Рэпарцёр атрымаў заданне... Узяць крэдыт на...
Рэпарцёр атрымаў заданне... Узяць крэдыт на...
Спажывецкiя патрэбы Спажывецкiя патрэбыНапрыклад, каб разлiчыцца з майстрам, якому мы замовiлi мiжпакаёвыя дзверы з масiву алешыны. Два гады таму мы спынiлi рамонт у сваёй чатырохпакаёвай кватэры, на якi бралi крэдыт у тым жа "Беларусьбанку" — 6 тысяч долараў пад 12 працэнтаў гадавых на пяць гадоў. Той крэдыт мы пагасiлi датэрмiнова, праз паўтара гады — з дапамогай маiх бацькоў-фермераў, якiя нешта атрымалi з продажу ўраджаю насення пшанiцы. Мы зрабiлi амаль усё: выраўнялi сцены, паклеiлi прыгожыя шпалеры, замянiлi сантэхнiку i нават часткова абнавiлi мэблю. Але засталiся дзверы, шафы i прыхожая. Пры чым дзверы мы хочам замовiць таму самаму майстру, якi зрабiў нам партал у гасцёўню, каб яны не адрознiвалiся па колеры i стылi ад таго, што ёсць. А гэта значыць, што разлiчвацца нам трэба будзе наяўнымi грашыма, да таго ж, майстар пажадаў, каб доларамi. Пра мэты ў "Беларусьбанку" спыталi адразу i адразу паведамiлi, што крэдыт на спажывецкiя патрэбы сёння магчыма ўзяць толькi тэрмiнам на год, са стаўкай 18 працэнтаў гадавых, i толькi ў беларускiх рублях. Сума крэдыту залежыць ад даходу крэдытаатрымальнiка. Таму першае, што трэба зрабiць для яго афармлення, — прынесцi з месца працы даведку аб сярэднямесячным заробку за апошнiя тры месяцы. Такiя ж даведкi — ад двух паручыцеляў. Акрамя таго, пры выдачы крэдыту будуць улiчаны нашы выдаткi. Да прыкладу, мой сярэднi заробак роўны 1 мiльёну беларускiх рублёў, ад яго аднiмаецца плата за камунальныя паслугi — 130 тысяч, яшчэ прыкладна 70 тысяч — выдаткi на электраэнергiю, тэлефон i iнтэрнэт, улiчваецца таксама, што кожны месяц я выплачваю па льготнаму жыллёваму крэдыту 70 тысяч беларускiх рублёў i з’яўляюся паручыцелем па крэдыце ў свайго калегi па працы. Адным словам, улiчваюцца ўсе мае даходы i выдаткi, а таксама крэдытная гiсторыя. Дакладную суму крэдыту мне змогуць сказаць толькi пасля разгляду ўсiх маiх дакументаў, але прыкладную назвалi ўжо зараз — 3 мiльёны 400 тысяч беларускiх рублёў. Мае дакументы разглядаюцца на працягу 3 працоўных дзён. Трэба яшчэ мець на ўвазе, што за кожны дагавор паручыцельства мне трэба будзе заплацiць 28 тысяч беларускiх рублёў, яшчэ 4 тысячы — за пластыкавую картку, i пры зняццi наяўных грошай банк возьме камiсiю — 2,5 працэнта. Пры безнаяўным разлiку альбо пры разлiку па кошт-фактуры плата за картку i 2,5 працэнта выключаюцца. Прызнацца, гэтыя ўмовы мяне не вельмi задаволiлi. Гэтых грошай мне не хопiць, каб разлiчыцца з майстрам, да таго ж, па маiх разлiках, у першыя месяцы я буду выплачваць каля 330 тысяч беларускiх рублёў для пагашэння крэдыту (па меры змяншэння асноўнага доўга сума будзе змяншацца), ды i на канвертацыi згублю пэўную суму. Аднак гэта лепш, чым нiчога. Нам з мужам засталося вызначыцца, што лепей: працягваць жыць без дзвярэй, альбо зноў улазiць у крэдыт. Старэйшы сын, якi кладзецца цяпер спаць пасля гадзiны ночы, прапанаваў нам паставiць дзверы толькi ў наш пакой. Можа, i сапраўды? На пакупку аўтамабiля Калi шчыра, пра аўтамабiль мараць у маёй сям’i толькi менш практычныя за мяне мужчыны. Яны амаль сур’ёзна абмяркоўваюць "Фiат-Улiс", "Крайслер-Вояджэр", "Апель-Зафiру", на якiх зручна было б ездзiць у вёску, ну i "Альфа-Рамэа-159" — для душы. Я слухаю iх краем вуха i думаю, як перажыць навалу зiмнiх святаў i дзён нараджэннях з меншымi стратамi. Але сёння, як кажуць, дзеля "спартыўнага" iнтарэсу, зайшла ў офiс афiцыйнага дылера "Vоlkswаgеn АG" "Атлант-М Сухарава" i спытала, цi магчыма ў iх купiць аўтамабiль у крэдыт. Што самае цiкавае, у мяне адразу папыталiся, камерцыйны аўтамабiль я жадаю купiць, альбо легкавы. Акрыяўшы ад такога сур’ёзнага да мяне стаўлення, я адказала, што жадаю купiць легкавы аўтамабiль. Тады менеджар-кансультант аддзела продажу Алена Ярмак папрасiла мяне акрэслiць цанавую катэгорыю. "Сямнаццаць тысяч долараў", — ляпнула я наўздагад. Калiсьцi я чула пра такiя цэны на новыя аўтамабiлi. — Гэта будзе "Гольф" альбо "Джэта", — кiўнула кансультант. — Праўда пакуль такiх аўтамабiляў няма, i наўрад цi "Гольфы" ўжо будуць. "Джэту" можна будзе замовiць за 19,5 тысяч долараў. Замовiць — гэта значыць, унесцi сама мала 10 працэнтаў ад кошту аўтамабiля i падпiсаць дагавор куплi-продажу. Але пачаць лепей за ўсё з дакументаў для банка, каб упэўнiцца ў магчымасцi крэдыт атрымаць. Сума яго таксама будзе залежаць ад маёй плацёжаздольнасцi, а працэнтная стаўка — ад таго, у якой валюце я бяру крэдыт i ад таго, цi ёсць у мяне даведка аб заробку. У беларускiх рублях можна ўзяць крэдыт пад 21 працэнт гадавых на сем гадоў. У доларах — пад 15,5 (пры наяўнасцi даведкi аб заробку) i пад 17,5 працэнтаў (пры адсутнасцi такой даведкi). Праўда, як банк будзе меркаваць пра маю плацёжаздольнасць без даведкi аб заробку, я не зусiм зразумела. Можа, па знешнiм выглядзе? Ну i нарэшце я пацiкавiлася, якi сярэднi заробак за апошнiя тры месяцы я павiнна мець, каб купiць у крэдыт новы "Гольф" за 17 600 долараў. Мне адказалi — мiнiмум 1 300 тысяч рублёў. Пры названых вышэй умовах ён выйдзе для мяне прыкладна на 5 тысяч долараў, даражэйшым за першапачатковы кошт. Супрацоўнiчае аўтацэнтр "Атлнт-М Сухарава" па крэдытаваннi з "Белаграпрамбанкам" i "БелРосБанкам". Наконт ужываных аўтамабiляў мне ўдалося даведацца наступнае. Крэдыт можна ўзяць у доларах на 4 гады на любы аўтамабiль, незалежна ад года выпуску, з правам датэрмiновага пагашэння. Паколькi залогам пры гэтым з’яўляецца сам аўтамабiль, то яго страхаванне па сiстэме "аўтакаска" — неабходная ўмова. Мiнiмальны першапачатковы ўзнос — 20 працэнтаў ад кошту аўтамабiля. Працэнтная стаўка — 18, 21 i 23 працэнтаў гадавых у залежнасцi ад года выпуску аўтамабiля, банка, якi бярэцца крэдытаваць i плацёжаздольнасцi крэдытаатрымальнiка. Напрыклад, каб атрымаць крэдыт пад самы маленькi працэнт, неабходна мець высокi афiцыйны даход, i купляць аўтамабiль, якi быў выпушчаны не раней за 2000 год. Пры гэтым дакументы будуць разглядацца i крэдыт выдавацца — на працягу 15 дзён. Затое пад самы высокi працэнт можна ўзяць крэдыт без даведкi аб даходах, без паручыцеляў, пасля 20-хвiлiннай размовы з супрацоўнiкамi банка i на наступны дзень ужо выехаць ад прадаўца на новым аўто. Калi ўзяць на гэтых умовах крэдыт на 12 тысяч долараў ЗША, то першы месяц давядзецца заплацiць каля 1 200 тысяч, наступныя месяцы працэнт будзе змяншацца за кошт змяншэння асноўнага доўгу, гэта значыць плацеж па крэдыце будзе рабiцца лягчэйшым, але вельмi павольна. На набыццё кватэры У агенцтве па нерухомасцi мне адразу сказалi, што сёння ўзяць такi крэдыт вельмi складана. Калi патрэбная сума параўнальна невялiкая — тысяч пяць долараў, то гэта яшчэ магчыма, а калi 30-40 тысяч долараў — практычна не рэальна. — Апошнiм часам некаторымi банкамi яшчэ давалiся крэдыты на 20-25 тысяч долараў, але гэта па ранейшым пагадненнi, — патлумачыла рыэлтар. — Ёсць надзея, што на пачатку года будуць прынятыя новыя праграмы крэдытавання i ўзяць крэдыт на набыццё жылля стане лягчэй. Працэнтная стаўка зараз — 19-20 працэнтаў гадавых. Але лепей вам патэлефанаваць у самi банкi. Далейшую iнфармацыю я высвятляла ў банку. "Прыорбанк" дае крэдыты на набыццё жылля пад залог гэтага самага жылля альбо на ўмовах паручыцельства. У залежнасцi ад гэтага адрознiваюцца ўмовы крэдытавання. Крэдыт можна ўзяць толькi ў доларах ЗША, у суме да 35 тысяч (яна не павiнна перавышаць 80 працэнтаў ад кошту жылля) пад 17 працэнтаў гадавых. Тэрмiн, на якi бярэцца крэдыт, i яго велiчыня залежаць ад ўзросту крэдытаатрымальнiка, яго заробку i абавязацельстваў. Улiчваюцца таксама даходы i абавязацельствы членаў сям’i. Напрыклад, калi сям’я складаецца з трох чалавек: мужа, жонкi ва ўзросце 32 гадоў i няпоўнагадовага дзiцяцi, калi заробак кожнага з дарослых роўны 1,5 мiльёнам рублёў i яны не маюць больш нiякiх крэдытаў, тады, пры ўмове залогу пад паручыцельства, яны могуць разлiчваць на крэдыт у памеры 24 тысяч долараў на 5 гадоў (самая вялiкая выплата па крэдыце пры гэтым — 695 долараў у першы месяц, потым паступова выплата змяншаецца), альбо ў памеры 30 тысяч долараў — на 10-15 гадоў (максiмальная выплата ў першы месяц — 612 долараў). Калi крэдыт выдаецца пад залог нерухомасцi, выплата па крэдыце будзе аднолькавай кожны месяц — 628 долараў, калi крэдыт склаў 35 тысяч долаў ЗША на 10 гадоў, i 559 долаў, калi тая ж сума выдаецца на 15 гадоў. Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напрыклад, каб разлiчыцца з майстрам, якому мы замовiлi мiжпакаёвыя дзверы з масiву алешыны. Два гады таму мы спынiлi рамонт у сваёй чатырохпакаёвай к
|
|