Сам Бог рад, калі ў хаце лад...
Сам Бог рад, калі ў хаце лад...
Новы год, як кажуць, свята сямейнае. Ужо на другi, паслянавагоднi дзень або на трэцi iдуць у госцi да родных цi знаёмых або самi прымаюць гасцей. Але сустракаюць Новы год здаўна сямейкаю. А таму цi ж гэта i не добры час успомнiць аб родзiчах, пра нашы сваяцкiя сувязi-повязi. Цяпер ад рэдкага ўжывання нават пэўныя словы, добра вядомыя нашым продкам, прызабылiся. І замест таго цi iншага дакладнага слова сваяцтва звычайна ўжываем апiсальны зварот — "мужаў брат" або "мужава сястра", а што ёсць словы дзевер, залоўка i iншыя як бы не ведаем. Дык давайма пры гэтай нагодзе сёе-тое ды ўспомнiм. Слова муж — гэта была як бы афiцыйная назва. А найчасцей ужывалася мой (твой) чалавек, або гаспадар, цi проста мой (твой): мой паехаў у лес. Было яшчэ ва ўжытку i слова мужык. Фальклорная памяць захавала: "Вазьмi мужыка i прыкусi языка"; "Усе мужыкi — з адной мукi"; "Мужык дзяржыць адзiн вугал у хаце, а жонка — тры". А для мужа — адпаведна жонка, мая палавiна, гаспадыня, кабета, у залежнасцi ад узросту — старая, а пад Украiну яшчэ i дружына. Адносна сям’i — усё вядома. Нават дзiцячыя рыфмаванкi тут напашэве. "Мама, тата, ты i я — вось i наша ўся сям’я". Вядома, гэта занадта малая сучасная сям’я. Мне, чалавеку, якому стукнула ўжо за семдзесят гадоў, яшчэ ў памяцi было чуць ад старэйшых: "Нас у сям’i было дванаццацёра". (У рускай мове нават такiх зборных лiчэбнiкаў пасля дзесятка няма. Вiдаць, да бытавання ў нашай мове падобных зборных лiчэбнiкаў (дваццацёра, трыццацёра i г.д.) прычынiлася руплiвая працавiтасць беларускiх сялянак, на падвор’ях якiх бегала кожнай вясны свойскае маладое птаства — кураняты, гусяняты, качаняты. А то свiння, у якой усяго дванаццаць саскоў, раптам прывядзе трынаццацёра парасят). Што да мноства дзяцей, жаданых цi нежаданых (бо засцерагальных сродкаў яшчэ не было), то не заўсёды яны выжывалi. Згадваецца мамiн успамiн: "Калi дзiця нараджалася ўвесну цi ўлетку, то яно яшчэ паспявала да зiмы набрацца моцы, загартавацца, а якое нараджалася позняй восенню цi ўзiмку, то не выжывала. За зiму, бывала, паўвёскi нованароджаных вынесуць на могiлкi..." Народная прыказка вучыла: "Адно дзiця не дзiця, двое дзяцей — палавiна дзiцяцi, трое дзяцей — цэлае дзiця". Нялёгка жылося, але часам успрымалася гэта як бы з гумарам: "На грошы — бяда, а дзяцей пад дастаткам". Малых з дзяцiнства вучылi Божым запаведзям, паважаць старэйшых, слухацца большых. "Не расказвай нiкому, што робiцца ўдому", "Старэйшы брат як другi бацька". I нават: "Старшых i ў пекле шануюць". I колькi паважальных, пяшчотна ласкальных суфiксаў назапасiла наша мова для дзетак, каб iхнiя вусны ўсклiкалi, казалi, шапталi, лашчачыся: тата, татка, татачка, татуля, татулька, татулечка, татуленька, татуська, татусенька, татухня... А што казаць пра слова мама з такiмi ж суфiксальнымi, сэнсавымi аздобамi. Нямногiя мовы могуць пахвалiцца такiмi багатымi ўтварэннямi. У такой жа суфiксальнай дзiцячай пашане словы дзед i баба. Бацькi цi не праз усю вясну, лета, восень у працы на полi, на пашы, на пакошы. А ў нават ужо нядужых, спрацаваных дзядулi i бабулi для iхнiх унукаў i ўнучак заўсёды цiкавыя, незабыўныя гульнi, казкi... Калi ж дзядулька i бабулька жывуць асобна — гэта дзiцячыя госцi да iх, адведкi. А там пачастункi, размовы, гасцiнцы, ласункi... I мiжволi духоўнае, эмацыянальнае ўзбагачэнне асобы дзiцяцi. Памятаю яшчэ з унiверсiтэцкiх часоў згадку знаёмай студэнткi. Яна прызнавалася: я пазнаю, ведаю нават без роспытаў, хто з маiх сябровак, студэнтак-гараджанак мае бабульку... Павага, пашана да продкаў выразна выявiлася ў беларусаў у такiм свяце, як Дзяды, якiя сягаюць у далёкiя дахрысцiянскiя часы. На гэты памiнальны абрад у гонар памерлых продкаў гатавалася дванаццаць страў, першая з якiх была куцця — каша з ячных крупаў, наш найстарэйшы "хлеб". З дзяцiнства памятаецца перасцярога старэйшых сяброў: не наядайся зразу, бо штораз стравы будуць смачнейшыя... Анатоль КЛЫШКА. (Заканчэнне ў наступным нумары.)
"З цешчай — душа ў душу" Насуперак усiм народным прыкметам i тысячам анекдотаў, зяць з цешчай могуць жыць душа ў душу. Пра гэта на ўласным прыкладзе ведае доктар Дзмiтрый Салагуб, муж Анастасii Цiхановiч, зяць Аляксандра Цiхановiча i Ядзвiгi Паплаўскай: — Апошнiя два гады, на жаль, мы з Насцяй сустракаем Новы год асобна — летась у мяне моцна хварэў тата, сёлета я таксама буду ў Расii, а Насця i Ванечка (сын. — Аўт.) у Мiнску... Каб сабралася ўся сям’я разам — i мае родныя, i Ядзя з Сашам — гэтага, бадай, увогуле не было, занадта далёка ўсе родныя жывуць. Гады тры-чатыры таму, праўда, мы адзначалi свята якраз разам з Сашам i Ядзяй, а так яны звычайна працуюць на свята, як большасць артыстаў. — Лiчыцца, што ў зяцёў з цесцем i асаблiва з цешчай стасункi, мякка кажучы, напружаныя — а вы так цёпла пра iх гаворыце... — У нас з самага пачатку склалiся адносiны давяральныя, паважлiвыя i сяброўскiя — напэўна, нават часам Насця на мяне крыху крыўдуе, бо я часта займаю пазiцыю яе бацькоў, проста ў нас супадае меркаванне па вельмi многiх жыццёвых пытаннях. Як псiхатэрапеўт, я часта вымушаны разглядаць праблемы, у тым лiку зяцёў i цешчаў, у iншых сем’ях — i нават сам здзiўляюся, што мы пазбеглi ўсiх падобных канфлiктаў. Гэта, мабыць, агульны ўзровень культуры паўплываў — разуменне пазiцыi мужчыны i жанчыны ў сям’i... I яшчэ вера. Паколькi гэта сям’я вернiкаў, то асноўным святам Дзмiтрый лiчыць нават не Новы год, а ўсё ж Ражство: — Мы заўжды стараемся на Ражство трапiць на начную службу, едзем або ў Жыровiчы, або ў Свята-Духавы сабор. I посту прытрымлiваемся, таму адзначаем свята не застоллем, а перш за ўсё духоўна. Але для самага маленькага члена сям’i, Ванечкi, навагодняя атрыбутыка захоўваецца ў поўнай меры — вось i сёлета да яго спецыяльна запрошаны Дзед Мароз з падарункамi за добрыя паводзiны. Праўда, тата ў ролi гэтага казачнага дзеда нiколi не выступаў — кажа, малы ў любым аблiччы пазнае яго i адразу "раскусiць". — Хочацца пажадаць сваiм блiзкiм — дый усiм людзям увогуле — здароўя i яшчэ раз здароўя, — з медыцынскай адказнасцю падыходзiць да святочнага вiншавання Дзмiтрый. — I не толькi фiзiчнага, але i псiхалагiчнага, i духоўнага, i фiнансавага таксама, бо запалохалi народ крызiсам... Ведаеце, як кажуць: перажылi голад, перажывём i дастатак. Яшчэ хацелася б, каб людзi сустракалiся адзiн з адным не толькi ў гэтыя сямейныя святы — Каляды i Новы год, — а каб гэтыя сустрэчы з вялiкай лiтары адбывалiся як мага часцей. Каб мы заўжды знаходзiлi час на стасункi з сям’ёй — помнiлi, любiлi i цанiлi сваiх блiзкiх. Усiм гэтага ад душы зычу!
Цесць Аляксея ГРЫШЫНА: "Па сямейных пытаннях зяць раiцца з цешчай" Мала хто можа пахвалiцца тым, што сцяг краiны на мiжнародным спаборнiцтве трымаў не хто iншы, як твой ЦЕСЦЬ! Пра гэта можа расказаць фрыстайлiст Аляксей ГРЫШЫН. А вось што пра Грышына раскажа сам цесць? — Калi дачка ўпершыню прывяла ў наш дом свайго будучага мужа, мы не ведалi, хто ён, — узгадвае Юрый Iванавiч МIТРАФАНАЎ. — Гэты малады чалавек падаўся мне вельмi ветлiвым i выхаваным. Потым, калi я даведаўся, што ён — чэмпiён свету, вельмi здзiвiўся. Я былы ваенны, раней быў спартыўным арганiзатарам у роце i не раз бачыў, што робiцца з чалавекам, дасягнi ён хоць якiх вяршынь. А Аляксей не заразiўся зорнай хваробай. Ён вельмi сцiплы, пачцiвы малады чалавек, якi па сямейных пытаннях раiцца ў тым лiку i з цешчай! Бачымся мы даволi часта. Калi Аляксей прыязджае са спаборнiцтваў, абавязкова заязджае да нас. Мая жонка, Таццяна Сяргееўна, тады адразу стол накрывае. А як жа iнакш: дарагi госць прыехаў, зяць. Аляксей заўсёды, як можа, дапамагае нам i на дачы. А калi ён там адпачывае з сябрамi, абавязкова пасля сябе прыбярэ. Гэта нават мой сын не заўсёды робiць... Але, прызнацца, да фрыстайла я стаўлюся не вельмi станоўча: гэты вiд спорту надта небяспечны. Мяркую, што на Новы год, пасля 12 гадзiн, мая дачка з мужам i сын з дзяўчынай з Масквы далучацца да нас з жонкай, каб разам святкаваць. У нашай сям’i ёсць такая традыцыя: усе падарункi складваюцца пад ёлку. Гэта павялося яшчэ з маленства дзяцей. I хоць тыя ўжо даўно выраслi, усё роўна знаходзяць для сябе падарункi на тым самым месцы...
Заслужаная артыстка Беларусi Зоя Белахвосцiк умее здзяйсняць мары Пра гэта паведамiў яе швагер кнiгавыдавец Эдуард Куфцерын: — У нас iснавала традыцыя: 31 снежня мы заўсёды збiралiся ў бацькоў Зоi i маёй жонкi. Так было шмат гадоў, пакуль бацькi былi жывыя. Лiтаральна каля дванаццацi гадзiн мы раз’язджалiся па сваiх кватэрах. Але асноўныя вiншаваннi былi там, усе атрымлiвалi падарункi i дэманстравалi свае таленты. Зоя распавядала акцёрскiя тэатральныя байкi. У iх кожны раз знаходзiлiся гiсторыi "ў тэму", таму што яна i муж Саша мелi вялiкi вопыт працы Дзедам Марозам i Снягуркай, пачынаючы з тых часоў, калi яны яшчэ бегалi на падпрацоўкi па дзiцячых садках, i да таго часу, калi ў Мiнску сталi ладзiць на Новы год нейкае прадстаўленне. Аднойчы Зоя бала Снягуркай, а iншыя артысты ў выглядзе казачных герояў ехалi па галоўным праспекце сталiцы на машыне, аформленай пад печ. Каб спакойна працаваць на вулiцы, артысты прынялi для сугрэву. Усе ехалi ўсярэдзiне печы, а Яўген Крыжаноўскi быў Ямелем i мусiў ехаць на самым версе. А тады яшчэ ўсё было ў парадку з зiмамi... Пакуль яны даехалi да месца, Ямеля быў цвярозы, як шкло. А неяк Саша з’явiўся i сказаў: "Нарэшце прыйшло прызнанне: "Я галоўны Дзед Мароз краiны! Прапанавалi — i не змог адмовiцца..." Ён быў Дзедам Марозам i на нашых сямейных святах. Наступствы гэтых Новых гадоў былi такiя, што наш сын доўга верыў: Дзед Мароз iснуе! Нават у школе спрачаўся з дзецьмi, а мы вельмi перажывалi, што з яго будуць кпiць. Вось што значыць прафесiйная праца! Наш Глеб пiсаў лiсты: "Дзед Мароз, у мяне да цябе толькi адно пытанне: як ты ўгадваеш дзiцячыя мары?" I нiчога iншага не заставалася — ранiцой пад ёлкай сын знаходзiў пацверджанне i казаў: "Глядзiце, ён прыходзiў!" Насамрэч, мая сваячка дапамагла нашай сям’i здзейснiць адну вялiкую мару. Мы ведаем, як цяжка дастаюцца грошыкi людзям тэатра, а муж Зоi не з тых рэжысёраў, якiм плацяць вялiзныя грошы нi за што. Але менавiта Зоя дапамагла фiнансамi, калi нам трэба было купiць кватэру. Так атрымлiваецца, што большасць людзей, якiя сапраўды могуць дапамагчы, часцей за ўсё адмаўляюць. Але ад тых людзей, якiя дапамагчы нiчым не могуць, i ты гэта ведаеш, прыходзiць неспадзяванае ратаванне.
Цешча Мiкалая Лазавiка: "Зяць у мяне цудоўны" Сакратару Цэнтральнай камiсii па выбарах i правядзеннi рэспублiканскiх рэферэндумаў Мiкалаю Лазавiку пашанцавала. Адносiны з цешчай у яго вось ужо каторы дзясятак гадоў самыя што нi ёсць цёплыя. Зусiм не як у папулярных анекдотах. Таму цешча, Таццяна Дарафееўна Вiшнеўская, можа сказаць пра яго толькi добрае: — Зяць у мяне цудоўны. Нам з дзедам дапамагае. Часта прыязджаюць да нас у Рагачоў з Алiмпiядай (Алiмпiяда Аляксандраўна — жонка Мiкалая Iванавiча. — Аўт.), тэлефануюць пастаянна. Самае галоўнае, што дзецi добра жывуць... У мяне ўжо i ўнукi, i праўнучка. Зяцi за мяне гарой, я шчаслiвая цешча.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Новы год, як кажуць, свята сямейнае. Ужо на другi, паслянавагоднi дзень або на трэцi iдуць у госцi да родных цi знаёмых або самi прымаюць гасцей. Але |
|