Мацней за немагчымае
Мацней за немагчымае
У пералiк самых важных дасягненняў 2008 года можна смела паставiць нараджэнне гэтага дзiцяцi Гэты новы год яны сустрэлі разам: мама, тата, бабуля i маленькi Ягорка. Сустрэчу новага 2008-га яны не святкавалi. Але ўжо праз чатыры месяцы даведалiся, што год стане для iх шчаслiвым. — Гэта дзед там, на нябёсах, вымалiў унука, — не сумняваецца Аксана. — Ён хацеў, напэўна, не меней за нас. Можа i так. Мiстычным можа падацца i тое, што Аксану выпiсалi з радзiльнi ў той самы дзень, у якi памёр свёкар. Роўна праз год. Натуральна, што i назваць немаўлятка яны рашылi ў гонар дзеда. А можа, усё гэта — супадзенне. Проста жыццё працягваецца. Нехта сыходзiць у вечнасць, а нехта прыходзiць у наша часовае жыццё — каб суцешыць, падарыць радасць i абяцанне ў тое, што нiчога не канчаецца. Але з’яўленне Ягоркi на свет — сапраўды цуд. І, магчыма, лепей за яго бацькоў гэта ведаюць медыкi, якiя вялi цяжарнасць 26-гадовай магiляўчанкi Аксаны. — Яшчэ сем гадоў таму гэта было б немагчыма, — кажа выканаўца абавязкаў намеснiка галоўнага ўрача Рэспублiканскага навукова-практычнага цэнтра "Мацi i дзiця" Павел КАРАВАЙ. — Можна сказаць, што пры такiх абставiнах дзiця нарадзiлася ў Беларусi ўпершыню. I што самае галоўнае, i дзiця, i мацi зараз адчуваюць сябе добра.
Птушачка Так яе называюць супрацоўнiкi медперсаналу Цэнтра. Яна i падобная на птушачку: мiнiяцюрная, жывая, хуткавокая i ўсмешлiвая. I размаўляе, нiбы шчабеча: — Мне так хочацца дадому, што, здаецца, я на таксi паехала б... — Птушачка, — супакойвае яе доктар, — табе належыць медыцынскi транспарт. Але на тваiм месцы я i пешшу б пайшоў... — Вой, я ўжо думала пра гэта! За 10 тыдняў знаходжання ў Цэнтры яе тут усе палюбiлi. Яна з асалодай шчабеча з вахцёрам, мае сотавыя тэлефоны палатных медсясцёр, а лекар фатаграфуе яе сыночка ў першыя хвiлiны яго з’яўлення на свет. Каб потым ёй паказаць. З асаблiвай цеплынёй Аксана ўзгадвае дактароў i медсясцёр аддзялення рэанiмацыi. Яна кажа: "Калi б не ўсе гэтыя людзi, я не выжыла б". Яна, магчыма, i не падазрае, наколькi блiзкая да праўды. Аксана — сярэдняя дачка сваiх бацькоў. Яна атрымала спецыяльнасцi лабаранта хiмiчнага аналiзу i цырульнiка, але шэсць гадоў працавала... ахоўнiкам. Немагчыма ўявiць гэтае кволае дзяўчо з аўтаматам у руках. — А ў нас аўтаматаў i не было, — смяецца яна. — Мы ахоўвалi электрасеткi, хадзiлi i глядзелi, каб нiхто не здымаў правады. Потым я ўладкавалася ахоўнiкам на прыватнае прадпрыемства. Там усё назiранне вялi камп’ютары i вiдэакамеры, а нам трэба было толькi кнопку трывогi нацiскаць, калi што не так. 2003 год для Аксаны аказаўся цяжкiм. Спачатку яна перажыла быццам бы адну з самых простых аперацый — апендыцыт. Але праз тыдзень дзяўчыне давялося зноў класцiся на аперацыйны стол, бо ўзнiкла ўскладненне — перытанiт. — Магчыма, у вынiку мой iмунiтэт аслабеў, — мяркуе Аксана. А праз паўтара месяца раптоўна памерла яе мацi, ад iнсульту, ва ўзросце 45 гадоў. Вось тады i праявiлася ўпершыню цяжкая хвароба Аксаны — сiстэмная чырвоная ваўчанка. Як тлумачаць медыкi, гэта хранiчнае генералiзаванае (распаўсюджанае па ўсiм арганiзме) захворванне злучальнай тканкi i сасудаў. Мяркуецца, што прычынай яе можа быць вiрусная iнфекцыя, якая дзейнiчае на фоне змененага iмунiтэту, у вынiку чаго развiваюцца антыцелы да ўласных органаў i тканак. Аднак медыцыне дагэтуль дакладна не вядома, што выклiкае гэтую хваробу, а таму i сродак супраць яе пакуль не знойдзены. Вядома толькi, што церпяць ад яе звычайна маладыя жанчыны i дзяўчаткi i што яна мае сямейна-генетычнае паходжанне. Хвароба пачалася з таго, што ў Аксаны апухлi суставы, яна не магла рухацца. Яе спачатку завезлi ў Магiлёўскую бальнiцу, потым у Мiнск, дзе i паставiлi канчатковы дыягназ. Паступова яе стан палепшыўся, суставы прыйшлi ў норму. Але ў 22 гады Аксане сказалi, што ёй нельга мець дзяцей. I гэты прысуд стаў самым цяжкiм выпрабаваннем, якi выпаў на яе долю. Дзiця Аксана з Уладзiмiрам пазнаёмiлася, калi iм было па 16 гадоў. Праз чатыры гады яны сталi жыць разам. Яны пакуль афiцыйна не аформiлi свае адносiны, хоць лiчаць сябе мужам i жонкай. Аксана кажа, што ёй пашанцавала з Уладзiмiрам. — Мы нiколi яшчэ не сварылiся, — усмiхаецца яна, i ў яе словах адчуваецца такi жаночы гонар i ўпэўненасць у iншым чалавеку, што адразу верыш i ёй, i яе мужчыну. I вельмi хочацца думаць, што гэтая пара не падобная на тыя, якiя не жэняцца, бо не ўпэўненыя адно ў адным, бо нехта баiцца звязваць сябе абавязацельствамi i г.д. Яны адрознiваюцца ад многiх сваiх аднагодкаў, пра гэта сведчыць не толькi тое, што нягледзячы на хваробу Аксаны i забарону дактароў мець дзяцей, яны засталiся разам. Цяпер лiчыцца, што маладая сям’я павiнна паспець удосталь "пажыць для сябе", перш чым рашацца на працяг роду. Праўда, пры гэтым часта не ўлiчваецца адна рэч. Дзiця — гэта не тое, што пайшоў i набыў, калi спатрэбiлася. Гэта цуд, з’яўленне якога не падпарадкоўваецца нiякай логiцы. I пралiчыць тут часта бывае немагчыма. Дык вось Аксана, як толькi яе хвароба праз чатыры гады ўступiла ў стадыю рэмiсii, вырашыла скарыстаць гэты шанц. Яна разумела, што ён будзе, хутчэй за ўсё, адзiны, што яе арганiзм яшчэ амаль не пацярпеў ад хваробы i яго рэзерваў для нараджэння дзiцяцi павiнна хапiць... У iх з Уладзiмiрам няма нi асобнага жылля, нi высокааплатнай работы, яны яшчэ пакуль не паспелi паездзiць па свеце, пажыць у пяцiзоркавых гатэлях... Больш за тое, урачы сказалi iм, што падчас цяжарнасцi хвароба Аксаны можа ўскладнiцца, што Аксана можа нават загiнуць. — Не ўсе дактары былi адзiнадушныя, — распавядае Уладзiмiр. — Адзiн сказаў нам, што можа быць i наадварот, i мы вырашылi верыць яму. — Ён стары, ужо на пенсii, i напэўна, пашкадаваў нас, — узгадвае Аксана. — Да таго ж, аналiзы ў мяне ўжо доўгi час былi добрыя, а значыць, з дзiцем павiнна быць усё ў парадку. У iх не адразу атрымалася. Аксане нават паставiлi новы дыягназ: бясплоднасць. I вось праз год здарылася. Яна зацяжарала. Цяпер яна малiла Бога пра адно: каб быў хлопчык. Бо лiчыцца, што хлопчыкi не атрымлiваюць у спадчыну гэту хваробу. А на лiпень яны прызначылi вяселле. Праўда, з-за таго, што Аксана трапiла ў бальнiцу, дакументы з ЗАГСа давялося забраць. Часова. Цяпер галоўным сведкам рэгiстрацыi iх шлюбу будзе маленькi Ягорка. У жаночай кансультацыi Аксану папярэдзiлi, што ўсю цяжарнасць ёй трэба будзе ляжаць. А яна лятала, нiбы ў яе выраслi крылы i ўдвая прыбавiлася сiлаў, яна адчувала сябе шчаслiвай i энергiчнай. Яны з Уладзiмiрам не сумнявалiся, што ўсё ў iх будзе добра, iнакш проста не можа быць. Сваякi i блiзкiя падтрымлiвалi. Увесь калектыў Уладзiмiра чакаў гэтае малое. Хутка высветлiлася, што Нябёсы пачулi малiтвы Аксаны: у iх павiнен нарадзiцца хлопчык. Аксана добра разумела, што гэта яна зрабiла выбар на карысць дзiцяцi, а медыкi ў выпадку небяспекi ў першую чаргу будуць выратоўваць мацi. Таму ў сталiчную клiнiку яна свядома паехала тады, калi датэрмiновыя роды ўжо былi для малога не страшныя. Па сутнасцi Аксана ў лiтаральным сэнсе гэтага слова ахвяравала сабой дзеля сына. — Перад намi паўстала дылема, — тлумачыць Павел Каравай. — З аднаго боку, захворванне перашкаджала цяжарнасцi, з iншага — лячэнне магло пашкодзiць дзiцяцi. Таму гэта захворванне i з’яўляецца процiпаказаннем для цяжарнасцi. Аксана не пагадзiлася цяжарнасць перарваць, i нам нiчога не заставалася, як зрабiць усё магчымае i немагчымае, каб максiмальна зберагчы i мацi, i дзiця. Перавага Цэнтра "Мацi i дзiця" перад iншымi клiнiкамi не толькi ў канцэнтрацыi тут найноўшай апаратуры i высакакласных спецыялiстаў у галiне жаночага i дзiцячага здароўя, але i ў тым, што тут ёсць магчымасць кансультацыi лепшых спецыялiстаў краiны па ўсiх абласцях медыцыны. Так, для пастаяннай карэкцыi зменаў, якiя адбывалiся ў арганiзме Аксаны, былi запрошаныя вядучыя гематолагi, кардыёлагi, рэўматолагi, пульманолагi i нефролагi Беларусi. Недасведчанаму чалавеку цяжка зразумець, што зрабiлi ўсе гэтыя людзi разам з супрацоўнiкамi Цэнтра. Яны зрабiлi немагчымае. Яны давялi цяжарнасць Аксаны практычна да прыроднага тэрмiну — да 38 тыдняў. Пры гэтым, нягледзячы на вельмi сур’ёзную ступень хваробы, максiмальна захавалi два жыццi. Рызыка была вельмi вялiкая: у любое iмгненне ў мацi маглi ўтварыцца тромбы ў сасудах, перастаць функцыянаваць сэрца, лёгкiя, ныркi. Лячэнне Аксаны было падобна на хаджэнне па краi ляза. I ў тым, што ўсё, як i верылi Аксана з Уладзiмiрам, скончылася добра, была немалая заслуга i самой Аксаны. — Яна супрацоўнiчала з дактарамi, выконвала ўсе рэкамендацыi, заставалася мужнай i ўпэўненай у поспеху, — кажуць пра яе тыя, хто ведаў пра яе хваробу больш, чым яна сама. — I што самае галоўнае — яна заўсёды заставалася жыццярадаснай. Здаецца, што гэта маленькая жанчына, падобная на птушачку, не пакiдала шанцу сумнявацца самым вялiкiм скептыкам. Аперацыя "кесарава сячэнне" была прызначаная на 8 снежня. Бацька Аксаны на гэты дзень замовiў у царкве малебен i папрасiў усiх сваякоў малiцца за яго дачку. На аперацыйным стале Аксане прыснiлася мацi. Яна суцяшала i падбадзёрвала, i дзякавала. Праз гадзiну Уладзiмiр патэлефанаваў у Цэнтр, яму адказалi, што дзiця нарадзiлася здаровае i самаадчуванне мацi добрае. — Гэта сапраўды — цуд, — не сумняваюцца медыкi. — Бачыце, — працягвае Аксана рукi, — у мяне i суставы ўсе ў норме, нiчога не балiць, i адчуваю я сябе цудоўна. — Я нават бегаю ў восьмы корпус паглядзець на малога. Гэта даволi далёка па ўнутрыбальнiчных пераходах. Я гляджу на яго i не магу налюбавацца! Аксане, безумоўна, яшчэ неабходна лячэнне i назiранне, бо пасляродавы перыяд складаны для любой жанчыны, тым больш для яе. Увогуле ёй давядзецца цяпер змагацца за дваiх: за сябе i за малога. Дактары кажуць: пры строгiм прытрымлiваннi ўсiх рэкамендацый, пры пастаяннай карэкцiроўцы лячэння, пры падтрымцы блiзкiх людзей, яна, бясспрэчна, здолее вырасцiць сына. Але самi Аксана i Уладзiмiр упэўненыя, што хвароба адступiць. Услед за адным цудам яны чакаюць другое. Я бачыла iх утраiх, у дзень, калi Уладзiмiр, Аксана i Ягорка, якi здзiвiў сваiмi маленькiмi памерамi бацьку, з’яджалi з Мiнска ў Магiлёў. Цяпер я не сумняваюся, што будзе так, як яны захочуць. Тое, што ёсць памiж гэтымi людзьмi, здольнае тварыць цуды. Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэты новы год яны сустрэлі разам: мама, тата, бабуля i маленькi Ягорка. Сустрэчу новага 2008-га яны не святкавалi. Але ўжо праз чатыры месяцы даведалi |
|