ВЫРАТАВАЛЬНЫ КРУГ ДЛЯ ДОБРУШСКАГА ТЫТАНIКА
ВЫРАТАВАЛЬНЫ КРУГ ДЛЯ ДОБРУШСКАГА ТЫТАНIКА
Лiст праверыў карэспандэнт
Так ужо атрымалася, што ў карпункты "Звязды" i "Рэспублiкi" па Гомельскай вобласцi група працаўнiкоў Добрушскага фiлiяла адкрытага акцыянернага таварыства "Малочныя прадукты" звярнулася ў адзiн i той жа дзень: дапамажыце! Трывога вынiкала не толькi з размоў, выразна гучала яна i ў пiсьмовых зваротах да прэсы. А звярнуцца людзей да рэспублiканскiх выданняў вымусiла крызiсная сiтуацыя, якая склалася апошнiм часам на прадпрыемстве. Сутнасць яе i перадаюць радкi лiстоў. "З 1 снежня мiнулага года генеральным дырэктарам ААТ "Малочныя прадукты" Уладзiмiрам Коцурам прынята рашэнне аб прыпыненнi работы фiлiяла. Каля 100 работнiкаў на два месяцы адпраўлены ў вымушаны водпуск з аплатай 2/3 месячнай тарыфнай стаўкi, iншымi словамi, фактычна выкiнутыя на вулiцу. На прадпрыемстве застаўся працаваць толькi невялiкi цэх па вытворчасцi заменнiка натуральнага малака (ЗНМ). А ў кожнага з нас — сем’i, дзецi. Што будзе пасля — невядома, бо кiраўнiцтва акцыянернага таварыства не паведамляе, хоць тыя дзеяннi, якiя распачаты, сведчаць калi не пра поўнае закрыццё прадпрыемства, то пра яго перапрафiляванне... У сярэдзiне снежня, пасля нашага першага звароту ў Гомельскi аблвыканкам, адбыўся агульны сход калектыву з удзелам Уладзiмiра Коцура, намеснiка старшынi аблсельгасхарча Мiкалая Цеплякова i начальнiка ўпраўлення сельскай гаспадаркi i харчавання Добрушскага райвыканкама Аляксандра Антановiча. З трыбуны нам паабяцалi, што прадпрыемства не закрыецца, што працоўныя месцы будуць захаваныя, што прыбытак ад рэалiзацыi ЗНМ будзе накiраваны на мадэрнiзацыю i рамонт фiлiяла. Мы б згадзiлiся, як бы нi было цяжка, пацярпець, калi б бачылi, што абяцанае выконваецца. А што насамрэч? Сыравiна (90 тон малака штодзень), якая да прыпынення работы фiлiяла паступала да нас, напрасткi завозiцца ў Гомель на галаўное прадпрыемства. Прыбытак ад рэалiзацыi ЗНМ i казеiну таксама асядае там. 12 студзеня на прадпрыемстве пачаўся дэмантаж абсталявання пад матывам устаноўкi лiнii па вытворчасцi гафрыраваннай тары. I толькi дзякуючы ўмяшанню старшынi Добрушскага райвыканкама Вольгi Мохаравай ён быў прыпынены. Хiба не абсурд, калi, маючы ў Добрушы папяровую фабрыку "Герой працы", мы павiнны вырабляць прадукцыю, не ўласцiвую для харчовага прадпрыемства?! А можа гэта завуаляванае разграбленне нашага прадпрыемства?! Дарэчы, да Вольгi Фёдараўны мы неаднаразова звярталiся з просьбай аб дапамозе фiлiялу. Да вырашэння праблемы падключаўся i дэпутат Палаты прадстаўнiкоў Уладзiмiр Маёраў. Але, напэўна, не ўсё ў iх сiлах. Дапамажыце нам адстаяць свае правы i дабiцца справядлiвасцi!!!" Згадзiцеся, пакiнуць гэты крык адчаю без увагi было немагчыма. Размова ж iдзе не толькi пра лёсы самiх 120 масларобаў, але i аб iхнiх сем’ях, дзецях. Таму мы неадкладна накiравалiся ў Добруш. Там i сустрэлiся з першым намеснiкам старшынi аблвыканкама Аляксандрам Баранавым i вышэй згаданымi Вольгай Мохаравай, Мiкалаем Цепляковым i Уладзiмiрам Коцурам. Высветлiлася, што на гэты дзень быў прызначаны сход калектыву, на якiм абодва бакi спадзявалiся прыйсцi да паразумення. Ледзь завiталi ў цэх, дзе павiнна адбыцца сустрэча, адразу кiнулася ў вочы, напружанасць i трывога людзей. Гэта адчувалася i ў ходзе дыялогу. Распачаў яго Аляксандр Баранаў, да прамоўцы далучылiся iншыя кiраўнiкi. Сутнасць iх выступленняў зводзiлася да наступнага. Ва ўмовах фiнансавых цяжкасцяў увесь свет iмкнецца да вытворчай iнтэграцыi, мэта якой — павышэнне канкурэнтаздольнасцi тавараў, утрыманне ранейшых i заваяванне новых рынкаў збыту. Вобразна кажучы, на парадку дня стаiць пытанне выжывання ва ўмовах эканамiчных штормаў, захаванне свайго месца "пад сонцам". Якiя ж працэсы ў гэтым напрамку адбываюцца ў мяса-малочнай галiне вобласцi? У вынiку рэарганiзацыi з 305 сельгасарганiзацый—пастаўшчыкоў сыравiны сёння дзейнiчае тут каля 200. Яны адпраўляюць на перапрацоўку штодзень 1,5-2 тысячы тон малака, магутнасцi ж малаказаводаў пераўзыходзяць названы аб’ём дзесьцi на 700 тон. Словам, малака i вырабаў з яго хапае не толькi для ўнутранага спажывання, але i на экспарт, аб’ём якога за мiнулы год склаў 177 мiльёнаў долараў ЗША i павялiчыўся ў параўнаннi з папярэднiм годам болей чым на 38 працэнтаў. Але ж — вось парадокс: нават гэты, здавалася б, прывабны малюнак не дазволiў малочнай галiне Гомельшчыны стаць паспяховай. Чыстыя страты яе дасягнулi за 11 леташнiх месяцаў 35 мiльярдаў рублёў. Становiшча крыху паправiлi тры прыбытковыя мясакамбiнаты рэгiёна, але вiдавочнасць таго, што з гэтай крытычнай сiтуацыi трэба шукаць аптымальнае выйсце, несумненная. Тым больш што ва ўмовах агульнага абвалу цэнаў расiйскiя спажыўцы да якасцi нашай прадукцыi сталi куды больш патрабавальнымi. Як прыклад — з-за прадпiсанняў iнспекцыi Расiйскага ветэрынарнага нагляду сёння нiводнай тоны мясных вырабаў з мясакамбiнатаў Гомельшчыны не пастаўляецца ў краiну-суседку, а экспертызу гэтай службы прайшла толькi палова прадпрыемстваў па перапрацоўцы малака. А ў Расiю ж пастаўляецца да 90 працэнтаў экспартнага аб’ёму. Адзiна правiльны шлях у гэтай сiтуацыi — карэнная мадэрнiзацыя вытворчасцi, укараненне новых тэхналогiй, кааперацыя i г.д. Канкрэтныя прыклады такой паспяховай працы маюцца ўжо як у суседзяў-лiтоўцаў, так i ў некаторых рэгiёнах нашай краiны. Каму, да прыкладу, невядомы напрацаваны на працягу пяцi гадоў вопыт брэсцкай фiрмы "Савушкiн прадукт", што згуртавала пад сваiм крылом некалькi невялiкiх малочных заводаў рэгiёна. Укладзеныя тут у сучасную перапрацоўку немалыя грошы прыносяць рэальную аддачу: прадукцыя брастаўчан мае дамiнуючыя пазiцыi на айчынным рынку, карыстаецца вялiкiм попытам за мяжой. Пазiцыя кiраўнiцтва рэспублiкi i вобласцi сугучная з гэтым рухам: у адзiночку цяпер выжываць складана, неабходна ўзбуйняцца i праводзiць узгодненую палiтыку, адышоўшы ад непатрэбнай у сённяшнi жорсткi час унутранай канкурэнцыi. Другой хваляй такой кансалiдацыi сiлаў i сродкаў (першая пачалася ў 2003 годзе) з’явiлася нядаўняе стварэнне абласнога аб’яднання мяса-малочнай прамысловасцi, у склад якога ўваходзiць ААТ "Малочныя прадукты" i адзiн з яго фiлiялаў у Добрушы. I тут да месца прывесцi наступныя лiчбы i факты. Дзейнасць названага акцыянернага таварыства за 11 месяцаў мiнулага года, на жаль, не вылучалася з агульнай адмоўнай дынамiкi малочнай галiны рэспублiкi: страты яго дасягнулi 12,5 мiльярда рублёў, i "ўнёсак" дабрушан тут таксама немалы — больш за 2 мiльярды. Прычын такому становiшчу — некалькi. Адна з асноўных — вядомы ўсiм спад цэнаў, у вынiку той жа тэхнiчны казеiн, на вырабе якога спецыялiзавалiся i дабрушане, патаннеў за непрацяглы час з 10 да 4,3 долара ЗША пры затратах на выраб кiлаграма яго ў 6 долараў. Цалкам зразумела, што любы гаспадарнiк сабе на шкоду працаваць не будзе, таму часова ў снежнi работа казеiнавай лiнii была спынена. I што ж? Калектыў ў апошнi месяц 2008-га пазбегнуў стратаў. Работнiкамi прадпрыемства ў размове з журналiстамi i на агульным сходзе называўся i яшчэ адзiн значны фактар крытычнай сiтуацыi. На працягу двух дзясяткаў гадоў тут практычна не праводзiлася тэхнiчная рэканструкцыя, калi не ўлiчваць усталяваную каля пяцi гадоў таму (пасля ўваходжання ў ААТ) лiнiю па вытворчасцi казеiну. Вiна за гэтыя ўпушчаныя магчымасцi ляжыць i на сённяшнiм кiраўнiку фiлiяла Аляксандру Барсякову, якi да прызначэння дырэктарам шмат гадоў займаў тут пасаду галоўнага iнжынера. У калектыве сцвярджаюць: праяўляў бы патрэбную настойлiвасць i зацiкаўленасць, як гэта рабiлi дырэктары тых жа Жлобiнскага, Рэчыцкага i iншых малаказаводаў рэгiёна, сёння дабрушане стаялi б на нагах больш трывала. Але ж, як кажуць, ёсць тое, што ёсць... Як варыянт выхаду на шлях больш эфектыўнай работы не толькi фiлiяла, але i ўсяго акцыянернага таварыства, прапаноўвалася апроч перспектыўнага аднаўлення ў Добрушы вытворчасцi казеiну i захавання выпуску заменнiкаў натуральнага малака арганiзаваць тут цэх па вырабе гафрыраванай тары. Не можа ж сiтуацыя з цэнамi вечна заставацца сённяшняй! Выгода гэтага кроку эканамiчна абгрунтаваная. Калi дабрушане штомесяц выпускалi прадукцыi на 600 мiльёнаў рублёў, дык з усталяваннем аўтаматызаванай лiнii i наладжваннем вырабу упаковачных скрыняў гэта лiчба прыкметна ўзрасце. Варта заўважыць, што цяпер прадпрыемствы малочнай галiны вобласцi штомесяц затрачваюць на набыццё такой тары 4 мiльярды рублёў, 3 працэнты ад агульнай сумы рэалiзацыi прадукцыi. Але ж ёсць, як кажуць, тут i адваротны бок медаля, i ён больш за iншае трывожыць калектыў фiлiяла. А менавiта: з укараненнем аўтаматыкi рабочыя рукi значнай часткi сённяшнiх масларобаў застануцца незапатрабаванымi, людзi, страцiўшы свае працоўныя месцы, павялiчаць статыстыку беспрацоўя. Таму ў ходзе дыскусii, якая праходзiла даволi востра, а часам з адкрытымi папрокамi ў адрас ранейшага кiраўнiцтва акцыянернага таварыства, гэты матыў гучаў вельмi выразна. Знайшлося ў ёй месца i дастаткова нечаканым прапановам: адпусцiце прадпрыемства на волю — дайце самастойнасць. Былi ж, маўляў, некалi прыбытковымi, выжывем i цяпер. Мiж тым, адна з прыведзеных Аляксандрам Баранавым лiчбаў прымушала цвяроза ацанiць рэалii: дзе ўзяць тыя 15 мiльярдаў рублёў, каб зноў зрабiць плывучым добрушскi "тытанiк", як хто-нiхто ў райцэнтры ўжо ахрысцiў гэта прадпрыемства. Вось у гэтым, апрача iншага, i крыецца загваздка. Што ж да трывог, то, як пацвердзiлася на сходзе, пакiдаць людзей на волю лёсу, за бортам жыццёвага карабля ў гэты няпросты час, нiхто не мае намеру. Таму напярэдаднi кiраўнiкi ўладных структур, аб’яднання "Мясамалпрам" i акцыянернага таварыства напружана працавалi над тым, каб даць шанц кожнаму вызначыць сваё месца ў працоўным страi, не страцiць квалiфiкаваныя кадры. Таму i паступiла прапанова персаналу фiлiяла сустрэцца пасля сходу з воку на вока з прадстаўнiчай камiсiяй i спаўна выслухаць адзiн аднаго. Спачатку людзi ўспрынялi яе, як бы лепш мовiць, непрыязна, падазраючы ў гэтым пэўны падвох. Але ж цвярозыя развагi ўзялi верх: частцы калектыву ўсё ж давядзецца зрабiць свой выбар, бо на ранейшай вытворчасцi застацца могуць не ўсе. А што з астатнiмi? Шукаць работу? Самiм гэта зрабiць няпроста, ў раёне беспрацоўнымi ходзяць 103 чалавекi, да таго ж кагорта так званых скрытых беспрацоўных тут яшчэ большая. Сапраўды, калi разглядаць сiтуацыю праз прызму Дзяржаўнай праграмы комплекснага развiцця рэгiёнаў, малых i сярэднiх гарадскiх пасяленняў, то знак "плюс" тут наўрад цi паставiш. Улiчваючы гэты маральна-псiхалагiчны момант, кiраўнiкi вышэй названых структур i прапанавалi людзям карту вакансiй — як у галаўным прадпрыемстве "Малочных прадуктаў" у Гомелi, так i ў раёне. Адпаведна 36 i 40 месцаў. Нехта пагадзiўся мець пастаянную работу па сваёй спецыяльнасцi ў абласным цэнтры, тым больш што дастаўку да месца працы i назад iм гарантавалi. Нехта з-за сямейных i iншых абставiнаў спынiў выбар на сваiм раёне (працаўладкавацца тут абавязалася iм дапамагчы старшыня райвыканкама Вольга Мохарава). А нехта, у асноўным работнiкi перадпенсiйнага i пенсiйнага ўзросту, пажадалi аформiць дакументы на скарачэнне з адпаведнымi выплатамi. Мы таксама былi сведкамi гэтых зацiкаўленых дыялогаў, i нам падалося, што большасць працаўнiкоў выйшлi з кабiнета, дзе яны адбывалiся, задаволенымi. I ўсё ж цi азначае гэта, што добрушскаму "тытанiку", якi трапiў у шторм, кiнуты выратавальны круг? Цi будуць да канца зняты хваляваннi людзей, цi прынясуць чаканы вынiк зробленыя захады па рэфармаваннi вытворчасцi? Гэта пакажа час. Мiкола ЖДАНОВIЧ, Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Так ужо атрымалася, што ў карпункты "Звязды" i "Рэспублiкi" па Гомельскай вобласцi група працаўнiкоў Добрушскага фiлiяла адкрытага |
|