Вялiкая радня
Вялiкая радня
Мне яшчэ нi разу не ўдавалася выбрацца ў выхадны ў цэнтр горада або на якi-небудзь рынак, каб не сустрэць каго са знаёмых. Цi, напрыклад, прыйсцi ў тэатр або на канцэрт, каб у перапынку хто не тузануў па-свойску за рукаво i не павiтаўся. Вось тыднi з тры таму з Лёнем Юнчыкам з суседняга паверха нашага Дома друку ў фiлармонii сустрэлiся. Я да гэтай пары не перастаю здзiўляцца: уяўляеце, двухмiльённы горад, жывём мы тут усяго нейкiх гадоў 25, а адчуванне такое, што тут добрая палова сваiх, знаёмых. Нядаўна еду цьмянай снежаньскай ранiцай на працу са свайго Уручча, у метро народу няшмат, удалося сесцi, а вось да канца прачнуцца — не ўдалося. Здаецца, толькi прыкрыла павекi, так хораша, а нехта тузае за рукаво. Што, хiба хто знаёмы захацеў павiтацца?! Ну не за-аразз...Ускiдваю галаву — незнаёмае дзяўчо далiкатна, але настойлiва тармосiць, усмiхаецца: вы ж заўсёды тут выходзiце! Вой, ледзь не праехала! Дзякую пiльнай дзяўчыне, разам выходзiм — вясёлы гурт студэнтаў бяжыць у сваю палiтэхнiчную акадэмiю, яны тут кожную ранiцу бягуць: стройненькiя, худзенькiя ў сваiх шчыльненькiх джынсiках. Іншы раз iду ў натоўпе i думаю: ну зусiм дзецi, цi снедаюць хоць па ранiцах? Аказваецца, i я для iх — не натоўп! Думаеце, толькi ў Мiнску такiя неспадзяванкi? Едзем неяк з чалавекам па ледзь прыкметнай лясной дарожцы ў лагойскiм гушчары ў самы разгар грыбнога сезона. Насустрач — ватага грыбнiкоў, па ўсiм вiдаць, збiлiся з дарогi. Тым не менш iх упэўнена вядзе моцны такi чалавек, надта ж падобны на Алеся Карлюкевiча, тады рэдактара "Чырвонкi". Пад’язджаем — ён i ёсць! Прыехалi з вялiкай кампанiяй на аўтобусе ды згубiлiся. Селi да нас, пагойсалi па пералесках — знайшлi той аўтобус! Праўда, назаўтра глушыльнiк адарваўся. Але што той глушыльнiк у параўнаннi з радасцю ад сустрэчы з харошым, сваiм чалавекам ды яшчэ ў чужым лесе! Лiтаральна днямi звонiць бацька, расказвае, што быў доктар з суседняй вёскi i медсястра Люба пры iм. Нiхто iх не выклiкаў! Прыехалi, памералi цiск, зрабiлi кардыяграму, яшчэ нешта вымяралi i правяралi. Чакай, кажу, якая кардыяграма, хто табе яе дома зробiць, трэба ў райцэнтр ехаць. Ды гэта, кажа мой татка, дзякуючы шведскаму паслу Эрыксану. Прыязджаў на святкаванне 300-годдзя бiтвы пад Лясной, усiх зачараваў талковай размовай i беларускай гаворкай, падарыў нашай маленечкай бальнiчцы мабiльны медыцынскi цэнтр. Дыспансэрызацыю можна ледзь не на ўласнай печы праходзiць! (Татка любiць чытаць газеты i ведае безлiч складаных словаў з нашага ўжытку.) I наш цудоўны малады доктар з медсястрой Любай тут жа пусцiлi той дарунак у справу. А гэта ох як патрэбна нашай немаладой вёсцы, дзе нават школу (маю школу, калiсьцi на 340 вучняў!) разбурылi за непатрэбнасцю. Чужы так не зробiць, не адчуе, якi падарунак найбольш чаканы i карысны. Божухна, дзе тая Швецыя, а дзе мая слаўгарадская вёска... Але зноў цяплее ў сэрцы: свае! Ну ваявалi некалi (як у нас дагэтуль кажуць, за дзедам-шведам), але даўно зразумелi: калi мы, людзi, не будзем адчуваць сваёй еднасцi, роднасцi — прападзём... I, ведаеце, такое адчуванне нашай знiтаванасцi ўзнiкае амаль што ўсюды, дзе бываеш. Вось Егiпет, Афрыка, безлiч мiнарэтаў, рэзкая арабская мова, вострыя пахi ўсходняй кухнi. Буйная каiрская клiнiка i доктар Мухамед, наш перакладчык. Мы пытаемся пра яго занятак, пра iнтарэсы, погляды на жыццё, заробкi... Вельмi абаяльны доктар усмiхаецца: самае маё вялiкае багацце — дзве маленькiя дачкi. Разумнiцы, прыгажунькi, мой скарб, маё шчасце. Яны не былi б такiмi, калi б не Беларусь. Доктар вучыўся ў нас i павёз у сваю Афрыку нашу медсястру. З таго часу адчувае жывы iнтарэс i адказнасць за ўсё, што ў нас адбываецца. Так што i ў Афрыцы мы не адзiнокiя! Мы живем в одуванчике... Гэта мой любiмы Iгар Шклярэўскi, былы магiлёўскi дзетдомавец, сёння знакамiты маскоўскi паэт. Знарок не прамаўляю гэтую просценькую фразу па-беларуску, каб не губляць рытмiку. Зразумела ж усё i так. Тры словы — i магутны вобраз: якi крохкi наш свет, як лёгка ўсё парушыць, знiшчыць, калi паводзiць сябе неабачлiва i эгаiстычна. Калi не бачыць у на сябе падобных iстотах людзей, у якiх з табою аднолькавая мэта: захаваць i абаранiць сваю сям’ю, свой дом, сваю планету. Памятаеце: Зямля — дом, якi ты пакiдаеш i ў якi вяртаешся. Гэта мой любiмы Экзюперы. Нашто ж на зямлi Сваркi i звадкi, боль i горыч, Калi ўсе мы разам ляцiм Да зор? Гэта наш непаўторны Багдановiч. Дык са святам нас! З нашым любiмым сямейным святам, якога чакаем цэлы год, каб загадаць запаветнае жаданне. Не думаю, што нашы жаданнi вельмi адрознiваюцца ў гэты момант: Здароўе, Каханне, Дзецi, Бацькi, Сям’я, Дом... Усё астатняе, хутчэй за ўсё, проста вытворныя ад гэтых назоўнiкаў. Няхай ва ўсiх збудзецца! Людмiла Вераснёва.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мне яшчэ нi разу не ўдавалася выбрацца ў выхадны ў цэнтр горада або на якi-небудзь рынак, каб не сустрэць каго са знаёмых. Цi, напрыклад, прыйсцi ў тэ
|
|