Родныя словы — добрыя справы
Родныя словы — добрыя справы
Мы пiшам — i нашы словы адбiваюцца ў людзях вiрам эмоцый, якiя ператвараюцца ў творы. Нам пiшуць — i так выдатна пiшуць па-беларуску нашы чытачы, такiх герояў знаходзяць, што праца журналiстаў, якiя адлюстроўваюць жыццё, дапаўняецца асаблiвым, мастацкiм поглядам на яго. Конкурс апавяданняў у "Звяздзе" летась быў самы ўраджайны: 22 творы апублiкаваныя на старонках газеты. Але гэтую лiчбу трэба памножыць на тры, каб мець уяўленне пра рэальную колькасць удзельнiкаў. У ранейшыя гады iх было значна менш. Сёння шмат гаворыцца пра тое, што роля лiтаратуры зменшылася ва ўсiм свеце i ў Беларусi таксама. З аднаго боку гэта, напэўна, так. А з другога боку, гэтую думку можна паставiць пад сумненне: адчуваецца такая вялiкая нязмушаная цiкавасць да "звяздоўскага" конкурсу, якая дае веру ў тое, што лiтаратура жыве i жыць будзе. Практычна штогод у нашых конкурсах перамагаюць творцы з правiнцыi. Але ў лiтаратуры правiнцыйнасцi не бывае. Штогод сярод пераможцаў нашага конкурсу апавяданняў з’яўляюцца новыя iмёны, што сведчыць пра багацце талентаў нашай зямлi. За гады свайго конкурс-апавядання конкурс вырас, набыў цiкавасць да сябе з боку лiтаратараў. Таццяна Падаляк, якая вяла конкурс шмат гадоў, узгадала, што ў перадапошнi год жыцця народны пiсьменнiк Беларусi Іван Пятровiч Шамякiн даслаў свой твор з паметкай: "на конкурс апавяданняў "Звязды". Заснавальнiкi конкурсу былi ўзрушаныя. Адным з лаўрэатаў быў i знакамiты Адам Глобус, якi прызнаўся: "Гэта мая першая ўзнагарода за лiтаратуру". Але цягам часу жаданне ствараць ахапiла нашых чытачоў. Наш эксперт, пiсьменнiк Вiктар Казько чакае, што актыўнасць аўтараў, якая назiралася летась, перарасце ў сапраўдную якасць лiтаратурных твораў. — Першыя мае крокi ў конкурсе заключалiся ў тым, каб прыкмецiць, заўважыць кроплю жывога, самабытнага, але не раскрытага таленту, падтрымаць яго, дапамагчы чалавеку парадай, калi трэба, падправiць апавяданне, — адзначае Вiктар Апанасавiч. — Але потым такая неабходнасць знiкла сама па сабе. Конкурс амаль што прафесiйны. Адна з адметнасцяў гэтага конкурсу — ён усё больш становiцца народным. Нiдзе няма такога конкурсу, нiдзе так не дбаюць пра тое, каб роднае слова жыло сярод людзей, як у найстарэйшай газеце. Лiтаратурны конкурс выдатна дапаўняе тое, пра што пiшуць журналiсты, палiтра жыцця i поглядаў на яго становiцца больш разнастайнай. Кожны год з’яўляецца нейкае новае iмя. I я з цiкаўнасцю чакаю лiстоў. Шмат каго цiкавiць, на што глядзiць "звяздоўскае" журы, калi падводзiць вынiкi? Па-першае, на мастацкi бок твораў. Па-другое, разглядаюцца перспектывы аўтараў, улiчваецца, адкуль чалавек i наколькi цяжка прабiвацца яму ў адрозненне ад маладых ды тых, хто жыве ў Мiнску i мае больш магчымасцяў дайсцi да чытача. Але сярод нашых былых лаўрэатаў ужо ёсць тыя, хто мае свае кнiжкi. Магчыма, калi-небудзь нехта з нашых цяперашнiх пераможцаў будзе ганарыцца тым, што першы крок у лiтаратуры зрабiў дзякуючы "Звяздзе". Вiктар Варанец, выкладчык Медыцынскага ўнiверсiтэта з Гродна (1-я прэмiя): — Я са "Звяздой" сутыкаўся, яшчэ калi быў студэнтам. Калi "Чырвоная змена", якая сёння яе частка, была самастойнай газетай, там можна было падзарабiць грошай: друкавалi гумарэскi i пародыi. Вось i завязалася з гумарам... А калi ў "Звяздзе" надрукавалi апавяданне "На бульбе", то некалькi чалавек тэлефанавалi i пыталiся: "Адкуль ты ведаеш тое, што з намi здарылася? Мы ж не расказвалi..." Але амаль ўсе, хто студэнтам быў "на бульбе", нешта падобнае перажывалi. Я ж "бульбу" зачапiў i як выкладчык. Як выкладчык хачу сказаць "Звяздзе" "дзякуй" за падтрымку ў адной важнай справе. Некалькi гадоў таму iшла барацьба за ўвядзенне i захаванне ў ВНУ курса "Беларуская мова: прафесiйная лексiка". Ваша газета адстойвала пазiцыi беларускай мовы. Як вынiк — цяпер усе ВНУ ў Беларусi маюць гэты курс, а я яго выкладаю, яшчэ працую намеснiкам дэкана медыка-псiхалагiчнага факультэта. У нас у медыцынскiм унiверсiтэце ёсць лiтаратурнае аб’яднанне "Катарсiс". Дзякуючы падтрымцы рэктара да юбiлею мы выдалi ўжо другi зборнiк у цудоўным пераплёце. Але ёсць праблема: прыходзяць людзi не толькi з нашага ўнiверсiтэта, а з усяго горада, прыносяць творы, каб хоць хто паглядзеў i слова добрае сказаў. Цяпер мы iх сталi накiроўваць у "Звязду". Вiктар Апанасавiч — чалавек добры, усiм напiша рэцэнзii. Даруйце, калi раптам пойдзе вялiкi паток лiстоў... Вiктар Супрунчук, лiтаратар, жыхар Мiнска (2-я прэмiя): — Я шмат разоў друкаваўся ў "Звяздзе", вельмi ганаруся гэтым. Памятаю ранейшыя свае творы, вельмi шмат было водгукаў на iх. Пiшу я даўно, быў некалi сакратаром Саюза пiсьменнiкаў. Але апошнiя 7-8 гадоў трохi адарваўся ад лiтаратуры. Цяпер працую ў "Беларусбанку", у нас выходзiць газета i часопiс, я iх галоўны рэдактар. Вельмi ўдзячны "Звяздзе" за публiкацыю апавядання "Пад танец ваўкоў" — яна мяне акрылiла, узрушыла, натхнiла. Таму што часта прыходзiлi дамоў з працы i думаеш толькi, як бы адпачыць. Але цяпер я напоўнены творчасцю, дапрацоўваю творы, якiя даўно пачынаў. Наогул працоўны дзень у мяне пачынаецца з таго, што я адкрываю i чытаю "Звязду". Газета сапраўды вельмi цiкавая, казаў пра яе сваiм супрацоўнiкам, усе пагаджаюцца. Дзякуй Богу, што яна ёсць i падтрымлiвае творчы дух. I дзякуй вам нават не столькi за прэмiю, колькi за адзнаку, за тое, што шмат людзей маглi пачытаць апавяданнi i далучыцца да лiтаратуры. Антанiна Абрамовiч, настаўнiца школы з вёскi Старая Мётча Барысаўскага раёна (3-я прэмiя): — З газетай "Звязда" я звязаная з дзяцiнства. У нас "Звязда" заўсёды была ў хаце, яе выпiсвалi бацькi, i калi я займела сям’ю, стала гаспадыняй, то перада мной не было выбару, якую газету чытаць. З фальклорным гуртом "Берагiня", якi створаны ў нашай школе, у 2002-м годзе мы ўдзельнiчалi ў прэзентацыi "Звязды" ў Мiры. З газетай нас звязвалi i пэўныя яе супрацоўнiкi, якiя асвятляюць нашу працу. Калi напiсалася апавяданне, з iм пазнаёмiлася мая каляжанка Галiна Станiславаўна Палонiк, якая цяпер на пенсii, але нешта сама вам дасылала. Яна сказала: "Толькi ў "Звязду"! Няхай пра Аўгiнню даведаюцца людзi". Сапраўды, апавяданне "Аўгiння" заснаванае на рэальных фактах з жыцця чалавека. З Аўгiнняй мяне звёў лёс, яе цяпер няма на белым свеце, але засталiся пра яе самыя цёплыя ўспамiны. Я расказала шасцiкласнiкам пра жыццё бабы Аўгiннi, яны вельмi расчулiлiся. Увогуле кажуць, што ў вёсцы дзецi дабрэйшыя, чым у горадзе. У нашай школе 170 вучняў i я заўважаю адбiткi сучаснага свету на iх характарах. Але iм вельмi цiкава ведаць, як жылi людзi, якiя выпрабаваннi вытрымлiвалi. Гэта тое, пра што з дзецьмi трэба гаварыць, вяртацца да агульначалавечых тэмаў. Мiхаiл Зiзюк, iндывiдуальны прадпрымальнiк з Навагрудка (3-я прэмiя): — З дзяцiнства я вельмi шмат чытаў, акрамя ўрокаў, па 300 старонак штодня. Мне ўсё было цiкава. Сам паходжу з Петрыкава, са шматдзетнай сям’i, нас было шасцёра дзяцей, бацькi працавалi жывёлаводамi. Пасля школы паступiў у Новасiбiрскае ваенна-палiтычнае вучылiшча, служыў на Далёкiм Усходзе. Калi вярнуўся на радзiму, пасялiўся ў старажытным Навагрудку, працаваў у органах унутраных спраў, атрымаў другую вышэйшую адукацыю. Вершы пiсаў даўно, як толькi закахаўся ў сваю жонку, з якой мы разам 21 год. Было i такое, што сюжэты твораў я снiў. Пачаў пiсаць па-руску, спадзяваўся, што ў Расii шмат выдавецтваў, якiя могуць зацiкавiцца. Але кнiгу "Вяселле" выдаў за свае сродкi. Пiсаць на роднай мове стаў дзякуючы "Звяздзе", якую выпiсаў выпадкова, газета вельмi спадабалася. Да майго першага апавядання Вiктар Апанасавiч паставiўся вельмi ўважлiва, крыху перарабiў, падправiў, i надрукавалi. Тады я зразумеў, што нешта магу. Потым было яшчэ апавяданне, яшчэ i яшчэ. I вось "Тваё свiтанне" адзначылi. Дзякуючы вам, я паверыў у сябе. У мяне ўжо больш за 50 ўласных песень, якiя сам выконваю пад гiтару. Крыху больш за год таму я арганiзаваў у Навагрудку дабрачынную вечарыну, каб падтрымаць будаўнiцтва новай царквы. Сабралося чалавек 250. Дзякуючы таму, што людзi добра прынялi маю творчасць, удалося зрабiць добрую справу. Ларыса ЦIМОШЫК. Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мы пiшам — i нашы словы адбiваюцца ў людзях вiрам эмоцый, якiя ператвараюцца ў творы. Нам пiшуць — i так выдатна пiшуць па-беларуску нашы чытачы, такi |
|