Купляйце па-беларуску!
Купляйце па-беларуску!
Дзе яшчэ ў свеце ёсць такi народ, якi самыя галоўныя паняццi ахiнуў сардэчнай цеплынёй, што прыйшла ледзьве не ад самай першай сям’i, якая некалi ў сiвых стагоддзях ўтварылася на гэтай зямлi: краiна ў нас — Бацькаўшчына, мова — матчына... Ды i спадчына адна на ўсiх — "ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася..." Атрымлiваецца, што мы ўсе адзiн аднаму блiзкiя людзi. Дакладна не чужыя. Аднолькава разумеем сэнс слоў, аднолькава адчуваем, калi гэтыя словы клiчуць на дапамогу, цi калi яны вылучаюць дабрыню. Аднолькава святкуем, калi праз словы атрымлiваем добрыя весткi, i дзякуем за iх таксама словамi. Як тут не паверыш у тое, што слова сапраўды было спачатку, але кожны народ вучыўся яго прамаўляць па-свойму? Кожнае новае пакаленне ў народзе нiбыта дзiця малое ў сям’i праходзiць шлях далучэння да слоў, якiя ўсiх яднаюць. Да мовы, якая ўсiх нас робiць роднымi людзьмi. Чакаем на Новы год бацькоў. І сястра з сям’ёй прыедзе з Масквы. Пра тое, каб гасцiнна прыняць родных, мы вырашылi падумаць загадзя, дзеля гэтага паехалi па падарункi ў Ждановiчы. Павiльёны, латкi, шапiкi... Дзень амаль патух, калi мы iшлi да выхаду. Але тут па дарозе дзiўным чынам паўстала слова "Уваход". Ды i прадавец прамовiў чароўныя словы: "Вiтаю вас!" "Гэта тое, што мне патрэбна!" — адразу сказаў мой муж. Так мог бы сказаць кожны, хто, вяртаючыся з кiрмашу, зайшоў бы ў гэты павiльёнчык, — у iм гандлявалi валiзкамi вялiкiмi i не вельмi ды заплечнiкамi на розны ўзрост i густ. Прадаўцу не спатрэбiлася доўга паказваць свой тавар. Мы выбралi амаль адразу i набылi не вагаючыся. Гандаль тут быў не да месца: мы куплялi па-беларуску! Усяго магла чакаць перад самымi казачнымi святамi, але ж сустрэць беларускамоўнага прадаўца на вялiкiм кiрмашы ў Ждановiчах... Наша рэакцыя не здзiвiла маладога чалавека. Ён не першы год гандлюе па-беларуску i прывык да эмоцый з гэтай нагоды. — Спачатку ўсе здзiўляюцца, робяць круглыя вочы, iх уражвае тое, што не ў тэатры цi ў бiблiятэцы, а тут, на кiрмашы чалавек нешта тлумачыць i пытае па-беларуску, — кажа Уладзiмiр. — Бываюць i тыя, хто купляе нават не думаючы, менавiта таму, што па-беларуску. А некаторыя слухаюць цi ўваходзяць у размову так, што потым забываюцца, па што яны прыйшлi. Так i сыходзяць з аднымi эмоцыямi. Насамрэч, маёй працы гэта недзе i перашкаджае, таму што я павiнен прадаць тавар. Але, працуючы з людзьмi, я адчуваю, што iм гэта падабаецца. Стаўленне да беларускай мовы ў большасцi пакупнiкоў добрае. Уладзiмiр адчувае гэта штодня. Нярэдка сярод яго пакупнiкоў бываюць людзi, якiя не здзiўляюцца таму, што ён размаўляе па-беларуску i самi яго падтрымлiваюць. У асноўным гэта моладзь. Ёсць залётная iнтэлiгенцыя, якой вельмi падабаецца гэты прадавец. Але бывалi выпадкi трошкi сумныя цi нават кур’ёзныя, калi клiенты заходзiлi, чулi гаворку i пачыналi камплексаваць ад таго, што так не ўмеюць, нават пасмейвалiся самi з сябе, маглi нешта i запытаць. Уладзiмiр узгадвае, як аднойчы ў павiльён зайшлi хлопец з дзяўчынай. Ён разгублена спытаў: "Ён што, па-ўкраiнску гаворыць?" А яна засаромелася i штурханула яго ў бок: "Ты што, гэта ж беларуская мова!.." — У асноўным я ўжываю простыя словы, якiя павiнны быць зразумелыя кожнаму чалавеку, якi жыве ў Беларусi, але сам па-беларуску ў побыце не размаўляе, — тлумачыць Уладзiмiр. — Усмiхаюцца, калi я на сумку "торба" кажу. Гэта адразу нясе нейкi пазiтыў. Кажуць: "Ну, тады давайце мне гэтую торбу!" Што значыць "заплечнiк", зразумець няцяжка, цi "валiжык", а бывае, кажу i чамадан. Тлумачу, як карыстацца: вось колы, ручка, за якую цягнеце. Усё можна зразумець. Але самае дзiўнае, што часта нашы землякi не разумеюць, што азначае "танна" па-беларуску. Я кажу, "танная рэч", i бачу, што некаторыя замiнаюцца, але не перапытваюць. Тады тлумачу, што гэта "дзёшава" па-руску. Беларуская мова ў працы на кiрмашы — яшчэ i апазнавальны знак. Людзi часта запамiнаюць месца, дзе нешта прыглядзелi, якраз таму, што прадавец размаўляў па-беларуску. I бывае так, што прыходзяць купляць, i чуюць, што гэты самы прадавец з нейкiм гаворыць па-руску i тады здзiўляюцца не менш, чым пры першым знаёмстве: "Ой, а што здарылася?" I чуюць у адказ: "Выбачайце..." Насамрэч, у працы на кiрмашы па-рознаму бывае. Бываюць, хоць i не часта, клiенты, якiя самi просяць, каб з iмi размаўлялi па-руску. Не так проста i ў нейкi момант адзiн чалавек можа вырашыць "моўнае пытанне" ўсёй краiны. Уладзiмiр адчуў гэта яшчэ ў першы год свайго гандлю па-беларуску, калi на сто працэнтаў ужываў толькi беларускую мову. Але потым прыйшоў да таго, што з клiентамi трэба ўсё-такi праводзiць больш гнуткую "моўную палiтыку", улiчваць iндывiдуальныя падыходы, канкрэтныя сiтуацыi. Ён i сам не выхоўваўся ў беларускамоўнай сям’i i быў час, калi да беларускай мовы ставiўся як большасць беларусаў. А размаўляць па-беларуску пачаў дзесьцi чатыры гады таму. Не на працы. А з сябрам, якога ў сям’i з маленства прывучалi размаўляць па-беларуску. Спачатку ў стасунках з iм, а потым i больш шырока Уладзiмiр стаў карыстацца беларускай мовай. Прыйшоў час, калi ён выспеў i прыйшоў з гэтым рашэннем на працу. Такая перамена здзiвiла блiзкiх. Мацi Уладзiмiра руская. Амаль 40 гадоў таму яна прыехала ў Беларусь з мужам. Калi знiк Савецкi Саюз, iм сказалi, што яны цяпер будуць звацца беларусамi, i яны пагадзiлiся, не асаблiва задумвалiся яшчэ пра нешта. Уладзiмiр нарадзiўся не ў Мiнску, ён паходзiць з Вiцебскай вобласцi, з-пад Полацка. Але беларускай мовай у яго сям’i не карысталiся. Калi ён пачаў, бацькi не былi супраць, але казалi: "Навошта табе яно? Цi не лепш вывучыць англiйскую?" Сын iм свой погляд патлумачыў. I бацькi пагадзiлiся. Пакрысе сталi iмкнуцца з iм размаўляць, прынамсi, цяпер, калi тэлефануюць, вiтаюць яго па-беларуску. Але пачатак беларускамоўнаму iснаванню быў пакладзены тады , калi Уладзя ўжо працаваў прадаўцом на кiрмашы. Працадаўца прыняў беларускую мову свайго супрацоўнiка — У нас стасункi добрыя, i на працы, i па-за працай, нават сяброўскiя, — тлумачыць Уладзiмiр. — Таму часам я магу выказаць у яго бок нешта i наконт беларускай мовы таксама. Ён як кожны памяркоўны беларус да мовы ставiцца добра. А я iмкнуся растлумачыць яму: такой любовi мала. Разумею, ёсць шмат людзей, якiя могуць сказаць "любiм". Але любiць недзе ў душы i не размаўляць — мала, мове ад гэтага лягчэй не будзе. Трэба разумець, што мы не можам ёй рабiць пазыку, мы павiнны быць з ёй на "Вы". Дзеля чаго гэта трэба? Гiсторыя нам адказвае на гэтае пытанне: "Каб людзьмi звацца". Мой галоўны "пан дырэктар" прызнаўся, што яму падабаецца, калi я размаўляю на роднай мове, i ён нават шкадуе, калi я саступаю ў iнтарэсах справы. Безумоўна, я не ведаю ўсiх нюансаў гандлю на кiрмашы, не магу меркаваць, як на працу можа паўплываць надпiс "Уваход", прымацаваны да дзвярэй павiльёна, дзе гандлююць торбамi. Але на думку чалавека, якi напярэдаднi навагодняга свята аднойчы змерз, хадзiўшы памiж гандлёвых шэрагаў: гэтае слова здольнае сагрэць — i ў прамым, i ў пераносным сэнсе. Ужо хоць бы таму, што ўбачыўшы яго, ты заiнтрыгаваны i хочаш патрапiць унутр. А там ужо пачынаеш разважаць: калi працуе заклiк "Купляйце беларускае!", то, напэўна, мае права на жыццё i яго варыянт — "Купляйце па-беларуску!" Асаблiва калi справа датычыцца падарункаў для родных на роднай мове. — А ў мяне ёсць праблемы з набыццём падарункаў, — скардзiцца Уладзiмiр. — Ёсць дзiця, ёсць хросная дачка, i я хацеў бы знайсцi цiкавы падарунак на беларускай мове. Але з гэтым складана. Набыць нешта па-беларуску як пакупнiк я не магу. Аднак на кiрмашы Уладзiмiра ведаюць iншыя прадаўцы — з iмi ён вiтаецца i развiтваецца толькi па-беларуску, не зважаючы на тое, азербайджанец цi в’етнамец гандлюе побач з iм. Гэта выклiкае ў iх толькi павагу. Яны i самi прывучылiся i калi бачаць, як хлопец iдзе на працу, самi аўтаматычна, але свядома, жадаюць яму добрай ранiцы. А потым кажуць: "Да пабачэння". Дзякуючы яму замежныя прадаўцы засвоiлi некаторыя словы на нашай мове, хоць раней увогуле маглi i не задумвацца пра тое, у якой краiне яны працуюць. Ды што казаць, калi нават нашы землякi, магчыма, пачуўшы родныя словы вось тут, у Ждановiчах, спыняюцца, стаяць i слухаюць: вось размаўляюць жа людзi!.. Часта Уладзiмiр чуе ад людзей "дзякуй!" — за тое, што даў iм магчымасць пачуць беларускую мову ў рэальным жыццi. Такую падзяку прадавец чуў нават ад расiян. Аднойчы муж з жонкай i дзецьмi прыглядалi торбу на колах. Уладзiмiр — прадавец дасведчаны, хоць i малады, адразу чуе, калi чалавек не мясцовы, не беларус. I пачаў з iмi размаўляць па-руску. Разгаварылiся. Сям’я прыехала да сваякоў здалёк, з Краснаярскага краю. Паразмаўлялi пра цяжкiя пералёты. I калi яны ўжо сыходзiлi з новай торбай, то пачулi словы падзякi за набытак па-беларуску: "Вялiкi дзякуй. Прыязджайце, прыходзьце да нас яшчэ". Яны пайшлi. А потым мужчына вярнуўся: "Паслухай, паўтары яшчэ..." Прадавец патлумачыў, што сказаў. Расiянiн быў задаволены: "Вось, я патроху ўжо вучу вашу мову. Ведаю ўжо "прывiтанне" i "да пабачэння". А зараз яшчэ засвоiў i "дзякуй". Гасцей з Расii беларуская мова нiколькi не напружвае, наадварот, iм цiкава, яшчэ i здзiўляюцца: "А чаму ў вас так мала беларуская мова гучыць?" — Беларуская мова для мяне стала падставай, каб задумацца пра сэнс жыцця. Я пачаў размаўляць па-беларуску, i ўсё астатняе да мяне прыходзiла менавiта дзякуючы мове, — прызнаецца Уладзiмiр. — Ёсць людзi, якiя пражываюць частку жыцця без мовы. А ёсць такiя, хто добра валодае ёю, але не ўжывае на працы, толькi з сябрамi, i тое не заўсёды. Але сёння ўсё-такi ты можаш у транспарце пачуць беларускую гаворку. I лiтаратуры хапае — можна дзесьцi дома кнiжку добрую пачытаць. Але мова жыве тады, калi яна гучыць. I калi я на сёння ўжываю беларускую мову, то я хачу, каб гэта пашыралася. Кожны чалавек, калi разумее, што значыць мова для краiны, ён мусiць пра гэта думаць. I нейкiя крокi робiць, каб быць прыкладам для iншых. Важна пачаць. Патроху — адзiн дзень, цi адзiн год... Спачатку дома, няхай i з памылкамi — цябе нiхто не пачуе, акрамя тваiх родных. А яны зразумеюць усё. Ларыса ЦIМОШЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзе яшчэ ў свеце ёсць такi народ, якi самыя галоўныя паняццi ахiнуў сардэчнай цеплынёй, што прыйшла ледзьве не ад самай першай сям’i, якая некалi ў сi |
|