Дзень Паэта, альбо Сеанс творчага псiхааналiзу Максiма Багдановiча
Дзень Паэта, альбо Сеанс творчага псiхааналiзу Максiма Багдановiча
Яго прапануе правесцi Ларыса Сiмаковiч, кiраўнiк фольк-тэатру "Госьцiца", якая славiцца сваiмi творчымi эксперыментамi i жаданнем паказаць, што няма нiчога больш сучаснага, чым архаiчны беларускi фальклор, няма нiчога больш вечнага, жывога i трапяткога, чым слова народа, якое магло загарэцца iскрынкай у адным чалавеку, а магло i шугануць полымем у душы некаторых, нараджаючы палымяныя творы. Пра велiчнасць слова i вечнасць Паэта будуць разважаць удзельнiкi сучаснай мiстэрыi "Дзень Максiма Багдановiча", прэм’ера i адзiны паказ якой адбудзецца сёння на сцэне вялiкай залы Белдзяржфiлармонii. Наколькi неардынарны эксперымент нас чакае, заўважна ўжо па тым, што ўвасабляць Багдановiча на сцэне будзе актрыса Святлана Зелянкоўсая. Чаму? З гэтага пачалася наша размова з Ларысай Сiмаковiч.
У паэта тонкая душа, пяшчотная, нават можна сказаць, што жаночая, у добрым сэнсе. Прынамсi, паводле псiхааналiзу гэта так, пра гэта яшчэ Юнг пiсаў. Паэтычная душа мае жаночую субстанцыю. А фальклор — такая субстанцыя, з якой нараджаецца паэтычная душа i наогул генiй. Фальклор — архаiчная субстанцыя. Але асаблiва ў такой архаiцы, якая належыць беларусам, немагчыма не вырасцi паэту. Заўважце, бо наша нацыя, па-мойму, не мужчынская i не спартовая. А яна больш паэтычная. I праявы гэтай паэтычнасцi, лiрызму адчуваюцца ў самых розных напрамках. Ведаеце, мая душа вельмi супрацiўляецца таму, што мы вымушаны здаваць iспыт на ўзровень "Еўрабачання", якое выдаецца за эталон творчасцi. Варта толькi папрацаваць над душой беларуса i звярнуць увагу на яе якасцi, каб зразумець, наколькi гэта для нас чужое. Зразумейце, мы настолькi самадастатковыя, у нас ёсць больш, чым патрэбна "Еўрабачанню". Нам не трэба здаваць iспыт на таленавiтасць i ўзнёсласць, паэтычнасць нашай нацыi. Проста павярнiцеся да фальклёру, падымiцеся ў вывучэннi хоць на прыступачку — вы адразу гэта зразумееце. Гэта ўцягне, яно не толькi возьме вашу душу, але замест гэтага колькi яшчэ i дасць, верне. Усе нашы вялiкiя паэты былi павязаны з фальклорам. Таму менавiта з такой субстанцыi нараджаецца паэт у нашай мiстэрыi. I Зелянкоўская, якая фальклор сама спявае, становiцца душой паэта. — Вы збiраецеся ў спектаклi-мiстэрыi аб’яднаць тое, што звычайна аб’яднаць немагчыма. У вас, акрамя фальклору, будзе гучаць музыка розных жанраў. — Гэта дзень Максiма Багдановiча, мы з гэтага зыходзiм. Дзень не як час сутак, а як iншая катэгорыя — урачыстасць i сцвярджэнне нечага светлага, жывога. Да таго ж гэта яшчэ i сённяшнi дзень, сучасны момант. Мая задача была паглядзець на тое, што значыць сённяшнi дзень Максiма Багдановiча. 9 снежня быў яго Дзень нараджэння. А на наступны дзень у фiлармонii адбудзецца наш спектакль, дзе сапраўды задзейнiчаны самыя розныя калектывы i субкультуры, нават "НРМ" i хлопчыкi-рэперы. Яны таксама засведчаць сваё сённяшняе стаўленне да Багдановiча. Разважаюць тым самым не толькi пра яго... — Калi вы ўзялi гэтую постаць, то напэўна таму, што ваша душа адчувае еднасць з яго словамi? — Не задумвалася пра гэта, але для сябе адзначыла яго кангенiяльнасць з Моцартам. Нездарма ў нас ёсць i такiя персанажы, як Моцарт i Сальеры. Багдановiч таксама распрацоўваў гэтую тэму. Яму цiкава было вырашыць гэтую праблему. Дарэчы, ён палемiзуе з Пушкiным, наконт узаемадзеяння такiх катэгорый як "моцарты" i "сальеры" (iншымi словамi генii i прафесiяналы), па-iншаму вырашае гэтае пытанне. Для мяне Максiм Багдановiч сёння — цiкавая асоба, таму што ягоныя думкi пра культуру, пра мову, пра тое, чым ёсць наш народ, усё яшчэ вельмi актуальныя. Мы проста мала чытаем, давайце ў гэтым прызнаемся. Даўно сказана: няма прарока ў Айчыне сваёй. А варта прачытаць тое, што напiсаў Багдановiч у свой час, на пачатку ХХ стагоддзя, i мы ўбачым, наколькi гэта актуальна сёння. Мы ўбачым, што гэта наш прарок. Нам не трэба даверлiва хадзiць глядзець на iншых прарокаў, як сёння робiць наш народ, калi збiраецца на якiсьцi канцэрт i плацiць шалёныя грошы за квiткi. Няхай яны жывуць i гадуюцца недзе ў сябе. Але ў нас ёсць сваё. У нас ёсць чым ганарыцца. Я лiчу, што прарокi могуць вярнуцца ў сваю Айчыну. Для гэтага патрэбна свая зямля, некалькi стагоддзяў i наша абуджэнне. I яны вяртаюцца. — Такая постаць як Багдановiч, здаецца, i не сыходзiла, яна проста растворана ў людзях. Кожны так цi iнакш гэтыя думкi разумее, адчувае. Iншая справа: не кожны можа акрэслiць, што гэта належыць яму. Вы збiраецеся дапамагчы гэта зразумець, але з дапамогай эксперымента... — Так, абралi жанр сучаснай мiстэрыi. Мiстэрыя —гэта лепшая тэрыторыя iснавання для прарока. Гэта прыдумана не мной, а iдзе яшчэ з часоў Сярэднявечча. У спектаклi 9 мiстэрый, 9 трансфармацый, пераўтварэнняў. 9 момантаў, праз якiя праходзiць Багдановiч па сваiм жыццi. Плюс сучаснасць: што значыць сёння Багдановiч — не помнiк, а жывая iстота. У кожнай з мiстэрый ёсць пэўныя сiмвалы. Ёсць крыж, таму што паэт не можа быць не на крыжы. Шлях паэта — гэта шлях да Галгофы. Вы зiрнiце на яго жыццё — там самота. Яму ж тады казалi: чаму ты выдумляеш свой край, якога няма? Ты жывеш у Яраслаўлi i можаш паступiць у Санкт-Пецярбургскi ўнiверсiтэт. Максiм Горкi раiў: ды жывi ты спакойна, чаго выдумляеш? Аднак юнак, якому было трошкi больш за дваццаць гадоў, стварае нацыянальную лiтаратуру. Напэўна, на той момант ён сам не разумеў, што ён робiць. Варта ўзгадаць яго крытычныя артыкулы. А як ён мову беларускую падымае! Безумоўна, Гасподзь стварае для генiя такiя ўмовы, каб ён быў самотным, каб ён адзiн найлепшым чынам спраўдзiў тое, што хацеў спраўдзiць на гэтай зямлi. Але чалавек не заўсёды пра гэта ведае. Безумоўна, не зусiм ён ўсведамляў, што ўзыходзiць на сваю Галгофу. Хоць у яго быў пакутлiвы шлях...У творцы iншага не бывае. У сапраўднага творцы не бывае лаўраў, прызнання пры жыццi, апладысментаў i кветак. Iдзеш па вулiцы, носiш у сабе цэлы сусвет, а нiхто не заўважае... Адна з мiстэрый прысвечана каханню, ёсць дуэт кахання. Мiстэрыю з удзелам "НРМ" я для сябе назвала "Гэта было". Гэта як пасланне, заклiк на тое, каб паглядзець на ўсё, што ёсць сёння з вышынi нашай будучынi. Куды мы можам прыйсцi? Яшчэ адзiн маладзёжны калектыў "Insеrсh fоr" выканае чатыры новыя песнi на вершы Багдановiча. У гэтую мiстэрыю ўведзена постаць рэжысёра Мiкалая Пiнiгiна. Самога яго не будзе. Яго ролю выканае Мiхась Зуй, якi не адну працу з iм зрабiў на сцэне Купалаўскага тэатра. Гэта той рэжысёр, якому давярае сёння наша публiка, наша элiта. Акрамя таго, гэты чалавек жыве зараз у Санкт-Пецярбургу, значыць, ён аточаны нейкiм iншым светам, асяроддзем, клiматам, тэмпам жыцця, насычэннем гэтага жыцця. Тым не менш, ён адведвае Беларусь, прывязаны да яе. Гэта позiрк чалавека, якi ведае цану нашаму сённяшняму iснаванню, нашай сённяшняй культуры. Магчыма, супадзенне яго думак з Багдановiчавымi ўскоснае, падтэкставае, але яно ёсць. У кожнай мiстэрыi ёсць сваё маленькае падтэкставае пасланне. Безумоўна, трэба думаць, трэба расшыфроўваць. На тое гэта i мастацтва... — Зрабiць такую вялiкую працу i больш нiдзе гэта не паказаць — не крыўдна? — Павiнен з’явiцца той чалавек, якi захоча гэта паказваць. Я сваё зрабiла. А ў зоне прадзюсарскай я не кампетэнтная. Ды i папярэднiя мае праекты толькi аднойчы прайшлi, як "Свадзебка", прысвечаны Стравiнскаму. Альбо нават "С-музыка" паводле Якуба Коласа. Паўтарэння пакуль што не было. Ёсць у гэтым свой вялiкi сэнс. Недзе няўлоўна тут прысутнiчае момант ахвярнасцi. Яшчэ адно пасланне: не ўсё робiцца за грошы i дзеля iх. Ёсць нешта, што можа ўвасабляцца i без гэтага. Што датычыцца Багдановiча... Я прапаноўвала iдэю мiнi-фестывалю, якi б адбываўся штогод: колькi б з’явiлася новых песень, увасабленняў! Але гэтая iдэя не выклiкала цiкавасцi. I мы абмяжоўваемся "Днём Максiма Багдановiча". — Багдановiч у вас адзiн з любiмых паэтаў? — Я не ўмею адказаць на гэтае пытанне. Таму што кожная эпоха — гэта пэўны кантэкст. А кантэкст нараджае персоны. Сiстэма параўнання тут не працуе. Я ўзялася за "Сымона-музыку" Якуба Коласа, адчула, якая гэта паэзiя! Для таго, каб народ быў, рос i адчуваў сябе самадастатковым i проста народам, такая паэзiя павiнна гучаць, адточваць чалавека ледзь не паўсядзённа. Яна павiнна быць з iм, нават на ўзроўнi непрыкметнасцi прысутнiчаць. А Купала! Якая велiчнасць i Боскасць!.. А вершы Багдановiча?.. А iх з намi штодня няма. Што вакол нас: у метро, у аўтобусе, што мы чуем?.. З якiмi словамi мы iдзём па жыццi? Якая музыка грае ў нашых сэрцах? Хiба кожны з нас сёння носiць у сэрцы iмя сваёй радзiмы? Мяне глыбока ўразiў учынак лiтоўскага кампазiтара Дварыёнаса, якi ў 41 год даволi позна для прафесii, стаў дырыжорам. Ён меў магчымасць выязджаць з дырыжорскай прафесiяй у розныя краiны, каб, акрамя шэдэўраў сусветнай музыкi, везцi 3-4 творы лiтоўскiх кампазiтараў. Для мяне дзiва, як гэтая традыцыя, якую ён заклаў, i сёння працуе. Нi адзiн лiтоўскi музыкант не прыедзе без сваёй праграмы, без кавалка сваёй зямлi... У такiя моманты ты ўспамiнаеш, па якой зямлi ходзiш. Сярод нябачнага, нематэрыяльнага, духоўнага, што стварылi Купала, Колас, Багдановiч. Ды i беларускiя кампазiтары адметныя, таму што на мастака, на асобу ўплывае адчуванне ландшафту, клiмат, асяроддзе. — Аднак жа беларускi калектыў "Госьцiца" i вы асабiста за межамi прадстаўляеце нашу краiну. Як вас там прымаюць тыя, хто не разумее тых высокiх кантэкстаў, пра якiя мы размаўлялi? — За межамi нас прымаюць нават лепш, чым дома. Дома мы нiкому не патрэбныя. Без даху, без базы, без заробку, без памяшкання. Ёсць харошы чалавек Валянцiн Дудкевiч, мастацкi кiраўнiк Дзяржаўнага ансамбля танца. Ён дае нам некалькi гадзiн для таго, каб мы рэпецiравалi, трымалi форму. Ёсць сярод нас i беспрацоўныя, ёсць тыя, хто займаецца не сваёй справай, як я — займаюся вычыткай памылак з канцэртных праграмак у фiлармонii на палову стаўкi. За гэта я атрымлiваю грошы. Гэта ацэнка мяне дома. Хоць мае творы "Класiк-авангард" вазiў у Варшаву на "Варшаўскую восень". Неаднаразова была запрошана на гэты фестываль у якасцi ганаровай госцi, не кожны з беларускiх кампазiтараў меў такую магчымасць. Сiламi варшаўскiх кiнематаграфiстаў створаны ў Польшчы фiльм пра "Госьцiцу" i пра мяне . Тут мы ў нечым едныя з Багдановiчам... Але колькi ты можаш вытрымаць, ты вытрымаеш, калi ведаеш, дзеля чаго. Ларыса ЦIМОШЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яго прапануе правесцi Ларыса Сiмаковiч, кiраўнiк фольк-тэатру "Госьцiца", якая славiцца сваiмi творчымi эксперыментамi i жаданнем паказаць, |
|