21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Суседзі

26.08.2009 10:43 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Суседзі

Майму сыну задалi хатняе сачыненне на тэму "Восень" i ён напiсаў сачыненне ў жанры "жах" — пра наш вясковы дом. Той самы, якi мы набылi ў вераснi пад Слуцкам. Усё з-за "жураўля". Тое, што напужала дачку, па чарзе ўзгадалi ўсе, хто набiраў ваду з калодзежа. Вiной таму цiшыня. Бязветраным суботнiм вечарам 22 лiстапада было чуваць, як зрываецца з яблыневых галiнак снег. У гараджан з сапсаванымi нервамi ў такой цiшынi разгульваецца хваравiтае ўяўленне. Асаблiва калi яны падымаюць вядро з калодзежа, а другое плячо "жураўля" недзе ў зоне бакавога зроку з лёгкiм трэскам апускаецца ў кусты. А яшчэ ўявiце сабе, як гэтыя жыхары панэльных шматпавярховiкаў iдуць цёмным вечарам у павець па дровы...

 

Кiрылаўна

Апошнiм разам, гэта было якраз 22 лiстапада, мы паехалi туды ўтраiх — усе жанчыны. Я, мая ятроўка i котка. Дзецi прасiлiся, але яны ў суботу вучацца, i калi б мы iх дачакалiся, то засветла не паспелi б. А тут снег пайшоў, ды не малы, на Слуцкай шашы ўтварылася каляiна, з якой некалькi аўтамабiляў вылецелi ў кювет, некалькi разгарнулiся насустрач руху, а адна ўрэзалася ў раздзяляльную агароджу. Таму ехалi мы вельмi асцярожна. Мужчыны нашы спрабавалi нас адгаварыць, але дарэмна. На лоджыi ў мяне тыдзень ужо жаўцела лiстамi прывезеная з Кубанi ажына i чакалi пасадкi нейкiя кветкi-шматгадовiкi — адкладаць паездку было нельга.

Мы даехалi шчаслiва i паспелi да захаду сонца. Старая гарадская котка ўпершыню ўбачыла снег i стала ашалела скакаць, крычаць i фыркаць, нават на мяне. Я схапiла сотавы тэлефон, каб паведамiць мужу, што ў нас усё добра. Нават грубка была прапаленая, аб чым паклапацiлiся, па ранейшай дамоўленасцi, суседзi. І тут высветлiлася, што святла няма. Мы з Любай паглядзелi на аблепленыя снегам правады i кiнулiся гаспадарыць. Яна — бульбу стругаць, я — печ палiць. Газавы балон да плiты мы яшчэ не падключылi, таму гатуем ежу альбо ў рускай печы, альбо на варачнай — яны злучаныя i маюць агульную трубу, дарэчы, з грубкай таксама. Я яшчэ паспела знайсцi аб’едзеную мышамi свечку i накалоць (упершыню ў жыццi!) лучыны. За гэты час зусiм сцямнела. I калi я прыйшла ў павець другi раз, то дровы шукала навобмацак. I думала аб адным: толькi б не дакрануцца рукой да мышы!

— А ты ведаеш, — сказала мая ятроўка, гатуючы вячэру пры жоўтым святле свечкi, — калi б такое здарылася ў горадзе, мы б прыйшлi ў адчай. А тут можна выжыць без усяго: без электрычнасцi, водаправода i газу. Гарачая вада ёсць, цяпло — колькi пажадаеш. А вячэра проста каралеўская: падсмажаная бульба, залiтая малаком i тушаная ў печы!

— Да гэтай смакаты ў нас яшчэ каньячок, — дадала я i пайшла да суседзяў па малако, самаробны сыр i даведацца, цi ва ўсёй вёсцы святла няма, альбо толькi ў нас.

***

Аказалася, ва ўсёй вёсцы. Не толькi ў нашым пасёлку — так тут называюць Хмелiшчы. Цяпер яны сталi адной з вулiц Кальчыц, а раней былi самадастатковай вёскай. Любоў Iванаўна супакоiла, што святло абавязкова будзе, бо на фермах трэба кароў даiць. I дала мне грамнiчную свечку.

У Хмелiшчах я налiчыла 11 хат. З iх зiмуюць толькi ў трох: на адным канцы пенсiянеры Любоў Iванаўна з мужам Аляксеем (яна так i напiсала на аркушы з нумарам тэлефона: "Люба, Аляксей", i я дагэтуль не ведаю iмя яе чалавека па бацьку), на другiм — Генадзь Васiльевiч з жонкай, таксама пенсiянеры. У Генадзя Васiльевiча ёсць трактар. Яшчэ, на iншым баку, — халасцяк. Так мне i сказалi, дадаўшы, што ён насамрэч не халасцяк. З iм мы яшчэ не пазнаёмiлiся. А вось да Любовi Iванаўны звяртаемся кожны раз — яна трымае карову i варыць вельмi смачны сыр.

Мой дом прыкладна пасярэдзiне вулiцы, на перакрыжаваннi. Памiж iм i названымi суседзямi — некалькi пустых сядзiбаў. Цяпер. А да сярэдзiны лiстапада праз плот ад нас жыла Кiрылаўна. З-за хваробы яна з’ехала да дачкi ў Слуцк на пару тыдняў раней, чым планавала. У апошнюю нашу сустрэчу Кiрылаўна паказала мне, як уключаць вулiчны лiхтар ля нашых дамоў. Цяпер я паглядзела на гэты лiхтар, на слуп, аблеплены снегам, з цеплынёй узгадала Кiрылаўну i пажадала ёй хутчэй выздараўлiваць. Без Кiрылаўны ў Хмелiшчах не хапае нечага iстотнага.

Яна была першай, каго мы сустрэлi, калi прыйшлi ў пасёлак спытаць пра дом. I першай, хто зайшоў у наш дом, калi мы яго купiлi. Яна прыйшла паглядзець, цi не ўгарэлi мы, гараджане, прапалiўшы печ. Зайшла, i з палёгкай прамовiла: "Ну вось, цяпер тут жывым духам пахне!" А мы ў першую ноч, каб не ўгарэць, трубу зусiм не закрывалi, i ранiцай у хаце стала яшчэ халадней, чым на вулiцы. Кiрылаўна пакруцiла галавой, расказала як i калi трэба прыкрываць трубу, параiла ў Iванаўны спытаць наконт гусiнага крыла, каб падмятаць прыпечак, агледзелася, узгадала былую гаспадыню, сваю суседку:

— Вельмi акуратная была жанчына. Заўсёды ў яе было чыста. Яе чалавек памёр на 9 гадоў раней за яе. добры быў майстра. Гэта ён сам зрабiў тут i вокны, i дзверы. Праўда, выпiваў. Яна з мацi жыла некаторы час, потым адна. Дзiця ў iх памерла ў 11 месяцаў, i больш дзяцей не было. Гадоў дваццаць яна на iнвалiднасцi была — пасля складанай аперацыi. Але шмат рабiла: гаспадарку трымала, кароўку, парсючка, пяцьдзесят сотак зямлi сама апрацоўвала. Калi яна захварэла апошнiм разам, сказала мне: "Не будзе табе да каго прыходзiць."...

Дом у Кiрылаўны самы прыкметны i самы вясёленькi ў Хмелiшчах. Па-першае, таму што абкладзены цэглай (альбо цагляны?). Па другое, таму што лiштва, дзверы, брамка, агароджа на градках, вокны на летняй кухнi пафарбаваныя ў яскравыя блакiтны i аранжавы колеры. У кастрычнiку мы запрасiлi ў свой дом гасцей, i адзiн з iх, вядомы журналiст, з захапленнем паказаў на аранжавую раму на павецi Кiрылаўны: "Гэта ж канцэптуальна!"

Людзi ў Хмелiшчах вельмi далiкатныя. Яны не ўмешваюцца ў наша жыццё, распытваюць толькi пра бацькоў: адкуль яны. Затое пра сябе расказваюць. Самае асноўнае. У Кiрылаўны адзiн сын у Лiтве, робiць, як яна кажа, грамадзянскiм лётчыкам, яшчэ сын i дачка ў Слуцку. Муж, вельмi добры быў чалавек, некалькi гадоў таму памёр. Дзецi зрабiлi ёй паравое ацяпленне ў доме, абнавiлi сад, дапамагаюць дом даглядаць. Я падумала, што трэба вельмi любiць мацi i бабулю, каб так ёй усё тут расквяцiць. Ды i па самой Кiрылаўне бачна, што яна — шчаслiвы чалавек —твар у яе добры. З гаспадаркi Кiрылаўна трымае толькi куранят — да восенi, калматага сабачку i вялiкага ката.

Любую праблему, якая ў нас узнiкае, Кiрылаўна дапамагае нам вырашаць. Прычым робiць гэта непрыкметна, як бы мiж справамi. Выглядае гэта прыкладна так.

Мы прывозiм з Мiнска 5-лiтровы газавы балон, але не ведаем, як яго падключыць. Круцiмся вакол плiты i разумеем, што яшчэ нейкай дэталi не хапае. Я iду да Кiрылаўны, яна прыходзiць паглядзець на нашу плiту, на балон, узгадвае, як усё было пры жыццi былых гаспадароў i сыходзiць. Праз некаторы час да нас прыходзяць амаль усе мужчыны Хмелiшчаў (акрамя халасцяка): Генадзь Васiльевiч i Аляксей. Яны вывучаюць нашу сiтуацыю, тлумачаць, чаго не хапае, прапануюць сваю дапамогу, калi будуць неабходныя для мантажу газавага абсталявання рэчы. "Калi трэба будзе, я звару вам газаправод", — кажа Аляксей. "А ў печы ежа смачнейшая!" — канчаткова супакойвае мяне Генадзь Васiльевiч. I я адразу разумею, што нiякай праблемы ў мяне няма, проста часовыя нязручнасцi, якiя маюць, тым не менш, сваю перавагу.

Падобнае адбылося i з печчу ў лазнi. Распалiць мы яе вырашылiся толькi падчас школьных вакацый, калi я i ятроўка ўзялi водпускi за свой кошт, i з дзецьмi прыехалi ў Хмелiшчы на некалькi дзён. Нават чалавеку недасведчанаму было ясна, што печ патрабуе рамонту. Я да Кiрылаўны, пытаюся, якiм растворам лепей замазваць. Яна расказвае, як распарыць глiну i прыходзiць да мяне са сваiм iнструментам, сама замазвае шчылiны, замяняе некалькi цаглiнак. Аднак цягi няма, i зноў у наш дом па накiрунку Кiрылаўны прыходзяць галоўныя хмелiшчанскiя мужчыны. Яны дапамагаюць знайсцi i лiквiдаваць прычыну адсутнасцi цягi. Так што наступным разам, мы, магчыма, у лазнi ўжо i памыемся.

Але самы галоўны вынiк ад такiх стасункаў з суседзямi, гэта адчуванне, што ты не адзiн, што тут, у Хмелiшчах, ёсць людзi, якiя ў любой сiтуацыi прыйдуць на дапамогу. Дзiўна, я амаль нiчога не ведаю пра iх, яны — пра мяне, але ў мяне ўжо ёсць адчуванне блiзкас- цi да гэтых людзей, нават роднасцi. I вельмi ўтульнае, саграваючае душу, пачуццё ўдзячнасцi.

У апошнюю нашу паездку яно шматразова ўзрасло.

Гаспадыня

Але спачатку я хацела б колькi слоў сказаць пра гаспадыню нашага дома — Кацярыну Шыловiч. Яна памерла ў 1999 годзе. Дзевяць гадоў дом чакаў новых гаспадароў. У гэта цяжка паверыць. Толькi праедзеныя мышамi шпалеры выдаюць доўгую адсутнасць чалавека. Безумоўна, у дагледжанасцi апусцелага жытла ёсць вялiкая заслуга нашчадкаў, якiм дом дастаўся — мужавай пляменнiцы i яе сям’i, яны нам яго i прадалi. Але зразумелым робiцца iх жаданне захаваць усё, як ёсць, калi бачыш, з якой любоў i акуратнасцю тут жылi раней.

У гэтым доме я са здзiўленнем злавiла сябе на думцы, што знаёмлюся з Кацярынай Шыловiч праз яе рэчы, што яна праз iх нябачна прысутнiчае, працягвае сваё жыццё. Далiкатна, як усе хмелiшчане, i любоўна назiрае за мной. Ну як не адчуць клопат гаспадынi, калi я бяру яе бялюткiя ручнiкi, бездакорна чыстыя кубачкi, калi дзецям, якiя прамачылi ногi, я знаходжу цэлыя шарсцяныя шкарпэткi, а на прыпечку ляжыць нiбы новая рукавiца з лямцу. Я адразу знаходжу ўсё, што мне трэба: нажнiцы, нiткi, тарку i нават выдзеўбанае карыта для цеста. I нiшто не выклiкае ў мяне пачуцця грэблiвасцi, нi цёплая хустка, якую я павязваю на галаву, нi чыгунок, у якiм гатую абед. Нават анучы — чыстыя i акуратна складзеныя, i я бяру адну — каб памыць падлогу, а другую ў якасцi прыхопкi. Я адчуваю, што мы з гэтай жанчынай вельмi розныя, але яе дом, рэчы, а значыць i яна сама, прыязна прынялi мяне i маю сям’ю, дзяцей, да якiх тут не прывыклi, нашу шматлюднасць i... неакуратнасць.

Ёсць яшчэ адна дзiўная якасць у гэтага дома. У iм жылi да канца мiнулага стагоддзя, але час тут спынiўся ў канцы 50-х. Вiнiлавыя пласцiнкi тых часоў ляжаць у скарбонцы — нiводнай драпiны. I часопiсы "Работнiца i сялянка" за 1957—58 гады — не скамечаныя, цэлыя старонкi. У адным з iх я ўбачыла фатаграфiю: дзве дзяўчыны чытаюць нейкую кнiгу. Подпiс паведамляў, што гэтыя льнаводкi (названы iмёны) рыхтуюцца да паступлення ў ВНУ. Iнтэр’ер пакоя, у якiм сядзяць гераiнi здымка, цалкам супадае з тым, якi я бачу ў нашым доме. Акно той жа самай канструкцыi, такiя ж рамы, i гэтак жа занавешана. Толькi малюнак на гардзiне адрознiваецца.

I вось што цiкава. У 2000 годзе мы на другасным рынку жылля купiлi кватэру. Незадоўга да гэтага там быў зроблены рамонт, i мы некалькi гадоў нiчога не рабiлi. Але як мне хацелася хутчэй усе змянiць, пазбавiцца ад пластыкавай столi, выкiнуць прэч чужую шафу... Тут жа, наадварот, мне ўсё па душы: старамодны сервант, жалезныя спiнкi ложкаў, умывальнiк-"мойдадыр", нават занавескi з пальмамi i цяжкiя дзверы з клямкай. Вядома ж, змены непазбежныя. Вось ужо мяккiя яскравыя цацкi парушылi строгую гармонiю бяздзетнага дома, электрачайнiк выцiснуў з этажэркi рэчы першай неабходнасцi: нiткi, нажнiцы, ручку, пенсiйнае пасведчанне... Але мне вельмi хочацца ўсё ж такi захаваць дух гэтага дома, час, якi тут нейкiм нетлумачальным чынам затрымаўся.

Снег

У той суботнi вечар нам з Любай не ўдалося павячэраць пры свечках. Святло далi перад тым, як мы пачалi накрываць на стол. Запечаная ў рускай печы бульба з малаком i насамрэч атрымалася выдатная. Каньячок таксама аказаўся смачным. Котка, уладкаваўшыся на крэсле ля грубкi, гучна пела нам песнi. А ў вокны была бачна чароўная карцiна: снег усё, нават кучу галля i стары плот, пераўтварыў у дэкарацыi любiмай казкi. Мы не вытрымалi i выйшлi на вулiцу. I стаялi там, удыхалi свежае паветра, глядзелi на прыгажосць вакол, i маўчалi, i слухалi, як зрываецца з галiнак дрэў снег. Ведаеце, як гэта — усмiхацца ўнутры сябе?

Ранiцай аказалася, што снег iшоў усю ноч, узняўся вецер i на дварэ — завея. У гэтую завею мы пасадзiлi бедную нашу ажыну i кветкi, прысыпалi iх лiсцем i снегам, прытапталi снег вакол саджанцаў яблынь i персiка (!), i сабралiся дадому. I тут прыйшоў Аляксей, каб праводзiць нас i дапамагчы, калi спатрэбiцца. Ён не сказаў нi слова, проста пайшоў перад машынай, i я павольна ехала за iм. Але на ўзгорку мы загразлi ў снезе i хутка зразумелi, што без дапамогi трактара не выберамся. Тады мы з Аляксеем пайшлi да Генадзя Васiльевiча.

— Не завядзецца, — сказаў Генадзь Васiльевiч. — Стары, у такое надвор’е не заводзiцца.

— А ты паспрабуй, — прапанаваў Аляксей.

I яны пайшлi спрабаваць. А я пазнаёмiлася з жонкай Генадзя Васiльевiча — Максiмаўнай. Яны падпiсчыкi "Звязды", гэта было бачна адразу, па календарах на сценах.

— Усё марым нешта выйграць, — засмяялася Максiмаўна, i трошкi расказала пра сябе.

У iх чацвёра дзяцей, але ўсе далёка. Сама яна працавала амаль сорак гадоў настаўнiцай у мясцовай школе. Добрае было жыццё, вёска поўная людзей, усе дружныя, дапамагалi адзiн аднаму...

Праз 20 хвiлiн я ўзгадала, што пакiнула ў халоднай машыне ятроўку з коткай, развiталася i пабегла па рыдлёўку.

— Люба, — кажу, — трактар не заводзiцца, будзем па чарзе дарогу расчышчаць.

I Люба пачала ўжо, каб хутчэй сагрэцца, але тут глядзiм — трактар едзе. Завёўся. Праз дзесяць хвiлiн мы ўжо былi на добрай дарозе.

— Едзь, — крыкнуў скрозь завею i гул Генадзь Васiльевiч, — я пагляджу, пакуль ты да павароту не даедзеш.

Я нават не паспела сказаць "дзякуй". Толькi махнула рукой, калi адчула, што небяспечнае месца прамiнула. Яны стаялi i глядзелi мне ўслед. Чакалi, пакуль я не павярну на трасу. Мае суседзi.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Слуцкі раён.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Майму сыну задалi хатняе сачыненне на тэму "Восень" i ён напiсаў сачыненне ў жанры "жах" — пра наш вясковы дом. Той самы, якi мы н
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика