Ніякага адчаю няма, але...
Ніякага адчаю няма, але...
Гэтымi днямi давялося пабываць на рэспублiканскiм унiтарным прадпрыемстве "Веткаўская бавоўнапрадзiльная фабрыка" i ў адкрытым акцыянерным таварыстве "Веткаўская ткацкая фабрыка", пазнаёмiцца з вытворчасцю, пагутарыць з некаторымi работнiкамi, а таксама кiраўнiкамi. На пытаннi, як жывуць сёння калектывы, чым займаюцца, якiя праблемы iх хвалююць асабiста (паўсюдна ж цяпер гаворка пра фiнансавы крызiс, якi ахапiў свет) адказы былi такiя: працуем, стараемся, выконваем тое, што было запланавана раней, пераадольваем цяжкасцi, перажывём iх. — Здарылася так, што я аказалася беспрацоўнай, — расказвае кантралёр бавоўнапрадзiльнай фабрыкi Святлана Пыжова. — Замяняла ў адной з устаноў культуры жанчыну, якая знаходзiлася ў дэкрэтным водпуску i вярнулася на сваю пасаду. Ветка — гарадок невялiкi, уладкавацца на працу не так проста. Таму i звярнулася ў цэнтр занятасцi. Дапамаглi. На фабрыцы ў пачатку гэтага года ўступiў у строй цэх па выпуску пальчатак з нанясеннем ПВХ, вось мяне i накiравалi туды. Не адна я такая была, а 25 чалавек. — Задаволеныя зарплатай? — Прызнацца шчыра, не вельмi. Чатырыста тысяч рублёў у месяц. Хацелася б больш (многа грошай не бывае). Але ўжо тое, што праца пастаянная, зарплата выплачваецца без перабояў — добра. Двое дзяцей у сям’i, муж працуе ў ахове. Прысядзiбны ўчастак ёсць, парсюкоў трымаем, курэй — падмога ўсё ж. Запомнiлася i размова з рабочымi ткацкай фабрыкi Нiнай Каротчанкай, Святланай Мельнiкавай i Леанiдам Красновым. Нiна Iванаўна — пенсiйнага ўжо ўзросту, але яшчэ працуе. Святлана Пятроўна пасля дэкрэтнага водпуску выйшла на працу ўсяго некалькi дзён таму, а Леанiд Васiльевiч аддаў прадпрыемству трыццаць гадоў. Тут жа працуе ткачыхай i яго жонка Галiна Леанiдаўна. Прызналiся: раней, некалькi месяцаў таму, было цяжэй. Перабоi ў рабоце назiралiся, зарплата была малая. Цяпер адбылiся змены ў лепшы бок. Iх яны звязваюць з прыходам сюды новага кiраўнiка прадпрыемства Паўла Раманькова. Я сустрэўся з iм i з дырэктарам бавоўнапрадзiльнай фабрыкi Мiхаiлам Сучковым. Апошнi расказаў, што ў калектыве 207 чалавек, i яго задача заключаецца ў тым, каб перапрацоўваць бавоўну ў пражу, якая пастаўляецца на тэкстыльныя камбiнаты i фабрыкi Рэчыцы, Оршы, Слонiма i Веткi. Работа iдзе ў дзве змены, а iншым разам — у тры. I выклiкана гэта тым, што абсталяванне старое (звыш трыццацi гадоў яму ўжо), а спраўляцца з намечанымi аб’ёмамi — трэба. Правiльна казала Святлана Пыжова: адкрыты пальчатачны цэх i 25 чалавек атрымалi там працу. Устаноўлена трыццаць станкоў кiтайскай вытворчасцi. Само прадпрыемства распрацоўвала тэхнiчныя ўмовы, клапацiлася атрымаць сертыфiкацыю прадукцыi. Якiя былi цяжкасцi спачатку? Знайсцi пакупнiкоў. Таму быў пэўны запас тавараў на складзе. Ды нiчога, знайшлi партнёраў. Адгрузка iдзе на беларускi рынак тых пальчатак нармальна. Залежаў на складзе няма. Мяркуецца, што гэта прадукцыя i ў далейшым будзе запатрабавана.А што з пражай? На складзе яна таксама не залежваецца. Але стварылася запазычанасць за яе рэалiзацыю з боку ААТ "Веткаўская ткацкая фабрыка", "Рэчыцкi тэкстыль" i Аршанскага iльнокамбiната адпаведна ў 400, 600 i 200 мiльёнаў рублёў. Апошнiя два прадпрыемствы частку сваёй прадукцыi адпраўляюць у Расiю, а там ужо крызiсная сiтуацыя дзе-нiдзе. Ёсць меркаванне, кажа Мiхаiл Уладзiмiравiч, што нейкiм чынам яна можа зачапiць i iх фабрыку ў далейшым. Але рабiць нейкiя скарачэннi штатаў, звальняць людзей на прадпрыемстве нiхто не мае намеру. Ды i не дазволяць гэта рабiць органы ўлады. Як вядома, на рэканструкцыю фабрыкi, згодна з адпаведным указам Прэзiдэнта краiны, банкам павiнна быць выдзелена 6,7 мiльярда рублёў. Ёсць ужо бiзнэс-план тэхнiчнага пераўзбраення, якi прайшоў дзяржаўную экспертызу. Прайшоў тэндар на закупку абсталявання, якi выйграла швейцарская фiрма, заключаны кантракт на 1805 тысяч еўра, аднак рэалiзацыя гэтага праекта затрымлiваецца. Слова тут — за банкам. — У нас становiшча больш трывожнае, — кажа дырэктар ткацкай фабрыкi Павел Раманькоў, — бо мы вырабляем не сыравiну для нейкiх прадпрыемстваў, а гатовы прадукт, i таму ў большай ступенi залежым ад спажыўцоў — гандлёвых арганiзацый краiны. На сёння фабрыка — стратнае прадпрыемства. У чэрвенi i лiпенi тут былi вялiкiя перабоi з пастаўкай сыравiны, частка людзей не працавала, запазычанасцi iншым прадпрыемствам дасягалi даволi салiдных сум. Сярэдняя зарплата складала 325 тысяч рублёў. Гэта непакоiла не толькi мясцовыя ўлады, але i вышэйшыя. У жнiўнi тут быў з рабочым вiзiтам першы намеснiк прэм’ер-мiнiстра краiны Уладзiмiр Сямашка, былi зроблены адпаведныя захады для выпраўлення сiтуацыi. Так, у прыватнасцi, прынята рашэнне далучыць фабрыку да ААТ "Рэчыцатэкстыль", якая ўвайшла ў склад канцэрна "Белнафтахiм" з усiмi наступнымi вынiкамi. Ён аказаў калектыву адчувальную дапамогу ў рэалiзацыi прадукцыi. Закончылiся перабоi з пастаўкай сыравiны. Новы дырэктар пачаў рэарганiзацыю вытворчасцi, i сёння ўжо iдзе наступная канстатацыя фактаў: фабрыка запрацавала, выйшаўшы на прагнозныя паказчыкi. Зарплата ў людзей, якiя бачаць, што ёсць сыравiна, а значыць i праца (ад чаго iх настрой змянiўся), вырасла да 480 тысяч рублёў у месяц. Стала лягчэй, адным словам, стабiльнасцi дабавiлася. Аднак некаторыя праблемы мiнулага яшчэ засталiся. Прадпрыемства не паспявае разлiчыцца з запазычанасцямi, просiць адтэрмiноўку па плацяжах за энерганосьбiты. Матэрыял падрыхтаваў Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.
Каментарый намеснiка старшынi Веткаўскага райвыканкама Васiля Барысенкi Прамысловы патэнцыял раёна адносна невялiкi. Малочны завод, якi адносiцца да раённай уласнасцi, бавоўнапрадзiльная, ткацкая фабрыкi, вось, лiчы, i ўсё. Кiраўнiкам iх сёння ёсць над чым працаваць, каб не збiцца з курсу. Ды i не толькi iм. Бо такiя сёння абставiны, звязаныя з вядомымi працэсамi ў эканомiцы свету. Нiякага адчаю цi панiкi ў раёне ў сувязi з гэтым няма. Працуюць i гэтыя калектывы, i будаўнiкi, i транспартнiкi, i камунальнiкi, i сувязiсты. Усе працуюць, усе стараюцца. Аднак малочны завод ужо адчувае пэўныя цяжкасцi з рэалiзацыяй сваёй прадукцыi, асаблiва масла i казеiну. Калi раней гэты тавар пастаўляўся ў Расiю i Заходнюю Еўропу, дык сёння гэты рынак практычна закрыты. На якi час — невядома. Па бавоўнапрадзiльнай фабрыцы тыя фiнансавыя сродкi, якiя выдзелены на тэхнiчнае перааснашчэнне, асвойваюцца сёлета вельмi слаба, i з гэтым пытаннем мы вымушаны звяртацца да ўрада краiны. Калi так пойдзе далей, праблемы могуць у далейшым абвастрыцца яшчэ больш. У рабоце ж ткацкай фабрыкi адбылiся станоўчыя зрухi ў сувязi з тым, аб чым казаў яе дырэктар. На сёння працэс далучэння прадпрыемства да "Рэчыцкага тэкстылю" яшчэ канчаткова не закончаны, аднак ужо вядома, што ў вынiку аб’ём выпуску тавараў фабрыкi ў аб’ёме прамысловай прадукцыi раёна павялiчыцца на два працэнты. I гэта радуе. Наперадзе ж ва ўсiх нас шмат работы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэтымi днямi давялося пабываць на рэспублiканскiм унiтарным прадпрыемстве "Веткаўская бавоўнапрадзiльная фабрыка" i ў адкрытым акцыянерным т
|
|