Сабачая праўда
Сабачая праўда
Вестка пра трагедыю ў Бабруйску сцiпла абышла ўсе сродкi масавай iнфармацыi. Дзяўчына засталася iнвалiдам на ўсё жыццё, бо яе пакусалi бяздомныя сабакi. Паламанае маладое жыццё, перакрэсленыя планы на будучыню, растаптаная мара пра шчасце. Адказваць за гэта няма каму: сабак да адказнасцi не прыцягнеш, а людзей, якiя не вельмi прытрымлiваюцца законаў, у нас колькi хочаш. Амаль нiхто не лiчыць сябе абавязаным строга захоўваць правiлы ўтрымання сабак: рэгiстраваць iх, плацiць адпаведны падатак, прыбiраць за сваiм любiмцам на вулiцы, як робяць у заходнiх краiнах, не дапускаць забруджвання жывёлай лесвiчных клетак, пад’ездаў. Не кажучы ўжо пра развядзенне сабак байцовых парод, тут працэдура мусiць быць з сямю ступенямi кантролю. Як нi банальна гучыць, але з гэтага ўсё i пачынаецца. Каб утрыманне чатырохногага сябра вымагала нейкiх высiлкаў, то iншы лiшнi раз падумаў бы, перш чым завесцi сабаку, а потым выкiнуць яго на вулiцу, што заўсёды з’яўлялася невычэрпнай крынiцай папаўнення вулiчных статкаў. Чалавек адказны за таго, каго прыручыў, сотнi разоў гаварылася i пiсалася. А калi чалавек не спяшаецца адказваць, яго трэба прымушаць. Каб не паўтаралiся трагедыi. Даўно гэта было ў Брэсце. У элiтным мiкрараёне таго часу з элiтнай школы выйшла дзяўчынка пасля заняткаў у другую змену. Не паспела прайсцi некалькi метраў, як на яе накiнуўся аграмадны сабака i пакусаў твар школьнiцы, паранiў канечнасцi. Цудам адбiлi дзiця прахожыя мужчыны. Тады яшчэ пра падобныя здарэннi не прынята было пiсаць у мясцовай прэсе, але вестка хутка разышлася па горадзе. Дзяўчынцы давялося рабiць некалькi пластычных аперацый. Вiнаватых, як амаль заўсёды бывае ў такiх выпадках, не знаходзiлася. Але бацька дзяўчынкi служыў камандзiрам падраздзялення дэсантнiкаў. І ў адзiн з наступных вечароў у раёне школы як з неба звалiлiся "невядомыя" хлопцы ў камуфляжы i грыме, i выразалi ўсiх сабак у акрузе. Нiхто пасля гэтага i не пiкнуў, хоць у дамах жылi спрэс няпростыя людзi. Скажаце — негуманна? Так. Але бацькам дзяўчынкi, як, вiдаць, i той пацярпелай у Бабруйску, напляваць на разважаннi пра гуманiзм i любоў да братоў меншых. Разважаць можна да той пары, пакуль не здарыцца бяда. Асаблiва з табой. Мера рэагавання, якую выбраў афiцэр савецкай эпохi, вядома, не лепшая. Але ён не першы i, вiдаць, не апошнi на гэтым шляху. Дастаткова ўспомнiць фiльм "Варашылаўскi стралок". Калi не можа альбо не хоча зрабiць адэкватныя захады сiстэма, якая iснуе дзеля гэтага, бывае, што чалавек сам гэта робiць адпаведна са сваiм разуменнем справядлiвасцi. Калi мае такую магчымасць. А вось як можа абаранiць сябе паштальён, уяўляецца слаба. Нават да суда даходзiлi падобныя справы, але гаспадары сабакi, што пакусаў работнiка дзяржаўнай установы пры выкананнi iм службовых абавязкаў, атрымалi невялiкае спагнанне. Усё па той жа прычыне, што ў нас спрадвеку няньчылiся з тымi, хто перашкаджае жыць. Па логiцы рэчаў, з такiмi гаспадарамi павiнен мець паўнамоцтвы разабрацца ўчастковы мiлiцыянер, альбо паштовае цi iншае ведамства адмовiцца раз i назаўсёды абслугоўваць клiента, калi працэс абслугоўвання тоiць пагрозу для здароўя супрацоўнiка. Летась па краiне, паводле афiцыйнай статыстыкi, ад укусаў сабак пацярпела 16 тысяч чалавек. Гаворка iдзе пра зарэгiстраваныя выпадкi, калi людзi звярталiся па дапамогу ў медыцынскiя ўстановы. А колькi такiх пацярпелых насам- рэч, не ведае нiхто. Не раз даводзiлася чуць, што сабакi сваёй агрэсiяй адказваюць на жорсткасць i абыякавасць людзей, якiя асудзiлi iх на бадзяжнае жыццё. Хутчэй за ўсё, так i ёсць, ёсць у гэтым свая "сабачая" праўда. Але ж гэтае замкнёнае кола трэба неяк разрываць. Бяздзеянне тоiць небяспеку. У адным французскiм фiльме паказана гiсторыя з жыцця невялiкага горада, у якiм разводзiлi байцовых сабак, ладзiлi нават сабачыя баi. Мэру падказвалi, што трэба рабiць больш жорсткiя захады да навядзення парадку. Але ён сур’ёзна не ставiўся да таго, што стала пагрозай спакою горада. I аднойчы сам стаў ахвярай агрэсiўнай жывёлiны. На жаль, нашы гораданачальнiкi, мусiць, не глядзяць такiх фiльмаў. Iнакш знаходзiлi б больш дзейсныя шляхi вырашэння азначанай праблемы. Святлана ЯСКЕВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вестка пра трагедыю ў Бабруйску сцiпла абышла ўсе сродкi масавай iнфармацыi. Дзяўчына засталася iнвалiдам на ўсё жыццё, бо яе пакусалi бяздомныя сабак |
|