За мяшок бульбы волi не пазбаўляюць
За мяшок бульбы волi не пазбаўляюць
Сусветны эканамiчны крызiс не паўплываў i не паўплывае на стан правапарадку ў краiне, заявiў мiнiстр ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь Уладзiмiр НАВУМАЎ. Ён таксама заўважыў, што статыстычныя звесткi па вынiках работы мiнiстэрства — найлепшыя за час суверэннасцi Беларусi. Уладзiмiр Уладзiмiравiч таксама паведамiў журналiстам, што шэраг службовых асобаў, якiя парушылi закон, будуць звольнены з мiнiстэрства. Сам жа ён цяпер выплачвае крэдыт, якi браў на будаўнiцтва ўласнага катэджа. Разважае над тым, цi варта яму ўзяць удзел у пад’ёме на Эверэст з групай супрацоўнiкаў МУС. Паводле сацыялагiчнага апытання, больш за 80 працэнтаў насельнiцтва краiны у той цi iншай ступенi давяраюць вартавым правапарадку. У многiм гэтаму паспрыяў пастаянны кантроль за работай са зваротамi грамадзян. Дарэчы, летась у органы ўнутраных спраў паступiла каля 550 тысяч заяў i зваротаў. Цяпер у кожным горадзе пасля паведамлення на тэлефон "102" нарад мiлiцыi павiнен прыбыць не пазней за 7 хвiлiн. — Ужо некалькi гадоў знiжаецца цяжкасць наступстваў i грамадскай небяспекi здзейсненых злачынстваў, у першую чаргу — супраць жыцця i здароўя чалавека, — сказаў Уладзiмiр Навумаў. — Скарачаецца колькасць забойстваў, цяжкiх цялесных пашкоджанняў, грабяжоў, разбояў, крадзяжоў, у тым лiку аўта- i кiшэнных крадзяжоў, хулiганстваў i iншых злачынстваў. За 2008 год органамi ўнутраных спраў i пракуратуры выяўлена 6,5 тысячы злачынстваў, з якiх 2,7 тысячы — карупцыйныя. Выяўлена каля 1,5 тысячы раскраданняў шляхам злоўжывання службовымi паўнамоцтвамi, прысваення або растраты, звыш 850 фактаў хабарнiцтва i больш за 2 тысячы злачынстваў супраць iнтарэсаў службы. Найбольш схiльнымi да карупцыйных праяў аказалiся сферы гандлю, прамысловасцi, органы дзяржаўнай улады i кiравання, а таксама сельскай гаспадаркi. Усяго да крымiнальнай адказнасцi за здзяйсненне злачынстваў карупцыйнага характару прыцягнута каля 1250 асобаў. Летась, напрыклад, супрацоўнiкамi па барацьбе з карупцыяй i эканамiчнымi злачынствамi перададзена ў пракуратуру для накiравання ў суд крымiнальная справа ў дачыненнi да дырэктара фiлiяла 510 ААТ "ААБ Беларусбанк" i яе саўдзельнiкаў. На працягу 2002-2004 гадоў дырэктар злоўжывала службовымi паўнамоцтвамi i атрымлiвала хабар, за якi незаконна давала камерцыйным прадпрыемствам крэдыты i вэксалi з адтэрмiноўкай аплаты. Ажыццяўляўся таксама i крадзеж грашовых сродкаў. Страты складаюць 8 млрд рублёў. Падчас расследавання было забяспечана вяртанне страт шляхам накладання арышту на нерухомую маёмасць абвiнавачаных на агульную суму 4,4 млрд рублёў. Складанай застаецца сiтуацыя з наркаспажываннем. Дастаткова сказаць, што толькi па афiцыйных звестак наркаманамi з’яўляюцца 12 тысяч грамадзян. За год было выяўлена звыш 4 тысяч нарказлачынстваў, раскрыты 32 каналы пастаўкi наркотыкаў з-за мяжы. За арганiзацыю або ўтрыманне прытонаў для ўжывання наркатычных рэчываў узбуджаны 83 крымiнальныя справы. Перакрыты 60 каналаў пастаўкi "жывога тавару" у 10 краiн свету. Зараз выяўляюцца факты i ўстанаўлiваюцца ахвяры, якiя падверглiся эксплуатацыi ў апошнiя тры-пяць гадоў. Так, у чэрвенi быў вынесены абвiнаваўчы прысуд арганiзатарам пастаўкi беларускiх дзяўчат для аказання платных iнтымных паслуг заможным бiзнэсменам з Расiйскай Федэрацыi. Злачынцы асуджаны да 10 i 11 гадоў пазбаўлення волi. Была лiквiдавана i мiжнародная арганiзаваная група, якая займалася вырабам порнапрадукцыi i распаўсюджваннем апошняй праз iнтэрнэт. Зламыснiкi наладзiлi работу порнастудый у некалькiх сталiчных кватэрах. Атрыманыя такiм шляхам грошы пераводзiлiся ў банкi, размешчаныя за межамi краiны. Сума даходу складала каля 15 тысяч долараў у тыдзень. Знiжэнне мiнiмальнай велiчынi закладу грашовых сродкаў для забеспячэння яўкi падазронай цi абвiнавачанай асобы па выклiку органа ўнутранага пераследавання i суда з 500 да 100 базавых велiчынь дазволiла шырока прымяняць гэту меру на практыцы. Па звестках Нацыянальнага статыстычнага камiтэта, у студзенi — лiстападзе 2008 года ў вынiку атручэння алкаголем памерла каля 2,5 тысячы грамадзян. Найбольшая колькасць — у Брэсцкай i Гродзенскай абласцях. На працягу года выяўлена 186 тысяч правапарушэнняў, звязаных з распiваннем спiртных напояў або з’яўленнем у п’яным выглядзе ў грамадскiх месцах. З незаконнага абароту канфiскавана 2,4 млн лiтраў самагону i фальсiфiкаваных спiртных напояў. За сiстэматычнае парушэнне правапарадку на глебе п’янства i алкагалiзму 5035 асобаў, у тым лiку 924 жанчыны, накiраваны ў лячэбна-працоўныя прафiлакторыi. У дачыненнi да бацькоў, якiя не займаюцца выхаваннем сваiх дзяцей, узбуджана звыш 8 тысяч крымiнальных спраў. Ва ўсiх рэгiёнах краiны, акрамя Вiцебскай вобласцi i сталiцы, зарэгiстраваны рост колькасцi загiнулых у дарожна-транспартных здарэннях. Усяго на дарогах краiны было зарэгiстравана звыш 7 тысяч ДТЗ, у якiх паранена 7,5 тысячы i загiнула звыш 1,5 тысячы чалавек. За кiраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзiлася ў стане ап’янення, вынесена 46 тысяч пастаноў аб накладаннi адмiнiстрацыйнай меры адказнасцi. За паўторны такi ўчынак узбуджана каля 5 тысяч крымiнальных спраў. — Рост ДТЗ я звязваю толькi з культурай вадзiцеляў, — адзначыў Уладзiмiр Навумаў. — Толькi ў снежнi было тры аварыi, калi з чатырох членаў сям’i выжываў адзiн... З 1 верасня мы пачнём рэалiзацыю праграмы, якая прадугледжвае павышэнне павагi да правiлаў дарожнага руху шляхам адпаведнага выхавання грамадзян, пачынаючы з 3-гадовага ўзросту. Мiнiстр нагадаў, што расследаванне па факце выбуху на масавым свяце ў Мiнску яшчэ працягваецца i адзначыў, што неабходнасць ажыццяўлення дактыласкапii, якая праводзiцца ў тым лiку ў межах расследавання, абумоўлена Законам "Аб дзяржаўнай дактыласкапiчнай рэгiстрацыi", прынятым у 2003 годзе. Паводле гэтага закона, абавязковую дзяржаўную дактыласкапiчную рэгiстрацыю павiнны прайсцi асобы, якiя прызываюцца або паступаюць у добраахвотным парадку на воiнскую службу ва Узброеныя Сiлы краiны, а таксама тыя, хто паступае на альтэрнатыўную службу. Але мiнiстр выйшаў з хадайнiцтвам на Савет бяспекi i Савет Мiнiстраў, каб падобную працэдуру праходзiлi усе ваеннаабавязаныя. Дарэчы, для атрымання бiяметрычнага пашпарта ўсё роўна грамадзянам трэба будзе рабiць дактыласкапiю, нагадаў мiнiстр. Адказваючы на пытаннi журналiстаў, Уладзiмiр Навумаў падкрэслiў, што мiф аб тым, што ў нашай краiне людзi сядзяць "за мяшок бульбы", абсалютна нiчым не падмацаваны. Калi чалавек упершыню ўчыняе злачынства, вяртае нанесены дзяржаве ўрон i пры гэтым адсутнiчаюць фактары, здольныя абцяжарыць сiтуацыю, то такая асоба, як правiла, вызваляецца ад адказнасцi. Што датычыцца амнiстыi, прымеркаванай да 65-годдзя вызвалення Беларусi, то яна не будзе датычыцца асобаў, якiя не кампенсавалi страты дзяржаве, а таксама тых, хто здзейснiў асаблiва цяжкае злачынства. Святлана БАРЫСЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сусветны эканамiчны крызiс не паўплываў i не паўплывае на стан правапарадку ў краiне, заявiў мiнiстр ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь Уладзiмiр НАВ |
|