АНТ раздаў беларускiм артыстам антыпрэмii
АНТ раздаў беларускiм артыстам антыпрэмii
Атрымлiваючы запрашэннi на ўручэнне прэмiй "Сярэбраны грамафон", папулярныя артысты па звычцы рыхтавалiся праходзiць па чырвонай дарожцы, усмiхацца, кланяцца са сцэны i ззяць у свецкай хронiцы ў шыкоўных уборах ды ўпрыгажэннях. Сапраўдны фармат мерапрыемства да апошняга трымаўся ў сакрэце. Ля ўвахода ў дарагi гатэль, абраны месцам здымак, "зорак" сустракалi фанаты з плакатамi "Аддам сябе ў добрыя рукi — Топлес не прапаноўваць", "Дзядзя Ваня, фiнансавы крызiс, вярнi 50000! Ала П", "Хрусталёў — наша ўсё" ды iншымi прывабнымi надпiсамi. Чырвоная дарожка, праўда, прысутнiчала, таксама як i фотарэпарцёры. Так што ў зале прысутныя крыху разняволiлiся ў знаёмай атмасферы — сцэна, вядучыя, калегi i сябры, прызавыя статуэткi, "прамыя ўключэннi" з абласных цэнтраў, якiя галасавалi за любiмых выканаўцаў... Але спакой знiк, калi вядучыя абвясцiлi назву першай намiнацыi, i стала зразумела, што "Сярэбраны грамафон" па сутнасцi з’яўляецца антыпрэмiяй, i падазрона нагадвае "Сярэбраную галёшу". Напрыклад, на атрыманне "Сярэбранага графамана" ўдзячныя слухачы вылучылi Пятра Елфiмава — за радкi з песнi пра анёла — "Ласково возьмешь в губы жизнь мою". Атрымлiваючы запаветны грамафон з рук доктара Сайкова, артыст знайшоў усё ж сiлы пасмяяцца з сябе самога. Як высветлiлася далей, Пятру, як першаму з адзначаных, яшчэ пашанцавала. Наступных кандыдатаў публiка, ужо разумеючы, чаго чакаць, сустракала спачувальным рогатам i жартачкамi рознай ступенi дабрынi. Буру эмоцый выклiкала намiнацыя "Звезданутая рэклама". На ўзнагароду прэтэндавалi тры чалавекi: Сяргей Кухто з хрустальнымi бакаламi, Алеся з астралагiчна-картачнымi тэлефоннымi дарадцамi i Ілья Мiцько, якi стаў новым сiмвалам МТС. Апошняму дасталося па поўнай праграме. "Вы толькi ўзгадайце, як гэты ролiк напоўнены сэнсам, — iранiзавалi вядучыя Сяргей Дарафееў i Марыя Лемешава. — Тут i драматургiя, i мараль, i сямейныя каштоўнасцi, i сцэнка "хворая кобра на прыёме ў лагапеда", i непаўторны густ!". Перамагла... узгаданая ў ролiку Жанэт, у якой доўга спрабавалi дазнацца, што ж такое "нешта" з яе падабаецца Мiцько? Спявачка выкруцiлася, запэўнiўшы, што асабiста ёй цяпер падабаецца УСЁ з Iльi. У рэжыме "Суперблiц" былi ўручаныя адразу тры прэмii — "Thе Bеst оf thе бюст" атрымала Алена Грышанава, якая не адным выканальнiцкiм талентам прыцягвае пiльную ўвагу моцнай паловы чалавецтва да сваiх клiпаў, "32 жамчужыны" вiталi работу стаматолагаў над вобразам па-галiвудску ўсмешлiвай Iны Афанасьевай, а "Глянец" за лепшую лысiну атрымаў, нягледзячы на абурэнне прыхiльнiкаў Аляксандра Саладухi, сёлетнi ўдзельнiк "Новай хвалi" Дзядзя Ваня. Смеючыся з вядомых артыстаў, тэлевiзiйнiкi не забылiся i пра сябе, любiмых. Так, у намiнацыi "Поўны блiзнюк або першы клон комам" адным з кандыдатаў на ўзнагароду стаў Ягор Хрусталёў — "запаволеная версiя Андрэя Малахава". Таксама Хрусталёў узяў на сябе смеласць атрымаць прыз у намiнацыi "Допiнг года, цi 100 грамаў для храбрасцi" — замест адсутнага на цырымонii футбольнага арбiтра Сяргея Шмолiка, чыё судзейства ў нецвярозым выглядзе балельшчыкi дагэтуль памятаюць як анекдот. "Ягор таксама любiць.... Няхай забiрае", — пракаментавалi лёс прыза вядучыя. "Зоркi" было расслабiлiся, спадзеючыся, што самае страшнае скончылася — але арганiзатары пастаралiся, каб прэмiй хапiла на ўсiх. Намiнацыю "Туалет года" абвясцiў у прамым уключэннi са студыi вядучы АНТ Яўген Лашкоўскi. "Уручаецца прэмiя iмя мяне. Лаўрэаты — гурт "Тяни-Толкай, якi прыходзiць на здымкi ў адзеннi з дома", — зазначыў вядучы, адчытаўшы блок навiнаў, устаў з-за стала... i парадаваў вока спалучэннем пiнжака, гальштука i сямейных трусоў. Хто аказаўся лепшымi кiсламалочнымi братамi — браты Хлястовы цi браты Калдуны, а мо ўвогуле сёстры Груздзевы, якая падзея ў канцэртным жыццi стала найярчэйшым уражаннем года i хто з артыстаў з гонарам працягвае традыцыi "залатога Фiлiпа Бядросавiча" — усё гэта ў падрабязнасцях АНТ пакажа 19 снежня. Вiкторыя ЦЕЛЯШУК. Фота прадстаўлена тэлеканалам АНТ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Атрымлiваючы запрашэннi на ўручэнне прэмiй "Сярэбраны грамафон", папулярныя артысты па звычцы рыхтавалiся праходзiць па чырвонай дарожцы, ус |
|