На Вадохрышча да Святога Яна
На Вадохрышча да Святога Яна
На свята Вадохрышча да крынiчкi Святога Яна прыходзяць людзi, набiраюць вады. Асвяцiць яе, павiншаваць усiх прыязджае мясцовы святар. Збiраюцца звычайна жыхары Верчыцаў, Шчытна, Астраўка. Крынiцу Святога Яна тут шануюць з даўнiх часоў. Яна выбiваецца з зямлi на левым беразе ракi Ружанкi, якая працякае па ўрочышчы з загадкавай назвай "Цёмныя". Распавядаюць, што назву гэту дала яшчэ ў далёкiм 1787 годзе сама Кацярына ІI. Недалёка праходзiць так званы Кацярынiнскi тракт праз Ружаны i Слонiм. Iмператрыца праязджала неяк надвячоркам, i тутэйшы яловы лес ёй падаўся занадта змрочным, яна некалькi разоў вымавiла: "Цёмна! Цёмна!". Вось i сталi называць лес "Цёмныя", толькi чамусьцi ў множным лiку, маючы на ўвазе, вiдаць, цёмныя аграмадныя ялiны. Дык вось крынiчка заўсёды была светлым праменьчыкам на краi гэтага цёмнага царства. А ведалi яе людзi i карысталiся гаючай вадой даўным-даўно. Старшыня Варанiлавiцкага сельсавета Вiктар Руды расказаў, што гэта месца лiтаральна абрасло легендамi i паданнямi. Старажылы казалi, што раней тут стаяла статуя Святога Яна. Святы быў выразаны невядомым майстрам з дуба ў рост чалавека. Левай рукой Ян паказваў на тое месца, адкуль бiла крынiца. Мясцiне пакланялiся яшчэ ў часы Рэчы Паспалiтай, тутэйшыя краязнаўцы знайшлi пiсьмовыя сведчаннi на гэты конт. А пры Польшчы, да вайны, як згадвалi вяскоўцы, на крынiцу прыязджаў ксёндз, тварыў малiтву. Там была каплiчка, абсталяванае месца для набiрання вады. Але падчас вайны ўсё разбурылася, прыйшло ў заняпад, — распавяла жыхарка суседняга хутара Iрына Францаўна Цяцерская. А вось сама крынiчка не перасыхала, яна цякла з зямлi маленькай ручаiнкай, i людзi прыходзiлi да яе, старалiся ўмыцца крынiчнай вадой. У ваколiцах лiчылася, што крынiца Святога Яна дапамагае вылечваць хваробы вачэй. I вось дачакалася крынiчка свайго часу, прыйшлi людзi, пачысцiлi i добраўпарадкавалi месца вакол яе, пабудавалi дарожкi з парэнчамi, каб зручней было падыходзiць, абсталявалi месца, дзе можна браць ваду. Людзьмi, што паклапацiлiся пра крынiцу, былi вайскоўцы. Першы раз давялося пачуць аўтару гэтых радкоў, як крынiцу адраджалi ваенныя. Звычайна гэтай справай займаюцца актывiсты царкоўных прыходаў, школьнiкi, сельгаспрадпрыемствы. Камандзiр часцi падпалкоўнiк Юрый Чмель расказаў карэспандэнту "Звязды", што яго падначаленыя, афiцэры i салдаты, з вялiкай увагай паставiлiся да прыроднага помнiка з цiкавай гiсторыяй, якi воляй лёсу апынуўся на тэрыторыi iх часцi. Пэўную работу па добраўпарадкаваннi яны правялi, а цяпер стараюцца падтрымлiваць тэрыторыю ў чысцiнi, з задавальненнем ужываюць чыстую крынiчную ваду. А на свята Вадохрышча, калi збiраецца мясцовае насельнiцтва, жыхары ваеннага гарадка, абавязкова прыходзяць i вайскоўцы. Цiкава, што недалёка ад гэтай крынiцы, лiтаральна побач, б’е яшчэ адна. Другая крынiчка струменiць з зямлi фактычна ў агародзе дома Рэгiны Ясiнскай, суседкi Iрыны Цяцерскай, пра якую згадвалася крыху вышэй. Гэты струмень вады, паводле слоў Iрыны Францаўны, спрадвеку паiў жыхароў трох дамоў iх хутара. I дзяды, i прадзеды жанчын не капалi калодзежа, не было такой патрэбы. "Ад крынiцы, — расказвае Iрына Францаўна, — зiмой, калi стаяць маразы, нават пара iдзе. Яшчэ не было выпадку, каб крынiчка замерзла. Улетку — наадварот, ад вады патыхае прахалодай. I вада — чысцюткая, стаяць можа доўга, не псуецца, асадку не ўтварае". Вось такiя незвычайныя крынiцы наталяюць вадой людзей i зямлю ў ваколiцах Варанiлавiчаў Пружанскага раёна. А каля вёскi Брады гэтага ж раёна крынiцу таксама празвалi "святой", i яна авеяна казкамi-павер’ямi. Само месца, вiдаць, спарадзiла самыя розныя паданнi. Крынiца выбiваецца нiбыта з-пад карэння трох бяроз, а побач ляжыць аграмадны камень-валун з адбiткам ступнi, якi мясцовы люд называе следам Божай Мацi. Цiкава, што падобны валун з падобным адбiткам ёсць каля вёскi Ставы Камянецкага раёна, пра яго распавяла наша газета два гады таму. I там таксама ёсць крынiца. Каля Ставаў крынiца дагледжаная, добраўпарадкаваная, людзi бяруць там ваду. А вось крынiчка ля Брадоў абмялела, амаль схавалася. Ёсць версiя легенды, што адбiтак на каменi пакiнула не Багародзiца, а анёл, якi аднойчы выратаваў тутэйшыя мясцiны ад засухi i неўраджаю. Паданнi пра крынiцы, успамiны старэйшых жыхароў вёсак запiсалi вучнi мясцовай школы, якiя ўдзельнiчалi ў конкурсе даследчых праектаў Брэсцкага абласнога эколага-бiялагiчнага цэнтра вучняў "Захаваем крынiцы". Падчас гэтай акцыi школьнiкi збiралi гiстарычныя звесткi пра крынiцы сваёй мясцовасцi, запiсвалi ўспамiны старажылаў, разам з настаўнiкамi хiмii, бiялогii праводзiлi аналiз хiмiчнага складу вады з крынiц, вызначалi магчымыя прычыны забруджвання. Многiя ўдзельнiкi своеасаблiвай экспедыцыi дапамагалi прыбiраць тэрыторыю вакол крынiц... У ходзе конкурсу вучнi апiсалi больш за 70 крынiц. Дарэчы, многiя з iх адсутнiчалi ў спiсе-пералiку абласнога камiтэта прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя. Так, паводле пералiку, у Жабiнкаўскiм, Маларыцкiм, Ганцавiцкiм раёнах крынiц не заўважана. А школьнiкi прыслалi звесткi пра крынiцы ля вёскi Пажэжын Маларыцкага раёна, каля вёскi Малькавiчы Ганцавiцкага раёна. А пружанскiя вучнi расказалi не толькi пра свае крынiцы, але i знайшлi цiкавыя асаблiвасцi мясцовага свята "Зелянец", якое адзначаецца праз два тыднi пасля Тройцы. У гэты дзень жыхары многiх вёсак iшлi да крынiц, а лекавыя травы абавязкова асвячалi крынiчнай вадой. Святлана ЯСКЕВIЧ. Пружанскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На свята Вадохрышча да крынiчкi Святога Яна прыходзяць людзi, набiраюць вады. Асвяцiць яе, павiншаваць усiх прыязджае мясцовы святар. Збiраюцца звычай |
|