Падарунак
Падарунак
Было гэта гадоў з 30 таму. Мiколу, простаму вясковаму мужыку, на нейкае свята падарылi падцяжкi. Паглядзеў ён на iх, пакруцiў у руках, а што з iмi рабiць — не ведае. "Дарыльшчыкi" тут як тут — з дзядзькавых портак дзяжку выцягнулi, нейкiмi блiскучымi прышчэпкамi iх падхапiлi, перакiнулi шлейкi праз плечы — гатова, маўляў. — Цi зручна? — пытаюць. А дзядзька ведаў, як падарункi прымаць. — Кажа, чаму ж не, людцы! Файная рэч! І прыгожая. Я даўно такую хацеў. Трэба замачыць... Пасядзелi, як водзiцца, за сталом, добра-такi выпiлi, пайшлi гуляць. Мiкола, наогул, мужык здаровы, але ж тут яго страўнiк бурчаць нешта стаў. "Мусiць, нядобрае нештачкi з’еў? — здагадаўся дзядзька. — Цяпер дадому б паспець". I даўся, але небяспека нарастала з касмiчнай хуткасцю. Карацей, не вытрываў ён — сiгануў у кусты пры дарозе. I якое ж там меў здзiўленне: ён нагавiцы ўнiз спускае, а яны, самi (!), як на спружынах, уверх падымаюцца. "Гэта — падцяжкi", — з трэцяй спробы дайшло да дзядзькi. — Гады... Пачапiць пачапiлi, а што далей рабiць?! У iншым выпадку дзядзька (не дурны ён быў!) скемiў бы сам, тут — часу не было. Прычым — ка-та-страфiчна. Iдэя ўзнiкла — з дарогi згледзеў, што ў блiжэйшым двары кабета сядзiць, абiрае бульбу. Мiкола, з кустоў (ну не раўнуючы, як чорт з табакеркi) — да яе. I за нож, нiчога не кажучы (бо зубы ж сцiснутыя... Ад напружання...). З рук яго вырваў — i зноў у кусты. А кабета ж спужалася, угледзела, што чалавек нападпiтку i ў крык: — А матачкi, а што ж то робiцца! Ратуйце, людцы добрыя! Рэзацца пабег... Аднак праз хвiлю-другую Мiкола паўстаў перад ёй жывым, здаровым i шчаслiвым — ну быццам з Богам павiтаўшыся: — Цiхоце, цётко, от ваш нож. Мне адно гэтыя шлейкi трэ было адрэзаць. Падарылi во... Лiха... Падарунак (сапсаваны) чатырма сумнымi канцамi матляўся ля ног, але Мiколу гэта па барабану было. Анатоль Трафiмчык, в. Вялiкiя Круговiчы, Ганцавiцкi раён. в. Вялiкiя Круговiчы, Ганцавiцкi раён. УрокНе толькi ў нашым — у многiх калгасах, як я ведаю, справы iшлi (ды i iдуць...) з пераменным поспехам: то лепей, то горш. I паратункам тады бачыцца адно — мяняць старшыняў. Што цiкава, ахвотныя на гэтую пасаду заўсёды знаходзяцца... А вось падлiкоўца на сянажную яму ў нас тады не знайшлi... Не помню ўжо, хто iдэю падкiнуў: вырашылi спецыялiстаў туды накiроўваць. Па чарзе. А ветэрынар у нас чалавек сур’ёзны быў — справу сваю ведаў, гарэлкi ў рот не браў — годна трымаўся. I права меў. То, значыць, падышла яго чарга. Сеў ён ля сянажнай ямы, запiсвае, хто з трактарыстаў колькi рэйсаў зрабiў. I тут на козлiку пад’язджаюць новы старшыня з iнжынерам. Спыняюцца крыху паводдаль, глушаць матор. Iнжынер падбягае да ветурача, кажа: — Iдзi, цябе старшыня наш клiча. Той у адказ: — А чаго я пайду? Ён мне не патрэбен. А калi я яму — то хай сам падыходзiць. Старшыня размову гэту пачуў, мацюкнуся, махнуў рукой, завёў машыну i паехаў. ...Згадзiцеся, не кожнаму старшынi пашчасцiць працаваць з такiмi спецыялiстамi. Не кожнаму — атрымаць падобны ўрок. Заканамерны, калi ўлiчыць, што ветурач быў гадоў на 20 старэйшы. Д. Барэйка, в. Юркаўшчына, Докшыцкi раёнэ. ШопiнгМы з Ганнай (мне 70 гадоў, ёй 76) ад нараджэння па суседстве жывём i сябруем, на вячоркi ходзiм адна да адной. Кажу ёй неяк: — Ганулька, i што ж мы сабе думаем? Новы год хутка, Каляды... Унукаў, праўнукаў Бог ад душы нам даў, не шкадуючы, i дзе ж нам падарункаў столькi набраць? Памаўчала сяброўка ды кажа: — А што калi нам ва Украiну на шопiнг падацца? Любка, суседка наша, тры разы ўжо была, накупляла ўсяго таннейшага... — Дык яна ж маладая — тры гады, як на пенсii, машыну водзiць, а мы — чарапкi старыя — рассыплемся, покi даедзем. — А раптам — не? Пасядзелi мы так, падумалi i, было не было, рашылiся. Сабралi грошай, купiлi тых зялёных амерыканскiх рублёў, падбiлi Любку. I паехалi мы з Ганнай за мяжу!.. (Хоць якая там мяжа, мiж намi кажучы, ад дому — паўсотнi вёрст усяго). Але мытнiкi стаяць, пiльнуюць. Нашы з Ганнай пашпарты доўга разглядалi, потым нас самiх, патылiцы чухалi. Прапусцiлi. Нашы. Украiнскiя болей мурыжылi — 150 машын наперадзе было, але ж i там неяк праскочылi. На рынку ўжо. Бацюхны, колькi ж там усякай усячыны!.. Памянялi мы на грыўны долары i давай падарункi купляць — унучкам калготы, унукам шкарпэткi, дочкам талеркi, усiм ёлачныя цацкi, цукеркi... Потым да легкавушкi Любiнай i дамоў, зноў праз мытнi, вядома ж. На ўкраiнскай нас прапусцiлi, нават нiчога не спыталiся. А наш мытнiк запынiў, загадаў, каб рэчы разабралi (кожная свае). — Петарды, — строга пытаецца, — ёсць? — Ё, — кажа Ганулька i ў торбу сваю. Пакорпалася там i штось дастае: — Вось, галубок — праўнук сказаў, я i купiла. — Дык гэта ж не петарды! — дзiвiцца памежнiк. — Гэта ж фарбы акварэльныя! Гэтым маляваць можна, а тым — страляць... — У каго, галубок? — ледзь не самлела Ганна. — Ды, Божачка, баранi нас — не стралялi мы! I — вось табе крыж — нiколi не будзем!.. Толькi адпусцi... Паверыў чалавек, адпусцiў, але цукеркi ўзважыў (хоць яно ж i на вока вiдно — не па пяць там кiль: у мяне на дзве з палоўкай пацягнула, у Ганулi яшчэ менш). Карацей, даехалi мы да дому, ашчаслiвiлi ўсiх падарункамi. Адно — той праўнук Ганулiн засмучаны быў — дзiвiўся, ну як бабулi замест петардаў ды фарбы "ўдулi"? Тая i сказала яму: што, маўляў, рынак цяпер, дзiцятка. А на iм можна i карася за парася прадаць, калi пакупнiк дурны... Але мы з Гануляй не такiя ўжо, не лыкам шытыя — за мяжой пабывалi. Марыля, Iванаўскi раён. Iванаўскi раён. Паехалi i прыехалiГэта было ўлетку, падчас школьных канiкулаў. Мы з мамай сабралiся з’едзiць у Санкт-Пецярбург у госцi да майго хроснага. Бiлеты ў купэйны вагон каштавалi для нас задорага — купiлi ў плацкартны. Да таго ж i месцы нам дасталiся не лепшыя — бакавыя, на праходзе. Але ж нiчога не зробiш — калi дужа хочаш паехаць, паедзеш хоць як. Ды i колькi там дарогi той — адна ноч, можна сказаць. Да таго ж у вагоне — ну проста на здзiў — было вельмi спакойна, прыстойна. Але не паспелi мы з мамай гэтаму парадавацца, як з’явiлася яшчэ адна пасажырка — мажная кабета гадоў 50-i. Дзе было яе месца, не зразумела, бо, не маючы ў руках квiтка, яна проста ўвалiлася ў адсек насупраць нас i села. Мяркуючы па яе паходцы i паводзiнах, я мог смела сказаць, што выпiла яна нямала. Але ж пры гэтым была апранута ў штосьцi цёмнае, цёрла вочы, цяжка ўздыхала, i цi не ўсе нашы спадарожнiкi вырашылi, што ў яе вялiкае гора, сталi спачуваць. Жанчына мiж тым хвiлiн мо з дзесяць пасядзела, потым прамармытала нешта накшталт "можна паспаць" i працягнула рукi ўверх, каб зняць матрац. Мужчына, што быў з ёй побач (можа так выхаваны, а можа проста пабаяўся, што цётка з тым матрацам рухне на яго) падхапiўся з месца i ёй дапамог. Кабета доўга, з намаганнямi, слала сабе пасцель, доўга укладвала ўласнае цела, але ж нарэшце ўлеглася. Пацягнула на сон i мяне. Я ўжо нават заплюшчыў вочы i ўявiў, што мы ў Пiцеры, калi раптам... вагон скалануўся. Было ўражанне, што цягнiк сышоў з рэек — з верхнiх палiц саскочылi пасажыры... Але ж, калi шок прайшоў, усе ўбачылi, што нiчога такога не адбылося — проста, заснуўшы, тая гаротная жанчына... захрапла. З кожнай мiнутай храп гучаў мацней i мацней. Адзiн пасажыр, каб супакоiць сябе, стаў досыць гучна насвiстваць, iншыя размаўлялi, бо заснуць усё адно было немагчыма. Я паглядзеў унiз i ўбачыў руку мамы, якая цягнулася да чаравiка. Яна была страшэнна стомленай, але ў цётку ўсё ж нiчога не кiнула — зрабiць гэта ёй не дазволiла яе iнтэлiгенцкае выхаванне. Мне таксама вельмi хацелася спаць. I тут я ўспомнiў, што ў мяне ёсць навушнiкi! Я заткнуў iх у вушы i хоць не адразу, але заснуў. Адкрыўшы ранiцай вока, убачыў у вагоне стомленых, злосных спадарожнiкаў i "гаротнiцу", якая ўсё яшчэ спала, але... цiха. Што для гэтага давялося зрабiць, я не ведаю. Ведаю, бачыў, як праваднiца амаль хвiлiну будзiла яе, казала, што пара, што мы прыехалi... — О, вельмi добра, што прыехалi! — расплюшчыла вочы цётка i... зноў заснула. Што было з ёй далей, я не ведаю — цягнiк спынiўся, мы пайшлi да выхаду, ля якога нас ужо сустракалi нашы пiцерцы. Паша Балышаў, г. Мiнск. г. Мiнск. Цiхая гадзiнаНе, не здарма кажуць, калi дзiця прыцiхла, чакай бяды — нядобрае нешта робiць. Гэта, значыць, у зяцевай вёсцы было, на згон вясны, у суботку. Аленка, малая, у садок не пайшла, дома сядзела i можна сказаць, што адна. Брацiк з сястрычкай у школу пайшлi — на заняткi шостага дня (як быццам пяцi iм мала?), мама па гаспадарцы тупала... Малая хвосцiкам пахадзiла за ёй, але каровы i свiннi яе цiкавiлi мала, хутчэй палохалi, пагуляла ў пясочнiцы, павазiла ў калясцы ляльку. Нешта не тое было — ўсё знаёмае, сумнае. Хацелася чагосьцi новага. Вочы малой спынiлiся на качцы з качанятамi. "Ходзяць i ходзяць, — падумала малая. — А ўжо ж час iм паспаць, цiхую гадзiну зрабiць, ну як у садку". Нарвала дзяўчынка травы, паслала мяккую пасцельку, злавiла адно качаня, пагушкала. I сказала ж, каб яно вочкi закрыла, — не слухаецца, палажыла — не ляжыць. Тады Аленка сарвала лiст лопуха, злавiла другое качаня i ўкруцiла яго ў коўдрачку. Але i гэта не спрацавала, качаня таксама ўцякло. Злавiла трэцяе — пагушкала, пацалавала, укруцiла ў лiсток, палажыла i накрыла яго... цаглiнкай. Птушачка не варушылася. Значыць, заснула? Таму з наступнымi Аленка зрабiла тое ж. Калi мацi, адчуўшы, што дзiця прыцiхла, пайшла яго шукаць, справа была ўжо зроблена. На зямлi, кожнае ў лапуховым "спальнiчку", роўненька ляжалi качаняты. А гора-нянька сядзела побач i спявала iм калыханку. Алена Саўко, В. Рэпля, Ваўкавыскi раён. Рубрыку вядзе Валянцiна Доўнар.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Было гэта гадоў з 30 таму. Мiколу, простаму вясковаму мужыку, на нейкае свята падарылi падцяжкi. Паглядзеў ён на iх, пакруцiў у руках, а што з iмi раб |
|