Рашэнне Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь Аб вылiчэннi працэсуальных тэрмiнаў у адмiнiстрацы
Рашэнне Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь Аб вылiчэннi працэсуальных тэрмiнаў у адмiнiстрацыйным працэсе
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Мiклашэвiча П.П., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Данiлюка С.Я., Iзоткi У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цiкавенкi А.Г., Чыгрынава С.П., Шуклiна В.З. разгледзеў звароты грамадзян па пытаннях правамернасцi вяртання скарг на пастановы па справах аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях без iх разгляду ў сувязi з пропускам працэсуальнага тэрмiну, устаноўленага часткай 3 артыкула 12.11 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (далей — ПВКабАП). З наяўных матэрыялаў вынiкае, што пры падачы скаргi на пастанову па справе аб адмiнiстрацыйным правапарушэннi ў выпадку, калi апошнi дзень працэсуальнага тэрмiну прыпадае на нерабочы дзень, а скарга накiроўвалася па пошце ў першы наступны за iм рабочы дзень, суды прызнавалi працэсуальны тэрмiн прапушчаным, i скарга вярталася без разгляду. Прааналiзаваўшы палажэннi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, адпаведныя нормы ПВКабАП i iншых нарматыўных прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, Канстытуцыйны Суд устанавiў наступнае. Часткай першай артыкула 60 Канстытуцыi кожнаму гарантуецца абарона яго правоў i свабод кампетэнтным, незалежным i непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрмiны. Гарантаванасць судовай абароны звязана з вынясеннем законнай i абгрунтаванай судовай пастановы, магчымасцю яе праверкi i перагляду, у тым лiку шляхам абскарджання ва ўстаноўленым парадку. Згодна з часткай трэцяй артыкула 115 Канстытуцыi бакi i асобы, якiя ўдзельнiчаюць у працэсе, маюць права на абскарджанне рашэнняў, прыгавораў i iншых судовых пастаноў. Такiм чынам, заканадаўчымi актамi, якiя ўстанаўлiваюць правiлы i працэдуры такога абскарджання, павiнна быць у поўнай меры забяспечана рэалiзацыя канстытуцыйнага права грамадзян на абскарджанне судовых пастаноў, у тым лiку i ў частцы вылiчэння працэсуальных тэрмiнаў. У адпаведнасцi з часткай 1 артыкула 12.11 ПВКабАП пастанова па справе аб адмiнiстрацыйным правапарушэннi, якая ўступiла ў законную сiлу, можа быць перагледжана па скарзе асоб, указаных у частцы 1 артыкула 12.1 гэтага Кодэкса, калi яна абскарджвалася да ўступлення яе ў законную сiлу, або па пратэсту пракурора. Скарга (пратэст) на пастанову па справе аб адмiнiстрацыйным правапарушэннi, якая ўступiла ў законную сiлу, можа быць пададзена на працягу шасцi месяцаў з дня ўступлення ў законную сiлу пастановы па справе аб адмiнiстрацыйным правапарушэннi (частка 3 артыкула 12.11 ПВКабАП). Скарга (пратэст), пададзеная пасля заканчэння ўстаноўленага тэрмiну, разгляду не падлягае (частка 4 артыкула 12.11 ПВКабАП). У ПВКабАП ёсць i iншыя нормы, якiя рэгулююць адносiны, звязаныя з прымяненнем працэсуальных тэрмiнаў. Да iх адносяцца, напрыклад, нормы артыкула 7.3 — аб тэрмiнах падачы скарг i парадку iх разгляду, артыкула 7.4 — аб тэрмiне разгляду скаргi, артыкула 8.4 — аб тэрмiнах адмiнiстрацыйнага затрымання фiзiчнай асобы, артыкула 10.1 — аб тэрмiнах падрыхтоўкi справы аб адмiнiстрацыйным правапарушэннi да разгляду, артыкула 11.2 — аб тэрмiнах разгляду справы аб адмiнiстрацыйным правапарушэннi, артыкула 12.4 — аб тэрмiне абскарджання i апратэставання пастановы па справе аб адмiнiстрацыйным правапарушэннi, артыкула 12.7 — аб тэрмiне разгляду скаргi (пратэсту) на пастанову па справе аб адмiнiстрацыйным правапарушэннi, артыкула 12.13 — аб тэрмiне разгляду скаргi (пратэсту) на пастанову па справе аб адмiнiстрацыйным правапарушэннi, якая ўступiла ў законную сiлу. Разам з тым у ПВКабАП не змяшчаецца спецыяльных норм аб парадку вылiчэння працэсуальных тэрмiнаў, што вызначаюць перыяд часу (пачатак, цячэнне i заканчэнне працэсуальных тэрмiнаў), на працягу якога працэсуальныя дзеяннi павiнны быць учынены, у тым лiку ў выпадках калi апошнi дзень працэсуальнага тэрмiну прыходзiцца на нерабочы дзень або калi працэсуальнае дзеянне ўчынена да 24 гадзiн апошняга дня ўстаноўленага тэрмiну. У адрозненне ад ПВКабАП вылiчэнне працэсуальных тэрмiнаў урэгулявана ў асобных главах Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (далей — ГрПК), Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (далей — КПК) i Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (далей — ГПК), у якiх, у прыватнасцi, замацаваны нормы: аб парадку вылiчэння, заканчэння, прыпынення, прадаўжэння або скарачэння, аднаўлення, аб вынiках пропуску, абскарджання (апратэставання) вызначэння аб прадаўжэннi, скарачэннi i аднаўленнi працэсуальнага тэрмiну (артыкулы 150—156 главы 17 "Працэсуальныя тэрмiны" ГрПК); аб вылiчэннi, захаваннi, прадаўжэннi i аднаўленнi тэрмiнаў (артыкулы 158—161 главы 18 "Працэсуальныя тэрмiны, працэсуальныя выдаткi" КПК); аб устанаўленнi i вылiчэннi, пачатку i заканчэннi, вынiках пропуску, аб прыпыненнi, аднаўленнi i прадаўжэннi працэсуальных тэрмiнаў (артыкулы 134—139 главы 12 "Працэсуальныя тэрмiны" ГПК). Напрыклад, у частцы трэцяй артыкула 150 ГрПК ("Вылiчэнне працэсуальных тэрмiнаў") замацавана, што цячэнне працэсуальных тэрмiнаў пачынаецца на наступны дзень пасля каляндарнай даты або надыходу падзеi, якiмi вызначаны iх пачатак. Калi працэсуальны тэрмiн устаноўлены судом, яго вылiчэнне пачынаецца з наступнага дня пасля ўручэння судовай пастановы аб гэтым. У частцы 4 артыкула 158 КПК ("Вылiчэнне тэрмiнаў") вызначана, што калi заканчэнне тэрмiну прыпадае на нерабочы дзень, то апошнiм днём тэрмiну лiчыцца першы наступны за iм рабочы дзень, акрамя выпадкаў вылiчэння тэрмiну пры затрыманнi, утрыманнi пад вартай, дамашнiм арышце i знаходжаннi ў псiхiятрычнай (псiханеўралагiчнай) установе. У частцы сёмай артыкула 135 ГПК ("Пачатак i заканчэнне працэсуальных тэрмiнаў") устаноўлена, што, калi апошнi дзень працэсуальнага тэрмiну прыпадае на нерабочы дзень, днём заканчэння тэрмiну лiчыцца першы наступны за iм рабочы дзень. Такiм чынам, у ГрПК, КПК i ГПК нормы аб парадку вылiчэння працэсуальных тэрмiнаў, якiя вызначаюць перыяд часу (пачатак, цячэнне i заканчэнне працэсуальных тэрмiнаў), на працягу якога працэсуальныя дзеяннi павiнны быць учынены, заканадаўча замацаваны. Паколькi ПВКабАП з’яўляецца адзiным законам, якi ўстанаўлiвае парадак адмiнiстрацыйнага працэсу i дзейнiчае на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь (частка 2 артыкула 1.1 указанага Кодэкса), то адсутнасць у iм норм, якiя дэталёва рэгламентуюць асобныя пытаннi вылiчэння працэсуальных тэрмiнаў, не забяспечвае аднастайнага разумення i прымянення адпаведных нарматыўных палажэнняў, што цягне за сабой абмежаванне канстытуцыйных правоў грамадзян на судовую абарону i абскарджанне судовых пастаноў. На падставе выкладзенага, кiруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, артыкуламi 22, 24 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб судаўладкаваннi i статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд ВЫРАШЫЎ: 1. Прапанаваць Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь разгледзець пытанне аб падрыхтоўцы змяненняў i дапаўненняў у Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублiкi Беларусь аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях, накiраваных на ўстараненне прабелаў заканадаўчага рэгулявання ў частцы вылiчэння працэсуальных тэрмiнаў. 2. Гэта рашэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця. 3. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з заканадаўствам. Старшынствуючы — Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь П.П. Мiклашэвiч 3 снежня 2008 г., г. Мiнск № Р-300/2008
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Мiклашэвiча П.П., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У.,
|
|