21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Сялянская стратэгія Іосiфа Нехвядовiча

26.08.2009 10:44 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сялянская стратэгія Іосiфа Нехвядовiча Насуперак крызiсу фермер з Дубоўцаў мяркуе ўдвая павялiчыць плошчу сваёй гаспадаркi

Некалькi гадоў таму пабываў я ў гасцях у Iосiфа Нехвядовiча. Яго дагледжаныя палеткi знаходзяцца паблiзу буйной аўтамагiстралi. Iосiф Iванавiч — прызнаны аўтарытэт у сваёй справе: па параду да яго прыязджаюць не толькi калегi-прыватнiкi, але i старшынi сельгаспрадпрыемстваў, прычым не толькi з Валожыншчыны. Паколькi добра ведаюць: Iванавiч заўсёды дасць слушную параду, якая дазволiць выблытацца са складанай сiтуацыi. А як адчувае сябе фермер у цяжкiя часы? Гэта я i iмкнуўся высветлiць, калi завiтаў да Нехвядовiча.

 

Больш гароднiны i бульбы

Пачынаў Iосiф Iванавiч пятнаццаць гадоў таму — у 1993-м. Тады зарэгiстраваў уласную фермерскую гаспадарку, стаў працаваць на сябе. Спачатку яму выдзелiлi 10 гектараў, праз пэўны час плошчу палеткаў удалося павялiчыць да 27 га. Увогуле Нехвядовiч пашыраўся пяць разоў! У вынiку цяпер апрацоўвае 218 гектараў, з якiх каля 2/3 — ворыва. За апошнi час прыватнiк зменшыў плошчу пад збожжавыя, пад якiя летась было 80 гектараў. Урадзiлi няблага (35 ц/га — як у сярэднiм па раёне), але фермер лiчыць, што вынiк мог быць i большы. Калi б не падвялi азiмыя. Увосень Нехвядовiч засявае 40 гектараў пшанiцай i трыцiкале, а другую палову "хлебных" палеткаў пакiдае, каб увесну пасеяць яшчэ i ячмень.

— У мяне ёсць новы камбайн гомельскай вытворчасцi, якi набыў па лiзiнгу, — заўважае Iосiф Iванавiч. — Але падчас жнiва гэтая тэхнiка працуе толькi 4-5 гадзiн у дзень. Вымушаны чакаць, пакуль прыедзе машына i забярэ збожжа. Падчас уборкi зерне адвозiлася на Маладзечанскi хлебакамбiнат. Сабраў дзесьцi 290 тон збожжавых i асноўную частку ўраджаю рэалiзаваў, невялiкую колькасць пакiнуў на захоўванне.

У гэтым своеасаблiвая сялянская стратэгiя: безумоўна, прывабна ўсё адразу прадаць па даволi высокiх цэнах, але ж можна i пачакаць, калi заробiш больш. Зразумела, моцна рызыкаваць не варта, але чаму б не паспрабаваць зрабiць менавiта такiм чынам? Поўнасцю абуладкаваць "хлебную" частку сваёй справы Нехвядовiчу пакуль не дазваляе недахоп нармальнай сушыльнай гаспадаркi i транспарту для адвозкi. Дарэчы, машыну на ўмовах лiзiнгу прыватнiк не можа набыць ужо тры гады. Магчыма, гэта ўдасца зрабiць сёлета.

Па зразумелых прычынах Iосiф Iванавiч пэўным чынам перыарыентаваўся на бульбу i гароднiну. Пад "другiм хлебам" у яго даволi вялiкая плошча — 45 гектараў. Фермер вырошчвае як беларускiя, так i галандскiя гатункi. Кожны з iх, паводле меркавання, мае свае перавагi i недахопы. Каб у поўнай меры задаволiць патрэбы ўсiх катэгорый спажыўцоў, трэба, як кажуць, заўсёды трымаць нос па ветры.

Толькi вось набыць перспектыўныя гатункi не так проста. I трэба заўсёды працаваць пад канкрэтны заказ рынку. Прыватнiк працуе i з дзяржаўнымi, i з камерцыйнымi структурамi. Iснуе пэўнае кола дзелавых партнёраў, пра якiх ведаеш, хто на што варты. Пастаўкамi на знешнi рынак Нехвядовiч не займаецца, але добра ведае перавагi спажыўцоў шэрагу рэгiёнаў. Напрыклад, што возяць у Пiцер i Маскву, а што ў Малдову. Значная частка гароднiны добра разыходзiцца на ўнутраным рынку, тут доўга задумвацца не выпадае — лiтаральна пад бокам сталiца.

Цяпер без "лiмузiнаў"

Галоўны "козыр" рэалiзацыi — не толькi высокая якасць (хоць гэтая ўмова таксама заўсёды сярод абавязковых), а i знешнi выгляд прадукцыi. Так што важны не толькi змест — упакоўка адыграе надзвычай важную ролю. I гэта Нехвядовiч таксама добра разумее i ўлiчвае ў сваёй працы.

— Ужо адышоў той час, калi можна было прапаноўваць спажыўцу прадукцыю ў мяхах, — перакананы Iосiф Iванавiч. — Зручная ўпакоўка прываблiвае пакупнiкоў, ды i крамам лепш такой прадукцыяй гандляваць. Выгада, як бачым узаемная. Гэтыя змяненнi нельга не ўлiчваць, iнакш будзеш мець страты.

Таму прыватнiк набыў замежнае абсталяванне для мыцця i фасоўкi гароднiны. Да ўборкi гэтая тэхнiка будзе ўстанлявана i спярша пад канкрэтныя заказы пачнецца адгрузка. Фасаваць прадукцыю можна ад кiлаграма i больш. Упакоўваць магчыма будзе ў розныя матэрыялы — у залежнасцi ад сiтуацыi. Такiм чынам, ужо ў блiжэйшы час дакладна адпрацуюць тэхналогiю пастаўкi гароднiны. Прычым гэта датычыцца не толькi бульбы, у Нехвядовiча значныя плошчы пад гароднiнай.

Памятаю, калi пабыў у яго першы раз, прыватнiк спрабаваў таксама займацца вырошчваннем агуркоў i таматаў. Аднак цяпер вырашыў ад гэтых культур адмовiцца. Як ён рэзонна разважае: няўжо фермеру з Валожыншчыны можна супрацьпаставiць вартую прапанову сваiм паўднёвым калегам i вялiкiм цяплiчным камбiнатам? Напэўна ж, не, вось i вырашыў Iосiф Iванавiч вырошчваць "традыцыйны набор". Цяпер у яго 15 гектараў морквы, 10 — буракоў, 7 — капусты. Уся гароднiна добра разыходзiцца: фасоўка адбываецца штодня, тры разы на тыдзень ходзiць машына на Мiнск. З мiнулага года акрамя ўзгаданых культур Нехвядовiч пачаў таксама займацца i вырошчваннем цыбулi. Здаецца, атрымалася нядрэнна. Прынамсi, гэта ж таксама пэўны крок наперад у развiццi фермерскай гаспадаркi.

З пэўных страт апошняга часу Iосiф Iванавiч узгадвае тое, што давялося адмовiцца ад жывёлагадоўлi. Раней у яго быў немаленькi статак — трымаў каля паўсотнi "лiмузiнаў". Гэтая высокапрадукцыйная мясная жывёла расла даволi хутка (у сярэднiм прыбаўленне ў вазе складала 1,2 кiлаграма ў дзень), на адпаведны накiрунак прыватнiк ускладаў пэўныя спадзяваннi. Аднак аказалася, што займацца вырошчваннем "лiмузiнаў" нявыгадна. Паколькi ўзнiкаюць цяжкасцi з рэалiзацыяй. Справа ў тым, што для гэтай жывёлы ўстаноўлены даволi высокi адпускны кошт. Мяса вельмi якаснае i прымяняецца ў прыгатаваннi дзiцячага харчавання. Заказваць транспарт для перавозкi некалькiх "лiмузiнаў", да прыкладу, у Ваўкавыск цi Баранавiчы (дзе ёсць адпаведныя вытворчасцi) даволi затратна. А мясцовыя мясакамбiнаты i перапрацоўчыя цэхi жывёлу па вызначаным кошце проста не бяруць. Так што атрымлiваецца сапраўднае замкнёнае кола. Якое, праўда, можна было "разамкнуць", калi б фермеру выдзелiлi памяшканне. I тут ёсць канкрэтныя варыянты. Закiнуты i напаўразбураны кароўнiк знаходзiцца лiтаральна за чатыры кiламетры ад сядзiбы фермера. Цiкава, што ўзвядзеннем гэтага памяшкання Нехвядовiч займаўся ў той час, калi працаваў у гаспадарцы. Упэўнены, што той кароўнiк прыватнiк абавязкова б давёў да ладу. Змог такiм чынам павялiчыць пагалоўе i пастаўляць якаснае мяса. Каму ад гэтага горш?

З хрэнам не прападзеш

Iосiф Iванавiч, напэўна, адзiн з нямногiх фермераў у Беларусi, якi займаецца вырошчваннем хрэну. "Знайшоў" гэтую культуру гадоў сем таму i дасюль аб гэтым нiколькi не шкадуе. Зараз пад хрэнам у фермера 15 гектараў — вялiкая плошча. За мiнулы год было рэалiзавана каля шасцi тон ядранага кораню. Нехвядовiч супрацоўнiчае з адным вядомым прадпрыемствам, якое, дарэчы, не толькi спраўна выконвае свае фiнансавыя абавязкi, а яшчэ i авансуе ўвесну прыватнiка. У гэты час, вядома ж, такая дапамога заўсёды да месца.

Культура працаёмкая, асаблiва падчас падрыхтоўкi пасадачнага матэрыялу. Таксама цяжкасцi стварае тое, што ва ўсiм свеце няма гербiцыдаў для апрацоўкi хрэну. Прымяняюцца самыя розныя, нават даволi незвычайныя метады. Да прыкладу, у Амерыцы рады накрываюць спецыяльным матэрыялам, а мiжраддзi... выпальваюць метанам. Нехвядовiч летась зрабiў свой апырсквальнiк. Здаецца, выпрабаваннi "апарата" прайшлi паспяхова i ў далейшым яго можна будзе прымяняць.

Як бачым, фермер вырошчвае самыя розныя культуры — ад традыцыйных збожжа, бульбы i гароднiны да даволi рэдкага ў такiх прамысловых маштабах хрэну. Ёсць пэўныя спадзяваннi на развiццё жывёлагадоўлi (калi дазволяць "рэанiмаваць" закiнутае памяшканне). Якiя яшчэ планы па развiццi ўласнай гаспадаркi?

— Год пачынаецца не надта аптымiстычна, — заўважае Нехвядовiч. — Вiдавочна, што ўзрастуць затраты на вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыi, плацяжы па крэдытах. Аднак насуперак усiм крызiсам я планую, калi атрымаецца, удвая павялiчыць плошчу сваёй гаспадаркi — з 218 гектараў да больш чым 400. Гэтае пытанне ўздымаецца не адзiн год, магчыма нарэшце яно вырашыцца.

Прычым фермера нiколькi не палохае, што рашэнне можа быць прынятае лiтаральна напярэдаднi сяўбы. У яго ёсць уся неабходная тэхнiка, каб як належыць апрацаваць гэтыя палеткi. Дарэчы, да веснавых работ у полi ўжо цяпер Нехвядовiч падрыхтаваўся як мае быць: тэхпарк на лiнейцы гатоўнасцi, створаны запас гаручага, закупляецца неабходны аб’ём мiнеральных угнаенняў.

Дарэчы, у фермерскай гаспадарцы занятая ўся сям’я Нехвядовiчаў — разам з Iосiфам Iванавiчам яго жонка Тамара Аляксандраўна, а таксама двое сыноў — Руслан i Iван. Атрымлiваецца, што праца на зямлi — iх агульная справа. I дакладна без гэтай працавiтай сям’i ў невялiчкiх Дубоўцаў (тут засталiся лiчаныя жыхары, нават сваiх работнiкаў прыватнiкi прывозяць з iншых месцаў) не засталася б шанцаў. Ужо найблiжэйшыя колькi гадоў вёска натуральным чынам проста знiкла б з карты. А так у населенага пункта з’явiлася перспектыва i ўпэўненасць у будучынi.

Увогуле без планаў i задумаў Нехвядовiча цяжка сабе ўявiць — разнастайных праектаў у яго заўжды багата. Акрамя магчымага пашырэння гаспадаркi Iосiф Iванавiч распачынае будаўнiцтва адметнага аб’екта прыдарожнага сэрвiсу. Справа ў тым, што непадалёк размешчаны пункт кантролю буйнагабарытнага аўтатранспарту. Здараецца, што ранiцай блiжэйшае скрыжаванне дарог цяжка праехаць — столькi тут фураў збiраецца. Таму Нехвядовiч упэўнены: неабходна зрабiць вялiкую стаянку для грузавiкоў (на 70 машын), станцыю тэхнiчнага абслугоўвання, мыйку. Побач будзе працаваць крама i кавярня, дзе ў тым лiку да стала ахвотна пададуць натуральную прадукцыю фермерскай гаспадаркi. Вось гэта сапраўды гаспадарскi падыход да справы!

Мiкалай ЛIТВIНАЎ,

Фота аўтара.

Валожынскi раён.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Некалькi гадоў таму пабываў я ў гасцях у Iосiфа Нехвядовiча. Яго дагледжаныя палеткi знаходзяцца паблiзу буйной аўтамагiстралi. Iосiф Iванавiч — прызн
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика