У архiў не здаецца!
У архiў не здаецца!
"Звязда" летам 1942 i з зiмы 1943 года выходзiла на акупаванай ворагам тэрыторыi Беларусi. Памяць аб неардынарных падзеях таго трывожнага часу застаецца жывою i сёння. Пры актыўным удзеле рэдакцыi ў сталiцы ўстаноўлена стэла, прысвечаная Уладзiмiру Сцяпанавiчу Амельянюку — першаму рэдактару i выдаўцу "Звязды" ў Мiнску ва ўмовах жорсткага нямецкага акупацыйнага рэжыму. Помнiк атрымаў прапiску на тым месцы, дзе ў маi 1942 г. Амельянюк загiнуў у перастрэлцы з варожай палiцыяй. Новыя надрукаваныя гiсторыкамi матэрыяламi сведчаць аб наступным. Незадоўга да трагедыi Амельянюк накiраваў у Крэмль на iмя Сталiна патрыятычнае пiсьмо. Некаторыя даследчыкi доўгi перыяд сцвярджалi, што яно, быццам бы трапiўшы ў нямецкiя карныя органы, стала пачаткам шэрагу арыштаў. Усё гэта не адпавядае праўдзе. Адзначаны лiст знаходзiцца ў Нацыянальным архiве Рэспублiкi Беларусь, у справаводстве аднаго з партызанскiх атрадаў. У "Звяздзе" ваеннага часу змешчана паведамленне аб страшнай трагедыi беларускага народа — смерцi народнага паэта Янкi Купалы. З аднаго боку, перад намi, безумоўна, жалобная вестка, а з другога — пацверджанне сувязi з Вялiкай зямлёй не толькi газеты, але i ўсяго падполля ў цэлым. За гэтым стаiць прызнанне мiнскага антыфашысцкага руху ў якасцi важнага фактару Вялiкай Айчыннай вайны. Цяжка пераацанiць значэнне дзейнасцi "Звязды" па ўвекавечаннi памяцi Івана Кiрылавiча Кавалёва як арганiзатара i кiраўнiка Мiнскага антыфашысцкага падполля, незаслужана абылганага ў час вайны па неправераных звестках. Дзясяткi артыкулаў прысвечаны гэтаму вельмi важнаму пытанню. Першы з iх пад назвай "I.К. Кавалёў — сакратар Мiнскага падпольнага ГК КП(б)Б" надрукаваны 09.05.1990. Пад iм стаяць подпiсы членаў спецыяльнай камiсii па дадатковым вывучэннi актуальных праблем гiсторыi Мiнскага партыйнага падполля i ролi ў iм I.К. Кавалёва, сярод якiх: А.Я. Андрэеў, А.М. Лiтвiн, I.С. Лысакоўскi i аўтар гэтых радкоў. Матэрыял выйшаў амаль адразу пасля рэабiлiтацыi I.К. Кавалёва як падпольшчыка, кiраўнiка падполля i грамадзянiна. Артыкулу адведзена цэлая паласа, упершыню змешчана i фота I.К. Кавалёва, зробленае летам 1939 г. падчас заканчэння вучобы ў Мiнску ў Вышэйшай камунiстычнай сельскагаспадарчай школе Беларусi. Першымi чытачамi гэтага нумара сталi жонка Матрона Кузьмiнiчна i дзецi падпольшчыка, якiя чакалi гэтага паведамлення амаль 50 гадоў. "Звязда" — першая ў Беларусi газета, якая паведамiла грамадскасцi скарочанае апiсанне жыцця i дзейнасцi I.К. Кавалёва. (аўтары В.Дз. Селяменеў i аўтар гэтых радкоў). На свае публiкацыi рэдакцыя атрымала шмат станоўчых водгукаў, у тым лiку ад былога мiнскага падпольшчыка У.I. Борсука. Ён шчыра падзякаваў рэдакцыю, папрасiў прадоўжыць публiкацыю матэрыялаў аб перыпетыях гiсторыi не толькi Кавалёва, але i ўсяго падполля ў цэлым. Аб укладзе "Звязды" ў шматгранную ваенную тэму сведчыць адзiн толькi пералiк змешчаных у ёй артыкулаў: "Тайна "Звязды" разгадвалася ў Маскве" (07.06.1997), "Ён быў сапраўдным патрыётам. А прызнанне прыйшло праз 50 гадоў" (19.07.1997), "Белае i чорнае" (07.07.2000), "Як нямецкая крымiнальная палiцыя расследавала забойства генеральнага камiсара Беларусi Вiльгельма Кубэ" (02.10.2001), "Сакрэты мiнскага падпольнага цэнтра" (06.11.2001), "Вяртанне праўды" (10.09.2003), "Алёна Мазанiк — iмя легендарнае" (06.04.2004), "Народны герой" (10.08.2008) i iнш. Газета пастаянна знаёмiла чытача з новымi дакументамi. Адзiн з iх расказвае аб засадзе партызан супраць Кубэ ў Налiбоцкай пушчы зiмою 1943 г. ("Звязда" ад 28.05.2002). У той аперацыi было лiквiдавана амаль усё кiраўнiцтва нямецкай акругi. Самога Кубэ ў абозе не аказалася. Кiраўнiк бою легендарны ўдзельнiк Вялiкай Айчыннай вайны К. Арлоўскi ў ходзе сутычкi атрымаў цяжкае раненне, у вынiку якога яму прыйшлося ампутаваць кiсцi абедзвюх рук. Дакумент захоўваецца ў рукапiсных матэрыялах да кнiгi Л.Ф. Цанава "Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков" (1941 — 1944). Яго публiкацыя ў "Звяздзе" была першай у гiсторыi. Летапiс "Звязды" адводзiць шмат месца i асвятленню гiсторыi Мiнскага гета. Няшчасныя людзi не толькi змагалiся за жыццё, але i ўдзельнiчалi ў антыфашысцкiм супрацiўленнi. Болей за 1500 з iх вырвалiся з палону, значная частка ўлiлася ў партызанскiя i падпольныя фармiраваннi. Гета ўзнiкае летам 1941 г. i трагiчна гiне восенню 1943 г. Шмат артыкулаў прысвяцiў гэтаму пытанню доктар гiстарычных навук, прафесар Э. Iофэ. Газета разам з iншымi калектывамi ўдзельнiчала ў абмеркаваннi праекта стварэння мемарыяла "Трасцянец", прысвечанага памяцi болей як 200 тысяч ахвяраў нямецка-фашысцкага акупацыйнага рэжыму ў Беларусi. Падрабязнасцi гэтай гуманнай дзейнасцi дэталёва разглядаюцца ў "Звяздзе" ад 02.03.2004. Безумоўна, не вельмi проста весцi аповед аб падполлi, у складзе якога з 1941 г. па 1944 г. налiчвалася болей як 6 тысяч чалавек. У аснове ляжала пэўная схема, па якой чытачы знаёмiлiся спачатку з утварэннем Мiнскага падпольнага гаркама партыi, а потым з шэрагам мясцовых падпольных арганiзацый. Найважнейшыя з iх, ужо з 1941 г., знаходзiлiся ў лазарэтах для ваеннапалонных, на чыгуначным вузле, на харчовай базе, на цагляных заводах, станкабудаўнiчым заводзе iмя Варашылава, Грушаўскiм пасёлку, у хлебапякарнях, на электрастанцыях, пiўзаводзе, на тэрыторыi гета, iншых месцах, прадпрыемствах i ўстановах. Гэты фактычны матэрыял дапамагаў лепш разумець, чаму Мiнскае антыфашысцкае падполле называецца рознагалiновым. Побач з такiмi гiстарычнымi звесткамi абнародавалiся iмёны актыўных удзельнiкаў падполля. Многiя з iх раней доўгi час або рэдка, або зусiм не ўпамiналiся. Гэта ў першую чаргу адносiцца да I. Кавалёва i яго баявых таварышаў. Крынiцы такой цэнзуры хаваюцца ў iснаваннi доўгi час абвiнаваўчага ўхiлу да падполля першага складу (07.1941 — 09.1943). "Звязда" адной з першых узняла пытанне аб адкрыццi ў вёсцы Янушкавiчы Лагойскага раёна музея, прысвечанага знакамiтай аперацыi па знiшчэннi нямецкага гаўляйтара Вiльгельма Кубэ. ("Звязда" ад 01.11.2005). Тут у хаце мясцовых жыхароў Вярбiцкiх былi выкананы апошнiя прыгатаваннi да акцыi, тут трое сутак пасля паспяховай лiквiдацыi намеснiка Гiтлера ў Беларусi Вiльгельма Кубэ чакалi вылету на Вялiкую зямлю Алёна Мазанiк i Марыя Осiпава. Унiкальнасць сiтуацыi i ў сустрэчы ў гэтым месцы чатырох Герояў Савецкага Саюза, якiя пачыналi i завяршылi "паляванне" на гаўляйтара. Прапанова газеты аднавiць домiк Вярбiцкiх (разбураны ў 1984 г.) засталася непачутай. У вынiку да гэтага часу не рэалiзавана ўнiкальная магчымасць мемарыялiзацыi адной з гераiчных старонак мiн- скага антыфашысцкага падполля. Газета, яе калектыў у розных формах аддае належнае I.Ф. Клiмаву, К.Ш. Дамараду, I.М. Iгнаценку, А.А. Фiлiмонаву, А.Ф. Хацкевiчу, I.М. Цiмчуку, В.Ф. Мацюшка, С.К. Ляшчыне, Я.М. Савiцкай, iншым вучоным, грамадскiм дзеячам, ветэранам вайны, што ўнеслi значны ўклад у аднаўленне праўдзiвай гiсторыi Мiнскага падполля, у вяртанне добрага iмя дзясяткаў незаслужана абылганых i забытых людзей. Прызнаннем вялiкiх заслуг "Звязды" ў ваенна-патрыятычным выхаваннi моладзi, у тым лiку i на матэрыялах знакамiтага падполля, стала прысваенне адной з вулiц Мiнска назвы "Праспект газеты "Звязда" (16.06.2005). У заключэнне хацелася б адзначыць наступнае. На старонках газеты змешчаны розныя артыкулы. Iх аўтары, незалежна ад узросту, стажу навуковай працы, перадаючы ў "Звязду" свае матэрыялы, як правiла, адчуваюць пэўныя хваляваннi. Гэта аб’ектыўна, бо яны разумеюць: iх творы атрымоўваюць доступ у газету, якая брала ўдзел у ваенных дзеяннях па вызваленнi Беларусi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў. Яўген БАРАНОЎСКI, кандыдат гiстарычных навук.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Звязда" летам 1942 i з зiмы 1943 года выходзiла на акупаванай ворагам тэрыторыi Беларусi. Памяць аб неардынарных падзеях таго трывожнага ча |
|