалi, гледзячы тэлевiзар, чытаючы газеты, не толькi лiдары краiны, не толькi забiтыя горам армяне, але плакала ўся краiна. Гэта факт! І таксама факт, тады мы ўсе былi разам. Мы разам перажывалi агульнае гора, што, упэўнены, у кожнай армянскай сям’i прымалася з удзячнасцю. Мяне глыбока закрануў ваш, паважаная Вольга, i вашага мужа (дарэмна ў артыкуле вы не ўзгадалi яго iмя) парыў. Парыў маладосцi, але маладых людзей, выхаваных на традыцыях: чалавек чалавеку — сябар i брат. Так было. I калi не ўсе былi такiя адважныя, як вы, то смею вас запэўнiць, душой i сэрцам усе былi там. Праз усё вамi выпакутаванае пасланне чырвоным радком праходзiць шкадаванне аб тым, што стала з нашай вялiкай краiнай. Гэта таксама — землятрус, гэта таксама — бяда. На жаль, вярнуць назад тое, што зрабiлi п’янiцы, нацыяналiсты i здраднiкi-кiраўнiкi, якiя пажадалi стаць удзельнымi бажкамi, нельга. Але мы, простыя людзi, не павiнны забываць, што толькi разам мы — сiла. Калi нашы кiраўнiкi будуць цягнуць коўдру на сябе, не лiчачыся з патрэбамi суседзяў, ды i сваiх людзей, бяды яшчэ большай не прамiнуць. Заакiянскiя "акулы" не дрэмлюць. Таму шчыра дзякую вам, Вольга, за мудры, своечасовы i вельмi патрэбны ўспамiн аб падзеях 20-гадовай даўнасцi, якi, я думаю, не толькi мяне схiлiў да разважанняў. З павагай i пажаданнямi вам i вашай сям’i здароўя, дабрынi, мiру i поспехаў. Генадзь ЗАГАРЭЙ, г. Слуцк. г. Слуцк.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паважаная Вольга Мядзведзева, на жаль, не ведаю вашага iмя па бацьку, што ўскладняе нашы зносiны нават у пiсьмовай форме. Але выкласцi свае думкi на а |
|