ПЛАЎКА ДАЎЖЫНЁЙ У ЖЫЦЦЁ
ПЛАЎКА ДАЎЖЫНЁЙ У ЖЫЦЦЁ
Знаёмiм з суразмоўцай
Надзея Раманаўна Гаркуша нарадзiлася ў Жлобiнскiм раёне. У гушчы грамадскага
жыцця апынулася з юнацкiх гадоў — была сакратаром камсамольскай арганiзацыi школы.
Гэты першы жыццёвы вопыт спатрэбiўся, калi пасля школы працавала пiянерважатай
i вызваленым сакратаром камсамольскай арганiзацыi прафесiйна-тэхнiчнага вучылiшча.
Потым — работа ў гаркаме камсамола, Жлобiнскiм гарвыканкаме. Скончыла Гомельскi
ўнiверсiтэт.
Яе лёсам стаў Беларускi металургiчны завод. Працавала тут на розных пасадах: займалася жыллём, кадравай работай, што таксама дапамагала лепш ведаць людзей. Пасля вучобы ў Харкаўскiм унiверсiтэце стала дыпламаваным сацыёлагам i з такiм жа iмпэтам працавала ўжо сацыёлагам. Займалася ў аспiрантуры Інстытута фiласофii i права Нацыянальнай акадэмii навук, падрыхтавала дысертацыю, нарадзiла сына. Былi на БМЗ розныя перыяды — i з неўпарадкаванасцю, i з нiзкай зарплатай, але з завода яна не змагла пайсцi, хоць i запрашалi на iншую працу. Неўзабаве пасля прыходу на БМЗ новага генеральнага дырэктара, калi Мiкалай Вiктаравiч Андрыянаў убачыў яе ў справе, Надзея Раманаўна з пасады намеснiка начальнiка аддзела кадраў была прызначана намеснiкам генеральнага дырэктара па iдэалогii. Крышку пазней ёй перадалi i кадры, а месяцы праз два-тры — "сацыялку". Усё як звычайна, кажа яна. Усё заканамерна, дададзім мы. Летась мы неаднаразова рас- казвалi на старонках "Звяз- ды" пра вытворчыя справы аднаго з правафланговых калектываў айчыннай iндустрыi — Беларускага металургiчнага завода. А напрыканцы 2008 года на БМЗ адбылося адразу некалькi важных падзей. Па-першае, пушчана лiнiя па вытворчасцi металакорду пад патрэбы другога айчыннага гiганта, ААТ "Белшына" — для выпуску звышбуйнагабарытных пакрышак. Другая навiна таго ж дня: пасля рэканструкцыi ўведзена ў строй чыгуначная станцыя "Заводская". Рэканструкцыя спатрэбiлася ў сувязi з тым, што прадпрыемства плануе павялiчыць выплаўку сталi да трох мiльёнаў тон у год. На ўрачыстым адкрыццi аб’яўлена: сярэднясутачны абарот вагонаў на пад’язных пуцях павялiчваецца да 300. Чырвоная стужка ў той жа дзень была перарэзана i на важных сацыяльных аб’ектах. Дзевяцiпавярховы iнтэрнат з моладзевага перапрафiляваны ў маласямейны, 153 сям’i завадчан атрымалi ключы ад утульных кватэр, здадзеных будаўнiкамi з высокай ацэнкай. У перспектыве жыхары "маласямейкi" перабяруцца ў звычайныя кватэры. Уведзены ў эксплуатацыю кавярня на 90 пасадачных месцаў i рабочая сталоўка на 50 месцаў. Такiя шчодрыя навагоднiя падарункi, а дакладней сказаць — такая сацыяльная палiтыка стварае пэўны настрой у калектыве. Не дзiўна, што БМЗ справiўся з прагнознымi паказчыкамi на 2008 год, выканаў i перавыканаў даведзеныя заданнi, адправiў прадпрыемствам краiны i на экспарт звышпланавую прадукцыю. Тэмп роста выпуска сталi ў параўнаннi з 2007 годам склаў 111,9 працэнта, праката — 112,3, метызаў — 107,3 працэнта. Якiм чынам ствараецца гэты станоўчы, творчы настрой у калектыве? Карэспандэнты "Звязды" гутараць з намеснiкам генеральнага дырэктара РУП "БМЗ" Надзеяй Раманаўнай ГАРКУША. — Паважаная Надзея Раманаўна, тыя працоўныя поспехi, якiя зараз характэрныя для БМЗ, — гэта, бе-зумоўна, вынiк шматгадовай мэтанакiраванай працы кiраўнiцтва i ўсяго калектыву прадпрыемства, скiраванай на iнтэнсiфiкацыю вытворчасцi, на яе тэхнiчнае i тэхналагiчнае абнаўленне, на асваенне новых вiдаў прадукцыi, надзвычай неабходнай краiне. Але цi магчымыя яны без належнай выхаваўчай работы ў калектыве? Без высокай зладжанасцi, нават адмабiлiзаванасцi брыгад, змен, цэхаў, iншых вытворчых структур? І якiм чынам дасягаецца такая зладжанасць? — Амаль 25 гадоў працы ў вытворчым калектыве пераконваюць мяне, што без належнай выхаваўчай работы чакаць высокiх вынiкаў не даводзiцца. З людзьмi трэба працаваць штодзённа, настойлiва i галоўнае — шчыра. Усе гэтыя гады любы вытворчы праект, любое адмiнiстрацыйнае рашэнне, любое мерапрыемства ў нас заўсёды былi непасрэдна звязаныя з рабочым чалавекам, з лёсам яго сям’i. I нават у складаны перыяд, якi можна назваць пераломным, мы не адмаўлялiся, не ламалi i не рушылi тое, што было створана за многiя гады жыцця ў складзе вялiкай краiны. Адзiнае, што ўвесь напрацаваны вопыт прымянiлi, адаптавалi да сучасных умоў. Разумелi, што пры любых умовах, якая фармацыя не ўсталявалася б, чалавек хоча жыць нармальна, быць запатрабаваным, каб з яго меркаваннем, ведамi, вопытам лiчылiся i прымянялi на практыцы. Чалавек павiнен сябе рэалiзоўваць — у адпаведнасцi са сваiмi здольнасцямi i перакананнямi. Заўважце: перакананнямi. Адсюль мая цвёрдая ўпэўненасць, што ў любым грамадстве нельга жыць без iдэалаў, а значыць, i без iдэалогii як сумы гэтых iдэалаў. Так, мы пастаянна працавалi з людзьмi. I калi параўнальна нядаўна на дзяржаўным узроўнi было прынята рашэнне аб наладжваннi iдэалагiчнай, выхаваўчай работы ў калектывах, то згадзiлiся, што гэта патрабаванне часу. Мы нават актывiзавалi розныя формы i метады такой работы, бо для гэтага ў краiне створаны ўсе неабходныя ўмовы — як прававыя, так i матэрыяльныя, i iншыя. Сёння правiльна арганiзаваць iдэалагiчную, выхаваўчую работу, работу з грамадскасцю — гэта перш за ўсё прыцягнуць да яе максiмальна большую колькасць людзей, якiя будуць займацца тым, чым яны ўмеюць i здольныя займацца. Вось чаму ў нас сёння на прадпрыемстве працуюць дзесяць грамадскiх фармiраванняў. Наколькi гэта вялiкая армiя, становiцца зразумелым, калi ўлiчыць, што фактычна сто працэнтаў працаўнiкоў завода (а калектыў налiчвае больш за 12 тысяч чалавек) уваходзяць у тую цi iншую грамадскую арганiзацыю. У нас самая масавая моладзевая арганiзацыя ў рэспублiцы. У яе шэрагi сёння ўступаюць не таму, што людзям нешта паабяцалi цi ад гэтага залежыць кар’ерны рост. Да нас штогод прыходзяць каля 200 маладых спецыялiстаў, i ўсе яны добраахвотна ўступаюць у БРСМ, бо гэта становiцца нормай жыцця. Формы i метады работы гэтай арганiзацыi цiкавыя для моладзi. Я нiчога новага не адкрыю, калi скажу, што моладзевая суполка даволi эфектыўна займаецца праблемамi маладой сям’i, прапагандай здаровага ладу жыцця, разам з намi дапамагае абяздоленым малым, клапоцiцца пра ветэранаў. Мяне вельмi хвалююць такiя моманты сустрэч маладосцi i сталасцi ў асобе нашай ветэранскай арганiзацыi — нiводнае моладзевае мерапрыемства не праходзiць без удзелу Савета ветэранаў. I наадварот. I няма цаны любовi i ўвазе, з якiмi маладыя людзi ставяцца да ветэранаў, на такой аснове фармiруецца тое лепшае, што i павiнна быць у чалавеку: любоў да роднай зямлi, любоў да Радзiмы, яе гiсторыi. Калi я прысутнiчаю ў моладзевай аўдыторыi i бачу: гучаць дзяржаўны гiмн i гiмн завода, i колькi iх нi ёсць — трыста цi нават тысяча маладых людзей, яны ўстаюць, i адчуваю iх настрой — людзi вераць у тое, што адбываецца, яно iм блiзкае i дарагое — то на сэрцы становiцца цяплей. Магчыма, у гэтым таксама заключаецца iдэалагiчная работа — быць побач з моладдзю, разам. У такiя вось урачыстыя моманты — таксама. Цяпер пра ветэранаў. Ветэранская арганiзацыя, работу якой узначальвае Галiна Генрыхаўна Абрамава, аб’ядноўвае каля тысячы непрацуючых пенсiянераў. Былi пэўныя складанасцi пры яе стварэннi, выдзяленнi офiса. А сёння гэта амаль што заводская структура, якая паўнавартасна ўдзельнiчае ў жыццi калектыву. Яны сёння ўдзельнiчаюць у руху настаўнiцтва, навучаюць моладзь. Гэта вельмi вопытныя, высокапрафесiйныя людзi, вельмi паважаныя ў калектыве. Так што ўсё станоўчае, што было ў гады Савецкага Саюза, мы адрадзiлi, i яно дае свае вынiкi. Вельмi актыўна працуе камiсiя садзейнiчання сям’i i школе. Яе работай кiруе Таццяна Харытонаўна Ларына, вельмi цiкавы чалавек. Майстар спорту па фiгурным катаннi i лёгкай атлетыцы, без яе не абыходзiцца таксама нiводны турыстычны злёт. Камiсiя змагла арганiзаваць работу з падшэфнымi школамi, наогул з усiмi школамi горада, з камiсiяй па справах няпоўнагадовых i адначасова — з кожным цэхам. У вынiку мы ведаем сем’i завадчан, дзе не ўсё ў парадку, ведаем "праблемных" дзяцей з такiх сем’яў. Цiкавiмся iмi яшчэ i таму, што сённяшнiя дзецi ўжо заўтра прыйдуць працаваць да нас у цэх. I бяром непасрэдны ўдзел у iх лёсе. Спецыяльна арганiзоўваем для "праблемных" дзяцей гурткi i секцыi, якiя працуюць на бязвыплатнай аснове. I заваблiваем дзетак у тую цi iншую дзейнасць, развiваем iх iнтарэсы, дапамагаем сям’i ў выхаваннi. Займаюцца педагагiчнай работай не прафесiяналы з дыпломам педiнстытута, а работнiкi завода, якiя не раўнадушныя да чужога лёсу i ўмеюць гэтым займацца. А такiх людзей на заводзе вельмi многа. Iдэалагiчны актыў вялiкi, грамадскай работай займаюцца i сталявары, i iнжынеры, канструктары, эканамiсты. Назаву ўсяго некалькi прозвiшчаў. Намеснiк начальнiка ўпраўлення аўтаматызацыi Аляксандр Уладзiмiравiч Красюк, начальнiк участка энергацэха Аляксандр Уладзiмiравiч Архiпенка, ён да таго ж актыўны настаўнiк моладзi. Начальнiк электрасталеплавiльнага цэха № 1 Вячаслаў Iванавiч Дзьячэнка, яго калега начальнiк цэха Аляксей Леанiдавiч Цярэшчанка, чый калектыў па вынiках 2008 года выйшаў пераможцам спаборнiцтва па iдэалагiчнай рабоце. Асобна варта сказаць пра начальнiка цэха Аляксандра Васiльевiча Сiнцова, якi да гэтага працаваў iнжынерам-тэхнолагам. Ён — удзельнiк падзей у Афганiстане i зараз узначальвае савет воiнаў-iнтэрнацыяналiстаў. А гэта людзi, якiх абпалiла полымя вайны, i яны надзвычай ранiмыя. Праз савет мы вырашаем усе iх праблемы: i аздараўлення, i аказання дапамогi — псiхалагiчнай i матэрыяльнай, i з жыллём у iх усе пытаннi вырашаны. Яны прайшлi асаблiвую жыццёвую школу, магчыма таму iх не трэба доўга ўгаворваць. Сумесна з iншымi моладзевымi арганiзацыямi, з педагогамi гарадскiх школ, у тым лiку школы-iнтэрната, праводзяць разнастайныя мерапрыемствы ваенна-патрыятычнага i аздараўленчага характару для дзяцей, тыя ж турзлёты. Увесь свой жыццёвы вопыт яны перадаюць юнакам i дзяўчатам. А дырэктар па вытворчасцi Вiктар Васiльевiч Старкоў узначальвае работу грамадскага камiтэта па фiзiчнай культуры i спорце. У нас праходзяць круглагадовыя спартакiяды, пастаяннымi сталi спаборнiцтвы i агляды, у якiх удзельнiчаюць усе структурныя падраздзяленнi. Можна сказаць, што ФОК "адпачывае" толькi тры гадзiны ў суткi. На працягу дзесяцi гадоў працуе савет маладых спецыялiстаў. Маладымi спецыялiстамi, як вядома, лiчацца нядаўнiя выпускнiкi ВНУ, але i праз два гады яны не хочуць выходзiць з гэтай суполкi, iм там — цiкава. Так што сваiмi актывiстамi лiчым i старшыню савета маладых спецыялiстаў Дзянiса Лiпчэўскага, i Вячаслава Лiпаткiна, якi ўзначальвае работу пярвiчнай арганiзацыi БРСМ i разам з 20 таварышамi па камiтэце шмат працуе ў калектывах. Нашы грамадскiя арганiзацыi складаюць як бы грамадскi цэх завода. Мы стварылi для iх неабходныя ўмовы, каб яны маглi з поспехам рэалiзаваць задачы, што перад iмi стаяць. — Наколькi мы ведаем, у вас вельмi моцная i жаночая арганiзацыя. — Яе работу ўзначальвае Наталля Мiкалаеўна Фларызяк, ёй дапамагае даволi моцны жаночы савет, у склад якога ўваходзяць прадстаўнiцы кожнага цэха. У цэхах створаны свае "пярвiчкi", i жаночая арганiзацыя сапраўды вельмi масавая. Напрыклад, на мiнулым тыднi я праводзiла сход жанчын заводакiраўнiцтва, i звярнула ўвагу, што ў спiсе нi многа, нi мала — 800 чалавек. Жаночыя арганiзацыi сумесна з адмiнiстрацыяй зрабiлi шмат карыснага для паляпшэння побыту жанчын на вытворчасцi. Прапанавалi новую форму для жанчын — яны i на сваiх працоўных месцах павiнны быць прыгожымi. Сумеснымi намаганнямi распрацавалi дызайн спецвопраткi, падабралi яркую i разам з тым практычную тканiну. На працягу двух апошнiх гадоў зрабiлi капiтальны рамонт жаночых пакояў у структурных падраздзяленнях i iнтэрнатах. Пра здароўе жанчын-працаўнiц клапоцiмся мэтанакiравана. У заводскай палiклiнiцы створаны дзве школы: маладой мацi i жаночая школа, перад слухачамi якой выступаюць дактары розных спецыялiзацый, псiхолагi i сацыёлагi. Я таксама ўваходжу ў жаночы савет завода, i мы ведаем кожную завадчанку, у якой адсутнiчае ўзаемаразуменне з мужам цi дзецьмi. Ведаем тых, хто мае цягу да спiртнога цi нейкiя iншыя асацыяльныя схiльнасцi — займаемся з iмi i дапамагаем адчуць "цвёрдую зямлю пад нагамi", захаваць сям’ю, вырашыць бытавыя пытаннi. Не забываем арганiзаваць сямейны вольны час — тут i ўсемагчымыя экскурсii, паездкi, агляды "Тата, мама, я — лепшая сям’я", i "Спартыўная сям’я", i "Спеўная сям’я", i конкурсы "Самая прыгожая пара" — формаў работы вельмi многа. Праходзiць усё цiкава, бо грамадскiя арганiзацыi праводзяць свае мерапрыемствы сумесна, гэта значыць, удзельнiчаюць лепшыя сiлы. Нашы дзяўчаты i вершы пiшуць самi, i ходзяць у "Школу рукадзельнiц", i ўдзельнiчаюць у конкурсе на лепшую гаспадыню. А ўсё "самае-самае", што згатавалi цi змайстравалi сваiмi рукамi, прыносяць на выставы ў Палацы культуры, у адмiнiстратыўных карпусах завода, iнтэрнатах. Жаночы рух на заводзе вельмi моцны, i ў гэтым руху жанчына ўдзельнiчае перш за ўсё як работнiца, як гаспадыня, мацi, жонка, якая выконвае сваё галоўнае прызначэнне на Зямлi. Мы адкрылi спецыяльны "Жаночы голас" (накшталт "Тэлефона даверу"), па якiм жанчына можа атрымаць адказы, кансультацыю па пытаннях, што яе хвалююць — па вытворчых i асабiстых (на ананiмнай аснове), дапамогу i падтрымку. — Магчыма, гэта i ёсць самая лепшая iдэалогiя, калi чалавек — у цэнтры ўвагi адмiнiстрацыi i калектыву. Але давайце ўсё ж удакладнiм: якiя формы i метады iдэалагiчнай работы ў яе звычайным, традыцыйным разуменнi, вы выкарыстоўваеце найчасцей? — Склалася даволi стройная сiстэма iнфармавання (а гэта пачатак любой iдэалагічнай работы) i выхавання калектыву. Iнфармацыйную "вертыкаль" узначальвае генеральны дырэктар, следам iдуць яго намеснiк па кадравай i выхаваўчай рабоце, аддзел iнфармацыйна-iдэалагiчнай работы, рэдакцыя шматтыражнай газеты "Металлург", якая выконвае сваю ролю iнфарматара i калектыўнага прапагандыста вельмi прафесiйна. Аб тым, як нашы журналiсты працуюць, сведчыць хоць бы тыраж "Металлурга": дзевяць тысяч экзэмпляраў. Не ўсякая раённая цi нават гарадская газета можа набраць такi тыраж. Кожны завадчанiн выпiсвае сваю газету, i гэта — таксама ацэнка. У iнфармаваннi i выхаваннi непасрэдна ўдзельнiчаюць кадравая служба, плюс усе дзесяць грамадскiх арганiзацый. Загадам па заводзе сюды ўключаны першыя намеснiкi кiраўнiкоў структурных падраздзяленняў. Яны адказваюць за iдэалагiчную работу непасрэдна. Задзейнiчаны таксама Палац культуры, нават ФОК — работа вядзецца ў комплексе. Што датычыць формаў i метадаў, то вось адна з iх, найбольш запатрабаваная. Генеральны дырэктар Мiкалай Вiктаравiч Андрыянаў i ўсе яго намеснiкi ў абавязковым парадку праводзяць па спецыяльным графiку сустрэчы з працоўнымi калектывамi. Расказваем пра падзеi ў рэспублiцы, вобласцi i непасрэдна на прадпрыемстве. Iдзе адкрытая размова з калектывам, i пытаннi, якiя не могуць быць вырашаны адразу, бяром на кантроль. Iснуюць дзве заводскiя iнфармацыйныя групы, адну ўзначальвае генеральны дырэктар, другую я. Таксама па графiку сустракаемся з калектывамi i дзелiмся навiнамi. Важна, што ў кожным структурным падраздзяленнi створаны свае iнфармацыйныя групы. Таму штомесячна праводзiм вучобу iх кiраўнiкоў (гэтак жа, як пасяджэнне савета дырэктараў, як кадравую нараду, нараду эканамiчных работнiкаў i г.д.). Часта запрашаем выступiць кiраўнiкоў той цi iншай галiны народнай гаспадаркi рэспублiкi — мiнiстраў i iх намеснiкаў. У нас, у прыватнасцi, выступалi мiнiстр прамысловасцi Рэспублiкi Беларусь Анатоль Максiмавiч Русецкi, першы намеснiк мiнiстра прамысловасцi Iван Iванавiч Дземiдовiч, намеснiк старшынi Камiтэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Вiктаравiч Агееў i iншыя кiраўнiкi. Створаны таксама групы, якiя штодня наведваюць зменна-сустрэчныя сходы — дзе адна змена перадае дзяжурства другой — i вельмi лаканiчна iнфармуюць калектыў пра тыя цi iншыя падзеi. Стараемся падбiраць iнфармацыйны матэрыял, якi цiкавы ўсiм: i выхад новых заканадаўчых актаў, i рашэннi дзяржавы ў галiне эканомiкi, i важнейшыя палiтычныя падзеi. Гэта ўвайшло ў звычку, i паспрабуй сёння не прыйсцi. У нас працуе сiстэма "Увага, чалавек" — комплекс мераў, якiя дазваляюць убачыць на вытворчасцi кожнага чалавека i ўдзялiць яму належную ўвагу. Скажам, у сям’i работнiка нарадзiлася дзiця, на зменна-сустрэчным сходзе мы яго павiншуем з гэтай падзеяй. Павiншуем калегу, у якога ў самога дзень нараджэння. У трэцяга сын закончыў ВНУ, увесь час ён вучыўся выдатна, i цэх ведае пра гэта. З такiх "дробязяў" складваецца добразычлiвая, сяброўская атмасфера. — У цэхах мы бачылi экраны спаборнiцтва... — На прадпрыемстве 29 формаў вытворчага спаборнiцтва, памiж асноўнымi i дапаможнымi цэхамi. У тым лiку конкурсы "Прафесiйны Алiмп" (на лепшы цэх, на лепшага рацыяналiзатара, лепшага майстра, наогул лепшага кiраўнiка i лепшага маладога кiраўнiка i г.д.). Конкурс на лепшы цэх па энергазберажэннi, на лепшую iдэю па энергазберажэннi... Iснуе вытворчае спаборнiцтва памiж брыгадамi асноўных цэхаў на самы высокi паказчык як па колькасцi, так i па якасцi, вынiкi падводзяцца штомесячна. 29 намiнацый — гэта многа, i вакол кожнай вiруе жыццё. Намiнацыi — не толькi вытворчыя: i "Лепшы спартсмен года", i "Лепшы ўдзельнiк мастацкай самадзейнасцi" i гэтак далей. Правiлы спаборнiцтва даволi жорсткiя, i вырвацца ў лiдары не проста. Таму пераможцаў у нас паважаюць. I кубкi ўручаем, i дыпломы, каб сям’я ведала, а на прафесiйнае свята яны iдуць наперадзе калонаў сваiх калектываў — такое штогадовае святочнае шэсце па горадзе. Большасць яго жыхароў самым цесным чынам звязана з лёсам завода, i гэта ўсiм цiкава. У калонах цэхаў iдуць сем’i металургаў разам з дзецьмi. — Перад нашым прыездам вы праводзiлi прыём па асабiстых пытаннях. — Стварэнню нармальнага клiмату ў калектыве садзейнiчае i такая наша "завядзёнка", як прыём па асабiстых пытаннях. На заводзе кожную сераду ў першай палове дня прыём вядзе генеральны дырэктар, я — з 14 гадзiн, а з 16-цi ўсе астатнiя кiраўнiкi. У год прыходзяць да 900 чалавек, звяртаюцца з самымi рознымi праблемамi: наколькi жыццё разнастайнае, настолькi багатая i тэматыка зваротаў. I работа, i сям’я, i дзецi, вучоба, жыллё, боль сардэчны i фiзiчны... Людзi давяраюць, таму прыходзяць, i гэта прыемна. Мы вядзём аналiз зваротаў, сiстэматызуем iх i ў абавязковым парадку сочым, каб меры, якiя належыць прыняць па кожным звароце, былi прыняты вычарпальна. Кiраўнiкi завода рэгулярна право- дзяць "прамыя лiнii", па тэлефоне адказваюць на пытаннi i прапановы. Сур’ёзна дапамагаюць у рабоце ўласныя сацыёлаг i псiхолаг, якiя праводзяць свой аналiз, вывучаюць грамадскую думку, адсочваюць працэсы ў грамадстве i калектыве. Нашы службы самi развiваюцца з улiкам сусветнага вопыту, i для зандажу грамадскай думкi прымяняюць сучасны iнструментарый. Усё гэта — работа з чалавекам. Калi мець на ўвазе, што мы — сталеплавiльны завод, то апраўданым будзе, я думаю, такое параўнанне, такi мастацкi вобраз. Работа над фармiраваннем асобы чалавека — гэта тая ж плаўка: яго характару, яго свядомасцi, яго перакананняў. Плаўка даўжынёй у жыццё. На заводзе мабiльная сацыяльная сфера: восем iнтэрнатаў, свой Палац культуры, ФОК, дзевяць дашкольных устаноў, якiя мы не перадалi гораду i ў якiя ўкладваем шмат сродкаў. Уласная медсанчасць, у якую ўваходзяць сучасная палiклiнiка адкрытага тыпу, некалькi здраўпунктаў, стаматалагiчныя кабiнеты. Летась адкрылi два рэабiлiтацыйныя цэнтры. Медыцынскую дапамогу можна атрымаць прама на вытворчасцi, скажам, у абедзенны перапынак. Ажыццяўляецца жыллёвая праграма, дзякуючы якой за апошнiя пяць гадоў амаль 800 завадчан атрымалi ключы ад новых кватэр. На гэты год запланаваны ўвод яшчэ двух шматкватэрных дамоў. Працуем i над выкананнем дырэктывы Прэзiдэнта № 1. Сёння працаваць на прэстыжным прадпрыемстве — гэта значыць несцi адказнасць за добрае iмя завода, за яго iмiдж. Усведамленне гэтага таксама выхоўвае. Наша прадпрыемства, вiдаць, унiкальнае ў тым сэнсе, што члены калектыву ўзялi на сябе адказнасць за паводзiны свайго таварыша не толькi на вытворчасцi, але i ў грамадскiх месцах, i запiсалi гэта ў калектыўным дагаворы. А эканамiчны "стымул", каб правiльна сябе паводзiць, такi: работнiк завода ў выпадку парушэння працоўнай цi грамадскай дысцыплiны, нават правiлаў дарожнага руху, губляе прыкладна 900 долараў ЗША ў год. Так што iншы дзесяць разоў падумае. А за з’яўленне на працы ў нецвярозым стане звальняем, не зважаючы на займаемую пасаду. I калектыў пра такiя выпадкi ведае. — Ваша прадпрыемства мае сваю вельмi выразную спецыфiку, цi не так? — Адказная i ў нечым нават суровая прафесiя металурга накладвае на людзей свой адбiтак. I нам працаваць з iмi намнога лягчэй, бо i самi яны — адказныя, прыстойныя, высокаарганiзаваныя. Калектыў — iнтэрнацыянальны, у свой час, пачынаючы з 1984 года, ствараць новую галiну беларусам дапамагалi братнiя рэспублiкi, i iх пасланцы прынеслi лепшае, што ўласцiва характару i ментальнасцi iх народаў. Зараз гэта адзiны кангламерат, iмя якому — беларускiя металургi. У iх высокi ўзровень прафесiйнай i агульнаадукацыйнай падрыхтоўкi. Кожны трэцi працаўнiк на заводзе мае вышэйшую адукацыю (звярнiце ўвагу на гэтую лiчбу), многiя з’яўляюцца студэнтамi-завочнiкамi ВНУ. Адсюль i патрабаваннi да праводзiмых намi мерапрыемстваў, усёй выхаваўчай i iдэалагiчнай работы — калi i рабiць, то не проста якасна, а высакаякасна. Як вядома, высокi iнтэлект суразмоўцы спрашчае задачу прапагандыста, але, як гэта нi парадаксальна, адначасова i робiць яе куды больш складанай. Ва ўсякiм разе, гэта заўсёды дыялог, а не павучанне, прычым дыялог роўных. Наколькi грунтоўна да яго патрэбна рыхтавацца, разумееце самi. — Вы сказалi, што ў вас калектыў iнтэрнацыянальны. У сваёй рабоце вы гэта неяк улiчваеце? — У нас i сем’i iнтэрнацыянальныя, i гэта самая эфектыўная мiжнацыянальная палiтыка. Былыя савецкiя рэспублiкi сталi замежнымi краiнамi, i каментуючы мiжнародныя падзеi, мы стараемся быць максiмальна карэктнымi i аб’ектыўнымi, каб не пакрыўдзiць пачуццё нацыянальнай годнасцi свайго таварыша. Мастацкая самадзейнасць з задавальненнем уключае ў сваю праграму нумары з нацыянальным каларытам. Варта помнiць i пра тое, што беларуская культура ўвабрала ў сябе элементы культуры суседнiх народаў-братоў: рускага, украiнскага, лiтоўскага i iншых. Але шчыра скажу, што мы не надта "эксплуатуем" мiжнацыянальную тэматыку. Мы даўно адчуваем сябе адной сям’ёй, чаго жадаць лепшага? — У рабоце з людзьмi няма нiякiх перашкод для пранiкнення ва "ўнутраны свет" калектыву, нават у псiхалогiю канкрэтнага работнiка, калi ты iдзеш да яго з чыстай душой. Цябе i прымуць з чыстым сэрцам, — сказала ў заключэнне Надзея Раманаўна. — I чым больш мы будзем рабiць дабра для працоўнага чалавека, у iмя чалавека, тым большай будзе аддача. Толькi пры ўзаемнай сувязi можна сеяць — як у школе, так i ў дарослым жыццi — разумнае, добрае, вечнае. У iмя чалавека, у iмя нашай Беларусi. Формаў, метадаў вельмi многа, а задумак яшчэ больш. I ўсе яны рэальныя. Калi я кажу, што ў нас дзесяць грамадскiх арганiзацый i яны дастаткова актыўна працуюць, то гэта сапраўды так, але я разумею i iншае: новыя ўмовы патрабуюць не драбнiць сiлы грамадскасцi, а нейкiм чынам яшчэ больш аб’ядноўвацца, узбуйняцца. Гэта перспектыва, якая патрабуе далейшага i больш глыбокага асэнсавання. Таму хай яна будзе тэмай для наступнай размовы. Публiкацыю падрыхтавалi Уладзiмiр ХIЛЬКЕВIЧ i Алена ДАЎЖАНОК. Здымкi Аляксандра КАРАБАНАВА. УНН 400074854
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Надзея Раманаўна Гаркуша нарадзiлася ў Жлобiнскiм раёне. У гушчы грамадскага жыцця апынулася з юнацкiх гадоў — была сакратаром камсамольскай арганiзац |
|