Таямнiчыя сляды гарадзенскiх храмаў
Таямнiчыя сляды гарадзенскiх храмаў
Рыштаваннi Бацькаўшчыны
Дзе захоўваецца цудатворная iкона Каложскай Багародзiцы? Пасля ўмацавання нёманскага берага, на якiм стаiць Барыса-Глебская (Каложская) царква, новыя апоўзнi, на думку спецыялiстаў, выключаны. І ўжо ў наступным годзе можа распачацца другi, не менш важны этап — рэстаўрацыя храма, у вынiку якой гэта жамчужына праваслаўнага дойлiдства павiнна набыць сваё аблiчча ў параметрах канца XVIII — сярэдзiны XIX стагоддзя. Спрэчкi наконт канцэпцыi аднаўлення Каложы, як сведчыць нядаўнi "круглы стол" у Гродне, працягваюцца. У прыватнасцi, ёсць меркаванне, што недапушчальна, каб асобныя часткi храма падчас рэканструкцыi былi выкананы на ўзор розных эпох. I, безумоўна, хацелася б, каб рэстаўрацыя садзейнiчала як мага больш поўнаму падабенству з творам старажытных дойлiдаў. Але вось загадка: як выглядала Барыса-Глебская (Каложская) царква ў XVII стагоддзi? Адпаведных малюнкаў i чарцяжоў не захавалася. А калi так, то якому варыянту аддаць перавагу: паклапацiцца аб захаваннi таго, што засталося? Альбо аднавiць разбураныя часткi храма паводле няхай больш познiх, але рэальных гiстарычных матэрыялаў, захаваўшы iснуючыя аўтэнтычныя фрагменты? Выбар, верагодна, будзе зроблены ўжо ў блiжэйшы час. А вось над iншымi загадкамi i Каложы, i iншых гарадзенскiх храмаў давядзецца, мусiць, працаваць не толькi цяперашнiм, але i будучым пакаленням даследчыкаў. Нiжняя, Верхняя, Малая, Васкрасенская, Прачысценская...
Для пераважнай часткi жыхароў горада над Нёманам ды i яго гасцей перыяд праваслаўнага дойлiдства XII стагоддзя атаясамлiваецца, бадай, толькi з Барыса-Глебскай (Каложскай) царквой. Так, Каложа — гэта адзiны храм, якi хоць i не поўнасцю, але захаваўся з таго часу да нашых дзён. Аднак, паводле гiстарычных i археалагiчных звестак, у XII стагоддзi ў Гродне былi ажно чатыры каменныя царквы. I гэта — у маленькiм горадзе, дзе пражывала не больш за паўтары тысячы чалавек. Чым тлумачыцца гэты феномен? На думку Iгара Трусава, аўтара нядаўна выдадзенай кнiгi "Праваслаўныя храмы Гродна", гэта сведчыць аб тым, што горад з’яўляўся не толькi ўсходнеславянскiм вайсковым фарпостам на мяжы з заходнеславянскiмi i балцкiмi плямёнамi, але i своеасаблiвым фарпостам праваслаўя на гэтых землях. I ўжо ў XII стагоддзi ў Гродне склалася ўнiкальная архiтэктурна-мастацкая школа. У складзе арцелi пад кiраўнiцтвам Пятра Мiланега былi, акрамя архiтэктара i будаўнiкоў, iканапiсцы, ювелiры, сталяры-чырвонадрэўшчыкi, майстры па керамiцы i апрацоўцы каменю, лiцейшчыкi. Для будаўнiцтва храмаў сяляне навакольных вёсак выраблялi цэглу-плiнфу, пазначаючы асобныя экзэмпляры кожный партыi сваiмi радавымi знакамi. Гэта i старажытныя пiктаграмы, i больш познiя славянскiя альбо балцкiя руны, i сучасная для XII стагоддзя праваслаўная кiрылiца. Такiя знакi ў пушчах вакол горада на борцях (вуллях для дзiкiх пчолаў) гродзенскiх сялян захоўвалiся ажно да XVIII стагоддзя. Па храналогii будаўнiцтва першынцам Гродзенскай архiтэктурнай школы XII стагоддзя спецыялiсты лiчаць не Каложскую, а так званую Нiжнюю царкву, якая была размешчана на тэрыторыi ўмацаванага горада. Верагодна, яна з самага пачатку выконвала функцыi храма для князя, членаў яго сям’i i воiнаў-дружыннiкаў. Руiны Нiжняй царквы былi выяўлены Юзэфам Ядкоўскiм падчас раскопак на тэрыторыi Старога замка ў 1932—1933 гадах. Гэта быў шасцiстоўпны храм 16,8x11,6 м з трыма апсiдамi, дзве з якiх былi ў тоўшчы сцен. У сценах мелiся шматлiкiя адтулiны галаснiкоў. Фасады царквы ўпрыгожвалiся маёлiкавымi плiткамi рознай формы, палiўнымi круглымi блюдамi, шлiфаванымi камянямi. З маёлiкавых плiтак была i падлога, а дах i купалы былi пакрытыя лiстамi тонка раскатанага свiнцу. Драўляны iканастас быў упрыгожаны шматлiкiмi меднымi пласцiнамi. Падчас раскопак знойдзены рэшткi колакала i царкоўных рэчаў. Руiны Нiжняй царквы цяпер экспануюцца Гродзенскiм дзяржаўным гiсторыка-археалагiчным музеем. Але ж была яшчэ i царква, якую даследчыкi ўмоўна называюць Верхняй. Руiны гэтага, пабудаванага ў гатычным стылi храма былi таксама выяўлены Юзэфам Ядкоўскiм падчас раскопак на Старым замку. Верхняя царква з’яўлялася невялiкай каплiцай памерам 8,9х8,9 м. Iнiцыятарам яе будаўнiцтва, лiчыць Iгар Трусаў, мог стаць князь Давыд Гарадзенскi, якi ў дзяцiнстве i юнацтве выхоўваўся ў Пскове ў моцнай праваслаўнай традыцыi. Наступны па храналогii будаўнiцтва гродзенскi храм XII стагоддзя — гэта царква на ўмацаваным пасадзе, сучаснай тэрыторыi Новага замка. Большасць даследчыкаў атаясамлiвае яе з Васкрасенскай царквой, якая згадваецца ў больш познiх дакументах i, мажлiва, адлюстравана ў знакамiтай гравюры Цюндта Адэльгаўзера 1568 года. Рэшткi гэтага храма па сёння не знойдзены. Ёсць для маладых археолагаў у Гродне i iншыя задачы. У прыватнасцi, хто паспрабуе адшукаць сляды Малой, Траецкай, Мiкалаеўскай праваслаўных цэркваў, а таксама, мажлiва, Чэснахрышчэнскай царквы i каплiцы на Падоле? А сённяшнiм i новым пакаленням гiсторыкаў, не выключана, пашанцуе знайсцi новыя архiўныя крынiцы па гэтай тэме, а можа нават i сляды такiх таямнiчых гродзенскiх цэркваў, як Сiмяонаўская (альбо Спаская) i Iллi Прарока. Шанцы на новыя адкрыццi, верыць Iгар Трусаў, ёсць. Але толькi тады, калi культурны слой горада не будзе знiшчацца без навуковай, археалагiчнай i гiстарычнай фiксацыi. Павiнна стаць нормай, што ў гiстарычных мясцiнах спачатку працуюць даследчыкi нашай мiнуўшчыны i ўжо пасля iх праводзiцца будаўнiцтва i добраўпарадкаванне. I ўсё ж большасць загадак гiсторыi гарадзенскiх храмаў звязана, безумоўна, з Барыса-Глебскай (Каложскай) царквой. Вось толькi некаторыя з iх. Каложань, Калозень, Каложа... У лiтаратуры па гiсторыi Барыса-Глебскай царквы традыцыйна прыводзiцца летапiсны факт аб тым, што князь Вiтаўт спустошыў пасад Пскова пад назвай Каложэ i пасялiў пад Гродна 11 тысяч палонных. Аднак пацвярджэння таго, што палонныя атрымалi менавiта гродзенскую "прапiску", у гiстарычных крынiцах адшукаць не ўдалося. Версiя Iгара Трусава такая. Каложань альбо Каложэнь — гэта тутэйшая, славянская назва ненаселенай мясцовасцi, хутчэй за ўсё, урочышча, якая не мае дачынення да паходу Вiтаўта на Пскоўскую зямлю. Можна дапусцiць, што гэта ўрочышча было нечым асаблiвым. Этымалогiя назвы Каложань, Каложэнь (як, зрэшты, i пскоўскага прыгарада Каложэ) iдзе ад такiх старажытнарускiх слоў, як "калода" — вадапойнае карыта, пчалiны вулей, магiла "кладзеж", "калозень" — крынiца з вадой. Такiм чынам, Каложань, Калозень — гэта, верагодна, урочышча, дзе былi магутныя крынiцы, пчальнiк альбо магiлы. Старажытныя славяне надавалi вялiкую ўвагу такiм месцам з сакральным значэннем. Яшчэ адна загадка: з чым звязаны некаторы перакос Барыса-Глебскай царквы, неперпендыкулярнасць сценаў? На думку навуковага кiраўнiка праекта рэстаўрацыi храма Генадзя Лаўрэцкага, гэта не можа ўспрымацца як нядбайнасць, недакладнасць старажытных дойлiдаў. Выдатная якасць будаўнiчых работ выключае чалавечы фактар, тым больш што дойлiдам было няцяжка пабудаваць правiльны прамы вугал з дапамогай "егiпецкага трохвугольнiка" цi засечак. Да таго ж, параўнальны аналiз з грэчаскiмi i балгарскiмi помнiкамi архiтэктурнай школы, якая аказала ўплыў на Каложскi храм, сведчыць, што яны таксама маюць падобны перакос. Такiм чынам, лiчыць Генадзь Лаўрэцкi, перакос быў звязаны з сiмволiка-арыенцiровачным прынцыпам, якiм кiравалiся дойлiды, з семантыкай святла, якая была ўласцiвая хрысцiянскаму мастацтву. На працягу года сонца ўзыходзiць з-за гарызонта на значнай частцы ўсходняга паўшар’я: ад летняга сонцастаяння на паўночным усходзе да зiмовага — на паўднёвым усходзе. У той жа час, знаходзячыся ў зенiце, сонца мае нязменны азiмут. I калi прыняць гiпотэзу аб разбiўцы падоўжнай восi ў момант усходу сонца, а папярэчнай — у момант яго зенiту, то становiцца зразумелай прычына перакосу. У архiвах Расii, Украiны, Лiтвы, Польшчы, Германii, Швецыi, Францыi, ЗША, Вялiкабрытанii i iншых краiн ёсць дакументы, якiя дазволяць пралiць новае святло на гiсторыю гродзенскiх праваслаўных храмаў i прыходаў. Iгар Трусаў лiчыць таксама неабходным прадоўжыць i работу ў архiвах па праблеме эвакуацыi царкоўных каштоўнасцяў з Гродна падчас Першай сусветнай вайны i пошуку гэтых рарытэтаў . Тады можа з’явiцца шанц знайсцi i вярнуць у горад над Нёманам цудатворную iкону Каложскай Багародзiцы, якая не з’яўляецца значнай каштоўнасцю для замежных музеяў, аднак бясцэнная для гродзенскiх вернiкаў. Паводле легенды, гэту iкону заўсёды насiў з сабой жабрак, якi з наблiжэннем смерцi перадаў яе ў Барыса-Глебскi храм. I завяшчаў пахаваць яго каля Каложы, што i было выканана. Епiскап Iосiф Сакалоў дае дакладнае апiсанне гэтай iконы: "Яна пiсана на меднай дошцы, вышынёй 5, шырынёй 4 вяршкi (17 на 22 см), змешчана ў кiпарысавую дошку, рыза на ёй срэбрапазлашчаная 84-й пробы, вянцы ўпрыгожаны 14 гранатамi, устаўленымi ў сярэбраныя гнёзды. Вянцы i палi чаканныя, на палях адмыслова тонкiм разцом выразаны старазапаветныя правобразавальныя выявы, што адносяцца да твару Богамацеры, i памiж iмi 8 камянёў — 2 гранаты, 5 сердалiкаў i агат. На святой iконе i каля яе па полю мноства розных прывесак, уся яна апраўлена гранатамi з залатымi буйнымi зярнятамi — да 45 на ланцужку". Каложскi цудатворны абраз Багародзiцы лiчыцца заступнiкам Гродна. Захавалiся датаваныя канцом XIX — пачаткам XX стагоддзя сведчаннi людзей, што яны сталi адчуваць сябе лепш пасля малiтвы перад гэтай iконай. Аднак у 1915 яна была вывезена з горада i па сёння месцазнаходжанне гэтай гродзенскай святынi невядома. Няма яе, згодна з адказамi на запыты, нi ў Траццякоўскай галерэi, нi ў Гiстарычным i iншых маскоўскiх музеях. Не выключана, што яна знаходзiцца ў прыватнай калекцыi, але варта i прадоўжыць яе пошук у iншых музеях, прычым, не толькi расiйскiх. ...Некалькi гадоў таму свайму беларускаму пабрацiму вырашылi дапамагчы ў падмаскоўных Хiмках. Адмiнiстрацыя гэтага горада заказала выраб абраза паводле iконы Каложскай Багародзiцы ў лепшай расiйскай iканапiснай майстэрнi, асвечанай Патрыярхам Маскоўскiм i ўсяе Русi Аляксiем II. I цяпер гэта iкона, у футляры з чырвонага дрэва, знаходзiцца ў Барыса-Глебскай (Каложскай) царкве. Барыс ПРАКОПЧЫК. Фота Яраслава ВАНЮКЕВIЧА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пасля ўмацавання нёманскага берага, на якiм стаiць Барыса-Глебская (Каложская) царква, новыя апоўзнi, на думку спецыялiстаў, выключаны. І ўжо ў наступ |
|