На кірмаш паехаў дзед — Жонку вывесцi ў свет...
На кірмаш паехаў дзед — Жонку вывесцi ў свет...
За што купiў, як кажуць... Сямейка адна сынка ў школку збiрала: новай адзежы накупiлi яму, чаравiкаў, кнiжак. Завялi, як належыць — 1 верасня, з вялiкiм букетам — пакiнулi, а гадзiн праз колькi той дадому з’яўляецца, ранец у кут, крычыць: — Э-эх, i што ж вы мне не сказалi, што гэта бадзяга аж на адзiнаццаць гадоў?! Вось i мы вiнаватыя — не сказалi. Бо, адкрываючы конкурс на лепшы подпiс да здымка, самi не ведалi, што ён так расцягнецца! Думалi, можа, год альбо два, а яму i на сёмым канца не вiдно! Па яснай прычыне — "...патрэбны мы адно аднаму — газета — чытачу-падпiсчыку, а падпiсчык — газеце", — прызнае Валерый Гаўрыш з Пастаўшчыны. І цi не за ўсiх пiша, што конкурс, рубрыка "Хто каго?" дае чалавеку цудоўную магчымасць выказацца, блiснуць сваiм досцiпам, веданнем мовы, а потым яшчэ i "ўпэўнiцца ў тым, што нечага ж варты, калi над тваiмi радкамi паўкраiны рагоча!.. Станоўчых эмоцый ад гэтага столькi, — працягвае Валер Мiкалаевiч, — што нiякiх лекаў не трэба!". А значыць, газета — на правiльным шляху?! Прычым, як высветлiлася, эканомiць з ёй можна не толькi на гэтым. Вось якiм каштоўным вопытам дзелiцца спадарыня Целяшэўская з гарадскога пасёлка Iвяне ц Валожынскага раёна: Я святочную яду Не вару каханку, Падпiшуся на "Звязду" — Прынясуць да ганка... Варта мужу ў рукi ўзяць, На канапу сесцi — Калi — дзень, а калi й пяць Не пытае есцi! (З таго ж лiста, але — хочацца верыць — не пра таго каханка: Паглядзiце — ў мужыка Рогi — аж да паталка Мусiць, весела сустрэў ён, Год "брацельнiка"-быка"?). ).Зрэшты, цяпер i тут — не пра яго, — пра "калегу" каня, яго кiроўцу, аўтамашыну... I як заўсёды — словамi чытачоў. "Спачатку, — пiша ў сваiм лiсце спадар Старых з Гомеля, — мiнi-анекдот, адным радочкам: "Вадзiцелi КамАзаў разглядаюць дарожныя знакi выключна дзеля цiкавасцi". Цяпер — верш: Вадзiцель кабылы, падобнай на клячу, Кiроўцам машын часта ставiў задачу: З дарогi не збочу, хоць i не трамвай. Як хочаш аб’ехаць, так i — аб’язджай"... Скуль столькi нахабства? Скажу вам адразу: Той дзед быў калiсьцi кiроўцам КамАза". Цалкам магчыма. Кiм яшчэ? Ды прыгледзьцеся — услед за спадаром Нефiдовiчам з в. Любань, што на Лунiнеччыне — гэта ж Пан Быкоўскi да Паўлiнкi Ехаў на кабыле, А Якiмка, да яе ж, — На аўтамабiлi. Ён разумнiк, чалавек, Гонар усёй вёскi! Дык хiба ж Паўлiнцы трэба З клячаю Быкоўскi? Ну зразумела ж, не. I па многiх прычынах — не каханы, раз, не разумнiк, два, не маладзён, тры, не багач... А хацеў жа быць iм! Прычым не толькi той, Купалаўскi, але i гэты, са здымка: Дзед дачуўся, што фiнансы У ЗША "пяюць рамансы". Накупiўшы латарэй, Думаў стаць за ўсiх мудрэй: З хаты вынес — да граша, А не выйграў — нi шыша. Жонка выперла во з дома, Куды едзе — невядома... Невядома — аўтарцы гэтых радкоў, спадарынi Чыгрынавай з в. Забалацце Вiлейскага раёна. А вось у спадара Сiтнiка са Старадарожчыны сумненняў няма: Калясiў дзед шмат па свету — Усё шукаў сабе кабету, Каб багатаю была, пажадана — не з сяла... Многа вёсен, многа вёрст Кiнуў ён каню пад хвост... Чаму шчасцем твар цвiце? Цi не баба — "на хвасце"? А калi яшчэ i тая, што шукаў?.. Цуды, як вядома, здараюцца! Адно — не так часта, як хацелася б — асобным дзядам: Па аб’яве дзед Панас Выбраўся ў сваты... Каб "Рэно", не тарантас, То станоўчы б быў адказ... А так — едзь дахаты, — напiсала пра гэтага кiроўцу жонка спадара Гаўрыша Вальдэмара Альбертаўна. I ў тым, што даедзе, яна не сумняваецца. Як няма сумневу i ў спадара Дубовiка з Бярэзiншчыны, бо таксама ж чалавек вясковы, а, значыць, перавагi коннай язды цудоўна ведае: Даiшнiк дзеда не спыняе, Правы кiроўцы не пытае, Рулюе — п’яны цi "пад мухай", I не баiцца слова: "Хукай". А таму — парада ад спадарынi Лабажэвiч з Клецка: Хто выпiўшы рулiць сядае, Няхай канька сабе купляе, Каштуе менш... I балазе — Ён сам дадому прывязе. Што далей будзе? Як сведчаць шматгадовыя назiраннi за гэтай вельмi прыгожай i разумнай жывёлiнай — пастаiць конь, пачакае, пакуль нехта з хаты выйдзе — "прыме" яго каштоўны груз. А не прыме, дык у добрае надвор’е можна i на возе ноч паспаць. Рамантыка... Праўда скончыцца яна можа... Дрэнна — на першы погляд. А як на другi — дык лепей не трэба. Карацей — мужык адзiн (некалi ў кiно паказвалi) намурзаўся дужа i на возе заснуў, а зайздроснiкi над iм пажартаваць рашылi: выпраглi каня, самi — падцягнулi калёсы да плота, мiж шчыкецiн аглоблi прасунулi, канька на той бок перавялi i запрэглi. Мужык ранiцай прачнуўся, убачыў, як ён "плот пераехаў" i... Мякка кажучы, здзiвiўся. Вельмi. Пасля гэтага, казалi, нiякай гары ў рот не бярэ, завязаў. Во як падзейнiчала! Каб на ўсiх так... Але ж пра гэта нават марыць нельга. А таму ўжо знаёмы нам Валерый Гаўрыш (з жонкай Вальдэмарай Альбертаўнай) Збыў аўто — купiў каня. А чаму? Вядома: Хопiш лiшку, дык ён сам Давязе да дома. Да таго ж — Што той трактар, што машына? Конiк — выгадна i чынна: Завядзёнка ў сялян — Ёсць Буланчык, — значыць пан! Сцвярджае так спадар Нефiдовiч з Лунiнеччыны. I дадае, што "адраджаем зараз вёску, але неяк не па-боску" — выбарна, што вяскоўцы кароў цяпер зводзяць — сiлы не тыя, а вось без каня — пакуль што нiяк. Адкуль (i ўжо ад iншага аўтара) сур’ёзны, нават сумны подпiс да здымка: Нешта не радуе аўтаэкскорт Рыжую гэту кабылку: Коней звялi, ды скажы, мой народ Цi не зрабiлi памылку? Пытанне гэта — ад Валерыя Гаўрыша з вёскi Навасёлкi Пастаўскага раёна. Аднак турбуе яно i гараджан! Да агародніка-дачнiка, сябры свайго па шчасці-няшчасці звяртаецца спадар Астроўскi з Мiнска — з рытарычным пытаннем: Каб быў конiк, быў вазок, Ты б на дачу цi валок Два вядры ў сваiх руках I вандзэлак на плячах? Ну, зразумела ж, не... А эканомiя якая?! На тым жа бензiне: Iншамарка ездзiць шпарка, (Цi сядзiць? У нас на карку?).. Конiк — хоць iдзе i цiха — На дарогах — меней лiха. Да таго ж — як працягвае спадар Дубовiк з Бярэзiншчыны — i пра экалогiю даўно падумаць пара: Модных "мерсаў" стала болей — Копцяць нашы гарады... Запрагайма, хлопцы, коней — Хопiць сена i вады! Да таго ж, мяркуючы па здымку: Хоць i едзе конь не шпарка — Не абгонiць iншамарка! Так што тут — пардон-мерсi — Меней ты, браток, фарсi! — заклiкае вадзiцеля аўто спадар Сiтнiк. Але ж — пры ўсiх перавагах — Транспарт той экалагiчны, Транспарт той эканамiчны, Ды яшчэ i экзатычны... А наўрад цi будзе звычным, — сцвярджае спадарыня Гудачкова з Жыткавiчаў. Таму самы час цяпер вярнуцца "назад", да аўтамабiляў. I тут абавязкова трэба заўважыць, што на тэрыторыi Беларусi яны не выпускаюцца, таму гэткае распаўсюджанае ў нас слова iншамарка, мякка кажучы, не дакладнае. Трэба неяк без яго, а тым больш, што дакладных у нас... Ацанiце: Кабылiцу сваю дзед Пужкаю пагладжвае А шыкоўны "драндулет" Ззаду прытармажвае. Разумею я яго — Ён крыху знячэўлены: Як ты пойдзеш на абгон, Калi ў iм не ўпэўнены? — за кiроўцу машыны пiша Анатоль Гарачоў з вёскi Даўнары Iўеўскага раёна. Тыя ж думкi ў спадара Барысёнка з Ушаччыны: Цiшэй едзеш — далей будзеш — Не патрэбен тут балет! На дарозе пiльнасць згубiш, — Трапiш, брат, у лазарэт. ...Што яшчэ ўгледзелi чытачы на здымку? Ну зразумела ж, людзей на абочыне: Пешаходаў шмат наўкола, Але ж гэта — не прэстыж... Зараз модна быць на колах, Ды й яшчэ каб на якiх! — усклiкае сям’я мiнчан Астроўскiх. Бы падслухаўшы iх, спадарыня Лабажэвiч прыгледзелася да тых самых колаў. Што ўбачыла? Ды вiдавочнае: Амаль аднолькавыя шыны Ў павозкi гэтай i ў машыны... З паў-слоўца конiк разумее, Машына — гэтак не ўмее. Хоць яна (вось гэта, са здымка) i не зусiм звычайная. Спадар Томкавiч з Вiлейкi лiтаркi "СТВ" на капоце ўгледзеў. I таму за журналiстаў са сталiчнага тэлеканала нават абяцае: Буйным планам вас пакажам У суботу й сераду — За змястоўным рэпартажам Станавiцеся ў чаргу! Дзеда з канём, трэба разумець, ужо здымаюць. Праўда, ззаду чамусьцi... I каб толькi гэта ды незразумелым было! На тым самым тэлебачаннi... Вось прыпомнiце — раней у аснове ўсiх песняў прыгожыя вершы ляжалі, да iх кампазiтары пiсалi музыку (цi наадварот). Потым дадаваўся прыгожы голас... Цяпер для выступленняў гэтага не трэба, трэба — падтанцоўку запусцiць. У выглядзе маладых, прыгожых i распранутых хлопцаў-дзяўчат, альбо (у нашым выпадку i па меркаваннi спадара Адамовiча з Чэрвеня) — аўтамабiля: Адзiн салiст (гэта, трэба разумець, пра каня? — Аўт.) (гэта, трэба разумець, пра каня? — Аўт.)I два кiроўцы СТБ — На падтанцоўцы. Вось так яна i ў нашым конкурсе з’явiлася. Нельга ж без нечага новага? Як нельга i без старога цi — так дакладней! — вечнага. Ну вось успомнiце: Ехаў дзедка на кiрмаш, З iм на возе баба... Сто да аднаго — што з героямi далей было паводле слыннага Кандрата Крапiвы, вы помнiце! Але ж у чытачоў "Звязды" i перапевы ёсць. Вось што спадарыня Чыгрынава, напрыклад, пiша: На кiрмаш паехаў дзед — Жонку вывесцi ў свет. Так хвалiўся там Буланым, Што забыўся недзе Ганну. Цяпер во едзе дамоў, бядак. Фасону, як быццам, не губляе, але ж вiдавочна (прынамсi, спадарынi Тарасiк з Мiнска): Во, i каню не мiлы свет — Згубiў бабу недзе дзед. А яна ж, хоць i "пiла", Трэба дома каб была! Вось на гэтай жыццесцвярджальнай ноце i завершым мы чарговы агляд. Засталося а) падзякаваць усiм, хто напiсаў нам, б) папрасiць прабачэння ў тых, чые радкi не змясцiлi, в) нагадаць, што на папярэднiм конкурсным здымку былi тры заклапочаныя мужыкi — на лаўцы, каля крамы "Детский мир" i д) паведамiць, што лепшыя радкi пра iх, пра гэтых мужыкоў (па меркаваннi вялiкага чытацкага журы) склалi Валянцiна Апанасаўна Гудачкова, Вольга Паўлаўна Лабажэвiч, Валерый Мiкалаевiч Гаўрыш, Уладзiмiр Уладзiмiравiч Сiтнiк, Сцяпан Паўлавiч Нефiдовiч і Любоў Мiхайлаўна Чыгрынава, з чым, крыху паспрачаўшыся, згадзiлася i журы рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе квартальнай падпiскi на дарагую (сэрцам) "Звязду" накiроўваецца ў вёску Забалацце, што на Вілейшчыне. Калi хочаце, каб да вас, — пiшыце. Здымак, як заўжды, дадаецца. Умовы — не мяняюцца — коратка (не больш 8 радкоў), трапна, смешна i, калi ласка, разборлiва. Валянцiна Доўнар.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За што купiў, як кажуць... Сямейка адна сынка ў школку збiрала: новай адзежы накупiлi яму, чаравiкаў, кнiжак. Завялi, як належыць — 1 верасня, з вялi |
|