21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Моўны гараскоп - Чаго чакаць носьбiтам беларускасцi ў новым годзе?

26.08.2009 10:43 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Моўны гараскоп - Чаго чакаць носьбiтам беларускасцi ў новым годзе?

Мы кажам: мова жывая. І маем на ўвазе, што яе iснаванне працягваецца, што яна забяспечвае стасункi, успрымае новыя павевы i абавязкова iх адлюстроўвае. Так што жыццё яе непарыўнае з нашым. Яна разам з намi жыве i перажывае нешта. Чаго чакаць ад новага года ў жыццi мовы? Высвятляем разам з экспертам — дырэктарам Iнстытута мовы i лiтаратуры iмя Янкi Купалы i Якуба Коласа Аляксандрам Лукашанцам. Аднак перш чым рабiць прагнозы на год наступны, варта ацанiць год мiнулы.

— Найбольш важнай падзеяй у 2008 годзе ў тым, што датычыцца мовы, было, вядома ж, прыняцце Закона "Аб правiлах беларускай арфаграфii i пунктуацыi". Пастаўлена кропка ў шматгадовай працы над упарадкаваннем адзiнства нормаў беларускай пiсьмовай мовы. Гэта дазволiць спынiць арфаграфiчны разнабой, якi ў апошнiя гады iснаваў на старонках беларускамоўных выданняў, аптымiзаваць працэс вывучэння беларускай мовы ў школе. А значыць, павысiць прэстыж беларускай мовы як дзяржаўнай мовы нашай краiны, засведчыць яе статус як высокаразвiтай лiтаратурнай мовы, што можа паспяхова абслугоўваць усе патрэбы сучаснага грамадства.

У мовазнаўцаў — шмат працы

Наступны год для беларусазнаўцаў выдасца досыць напружаным i складаным. Iм трэба падрыхтаваць факталагiчную базу для пераходу да новага правапiсу. Слоўнiкi i даведнiкi з улiкам усiх змяненняў, а таксама разгорнутыя каментарыi, дзе б падавалiся тлумачэннi новаўвядзенняў. Тытанiчная праца.

— Адна з найбольш актуальных задач — падрыхтоўка новага выдання Арфаграфiчнага слоўнiка беларускай мовы. Трэба не толькi падкарэктаваць змешчаны там матэрыял, але i значна папоўнiць гэты слоўнiк новай лексiкай, якая з’явiлася ва ўжытку ў апошнiя дзесяцiгоддзi i ў першую чаргу патрабуе правапiснай рэгламентацыi. Неабходна падрыхтаваць як мага больш поўны даведнiк, дзе былi б усе неабходныя каментарыi па асноўных правiлах беларускай арфаграфii i прыведзены найбольш поўныя спiсы слоў, якiх датычацца тыя цi iншыя моманты закона. Зараз у нашым iнстытуце вядзецца iнтэнсiўная работа па падрыхтоўцы гэтых матэрыялаў. I я думаю, што на працягу наступнага года яны будуць падрыхтаваныя i, хутчэй за ўсё, пабачаць свет.

Ды i фундаментальныя работы моваведам нiхто не адмяняў. Гэта i завяршэнне шматтомных этымалагiчнага i гiстарычнага слоўнiкаў беларускай мовы, i даследаванне стану беларускай мовы пачатку XX ст. Лексiка першай беларускамоўнай друкаванай газеты пачатку ХХ стагоддзя — "Нашай нiвы" — для лiнгвiстаў амаль што неараная цалiна.

— У той час найбольш iнтэнсiўна фармiравалiся i слоўнiкавы склад, i асноўныя нормы новай беларускай лiтаратурнай мовы. Да нядаўняга часу гэты перыяд заставаўся найменш даследаваным. З выданнем "Слоўнiка мовы "Нашай нiвы", праца над якiм вядзецца ў Iнстытуце мовы i лiтаратуры (апублiкаваны два першыя тамы), гэты прабел будзе запоўнены.

Перад журналiстамi — цяжкiя, але выканальныя задачы

Прапагандысцкая работа, на думку Аляксандра Лукашанца, не менш важная, чым навуковая. Беларуская мова мае ў гэтым патрэбу. Варта прасоўваць iдэю аб пашырэннi яе ў грамадстве, распаўсюджваннi ва ўсiх сферах ужытку. Асаблiвая роля ў гэтым, паводле меркавання навукоўцы, належыць менавiта СМI. "Да слова надрукаванага цi слова, якое гучыць у эфiры, у грамадстве прывыклi ставiцца як да слова ўзорнага. Трэба, каб мова СМI найбольш дакладна адпавядала нормам i пры гэтым была жывой, найбольш поўна выкарыстоўвала ўсё сваё лексiчнае багацце. Газеты, якiя разлiчаны на масавага чытача, маюць велiзарныя магчымасцi i для фармiравання грамадскай думкi, стаўлення да той цi iншай з’явы. У тым лiку i да праблем моўнага жыцця, сучаснага стану беларускай мовы ў грамадстве. Калi ў СМI будзе фармiравацца грамадскае ўсведамленне неабходнасцi ведання беларускай мовы, прэстыжу асобы, якая карыстаецца беларускай мовай, гэта станоўча паўплывае на стан мовы. Але гэта работа павiнна весцiся не час ад часу, а пастаянна, мэтанакiравана, паслядоўна".

Iнiцыятыву "Звязды" аб’явiць для сваіх чытачоў і прыхільнікаў беларушчыны Год беларускай мовы навукоўца вiтае

Прызнае ён i тое, што iнтарэс да беларускай мовы ажывае:

— Сёння беларускай мовай актыўна карыстаецца, напэўна, меншая частка насельнiцтва нашай краiны, аднак ёсць тэндэнцыя да развiцця i пашырэння сiстэмы мовы, яе камунiкатыўных функцый. Беларуская мова ўсё больш актыўна пранiкае ў сферу iнтэрнэт-камунiкацыi. А гэта значыць, што фактычна фармiруецца новы функцыянальны стыль беларускай лiтаратурнай мовы. Усё часцей беларускай мовай карыстаюцца ў сферы канфесiйных стасункаў. Яна прысутнiчае ў практычным набажэнстве, з’яўляюцца i вельмi квалiфiкаваныя пераклады на сучасную беларускую мову рэлiгiйных тэкстаў. Дарэчы, нядаўна абмяркоўваўся такi варыянт перакладу Евангелля, i я павiнен адзначыць, што гэта вельмi высокага ўзроўню пераклад, якi падрыхтаваны ў адпаведнасцi з нормамi сучаснай беларускай мовы, але разам з тым у iм захоўваецца ўрачыстасць i ўзнёсласць стылю, неабходныя для гэтай сферы моўнай дзейнасцi. Беларуская мова прысутнiчае нават у такой сферы, як ваенная. Большасць назваў радоў войскаў, вайсковых падраздзяленняў, апазнавальных знакаў i нашывак на абмундзiраваннi вайскоўцаў выкананы на беларускай мове. Ёсць адна сфера моўнай дзейнасцi, дзе, нягледзячы на дзяржаўнае двухмоўе, выкарыстоўваецца толькi беларуская мова. У адпаведнасцi з заканадаўствам усе дакументы на атрыманне вышэйшых дзяржаўных узнагарод нашай краiны афармляюцца толькi на беларускай мове. Пашыраецца ўжыванне беларускай мовы i ў рэкламных аб’явах.

Рэкламшчыкам варта быць асаблiва пiльнымi

Некаторыя вытворцы прасоўваюць свае брэнды на айчынным рынку выключна па-беларуску. Гэта становiцца такой моднай "фiшкай" — спосабам вылучыцца, абысцi канкурэнтаў, запомнiцца. Чаго ўжо тут хаваць: беларускамоўная рэклама ў Беларусi — пакуль экзотыка. Тым не менш такiя слоганы на слыху. I лiнгвiстаў гэта не можа не радаваць. Аднак ёсць тут i свае "але"...

— Беларуская мова, безумоўна, павiнна больш шырока выкарыстоўвацца ў рэкламе — вонкавай, вiзуальнай, гукавой, друкаванай... Але тут неабходна вельмi строга падыходзiць да захавання нормаў беларускай лiтаратурнай мовы. Таму што часта мова рэкламы не зусiм... беларуская. Часта гэта такiя дастаткова штучныя калькi з рускай або з англiйскай мовы. Напрыклад, "прышпiльны мабiльны". Для мяне як для лiнгвiста гэта гучыць калi не дзiка, то ва ўсякiм разе штучна. Тут што адбываецца? Семантычны аб’ём рускага слова "приколоть" аўтаматычна пераносiцца на аб’ём беларускага слова "прышпiлiць". Але ж у беларускай мове дзеяслоў "прышпiлiць" адносiцца толькi да дзеяння, якое датычыцца перш за ўсё "англiйскай шпiлькi". Звычайнай жа "шпiлькай" можна толькi "ўкалоць" цi "прыкалоць". Прыметнiк "прыкольны" — слова моладзевага слэнгу, якое мае значэнне "дасцiпны, цiкавы, смешны" i суадносiцца з "калоць", "прыкол". Таму па-беларуску павiнна быць "прыкольны мабiльны", i гэта не павiнна нiкога бянтэжыць.

Мовазнаўца ўпэўнены, што назвы гандлёвых марак i вырабаў, рэкламныя тэксты, разлiчаныя на масавую аўдыторыю, павiнны праходзiць абавязковую экспертызу ў спецыялiстаў. Каб яны адпавядалi нормам. I гэта датычыцца не толькi беларускамоўных тэкстаў, з iншамоўнымi таксама часта здараюцца недарэчнасцi.

— Тэксты, якiя ствараюць моўны фон, павiнны быць узорнымi i адпавядаць лiтаратурным нормам. Таму лiнгвiстычная экспертыза такiх тэкстаў абавязковая. I мы нiколi яшчэ не адмаўлялi прадпрыемствам у гэтым. У нас ёсць вопыт работы над рэкламай бытавой тэхнiкi, напрыклад. Тэксты сапраўды становяцца больш мiлагучнымi i ўспрымаюцца лепш. Аднак гэта тым не менш работа нашых спецыялiстаў i для яе павiнны быць нейкiя фiнансавыя падставы. Таму ў наступным годзе я планую абмеркаваць гэтае пытанне з кiраўнiцтвам Мiнгарвыканкама, каб працэдура экспертызы была нормай — афiцыйнай, адладжанай.

Што ж, усё ў жыццi павiнна быць ураўнаважана... Збалансаванасцi вам i гармонii, шаноўныя чытачы, у новым годзе!

Ала МАЧАЛАВА.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мы кажам: мова жывая. І маем на ўвазе, што яе iснаванне працягваецца, што яна забяспечвае стасункi, успрымае новыя павевы i абавязкова iх адлюстроўва
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика