18 декабря 2008 Политика
Вячаслаў Оргiш, доктар фiласофскiх навук, Советская Белоруссия
Час раскiдваць камянi i час збiраць камянi. Таму пакiнем дыпламатычную далiкатнасць, скажам адкрыта: надышоў час цвяроза, без скiдак паглядзець на гульцоў беларускай палiтычнай сцэны, якiя прадстаўляюць апазiцыйны бок.
Публiчная рэакцыя афiцыйных асоб Еўрасаюза на вынiкi мiнулых парламенцкiх выбараў у Беларусi (увогуле абнаўленне апошнiм часам стылю i зместу ўзаемадачыненняў еўрапейскiх краiн з афiцыйным Мiнскам) яскрава сведчыць: Захад стамiўся махаць бiзуном перад носам у беларускай улады. Заходняя супольнасць не верыць у магчымасцi беларускай апазiцыi iстотна ўплываць на палiтычны працэс у краiне i не ставiць далейшае развiццё сваiх адносiн з беларускiм грамадствам у залежнасць ад яе (апазiцыi) намаганняў.
Гэты тэзiс набывае дадатковую актуальнасць у святле перамогi дэмакрата Барака Абамы. Ёсць сур’ёзныя прычыны меркаваць, што сорак чацвёрты прэзiдэнт ЗША больш раўнадушна паставiцца да так званага беларускага пытання, аслабiць (цi ўвогуле спынiць) спробы Вашынгтона цiснуць на беларускае кiраўнiцтва i зменшыць увагу да апазiцыi. Сёння Амерыцы, як прынята казаць, не да таго, яна сутыкаецца з глабальнымi выклiкамi (крызiс амерыканскай эканомiкi ў спалучэннi з сусветным фiнансавым крызiсам, звыш дзесяцi трыльёнаў долараў дзяржаўнага доўгу, прабуксоўка амерыканскай геапалiтыкi, правал вайны ў Iраку i Афганiстане), якiя засланяюць праект штучнага прасоўвання дэмакратыi заходняга ўзору ў Беларусi. Новы гаспадар Белага дома цалкам, верагодна, можа памяняць некаторыя акцэнты Вашынгтона адносна краiн Усходняй Еўропы, паставiўшы на першы план замест iдэалогii звычайны амерыканскi меркантылiзм. Калi гэта здарыцца, амерыканская пазiцыя па Беларусi, безумоўна, наблiзiцца да заходнееўрапейскай.
Iнакш кажучы, ў дачыненнях з афiцыйным Мiнскам заходнiя палiтыкi пераходзяць на новы фармат адносiн. Месца беларускай апазiцыi ў iм, вельмi падобна, будзе зусiм сцiплым. Ва ўсякiм разе, на дадзены момант з боку Захаду няма сiгналаў, якiя б сведчылi, што апазiцыя можа разлiчваць на нешта большае, чым роля другога плана. Мяркуючы па ўсiм, еўрапейцы ўжо саспелi (амерыканцы, падобна, на падыходзе) для таго, каб праводзiць на беларускiм накiрунку такую палiтыку, якая адпавядае iх дзяржаўным прыярытэтам i ў той жа час здольна задаволiць афiцыйны Мiнск, а ўжо потым (калi не ўзнiкне асаблiвых супярэчнасцей), магчыма, паспрыяе iнтарэсам апазiцыi.
Характэрна, што ў адрозненне ад апошняй беларускае кiраўнiцтва адчула прынцыповыя перамены ў настроях дэмакратычнай Еўропы, Захаду амаль iмгненна. I адпаведным чынам выкарыстоўвае iх, каб умацаваць сваю рэпутацыю ў вачах мiжнароднай i беларускай грамадскасцi, адшукаць рэзервы для падтрымкi свайго курсу ўнутры краiны, разбурыць бар’еры на заходнiм накiрунку беларускай знешняй палiтыкi. У гэтым сэнсе вельмi паказальны Мiнскi форум ХI, якi адбыўся 13 — 15 лiстапада.
Назiральнiкi звярнулi ўвагу на тое, што ўпершыню за адзiнаццаць гадоў iснавання форуму дзяржава была прадстаўлена на iм кiраўнiком Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта. Па-еўрапейску рэспектабельны Уладзiмiр Макей шчыра i пераканаўча агучыў тэзiс, якi ўлада, як заўважылi ўдзельнiкi мiжнароднага мерапрыемства, сёння хоча данесцi да грамадскасцi. "Аб’ектыўна надышоў момант, калi трэба называць рэчы сваiмi iмёнамi. Беларусь — еўрапейская краiна Беларусы здольны зрабiць важкi ўнёсак у агульнаеўрапейскае развiццё". Iнакш кажучы, беларускi бок накiраваў заходняму свету своеасаблiвы мэсэдж: зразумейце i адпаведным чынам вядзiце справы з намi.
Сёння ў тым, што тычыцца адносiн з Мiнскам, Захад не бачыць прымальнай альтэрнатывы дыялогу. Думка пра гэта на згаданым Мiнскiм форуме гучала амаль рэфрэнам. Кiраўнiк МЗС ФРГ Ф.-В.Штайнмаер нават паабяцаў, што "асабiста прыкладзе ўсе намаганнi, каб новыя магчымасцi для дыялогу былi выкарыстаны".
Працэс, як прынята казаць, пайшоў. Сур’ёзныя аналiтыкi (напрыклад, кiраўнiк аддзела Расii i краiн СНД Нямецкага савета замежнай палiтыкi Аляксандр Рар) упэўнены: каб працягнуць i паглыбiць дыялог з Захадам, Прэзiдэнт Беларусi ў хуткiм часе наведае Брусель. Прэм’ер-мiнiстр краiны Сяргей Сiдорскi разам з групай адказных чыноўнiкаў прыняў удзел у Беларускiм iнвестыцыйным форуме ў Лондане. Мiнск вядзе перамовы з МВФ адносна двухмiльярднага крэдыту, беларускi Урад прасоўвае пытаннi лiбералiзацыi беларускай эканомiкi, робiць цiкавыя прапановы заходняму бiзнесу адносна прыватызацыi некаторых аб’ектаў беларускай прамысловасцi, асобных банкаў. Вядомыя недзяржаўныя выданнi вернуты друкавацца ў краiну, Прэзiдэнт заклiкае "лiбералiзаваць наша жыццё, зрабiць яго больш свабодным для чалавека" (выступленне А.Лукашэнкi ў Вiцебскiм аблсавеце 25.11.2008 г.). Адным словам, улада асцярожна, каб не перакулiць човен, спрабуе накiраваць беларускую палiтычную сiстэму ў бок самарэфармавання.
Тыповы палiтычны фундаменталiзм
А дзеячы ад апазiцыi — быццам тыя партызаны, якiя хаваюцца ў лесе i не здагадваюцца, што страляць даўно перасталi. Яны ўсё ўспрымаюць у катэгорыях ваеннага часу, на палiтычнага працiўнiка глядзяць непрымiруча, як на смяротнага ворага. Аб рэформе стратэгiчных падыходаў калi хто з iх i ўзгадвае, дык толькi скорагаворкай, шэптам (вiдаць, каб калегi не западозрылi ў капiтулянцтве цi, таго горш, калабарацыянiзме). Мiжволi напрошваецца выснова: апазiцыйная вярхушка амаль нiчому не вучыцца i, мяркуючы па рэакцыi на бягучыя падзеi, не надта iмкнецца шукаць паразумення з новай палiтычнай рэчаiснасцю. Сведчанняў таму — плойма. Узяць хаця б каментарый аднаго з апазiцыйных аўтарытэтаў А.Саннiкава ад 10 кастрычнiка на рашэнне Еўрасаюза прыпынiць вiзавыя санкцыi супраць шэрагу афiцыйных асоб краiны. Яго аж скаланае ад "неразборлiвасцi" заходнiх калег. "Падобна, што рэзалюцыя праследуе мэту даць карт-бланш Савету Еўрасаюза для развiцця адносiн з рэжымам Лукашэнкi Еўрапейскiя палiтыкi свядома заплюшчваюць вочы i спяшаюцца заахвоцiць Лукашэнку за яго пустыя абяцаннi".
Выказванне А.Саннiкава — тыповы ўзор палiтычнага фундаменталiзму, для апазiцыйных прыхiльнiкаў якога характэрна неўспрымальнасць да альтэрнатыўных варыянтаў, жаданне не дапусцiць перагляду састарэлых палiтычных рэцэптаў i тэхналогiй, чаплянне за "вытокi" (палiтычныя догмы пачатку i сярэдзiны 90-х гадоў мiнулага стагоддзя). Аднак, калi нехта думае, быццам такi палiтычны фундаменталiзм — вынiк занадта iмклiвага развiцця падзей, якiя адразу цяжка асэнсаваць адэкватна, той памыляецца. Да падобнага палiтычнага фундаменталiзму апазiцыя прыйшла даўно. Вось характэрныя меркаваннi экс-кандыдата ў прэзiдэнты Беларусi Аляксандра Мiлiнкевiча. Ён падзялiўся iмi з грамадскасцю яшчэ вясной 2007 года. Пасля сустрэчы з кiраўнiком рабочай групы па Беларусi Парламенцкай Асамблеi АБСЕ Утай Цапф (у сакавiку мiнулага года яна пабывала з вiзiтам у нашай краiне) апазiцыйны палiтык заявiў, што "не разумее" яе (iнтэрв’ю "Радыё "Свабода" 22.03.2007 г.). Паводле яго слоў, Ута Цапф выказала думку, што дыялог памiж Беларуссю i ЕС можна пачынаць без выканання Беларуссю нейкiх умоў. "Я лiчу, што гэта немагчыма, — запярэчыў А.Мiлiнкевiч. — Павiнны быць выкананы хаця б некаторыя ўмовы". Лёгка заўважыць, што ключавы сказ у прыведзенай цытаце "Я лiчу, што гэта немагчыма". Вобразна кажучы, згодна з суб’ектыўнай логiкай апазiцыйнага ветэрана, калi нават магутнае сонца не мяняе свае паводзiны, моўчкi падпарадкоўваецца старадаўнiм схемам нябеснай механiкi, то Брусель тым больш павiнен прытрымлiвацца аднойчы прынятага сцэнарыя гульнi.
На сённяшнi дзень сп. Мiлiнкевiч як быццам скарэкцiраваў сваю пазiцыю: заклiкае да дыялогу памiж Мiнскам i Бруселем, вiтае адмену Захадам санкцый адносна Мiнска i ўвогуле дэманструе некаторы палiтычны рэалiзм. Але што з гэтага, калi ў цэлым мысленне апазiцыйных правадыроў захоўвае фундаменталiсцкую тэндэнцыю, якая тармозiць усе iншыя. Напрыклад, варта было экс-кандыдату ў прэзiдэнты толькi падаць голас на карысць больш гнуткiх падыходаў Захаду ў беларускiм пытаннi, як той жа Саннiкаў з рэвалюцыйнай рашучасцю асадзiў таварыша. "На жаль, вялiкую ролю ў рашэннях, якiя будуць мець згубныя наступствы для Беларусi, адыграў былы адзiны кандыдат у прэзiдэнты ад дэмакратаў Мiлiнкевiч. Менавiта ён настойлiва лабiруе поўнае прызнанне дзеянняў рэжыму i сваёй галоўнай задачай бачыць не пачатак унутрыбеларускага дыялогу, а перамовы рэжыму з Захадам".
Як парадаксальна i раздражняльна нi прагучыць для кагосьцi, сёння менавiта вышэйзгаданы фундаменталiзм стаў адной з перашкод на шляху больш рашучай мадэрнiзацыi беларускага грамадства ў адпаведнасцi з еўрапейскай iдэяй. Менавiта палiтычны фундаменталiзм, за якiм хаваецца рудыментарнае мысленне ў катэгорыях брутальнага супрацьстаяння з палiтычнай сiстэмай, не дазволiў беларускiм апазiцыянерам вырасцi ў сапраўдную контрэлiту, гэта значыць, зрабiцца ўплывовым суб’ектам сiстэмнага палiтычнага жыцця краiны. I такiм чынам рэальна спрыяць стварэнню ў Беларусi iнстытуцыянальнага каркаса еўрапейскага ўзору.
Куды гне Захад
Дык хто альбо што замiнае апазiцыi дамагацца свайго? Шмат гадоў ролю злоснага дэмана, на якога яна аўтаматычна вешала ўсiх сабак, выконваў "палiтычны рэжым краiны". Аднак апошнiм часам адказнасць за няўдачы апазiцыi яе правадыры гатовы ўскласцi i на плечы сваiх заходнiх куратараў. Пасля мiнулых прэзiдэнцкiх выбараў ад апазiцыйных лiдэраў усё часцей чуваць: у адносiнах з афiцыйным Мiнскам Захад нешта "не туды гне", "не туды рухаецца". З пункту гледжання апазiцыйных артадоксаў, замест таго, каб узмацняць цiск i нарошчваць патрабаваннi да беларускай улады, Еўрасаюз "неабачлiва" робiць крокi насустрач ёй.
Што праўда то праўда, як адзначалася напачатку, пазiцыя еўрапейцаў трансфармiруецца лiтаральна на вачах. Аднак i тое праўда, што яшчэ нiхто не даказаў свету, быццам яна павiнна быць нязменнай, вечна адпавядаць першапачатковым чарцяжам, не псаваць настрой i не раздражняць айчынных змагароў за дэмакратыю.
Неперадузятыя назiральнiкi i палiтыкi дастаткова даўно заўважылi, што еўрапейскiя краiны ўсё больш скептычна ўспрымаюць радыкальную стратэгiю перабудовы беларускай палiтычнай сiстэмы, яны ўсё менш жадаюць ставiць развiццё адносiн з Беларуссю (супрацоўнiцтва з афiцыйным Мiнскам) у адназначную залежнасць ад прынцыпу неадкладнай дэмакратызацыi (а дакладней, вестэрнiзацыi) яе ўнутранага палiтычнага працэсу, ад стаўлення беларускага кiраўнiцтва да палiтычных апанентаў (хаця адпаведную жорсткую рыторыку еўрапейцы, зразумела, пакуль захоўваюць). Яшчэ напрыканцы мiнулай зiмы мiнiстр замежных спраў Беларусi Сяргей Мартынаў пабываў у Нямеччыне, дзе правёў перамовы з кiраўнiцтвам МЗС гэтай краiны, уплывовымi прадстаўнiкамi яе палiтычнай элiты. Тады, каментуючы вынiкi вiзiту беларускага дыпламата, усё тая ж Ута Цапф сказала: "Нямеччына, як i Еўрасаюз, хоча працягнуць руку Беларусi " ("Радыё "Свабода" 22.02.2008 г.). Пасля парламенцкiх выбараў гэта жаданне еўрапейцаў набыло афiцыйнае гучанне. 10 кастрычнiка 2008 года дзейсны старшыня АБСЕ, мiнiстр замежных спраў Фiнляндыi Аляксандр Стуб наведаў беларускую сталiцу. Падчас вiзiту ён заявiў: "Пара перагарнуць старонку ў адносiнах памiж Еўропай i Беларуссю. Унутры Еўрасаюза правiльныя настроi, i мы бачым, што Беларусь рухаецца ў правiльным кiрунку".
Падкрэслю яшчэ раз, беларускiя апазiцыянеры ў большасцi сваёй успрынялi пазiцыю Бруселя як памылковую, як нешта такое, што можна калi не выправiць, дык нейкiм чынам абмiнуць. Нiхто не ведае, адкуль гэта непахiсная ўпэўненасць у валоданнi "правiльнымi" стандартамi дэмакратычнай палiтыкi, дагматычная вера ў тое, што барыкады, калi не адзiны, дык самы дзейсны сродак, з дапамогай якога можна прасоўвацца да дэмакратыi. Тым не менш барыкаднае мысленне беларускiх дэмакратаў (пiсьменнiца Святлана Алексiевiч трапна называе iх "закладнiкамi барыкаднай культуры") — гэта, як кажуць фiлосафы, анталагiчны факт. Яно ў чарговы раз выразна праявiлася падчас парламенцкай выбарчай кампанii. "Трэба сарваць выбары " — заклiкаў электарат намеснiк старшынi Партыi БНФ Вiктар Iвашкевiч. I тлумачыў: "Таму што ад вынiкаў выбараў залежыць, цi здымаецца з Беларусi шыльда "апошняя дыктатура Еўропы". А гэтая шыльда перашкаджае прыходу iнвестыцый у краiну. Непрызнанне выбараў i новага складу Палаты прадстаўнiкоў абразае значныя фiнансавыя магчымасцi рэжыму. А гэта, ў сваю чаргу, будзе ўплываць i на ўнутраную легiтымнасць" (iнтэрв’ю "Радыё "Свабода" 10.09.2008 г.).
Замест блiцкрыга — дыялог
Не будзем аспрэчваць сумнеўную логiку аўтара гэтага выказвання (маўляў, чым горшы стан беларускай эканомiкi, тым лепш для справы дэмакратыi). Аднак адзначым, што яшчэ задоўга да 28 верасня было ясна: спроба насыпаць солi беларускаму кiраўнiцтву — сарваць палiтычнае мерапрыемства, не будзе мець поспеху, зняцце кандыдатаў ад апазiцыi не зашкодзiць прызнанню выбараў i прыходу iнвестыцый. Аднак апазiцыйная вярхушка зрабiла выгляд, быццам Захад дзьме ў адну дудку з ёй, амаль да самага дня выбараў гучалi заклiкi да кандыдатаў спынiць выбарчую гонку.
Мне здаецца, менавiта ў нежаданнi злазiць з барыкад трэба шукаць адну з прычын маргiналiзацыi беларускiх апазiцыянераў, iх няздольнасцi ўпiсацца ў сiстэмны палiтычны працэс, знайсцi новых прыхiльнiкаў. Апазiцыйныя палiтыкi прыкiпелi да старой мадэлi апазiцыi, якая галоўным чынам разлiчана на падтрымку Захаду i жорсткую антысiстэмную рыторыку. Апазiцыйны авангард, фiгуральна кажучы, прызвычаiўся да бутафорскай сякеры вайны як амаль адзiнага сродку змагання за палiтычныя мэты — не трэба асаблiва разважаць, манеўраваць, махай сабе налева, направа, крычы: "Ганьба дыктатуры!" А пасля чарговай паразы патрабуй, каб Еўрасаюз "пакараў рэжым за дрэнныя паводзiны".
З чаго вынiкае, што Еўропа валодае паўнамоцтвамi карнай iнстанцыi, еўрапейцы павiнны пачынаць нармальна супрацоўнiчаць з афiцыйным Мiнскам не раней чым апошнi выканае пэўныя ўмовы? Толькi з сваiх уяўленняў аб дэмакратычных каштоўнасцях i перадузятай думкi аб тым, што ўсталяванне ў нашай краiне дэмакратычнага ладу ёсць выключная мэта палiтыкi Захаду ў дачыненнi да Беларусi. На самай справе усё больш празаiчна. Як сведчыць вопыт мiжнароднай палiтычнай барацьбы, экспарт дэмакратычных iдэй — гэта у першую чаргу сродак прасоўвання нацыянальных iнтарэсаў. Калi праект "каляровай рэвалюцыi" ў Беларусi не спрацоўвае, Еўропа наўрат цi будзе стаяць i ўпарта чакаць, пакуль справа зрушыцца з месца.
Так, быў час, калi еўрапейскiя стратэгi, як i беларуская апазiцыя, iмкнулiся найхутчэй усталяваць у нашай краiне "дэмакратычны рэжым" накшталт украiнскага альбо грузiнскага. Але, вiдавочна, гэта ў мiнулым. Iдэя дэмакратычнага рэваншу ў Беларусi губляе прыхiльнiкаў на Захадзе. Еўрапейцы, гэта ўжо досыць вiдавочна, з-за правалу дэмакратычнага блiцкрыга ў нашай краiне не збiраюцца бiцца галавой аб сцяну (як таго хацелi б некаторыя апазiцыйныя асобы). Заходнееўрапейскi свет перш за ўсё кiруецца дзелавым разлiкам. Менавiта ён дыктуе сёння еўрапейскiм лiдэрам, Еўрасаюзу неабходнасць наладжваць дыялог з беларускiмi ўладамi. Сусветная гаспадарка ўступiла ў перыяд цяжкай эканамiчнай рэцэсii, фiнансавы крызiс скаланае i Новы, i Стары Свет, расце агульная геапалiтычная нестабiльнасць. У крызiсных абставiнах сыравiнная Расiя i транзiтная Беларусь набываюць для Еўрасаюза (падабаецца гэта каму цi не) стратэгiчны сэнс. У гэтай сувязi, трэба думаць, зусiм не выпадкова Еўракамiсiя прапануе далучыцца да так званай палiтыкi ўсходняга партнёрства.
Тое, што агучыла яшчэ ў мiнулым годзе Ута Цапф, а нядаўна Аляксандр Стуб, па сутнасцi, ёсць артыкуляцыя таго, аб чым думаюць i што абмяркоўваюць у самых высокiх кабiнетах асноўных еўрапейскiх сталiц. У тым, што тычыцца дачыненняў з Мiнскам, Захад не бачыць iстотнай альтэрнатывы дыялогу i эвалюцыйным падыходам. Таму можна прагназаваць, што ў блiзкай перспектыве еўрапейская дыпламатыя будзе ўсё больш рашуча наводзiць масты з прадстаўнiкамi беларускай палiтычнай элiты, умерана апазiцыйнымi коламi, якiя маральна падрыхтаваны да кампрамiсу з уладай. Бадай, можна сцвярджаць, што сёння Захад зацiкаўлены ў з’яўленнi на палiтычнай сцэне Беларусi генерацыi палiтыкаў з пэўнай доляй апазiцыйнасцi, якiя, аднак, здольны больш гнутка ставiцца да iснуючай сiстэмы, больш адпавядаюць умовам iнтэграцыi ў яе з мэтай удасканалення iснуючага парадку знутры.
Iнакш кажучы, сучаснае жыццё фармiруе запыт на палiтыкаў, арыентаваных на тую катэгорыю выбаршчыкаў, якiя галасуюць за грамадзянскiя правы i не адмаўляюць у лаяльнасцi iснуючай палiтычнай сiстэме. Мяркуючы па ўсiм, у сiстэмным палiтычным працэсе цалкам магчыма з’яўленне партыi, гатовай абапiрацца на галасы той часткi электарату, якi крытычна ўспрымае айчынную рэчаiснасць, аднак не збiраецца iсцi на барыкады. Апрача гэтага, у грамадстве ёсць пэўная колькасць прыхiльнiкаў так званага еўрапейскага выбару, iх галасы таксама павiнны выяўляцца ў сiстэмнай палiтыцы
Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей.
Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.