Навагоднія нявесты
Навагоднія нявесты
У вёсцы Усполле Мсцiслаўскага раёна на адной вулiцы месцяцца насупраць крама i школа. Тут працуюць дзве жанчыны — гандлярка i настаўнiца, якiя ў розныя гады ў Ходасаўскiм сельсавеце бралi шлюб у апошнi дзень года — 31 снежня. Ірына — Супрацьлегласцi прыцягваюцца, гэта закон прыроды, — тлумачыць Аляксандр Iванавiч. — Розныя людзi, як правiла, утвараюць моцныя сем’i. Гэта i правiльна: калi ўсе аднолькавыя — нецiкава. Iрына Аляксандраўна называе гiсторыю знаёмства з будучым мужам "казкай". Яны сышлiся ў сталым узросце: каб пазнаёмiць дваiх добрых людзей, сябры арганiзавалi вялiзны пiкнiк. I хоць галоўная гераiня адразу сказала, што "гэта не маё", час паказаў, што сябры добра ведалi, што рабiлi. Аднойчы пасля ветлiвага тэлефанавання новага знаёмага рашучая жанчына села за руль аўтамабiля i прыехала на iншы край Мсцiслаўскага раёна. У хаце, дзе жыў мужчына з сынам-школьнiкам, яна найперш навяла парадак, потым нагатавала ежы. Тыя пышныя блiны з мачанкай Аляксандр Iванавiч i Алёша (якi цяпер ужо заканчвае Магiлёўскi дзяржаўны ўнiверсiтэт) памятаюць дасюль i лiчаць фiрменную страву Iрыны Аляксандраўны за лепшы ласунак. — Наша сумеснае жыццё пачалося з восеньскiх клопатаў, — узгадвае жанчына. — Спачатку збiрала iх у школу, потым займалася агародам. Вольнага часу неставала, але напрыканцы года Аляксандр Iванавiч сказаў, што трэба не цягнуць да наступнага тысячагоддзя i зарэгiстраваць шлюб. А ў мяне ў краме пераднавагоднi гандаль! Праўда, тут я ўзгадала, што 2000 год — высакосны, людзi асцерагаюцца жанiцца. Таму 31 снежня 1999 года мы прыехалi ў сельсавет i сталi мужам i жонкай! Вяселле ў Новы год — гэта было незвычайна i нечакана. Цырымонiя прайшла ўрачыста, маладыя запрасiлi сяброў i сваякоў да застолля. I вяселле, якое плаўна перайшло ў сустрэчу Новага года, доўжылася да ранiцы. — Усё ў мяне атрымалася да шчасця, — усмiхаецца Iрына Аляксандраўна. — Мой муж — добры чалавек. Ветлiвы i спагадлiвы, ён нiколi не кажа словаў, пра якiя потым можа пашкадаваць. Такiх, як ён — адзiн на мiльён. Гэта чалавек будучынi. — Бягуць днi i гады, час ляцiць хутка, — кажа Аляксандр Iванавiч. — Але нашы пачуццi захоўваюцца, i мы з жонкай кахаем адно аднаго, як i дзевяць гадоў таму. Штогод сужэнцы Сапегiны адзначаюць "два святы ў адным". Ад 21 гадзiны яны ўзгадваюць пра чарговую гадавiну вяселля: Аляксандр Iванавiч звычайна дорыць каханай жонцы новы парфум. Толькi а палове 12-ай праводзяць стары год i потым — шампанскае за Новы год, здароўе, душэўную цеплыню i дабрабыт людзей. Сёлета, калi ўсе гавораць пра крызiс, Iрына Аляксандраўна да традыцыйных пажаданняў дадае: "Усiм працы i грошай, каб прыходзiлi да нас у краму". Навагоднi гандаль у краме Усполля разгарнуўся традыцыйна: падарункi з цукеркамi, садавiна, селядцы i каўбасы, вiно i шампанскае — хапае ўсяго! Дарэчы, у маладосцi Iрына Аляксандраўна атрымала адукацыю работнiка культуры, але не пабаялася асвоiць новую прафесiю гандляркi. Не таму, што надакучыла культурнае жыццё — свой баян i сцэну яна заўсёды любiла, а таму, што ў 1980-я загадчык вясковай крамы — гэта было — ого! — вельмi прэстыжна. I неўзабаве новая праца аказалася яе жыццёвым прызначэннем. Па словах Сапегiнай, працаваць сёння стала цяжэй з-за канкурэнцыi камерсантаў, але яна па-ранейшаму вельмi любiць прадаваць любы тавар. — Усё ў нас добра, — запэўнiла Iрына Аляксандраўна. — Новы год прыносiць узрушаны настрой. Вакол прыгажосць — ёлкi, агнi, гiрлянды. Усё блiшчыць, i жыццё паляпшаецца. Марына Класiчная рамантычная гiсторыя: першае каханне завяршылася шчаслiвым шлюбам. Праўда, знаёмства Марыны i Сяргея i рэгiстрацыю шлюбу 31 снежня 2003 года падзялiла дзесяцiгоддзе. Яны ўбачылi адно аднаго на вясковай дыскатэцы ў Ходасах. Яна — старэйшая школьнiца, ён — толькi што вярнуўся з армii. Звычайная справа: патанчылi, ён яе праводзiў, сталi сустракацца. Калi Марыне прапанавалi ў школе ехаць у Магiлёў i вучыцца на настаўнiцу, Сяргей перажываў, цi не сустрэнецца ёй там гарадскi хлопец. Аднак верная дзяўчына кожныя выхадныя днi прыязджала ў Ходасы i, паводле "генеральнага плана", на 5-м курсе пайшла замуж за свайго першага каханага. Дасюль Марына памятае, як на зiмовай сесii пераблыталi яе дзявочае i новае прозвiшчы: выкладчыкi пыталiся, адкуль узялася "новенькая" Стальмахова, а потым адзiн, самы строгi, прыняў экзамен "аўтаматам" як падарунак да вяселля. Марына i Сяргей падалi дакументы ў сельскi Савет на пачатку снежня 2003 года, каб на ўсякi выпадак пажанiцца не ў высакосным годзе. Вяскоўцы, нават не самыя прымхлiвыя, iмкнуцца нiчога не рабiць насуперак народным традыцыям. Маладыя далiчылi днi на афармленне дакументаў i атрымалася 31 снежня. "Задавольвае?" — "Так!" Будучыя муж i жонка, калi шчыра, задумалi сцiплую рэгiстрацыю шлюбу: цiхенька распiсацца i толькi потым абвясцiць. Аднак пра вялiкi сакрэт прагаварылася сястра нявесты, i бацькi ўчынiлi дачцэ такi скандал, што на ўласны сцэнар вяселля давялося забыцца. Урэшце атрымалася ўзорнае вяселле: шмат гасцей i падарункаў. — Напэўна, застолле працягвалася на навагодняй дыскатэцы ў клубе? — Так. Я прыйшла туды ў вэлюме i ўсе меркавалi, што гэта такi карнавальны касцюм. А калi казала, што выйшла сёння замуж, усе смяялiся. Думалi, што жартую... Шлюбу Марыны i Сяргея споўнiлася сёлета пяць гадоў. Марына працуе ва Успольскай школе, выкладае гiсторыю i нямецкую мову. Мэтавае накiраванне са школы стала ўдачай i лёсам. "Я тут на сваiм месцы!" — кажа яна пра школу. Муж працуе ў ляснiцтве. Iх маленькай дачушцы Валерыi 3 гады: яна атрымала ў спадчыну ад бацькi ўпарты характар, малую песцяць сваякi, а мацi не стамляецца захапляцца яе маленькiмi "музычнымi" пальчыкамi i далонямi. Цяпер Марына штодня распавядае дачцэ пра Дзеда Мароза i, калi шчыра, сама верыць у навагоднi цуд. Асаблiва калi ўвечары iдзе снег i пахне мандарынамi, хатнiм сiмвалам Новага года. Стальмаховы таксама, як i Сапегiны, у ноч з 31 снежня на 1 студзеня адзначаюць адразу два святы — Новы год i гадавiну вяселля. Аднак парадак iншы: спачатку грамадскае, потым асабiстае. Найперш яны са сваякамi i сябрамi сустракаюць Новы год, а потым — толькi ўдваiх за начной вячэрай — святкуюць утварэнне сваёй сям’i. Марына кажа, што заканчэнне года заўсёды звязанае для яе з прыемнымi падзеямi: заканчваецца школьная чвэрць, на працы выдаюць заробкi, з’яўляецца адчуванне свята i свабоды. — Проста прачнiцеся ранiцай i самi стварыце сабе добры настрой, — раiць маладая жанчына. — Паглядзiце ў люстэрка i скажыце, што вы прыгожая i чароўная. Усмiхнiцеся мужу. Памiлуйце адно аднаго, каб было цяплей i ўтульней у гэтым свеце. I пра дзетак не забывайцеся, таму што малыя, калi ўсё добра ў сям’i, штодня дораць нам свята. I сям’я — гэта галоўнае ў жыццi чалавека. Калi ў доме ўсё добра, то Бог з iм, гэтым крызiсам. Мы як-небудзь абыдземся. Эпiлог У Ходасаўскiм сельскiм Савеце шлюбы шмат гадоў рэгiструе сакратар Людмiла Васiльеўна Сурава. Яе працоўнае месца побач са стэндам, дзе ў шчаслiвы момант адлюстраваны маладыя i сталыя пары. — За гады маёй працы 31 снежня я зарэгiстравала дзве гэтыя пары, — пацвярджае Людмiла Васiльеўна. — I тут не трэба зважаць на перадсвяточныя клопаты, гэта мая праца. Няхай людзi жэняцца i шчаслiва жывуць разам. Вопытная сакратар не бачыць сувязi памiж датамi вяселляў i сямейным шчасцем. Проста, запэўнiвае яна, у Ходасах мала разводаў: у тутэйшых людзей прынята сур’ёзна падыходзiць да шлюбу. Сумяшчэнне вяселля з iншым значным святам Людмiла Васiльеўна лiчыць добрай iдэяй: ва ўсякiм разе, сужэнцы нiколi не забудуцца на гадавiну вяселля. Сама жанчына пайшла замуж 7 лiстапада. — Я зычу на Новы год усiм людзям ўзаемаразумення — гэта важна памiж роднымi людзьмi, здароўя — бо гэтага не набудзеш за грошы i, безумоўна, кахання ў сваёй сям’i, — падсумавала Марына Стальмахова. Iлона Iванова, Мсцiслаўскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У вёсцы Усполле Мсцiслаўскага раёна на адной вулiцы месцяцца насупраць крама i школа. Тут працуюць дзве жанчыны — гандлярка i настаўнiца, якiя ў розны |
|