Цэны расперазалiся
Цэны расперазалiся
На шэраг спажывецкiх харчовых тавараў цэны неабгрунтавана павышаны на 40-65 працэнтаў
Для многiх беларускiх пакупнiкоў непрыемным сюрпрызам пасля навагоднiх святаў сталi цэннiкi, што з’явiлiся на шэрагу тавараў, якiя завозяцца ў краiну. Мяне, напрыклад, уразiў новы кошт мандарынаў на рынку ў Чыжоўцы, кiлаграм якiх "пацяжэў" у рублях адразу амаль на 60 працэнтаў. А некаторых бабруйчан, якiя наведалiся ў прыватны гандлёвы пункт, лiтаральна шакiравала цана на цукар, якая з 2100 рублёў скокнула да 3500. I падобных прыкладаў, мяркуючы па iнфармацыi намеснiка мiнiстра эканомiкi Уладзiмiра Адашкевiча, шмат: узрушаныя такiм падыходам да справы людзi звяртаюцца да прадстаўнiкоў афiцыйнай улады з нараканнямi па фактах беспадстаўнага росту цэнаў. Паводле слоў Уладзiмiра Адашкевiча, мiнiстэрства правяло манiторынг цэнаў на спажывецкiя харчовыя тавары па сiтуацыi на 31 снежня мiнулага года i 12 студзеня ў Мiнску. I выявiлася наступная акалiчнасць: па шэрагу найважнейшых тавараў — проса, грэчка, рыс, рыба (аргенцiна, мiнтай), садавiна (апельсiны, мандарыны, iмпартныя яблыкi), гарбата, кава цэны ўзнялiся на 40-65 працэнтаў. У прыватнасцi, цана на апельсiны вырасла амаль на 64 працэнты, на фiле мiнтая — на 35,5, на аргенцiну — на 44, на проса — на 43 працэнты. Намеснiк мiнiстра адзначыў, што з такiм падыходам да цэнаўтварэння ў мiнiстэрстве эканомiкi не згодныя — нi аб’ектыўных, нi суб’ектыўных прычын для яго няма. "Па шэрагу пазiцый, — лiчыць ён, — суб’екты гаспадарання, у тым лiку дзяржаўныя, скарысталiся дэвальвацыяй беларускага рубля на 20 працэнтаў i неабгрунтавана павысiлi цэны". Рэакцыяй Ураду, дзе занепакоены апошнiмi падзеямi ў гандлёвых арганiзацыях, стала прыняцце на Прэзiдыуме Савета Мiнiстраў рашэння аб атрыманнi кантрольнымi органамi i шэрагам iншых устаноў права на правядзенне кропкавых праверак на прадмет выканання заканадаўства аб цэнаўтварэннi. Нагадаўшы, што пунктам 2 Указа №689 часова было прыпынена правядзенне праверачных мерапрыемстваў на прадпрыемствах i ў арганiзацыях, Уладзiмiр Адашкевiч падкрэслiў, што ў выключных выпадках Прэзiдыуму Урада даецца права прымаць рашэнне аб правядзеннi праверак. "Я хачу звярнуцца да суб’ектаў гаспадарання, дзейнасць якiх звязаная з iмпартам i рэалiзацыяй яго ўнутры краiны: калi будуць выяўлены факты неабгрунтаванага росту цэнаў, гэтаму будзе давацца сур’ёзная ацэнка", — папярэдзiў Уладзiмiр Адашкевiч. Ён падкрэслiў, што ў выпадку выяўлення парушэнняў будзе ставiцца пытанне "аж да пазбаўлення лiцэнзii" i аб забароне на ажыццяўленне гандлёвай дзейнасцi. Iгар ШЧУЧЭНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Для многiх беларускiх пакупнiкоў непрыемным сюрпрызам пасля навагоднiх святаў сталi цэннiкi, што з’явiлiся на шэрагу тавараў, якiя завозяцца ў краiну. |
|