Паляўнiчы без стрэльбы
Паляўнiчы без стрэльбы
"Сапраўдны паляўнiчы той, якi здабывае звера без стрэла!" — кажа жыхар вёскi Лiтусава Сенненскага раёна Аляксандр Барысёнак. Гучыць, безумоўна, моцна, але без пафасу, як можа здацца тым, хто яшчэ не адкрыў для сябе гэтае iмя ў паляўнiчым свеце. Хто-хто, а Барысёнак можа дазволiць гэткае меркаванне, i толькi таму, што ён — стваральнiк лепшай паляўнiчай гаспадаркi, шматразовы чэмпiён Расii i Беларусi i, ўрэшце, — сапраўдны майстар па здабычы дзiкоў без агнястрэльнай зброi. Яго зброя — гэта сабакi лайкавай пароды. Але яшчэ i таму, што за ўсё паляўнiчае жыццё на Барысёнка не складзена нiводнага пратакола. Ён не страляе з вышкi, з машыны, з загону i нават з падыходу. Запомнiлiся словы: "Не разумею, навошта трэба ўсю ноч сядзець на вышцы, каб забiць дзiка". Напэўна, яго паляўнiчыя прынцыпы падзяляюць не ўсе аматары гэтага зусiм не таннага вiду адпачынку. Але з меркаваннямi заснавальнiка чэмпiянатаў палявання з дапамогаю сабак цяжка не пагадзiцца. Ён арганiзаваў без малога 15 мiжнародных спаборнiцтваў на базе сваёй гаспадаркi. Можна запытацца, навошта паведамляць усё гэта чытачу, далёкаму ад паляўнiчага жыцця? Упэўнены, пра такiх, як Барысёнак, варта знаёмiць не толькi тых, хто атаясамлiвае сябе з найстаражытнейшым промыслам на зямлi. Ведаў даўно, што ў Сенненскiм раёне на ўласным падворку жыве мядзведзь. Гэты драпежнiк у Беларусi — з’ява рэдкая, убачыць яго можна хiба ў цесных вальерах-клетках нацыянальных паркаў, а гэта, згадзiцеся, глядзець нiбы з-за кратаў. Хацелася сфатаграфаваць касалапага ва ўмовах, больш наблiжаных да натуральных. Таму вёска Лiтусава iнтрыгавала i вабiла. Падставай трапiць у яе стаў леташнi мiжнародны чэмпiянат па паляваннi, на якi з’ехалiся лаечнiкi з Расii, Малдовы, Прыднястроўя, Украiны i Прыбалтыкi. Крыху нязвыкла знаходзiцца сярод добрай сотнi статных i кемлiвых жывёл заходнесiбiрскай i рускаеўрапейскай парод лаек, якiя дэманстравалi свае прыродныя здольнасцi i паслухмянасць. Светла-бураму мiшку на гэтых спаборнiцтвах была "даручана" мiсiя правяраць рэакцыю паляўнiчых псоў на драпежнiка. Двухдзённыя атакi сабак мядзведзь вытрымаў дастойна, хоць i быў прывязаны моцным ланцугом. А вось некаторым лайкам ад яго дасталося! Было што паглядзець: раз’юшанага таптыгiна з уздыбленай поўсцю, i яго ж, разняволенага на сонейку дабрадушнага, амаль казачнага персанажа. А яшчэ ў Барысёнка ў вялiкiм, на некалькiх гектарах вальеры жывуць дзiкi, якiмi таксама тэсцiруюць паляўнiчыя вартасцi сабак. Дарэчы, беларускiх паляўнiчых з лайкамi на гэтых спаборнiцтвах было няшмат. Цi таму, што папулярызацыя такога вiду спаборнiцтваў у нас яшчэ зусiм нешырокая, цi дзяржаўныя паляўнiчыя гаспадаркi iгнаруюць правядзенне мiжнародных спаборнiцтваў? А вось замежным гасцям, здаецца, тут зусiм нядрэнна. Бо некаторыя прыяджаюць дзесяць i болей разоў. I не толькi таму, што ў Лiтусаве ўтульны гасцiнiчны дом, у якiм усiм хапае месца, цяпла i ўвагi. Не менш важныя для аматараў палявання новыя знаёмствы, абмен вопытам. I, зразумела, сустрэча з прызнаным спецыялiстам па развядзеннi лаек, непасрэдным удзельнiкам спаборнiцтваў Аляксандрам Барысёнкам. Палова псоў, якiх звычайна прывозяць сюды для ўдзелу ў спаборнiцтвах, выведзены менавiта на барысёнкавым падворку альбо паходзяць ад сабак-продкаў, радаводная якiх пачыналася менавiта ў Лiтусаве. Чатырохногiя выхаванцы Барысёнка нярэдка становяцца пераможцамi буйных расiйскiх чэмпiянатаў. А яго маладая лайка па мянушцы Карнач на леташнiх спаборнiцтвах стала абсалютным чэмпiёнам. "У Лiтусаве заўсёды высокi ўзровень спаборнiцтваў, за ўвесь час iх правядзення не паступiла нiводнай скаргi", — дзялiўся ўражаннямi эксперт усерасiйскай катэгорыi па выпрабаваннях i пародах лаек 73-гадовы масквiч Барыс Ягораў. Што падштурхнула колiшняга спартсмена, майстра спорту мiжнароднага класа i нават абсалютнага чэмпiёна свету ў цяжкай атлетыцы Аляксандра Барысёнка стварыць уласную паляўнiчую гаспадарку, праводзiць чэмпiянаты i разводзiць лаек? Старонкi сваёй бiяграфii ён прыадчынiў, калi спаборнiцтвы ў Лiтусаве завяршылiся i апошнi ўдзельнiк пакiнуў гасцiнны дом, а жыццё фермера ўвайшло ў звычайнае рэчышча. "Шмат гадоў я з’яўляюся сябрам Смаленскага кiналагiчнага клуба "Паляванне", якi рэгулярна праводзiць мiжнародныя спаборнiцтвы. Удзельнiчаў ва ўсiх чэмпiянатах, добра ведаў кухню арганiзацыйнай працы. Мiжволi выспела думка: чаму б у Беларусi таксама не распачаць падобны рух. I я гэтым лiтаральна загарэўся. На спаборнiцтвы ў 1995-м у Беларусь прыехалi толькi дваццаць чалавек, але i гэта быў поспех", — прыгадвае Аляксандр Барысёнак свае першыя крокi ў новым для сябе амплуа. Мы едзем па арандаваных iм паляўнiчых угоддзях. Абапал дарогi яркая зелянiна азiмых узыходаў, каб на iх яшчэ да снегу мог выходзiць на кармленне лось цi казуля. Далей сцяною ўзвышаецца кукуруза — сапраўдны ласунак для дзiкоў. Аляксандр хоча на канкрэтных прыкладах паказаць, як выглядае яго гаспадарка, што гэта не толькi лес i палеткi, але i надзейна ўзведзеныя паляўнiчыя вышкi, з якiх можна назiраць дзiкоў i ласёў, кармавыя паляны, каля якiх у халодны час найчасцей трымаюцца лясныя насельнiкi. 33 тысячы гектараў, узятыя Барысёнкам у арэнду, аб’ехаць хутка немагчыма ды i няма гэткай патрэбы. Узнiмаемся на адну з назiральных вышак. У хатцы на высокiх слупах-апорах ёсць печка, драўляны ложак. У зiмовы час паляўнiчаму тут даволi камфортна, сядзi сабе ў цяпле, цiкуй, чакай сваю здабычу. I ахвотных, заўважае гаспадар, атрымаць лiцэнзiю ў паляўнiчай гаспадарцы "Барысёнак" нямала. * З вышкi, як i з падыходу, звычайна страляюць дзеля трафея, — тлумачыць паляўнiчыя хiтрасцi Аляксандр. — Але тады гiне лепшы i мацнейшы звер. А вось паляванне з сабакам — натуральны адбор, бо гiне слабейшы. Моцны сябе ў крыўду не дасць. * Аляксандр перакананы, што сапраўдны паляўнiчы — той, хто палюе ў лесе менавiта з сабакам. Добрая лайка, а ў паляваннi на дзiка iх павiнна быць не менш за дзве, пачуе звера здалёк, дагонiць i будзе трымаць яго да падыходу паляўнiчага. З дзiком, калi ён ў стомленым стане, няцяжка справiцца без стрэльбы — хапае i паляўнiчага нажа. Толькi не кожны паляўнiчы на гэта адважыцца, куды прасцей ускiнуць стрэльбу i нацiснуць на курок. А кемлiвую i працавiтую лайку мала атрымаць ад пародных сабак, яе iнтэлект трэба яшчэ i развiць. Па словах Барысёнка, у Беларусi на дзесяць паляўнiчых толькi адзiн сапраўдны сабакагадовец. "Многiя лiчаць, што iхнiя сабакi працуюць, але яны памыляюцца. Яны ходзяць па лесе з лайкамi, якiя нiколi не загаўкаюць. Трэба ўмець падрыхтаваць сабаку". Аляксандр раiць усiм паляўнiчым рыхтаваць парных сабак, бо гэта значна лягчэй, чым падрыхтаваць адзiночку. Ён добра ведае сiтуацыю i лiчыць, што ў Беларусi з сотнi лаек-кабялёў толькi адзiн здольны iсцi на дзiка ў адзiночку. А ў сук наогул такая смелая паляўнiца адна з пяцiсот. Але гэта як у спорце: займаюцца iм многiя, але вытрымлiваць нагрузкi i сягаць на рэкордныя вышынi дадзена адзiнкам. I хоць Барысёнак не праводзiць паралеляў гэтых розных стыхiй жыцця, яму падабаецца iмкненне да максiмуму. Сам ён не аднойчы ставiў свае i бiў чужыя рэкорды. Нарадзiўся Аляксандр на Магiлёўшчыне, побач са славутай гаспадаркай "Рассвет" iмя Арлоўскага. Гэты факт з бiяграфii заўсёды быў падставай яго гонару. Таму i выбар першай прафесii не стаў выпадковым. Скончыў Жылiцкi саўгас-тэхнiкум, атрымаў дыплом агранома. Менавiта ў сярэднеспецыяльнай установе захапiўся спортам, палюбiў штангу, у iм заўважылi будучага пераможцу. Далейшай прыступкай адукацыi Барысёнка быў спартыўны факультэт Вiцебскага педынстытута. Аляксандр з удзячнасцю прыгадвае свайго першага трэнера Леанiда Самусева, дзякуючы якому пачалася дарога ў вялiкi спорт i ўдзелы ва ўсесаюзных чэмпiянатах. Пасля самастойна трэнiраваўся ў Магiлёве, затым 14 гадоў абараняў гонар Спартыўнага Клуба Армii. Гэта быў самы плённы час у яго спартыўнай кар’еры. Станавiўся чэмпiёнам Савецкага Саюза, выйграваў Кубак Саюза. Але найбольш Барысёнак вядомы як экс-рэкардсмен свету ў штурханнi штангi ў першай цяжкавагавай катэгорыi. Яго галоўны рэкорд — 241 кiлаграм. Але жыццё ў спорце, як вядома, хуткацечнае. Каму не хочацца заставацца запатрабаваным, захопленым мэтай, нечага дасягаць, калi энергii i жаданняў яшчэ поўна? Толькi развал Саюза не пакiдаў вялiкiх шанцаў былым вайскоўцам i нават прызнаным спартсменам. Аляксандр не стаў чакаць манны нябеснай i пасля дэмабiлiзацыi закончыў гадавыя курсы бухгалтараў для колiшнiх ваенных у Самарскiм унiверсiтэце. Захапленне паляваннем (гэта яшчэ ад дзеда) паўплывала i на далейшы жыццёвы выбар. Ён вырашыў разводзiць норку, а заадно i паляўнiчых сабак. Прывёз з Масквы першую заходнесiбiрскую лайку па мянушцы Астра i пасялiўся на Вiцебшчыне — у вёсцы Лiтусава жылi яго сябры. Пабудаваў два шэды на 600 норак, знайшоў спецыялiстаў, i з ранейшым спартыўным iмпэтам пачаў фермерскую справу. За яго плячыма ўжо васямнаццацiгадовы вопыт працы з каштоўным звярком. На гаспадарскiм падворку ўзведзены сучасная кармавая кухня i халадзiльная камера, кацельня на абсталяваннi для прыроднага газу, ёсць iнтэрнат для працаўнiкоў. Матачнае пагалоўе норкi даведзена ўжо да 2 тысяч, а ўсiх звяркоў на ферме амаль дванаццаць тысяч. Не так даўно гаспадарка Барысёнкаў папоўнiлася новымi насельнiкамi — козамi заненскай пароды. Але гэта выбар i клопат жонкi Кацярыны — ветэрынара i заатэхнiка па адукацыi. Аляксандру хапае ягоных лаек. У каго на падворку сапраўды прывiлеяваныя ўмовы — дык гэта ў сабак. Хоць i гэтая частка барысёнкавых насельнiкаў хлеб дарма не есць. Лайкi выконваюць службу вартаўнiкоў фермы. Часта гаспадар выводзiць iх на лясныя прагулкi цi давярае гэтую работу вясковым дзецям у час летнiх канiкулаў. Пра сваiх выхаванцаў ён мог бы расказваць бясконца. Асаблiва пра лайчыны дасягненнi ў паляўнiчых спаборнiцтвах. Напрыклад, у 1995-м у яго быў кабель Буран — чэмпiён, першая сабака Расii, а Гардан — заваяваў трэцяе месца на ўсерасiйскiх спаборнiцтвах. Бой i Вайс — палявыя пераможцы расiйскага чэмпiянату. Цяпер у Барысёнка гадуецца новая зорка, ужо шматразовы чэмпiён па мянушцы Карнач — вынiк шматгадовай селекцыйнай працы. У ёй Барысёнак набыў багаты вопыт i ягоныя парады будуць карыснымi любому, хто гэтак жа любiць i разумее лайку. Нават па трохдзённых шчанюках ён можа вызначыць, якi з усяго вывадка будзе лепшы, мацнейшы. "У радаводнай добрай лайкi павiнна быць 36 сабак (каленаў). Па афарбоўцы, целаскладзе i антрапаметрыi (па вуглах) у шчанюку можна пазнаць яго пародзiстага продка — дзеда цi прадзеда" — дзелiцца вопытам Барысёнак. У 5-месячным узросце ён вядзе шчанюка ў вальер на дабрадушнага дзiка, падводзiць да клеткi з мядзведзем i правярае стаўленне да гэтых жывёл. Калi сабака не праяўляе iнтарэсу, прыводзiць яе праз два месяцы. Калi лайка зноў не праяўляе цiкавасцi, аддае яе для палявання на пушнога звера — у Расii шмат прыхiльнiкаў палявання на кунiцу, белку, норку, янота, на поўначы вядзецца собаль. Ад самага нараджэння сабака павiнен паказваць, што ён — добры работнiк. Толькi ў год яго бяруць у лес, глядзяць, каб не згубiўся, каб браў след. "Каб паляўнiчы мог навучыць маладога сабаку арыентавацца ў лесе, ён сам павiнен вельмi добра засвоiць гэтую навуку", — робiць заключэнне Аляксандр. Бо i ў яго таксама калiсьцi не было вопыту i здаралiся выпадкi, калi сабакi гублялiся. Iнтэр’ер яго дома-гасцiнiцы нагадвае спартыўны музей — на сценах да самай столi дыпломы, медалi, кубкi. Не верыцца, што ўсе ўзнагароды належаць аднаму чалавеку. Зразумела, не для ўласнага самазадавальнення гаспадара яны тут красуюцца — для тых, хто ўпершыню пераступае парог, каб адчувалi наколькi ў гэтым доме паважнае стаўленне да сваёй справы. Кожная ўзнагарода — сведчанне вялiкай працы, а працу трэба цанiць. Спартыўны снарад, якi стаiць акурат пасярод пакоя з камiнам, не з’яўляецца часткаю паляўнiчага iнтэр’ера, але тут зусiм не лiшнi, ён дапамагае 51-гадоваму экс-рэкардсмену трымаць сябе ў добрым фiзiчным стане — даўняя добрая звычка. Хоць фiзiчнай нагрузкi яму хапае i без гэтага. Трэба шмат хадзiць па лесе, вучыць маладых лаек, рыхтаваць iх у сапраўдных паляўнiчых. А падрыхтаваных i навучаных сабак ён часта раздае — у Барысёнка шмат сяброў. Ужо цяпер ён рыхтуецца да юбiлейнага 15-га чэмпiянату, якi пройдзе ўвосень наступнага года. Удзельнiкаў чакае шмат прызоў i сюрпрызаў. Анатоль Кляшчук. Фота аўтара. Сенненскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Сапраўдны паляўнiчы той, якi здабывае звера без стрэла!" — кажа жыхар вёскi Лiтусава Сенненскага раёна Аляксандр Барысёнак. Гучыць, безумоў
|
|