Куслiвыя пасажыры?
Куслiвыя пасажыры?
Пісьмо праверыў карэспандэнт
Вось якi лiст атрымала рэдакцыя ад групы моладзi, што жыве ў гарадскiм пасёлку Касцюкоўка (ён уваходзiць у склад Чыгуначнага раёна Гомеля), а ездзiць на вучобу ў ВНУ i сярэднiя спецыяльныя ўстановы абласнога цэнтра. Па сутнасцi Касцюкоўка з’яўляецца рабочым пасёлкам i знаходзiцца за 12 кiламетраў ад горада. Студэнты ездзяць на заняткi шэсць разоў на тыдзень. Паездка да ўскраiны горада на аўтобусе маршруту № 43 займае пяць, а да яго цэнтра — 15—20 хвiлiн. Кошт бiлета ў адзiн канец — 500 рублёў, таму ахвотных ехаць на iм — процьма, пiшуць студэнты. "Але аўтобус маршруту № 43 ходзiць адзiн раз у гадзiну, i мы мусiм ездзiць на маршрутцы, дзе кошт праезду — 1080 рублёў. Да таго ж аўтобус не працуе з 10 гадзiн 20 хвiлiн да 15 гадзiн 30 хвiлiн, i мы вымушаныя ехаць з занят- каў з першай змены i на другую зноў за тыя ж 1080 рублёў. Калi ж з першай змены затрымлiваемся з 16 да 18 гадзiн, на прыпынку "Унiверсiтэт" у гэты аўтобус не ўбiцца. З другой змены вяртаемся дадому на маршрутцы, бо аўтобус 43 маршруту спыняе работу ў 17 гадзiн 30 хвiлiн. Пачатак заняткаў першай змены — у 8 гадзiн. Аўтобус жа ў будныя днi да 8 гадзiн iдзе з Касцюкоўкi толькi ў 7.47 i 8.27, i ў яго не ўбiцца. У суботу аўтобус пачынае працу наогул у 8.05. Праз Касцюкоўку ездзяць i аўтобусы прыгарадных маршрутаў, але там кошт праезду большы, чым у маршрутках. Газета "Звязда", дапамажы нам ездзiць за 500 рублёў, а не за 1080". Пад зваротам у рэдакцыю — 12 подпiсаў, i шкада, што не пазначана нiводнае прозвiшча, нiводны канкрэтны адрас. Для таго яны патрэбны былi, каб удакладнiць асобныя дэталi, высветлiць тыя цi iншыя абставiны справы. З гэтым лiстом я накiраваўся перш за ўсё ў Гомельскi гарвыканкам да начальнiка аддзела транспарту, камунiкацый i экалогii Вячаслава Пятрова, i той, азнаёмiўшыся з тэкстам, прамовiў: дай укусiць палец — адкусяць i руку. "Як гэта разумець?" — спытаў карэспандэнт. А так... Да лiпеня мiнулага года з Касцюкоўкi ў Гомель i назад аўтобусы гарадскiх маршрутаў не хадзiлi наогул. Пасажыры карысталiся маршруткамi, прыгараднымi i мiжгароднiмi аўтобусамi. Але на сустрэчах з iнфармацыйна-прапагандысцкiмi групамi гарвыканкама i адмiнiстрацыi Чыгуначнага раёна Гомеля (тут аповед Вячаслава Пятровiча мы дапаўняем звесткамi з размовы са старшынёй Касцюкоўскага гарпасялковага Савета Людмiлы Бердзiкулавай, з якой я пагутарыў па тэлефоне) многiя жыхары i Гомеля, i Касцюкоўкi ўсё часцей i часцей у поўны голас пачалi ставiць такiя пытаннi. Дык вось у лiпенi i з’явiўся гарадскi аўтобусны маршрут № 44, канчатковым прыпынкам яго быў у Гомелi Клёнкаўскi мiкрараён. Ён густанаселены, але гэта ж — ускраiна абласнога цэнтра. А чаму б не адкрыць яшчэ адзiн маршрут, настойвалi людзi, напрыклад, да аўта- i чыгуначнага вакзалаў. Самае тое было б, бо туды не вельмi зручна дабiрацца што з прыпынку "Гiдрааўтаматыка" (якi з’яўляецца першым на ўездзе ў Гомель з Касцюкоў), што з Клёнкаўскага мiкрараёна. І на гэты раз гарвыканкам пайшоў насустрач пажаданням людзей, адкрыўшы з першага кастрычнiка рух аўтобуса 43 маршруту — да аўтавакзала. А гэта — цэнтр Гомеля. Пасля гэтых аповедаў мне стаў зразумелы той народны выраз: дай укусiць палец — адкусяць i руку. У кантэксце ж звароту групы студэнтаў гэта можа гучаць так: было дрэнна — стала лепш — хочацца ж, каб было найлепей. I што тут казаць: усё — заканамерна, усё — жыццёва. Пастаўленае пытанне, на нашу думку, мае права на iснаванне. Гэта — з аднаго боку. З другога ж, трэба ўзважана паглядзець: а цi ёсць магчымасцi для рэалiзацыi пэўнага кроку, бо, задаволiўшы просьбы адных, можаш нанесцi нейкi ўрон iншым. Таму, каб высветлiць гэта, у будны снежаньскi дзень мiнулага года я i выехаў у 6 гадзiн 43 хвiлiны з аўтавакзала Гомеля ў Касцюкоўку на аўтобусе "Радзiмiч". У iм 20 месцаў для сядзення i 25 для стаяння. Людзей набiлася ў яго, так бы мовiць, па самую завязку, але на прыпынках не засталося нiводнага чалавека, якi не ўлез бы сюды. Правiльна: у цеснаце ды не ў крыўдзе. Еду назад першым рэйсам з Касцюкоўкi ў 7.27. Кожны, хто ўваходзiць у аўтобус, купляе бiлет у вадзiцеля, у каго праязны — паказвае яго. Тая ж самая, а можа яшчэ i большая цесната. Але "за бортам" нiкога не засталося. У наступны, таксама будны дзень, паехаў я з Гомеля ў Касцюкоўку ўжо другiм рэйсам — у 8.13. Малюнак зусiм iншы. Да прыпынку "Вулiца Цiмафеенкi" было сем вольных месцаў для сядзення, пасля названага прыпынку iх не стала, але ж не набралася да канца паездкi i тых 25 пасажыраў, якiя мусiлi б стаяць. Еду назад у 8.57. Месцы для сядзення ўсе занятыя ўжо з самага пачатку. У салоне стаяць 13 пасажыраў. Па дарозе колькасць iх павялiчваецца да 20. Цеснаты няма. Не буду катэгарычна сцвярджаць, што так яно бывае кожны дзень. Але па тэлефоне пагутарыў я з дыспетчарам аўтобуснага парка № 6, якi выдзяляе тыя ж "Радзiмiчы" для маршруту № 44, паразмаўляў са старшынёй Касцюкоўскага гарпасялковага Савета i сустрэўся са згаданым вышэй Вячаславам Пятровым, а таксама з намеснiкам дырэктара аўтапарка № 1 (што абслугоўвае 43 маршрут) Уладзiмiрам Каваленкам i вадзiцелем аўтобуса таго ж 43 маршруту Кiрылам Станько. I зрабiў наступныя высновы. Сапраўды, студэнтам не зусiм зручна дабiрацца да Гомеля i вяртацца назад — што да аплаты за праезд i раскладу руху аўтобуса 43 маршрута. Але аўтары допiсу, напэўна, трохi схiтравалi, калi пазначылi ў сваiм звароце ў рэдакцыю час першых двух рэйсаў з Касцюкоўкi ў Гомель — 7.47 i 8.27. Насам- рэч гэта 7.27 i 8.13. Падлiкi паказваюць, што першым рэйсам на заняткi да 8 гадзiн можна паспець толькi ва ўнiверсiтэт iмя Францыска Скарыны ды ва ўнiверсiтэт транспарту. У астатнiя — не. Давядзецца ехаць яшчэ (пешшу не дойдзеш) iншымi аўтобусамi цi тралейбусамi. Значыць, добра было б купiць месячны праязны бiлет i, карыстаючыся iм, першым рэйсам даехаць да любой навучальнай установы. Якiм чынам? Не паленавацца ўстаць раней i выправiцца ў дарогу не ў 7.27 (маршрут № 43), а ў 7.00 роўна (маршрут № 44) i на прыпынку "Гiдрааўтаматыка" зрабiць перасадку. Акрамя таго, трэба мець на ўвазе, што пры адкрыццi новага, 43 аўтобуснага маршруту, улiчвалiся галоўным чынам наступныя фактары: пасажырапаток i эканамiчная мэтазгоднасць, эфектыўнасць новаўвядзення. Што датычыць першага, дык студэнты ў iм займаюць даволi нязначны працэнт. Асноўны ж упор — на рабочы люд. Пад яго i складалiся графiкi руху аўтобуса 43 маршруту ў прыватнасцi, як патлумачылi мне Вячаслаў Пятроў i Уладзiмiр Каваленка. Тым не менш, я не згодны з iмi i салiдарны з аўтарамi пiсьма i некаторымi пасажырамi, з якiмi давялося пагутарыць у час тых дзвюх паездак, у наступным. У суботу першы рэйс з Касцюкоўкi можна было б адправiць i раней: хто-нiхто ехаў бы i на рынкi Гомеля, i па iншых сваiх справах. У той жа час я не згодны з тымi, хто настойвае на тым, каб 43 маршрут абслугоўваўся, скажам, "Iкарусам", у якi ўмяшчаецца больш пасажыраў. Вадзiцель Кiрыл Станько казаў, што нiводзiн чалавек не застаецца на паўторны рэйс. А цяпер наконт эканамiчнага эфекту для аўтапарка № 6 ад уводу 43 маршруту. Адны страты ад яго! 6270 тысяч рублёў з часу адкрыцця за тры месяцы. Калi пусцiць аўтобус большай умяшчальнасцi, тыя страты ўзрастуць. У адрозненне ад пасажыраў, якiя купляюць праязныя бiлеты з карысцю для сябе, продаж iх для аўтатранспартнiкаў нявыгадны, стратны. Вось такая галаваломка для iх: робiш добрую справу, а яна, як кажуць у народзе, вылазiць бокам. Больш за тое, у аўтапарку асцерагаюцца: дзе гарантыя таго, што змена раскладу руху не выклiча незадавальнення iншых пасажыраў? I яшчэ. У гарвыканкаме паказалi некалькi лiстоў, у якiх людзi прапануюць адкрыць новыя маршруты, змянiць месца прыпынкаў грамадскага транспарту, iнтэрвал руху яго i г.д. Напiсанае вывучаецца дэталёва, аналiзуецца, але ўсе просьбы задаволiць немагчыма. Нягледзячы на тое, што летась горад набыў 33 новыя аўтобусы i 38 тралейбусаў. Застаецца чакаць лепшых часоў? Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вось якi лiст атрымала рэдакцыя ад групы моладзi, што жыве ў гарадскiм пасёлку Касцюкоўка (ён уваходзiць у склад Чыгуначнага раёна Гомеля), а ездзiць |
|