Аляксiй ІI пахаваны ў Богаяўленскiм саборы Масквы
Аляксiй ІI пахаваны ў Богаяўленскiм саборы Масквы
Праваслаўныя вернiкi праводзiлi ў апошнi шлях свайго духоўнага пастыра — Патрыярха Маскоўскага i ўсяе Русi Аляксiя II. Прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы, якi памёр 5 снежня на 80-м годзе жыцця, пахаваны ў Богаяўленскiм саборы Масквы. Для ўдзелу ў жалобных мерапрыемствах у расiйскую сталiцу прыехаў Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка. Богаяўленскi кафедральны сабор у народзе яшчэ называюць Ялохаўскiм. Ён быў пабудаваны ў 1717—1722 гадах, i з таго часу ў iм нiколi не спынялася служба. Да адраджэння храма Хрыста Збавiцеля Богаяўленскi сабор быў галоўным кафедральным саборам Масквы. У храме знаходзяцца мошчы нябеснага заступнiка Патрыярха — Мiтрапалiта Маскоўскага Аляксiя, якi ўзначальваў Рускую царкву ў XIV стагоддзi. Тут жа знаходзiцца магiла Патрыярха Сергiя, якi кiраваў царквой у гады савецкай улады да 1944 года. Менавiта ў Богаяўленскiм саборы ў чэрвенi 1990 года прайшла цырымонiя ўступлення Аляксiя II на патрыяршы прастол: атрымалася, што ў гэтым храме пачыналася i завяршылася яго 18-гадовае служэнне. На магiле ўстаноўлены часовы саркафаг, зроблены з дрэва i размаляваны пад камень. Праз два месяцы яго заменяць на новы, зроблены з уральскага каменю. Невялiкi Богаяўленскi сабор не змог змясцiць усiх жадаючых прыняць удзел у пахаваннi Патрыярха. Таму людзi выстраiлiся ўздоўж усяго маршруту з храма Хрыста Збавiцеля, дзе праводзiлася адпяванне, да Богаяўленскага сабора. I гэта нягледзячы на тое, што развiтанне з Аляксiем II пачалося яшчэ вечарам 6 снежня i праводзiлася кругласутачна. Вернiкi стаялi па шмат гадзiн у кiламетровай чарзе, нягледзячы на дождж, якi не спыняецца ў Маскве ўжо некалькi дзён. Гаварылi, што гэта сама прырода аплаквае смерць любiмага народам Патрыярха. Доступ у храм Хрыста Збавiцеля пачаў абмяжоўвацца толькi ўчора ранiцай, калi загучала апошняя памiнальная лiтургiя. Услед за ёй прайшло адпяванне Патрыярха. На гэтай цырымонii прысутнiчаў Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка, якi прыбыў у храм незадоўга да яе пачатку. Кiраўнiк беларускай дзяржавы стаў за некалькi метраў ад труны Аляксiя II. Крыху пазней месца побач з Прэзiдэнтам Беларусi заняў Прэзiдэнт Расii Дзмiтрый Мядзведзеў. На адпяваннi таксама прысутнiчалi прэм’ер-мiнiстр Расii Уладзiмiр Пуцiн, Прэзiдэнт Малдовы Уладзiмiр Варонiн, Прэзiдэнт Арменii Серж Саргсян, Прэзiдэнт Сербii Барыс Тадзiч, Прэзiдэнт Абхазii Сяргей Багапш, Прэзiдэнт Паўднёвай Асецii Эдуард Какойты. Развiтацца з Аляксiем II у расiйскую сталiцу прыехалi i многiя палiтыкi з краiн СНД i Балтыi: сакратар Савета нацыянальнай бяспекi i абароны Украiны Раiса Багатырова, кiраўнiк Партыi рэгiёнаў Украiны Вiктар Януковiч, мiнiстры замежных спраў Эстонii i Латвii Урмас Паэт i Марыс Рыекстыньш i iншыя. Акрамя таго, аддаць данiну павагi кiраўнiку Рускай праваслаўнай царквы прыбылi высокапастаўленыя рэлiгiйныя дзеячы iншых канфесiй. Адпяванне Аляксiя II праводзiлася па асаблiвым свяшчэннiцкiм чыне. Ён адрознiваецца большай працягласцю i ўрачыстасцю. Асаблiвасць гэтага адпявання — 5 чытанняў Евангелля, кожнаму з якiх папярэднiчаюць чытанне псалмоў, песнапеннi i малiтвы. Цырымонiя доўжылася амаль тры гадзiны. Завяршылася адпяванне чынам развiтання: спачатку з Аляксiем II развiталiся свяшчэннаслужыцелi, а затым — свецкiя афiцыйныя асобы. Аляксандр Лукашэнка пакiнуў запiс у Кнiзе спачуванняў. "Жыццё i служэнне Патрыярха Маскоўскага i ўсяе Русi Аляксiя II сталi найвялiкшым подзвiгам у iмя ўрачыстасцi Праваслаўя, сцвярджэння iдэалаў веры, высокай маральнасцi, самаахвяравання i мiласэрнасцi, умацавання згоды i ўзаемаразумення памiж людзьмi, — гаворыцца ў спачуваннi. — Яго Святасць заўсёды быў для Беларусi добрым сябрам, духоўным айцом i настаўнiкам. Мы пастаянна адчувалi яго падтрымку i пастырскую любоў. Светлая i ўдзячная памяць аб Патрыярху Маскоўскiм i ўсяе Русi Аляксii II назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах". Сам Патрыярх сваё добрае стаўленне да Беларусi пацвярджаў i словам, i справай. Ён удзяляў пiльную ўвагу развiццю Беларускай праваслаўнай царквы, наведваў рэспублiку з пастырскiмi вiзiтамi 6 разоў — у 1991, 1995, 1998, 2001, 2002 i 2008 гадах. У час свайго апошняга вiзiту ў кастрычнiку 2008 года ён прыняў удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных 1020-годдзю Хрышчэння Русi. Пад патранатам Патрыярха Аляксiя II у Мiнску быў пабудаваны Дом мiласэрнасцi, узводзiўся храм-помнiк у гонар Усiх святых i бязвiнна забiтых у Айчыне нашай. Некалькi гадоў таму карэспандэнту БЕЛТА пашанцавала браць iнтэрв’ю ў Аляксiя II: уся размова была прасякнутая любоўю да Беларусi i беларускага народа. "Я заўсёды з задавальненнем бываю ў Беларусi, гэтыя вiзiты ўмацоўваюць адзiнства праваслаўных славянскiх народаў, — сказаў тады Патрыярх. — Я ўдзячны беларускаму народу, якi заўсёды праяўляў гасцiннасць i брацкiя пачуццi да рускага народа. Мы ўдзячны кiраўнiцтву Беларусi, якое прымае ўдзел у аднаўленнi храмаў. Адносiны царквы i дзяржавы ў краiне развiваюцца i ўмацоўваюцца. З боку ўрада заўсёды аказваецца дапамога ў тых пытаннях, дзе можа дапамагчы дзяржава". Аляксiй II падкрэслiў, што ў Беларусi многае робiцца для таго, каб простаму чалавеку было лягчэй жыць, а магчымасцi, якiя адкрываюцца перад народам пасля вяртання да духоўных вытокаў, выкарыстоўваюцца максiмальна. "Нас не можа не радаваць эканамiчны рост, якi ажыццяўляецца ў Беларусi, — адзначыў Яго Святасць. — Кожны раз, бываючы ў вас, я бачу паляпшэнне жыцця. Дай Бог, каб гэта развiццё ўмацоўвалася i ў далейшым на карысць беларускага народа i Беларусi, якая мае важнае значэнне, знаходзячыся на шляху з Захаду на Усход". "Жадаю беларускаму народу i мiру, i згоды", — так завяршыў сваё iнтэрв’ю Патрыярх Маскоўскi i ўсяе Русi Аляксiй II. БЕЛТА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Праваслаўныя вернiкi праводзiлi ў апошнi шлях свайго духоўнага пастыра — Патрыярха Маскоўскага i ўсяе Русi Аляксiя II. Прадстаяцель Рускай праваслаўна |
|