Дакументы на бацькоўскі дзень штомесяц падаваць не трэба
Дакументы на бацькоўскі дзень штомесяц падаваць не трэба
Са Жлобiнскага раёна (адрас жыхарства i прозвiшча ў рэдакцыi маюцца) на "гарачую лiнiю" нашай газеты са сваёй праблемай звярнулася шматдзетная мацi. Яна мае законнае права на так званы "бацькоўскi" дзень — адзiн вольны дзень у тыдзень, якi аплачваецца. І ў самым пачатку з прадастаўленнем гэтага дня на прадпрыемстве, дзе працуе жанчына, нiякiх асаблiвых клопатаў не ўзнiкла. — У пачатку мiнулага года я сабрала ўсе патрэбныя даведкi i загадам па прадпрыемстве мне на ўвесь далейшы год было дадзена права раз на тыдзень карыстацца гэтым самым вольным днём. Што я i рабiла некалькi месяцаў запар. Але потым мяне часова перавялi на iншы ўчастак працы. Замены там не было, так што пра "бацькоўскi" дзень давялося на пэўны час забыцца. Праз некалькi месяцаў, нарэшце, я вярнулася на сваё ранейшае месца працы i, як i дагэтуль, зноў пачала раз на тыдзень браць вольны дзень. А праз нейкi час высветлiлася, што гэтыя "бацькоўскiя" днi мне не аплацiлi. У бухгалтэрыi сказалi, маўляў, няма адпаведнага загаду. А каб яго выдаць, я цяпер павiнна штомесяц падаваць у тую ж бухгалтэрыю даведкi са школы, дзе вучацца дзецi, i аб складзе сям’i. Цi правiльна гэта? — пыталася ў нас заяўнiца. Даць кампетэнтны адказ на запыт жанчыны мы папрасiлi спецыялiстаў Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны. Вось што нам паведамiлi. "У адпаведнасцi з артыкулам 265 Працоўнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь мацi (бацьку, апекуну, папячыцелю), якая выхоўвае (якi выхоўвае) траiх i больш дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў (дзiця-iнвалiда ва ўзросце да 18 гадоў), па яе (яго) пiсьмовай заяве даецца адзiн дадатковы вольны ад працы дзень на тыдзень з аплатай у памеры сярэдняга дзённага заробку ў парадку i на ўмовах, што вызначаюцца Урадам Рэспублiкi Беларусь. Права на прадастаўленне дадатковых вольных дзён можа быць выкарыстана мацi (бацькам, апекуном, папячыцелем) або асобна, або ўказанымi асобамi памiж сабой на iх погляд. Умовы прадастаўлення аднаго вольнага ад працы дня ў тыдзень з аплатай у памеры сярэдняга дзённага заробку за кошт сродкаў наймальнiка вызначаны Палажэннем аб парадку i ўмовах прадастаўлення аднаго дадатковага вольнага дня ад працы дня ў тыдзень, зацверджаным пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 12 снежня 2007 года № 1729. Згодна з указаным Палажэннем, дадатковы вольна ад працы дзень даецца мацi (бацьку, апекуну, папячыцелю) пры ўмове, што яна занятая на працы кожны дзень з нармальнай працягласцю працоўнага часу ў тыдзень, устаноўленай у адпаведнасцi з артыкуламi 112—114 Працоўнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, а таксама пры ўмове выхавання i пражывання дзяцей (дзiця-iнвалiда) у сям’i. У адпаведнасцi з пунктам 8 Палажэння, прадастаўленне дня ў тыдзень афармляецца загадам (распараджэннем), якi выдаецца на працягу 5 працоўных дзён з дня падачы заявы, на тры месяцы або iншы перыяд каляндарнага года па ўзгадненнi памiж некiм з бацькоў i наймальнiкам. Такiм чынам, калi, згодна з загадам, жанчыне ўстаноўлены вольны ад працы дзень у тыдзень на год наперад (напрыклад, пятнiца), дык няма неабходнасцi падаваць дакументы штомесяц. Не дапускаецца перанос i сумiраванне вольных дзён у тыдзень у мэтах далейшага прадастаўлення iх у сукупнасцi. Кампенсацыя за нявыкарыстаны вольны дзень у тыдзень заканадаўствам не прадугледжана". Пра цечу камунальнiкi ўжо ведаюць З вёскi Родзевiчы Лагойскага раёна на "гарачую лiнiю" ад iмя ўсiх пенсiянераў-вяскоўцаў звярнуўся Аляксандр Мiкалаевiч Яскевiч. Паскардзiўся на тое, што ўжо другi год запар у двух месцах працякае водаправод, але нiхто нiчога не робiць. — З надыходам мiнусавой тэмпературы побач з такiмi месцамi стала небяспечна хадзiць, бо рызыкуеш павалiцца на лёдзе. Нядаўна везлi нябожчыка, дык зноў жа былi праблемы для людзей, — казаў нам заяўнiк. Словы вяскоўца мы перадалi загадчыку сектара кантролю кiравання справамi Лагойскага райвыканкама Алене Дэйнар — для высвятлення ўсiх абставiнаў справы. Яна звязалася з мясцовымi камунальнымi службамi i старшынёй сельскага Савета, на тэрыторыi якога размешчана вёска Родзевiчы. Высветлiлася наступнае. Камунальнiкам нiякiх сiгналаў нi ад насельнiцтва, нi ад старшынi сельсавета адносна прарыву водаправода не паступала. Цеча сапраўды пасля нашага тэлефанавання была выяўлена, аднак, паводле iнфармацыi Алены Анатольеўны, назiралася яна толькi апошнiя два тыднi. — Вада ў дамах у гэты час не знiкала. Нязручнасцi былi ад таго, што яна ад месцаў прарываў бегла па вулiцы i падмярзала пры мiнусавой тэмпературы, — сказала Алена Дэйнар. — Праблема будзе вырашана ў блiжэйшы час (размова была колькі дзён таму. — С. Р.) паколькi ў гэты момант работнiкi камунальнай службы працуюць на больш неадкладных выклiках. Сяргей РАСОЛЬКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Са Жлобiнскага раёна (адрас жыхарства i прозвiшча ў рэдакцыi маюцца) на "гарачую лiнiю" нашай газеты са сваёй праблемай звярнулася шматдзетн
|
|