Блiжэй да Беларусi!
Блiжэй да Беларусi!
Са спадзяваннем на лепшае прачытаў у "Звяздзе" 30 студзеня 2009 года iнтэрв’ю, якое карэспандэнту газеты Вiкторыi Целяшук даў старшыня Белтэлерадыёкампанii Аляксандр Зiмоўскi. Ён абяцаў зрабiць на тэлебачаннi пяць крокаў да беларускасцi. Богу б у вушы словы А. Зiмоўскага! На жаль, да гэтага часу, калi глядзiш беларускае тэлебачанне, здаецца, што мы амаль два дзесяцiгоддзi пасля распаду СССР жывём не ў незалежнай Беларусi, а ў расiйскай правiнцыi. Кожны народ ганарыцца сваёй краiнай, сваiмi выдатнымi людзьмi: вучонымi, палкаводцамi, даследчыкамi, вынаходнiкамi. Так склалася, што наша ўрадлiвая на таленты беларуская зямля стала донарам для многiх краiн i народаў. Многiмi выдатнымi выхадцамi з зямлi Беларусi (якая ў свой час яшчэ называлася Лiтвой, цi Вялiкiм княствам Лiтоўскiм) ганарацца розныя краiны свету. Тадэвуш Касцюшка з’яўляецца нацыянальным героем ЗША, Францыi, Польшчы, генерал-фельдмаршал Іосiф Гурка — нацыянальны герой Балгарыi, Iгнацiй Дамейка — ганаровы грамадзянiн Чылi. Першы вынаходнiк металiчнай падлодкi i перыскопа Казiмiр Чарноўскi — выхадзец з Беларусi, вынаходнiк ракет Казiмiр Семяновiч — выхадзец з Беларусi, выдатны савецкi авiяканструктар Павел Сухi — таксама наш зямляк, i нават знакамiты амерыканскi авiяканструктар, "бацька" верталётаў Iгар Сiкорскi — таксама выхадзец з Беларусi (хаця ў "Большой советской энциклопедии" напiсана, што ён нарадзiўся ў Кiеве). Можна доўга працягваць гэты спiс... У наш час, калi людзi лiчаць больш мэтазгодным глядзець тэлевiзар, чым чытаць кнiжкi, фiльмы пра нашых выдатных продкаў i сучаснiкаў патрэбны як паветра! На вялiкi жаль, нават тыя тэлефiльмы, што ёсць, паказваюць у такi час, калi большасць людзей ужо спiць. Вось i зусiм нядаўна, з 27 па 30 студзеня, на Першым нацыянальным канале паказалi цудоўны дакументальны тэлефiльм творчай групы Алега Лукашэвiча пра нашага выдатнага земляка, славутага навукоўца Iгнацiя Дамейку. Пра гэтага самага знакамiтага чалавека ў Чылi, якi быў рэктарам унiверсiтэта ў Сант’яга, чыiм iмем названы горны хрыбет у Паўднёвай Амерыцы, малая планета, мiнерал, фiялка, малюск, амаль не ведаюць, на жаль, на радзiме — у Беларусi. У Мiнску няма нiводнай вулiцы, якая насiла б яго iмя. Нават пасля таго, як прайшоў гэты фiльм, нiхто з маiх суседзяў нiчога слушнага не мог сказаць пра нашага слаўнага земляка. А ўсё таму, што фiльм паказвалi амаль апоўначы, а людзям трэба рана ўставаць. Сам я ахвяраваў сном, каб паглядзець яго. Складваецца ўражанне, што гэты такi патрэбны нашым грамадзянам фiльм прадэманстравалi на тэлебачаннi проста для "галачкi", каб потым пахвалiцца, што ён быў паказаны. На жаль, у самы зручны для гледачоў час гоняць на нашым тэлебачаннi стаўшыя ўжо абрыдлымi серыялы, якiя нiчога станоўчага людзям не даюць: сэкс, забойствы, "мыла". Вучоныя б’юць трывогу, калi знiкае якая-небудзь парода цвыркуноў цi iншых нават самых дробных Божых стварэнняў. А тут жа на вачах усяго свету паступова знiкае 13-мiльённы этнас (тры мiльёны беларусаў жывуць за мяжой) з адной з найпрыгажэйшых моў у свеце! Зразумела, што Беларусь перастане iснаваць як дзяржава, гэта абавязкова здарыцца, калi ў нашых пастаянных стасунках не будзе ўжывацца наша родная беларуская гаворка. Хто ж яе выратуе, як не мы самi?! Трэба браць прыклад з нашай суседкi Расii, дзе сваё нацыянальнае багацце абараняюць, за сваё змагаюцца, як толькi могуць. У iх краiне рускай мове, здавалася б, нiчога не пагражае. Але там, пры Дзярждуме Расii, стварылi Камiтэт у абарону рускай мовы! Бо добра разумеюць: калi рускую мову выцеснiць, напрыклад, кiтайская, то Расii ўжо не будзе, а будзе Кiтай. Нашу ж беларускую мову на беларускiм тэлебачаннi (i не толькi!) звялi да ўзроўню беднай падчаркi. У ценi магутнай ялiны нiколi не ачуняе, не вырасце беластволая бярозка, калi не дапамагчы ёй у гэтай святой справе! Хочацца спадзявацца, што ў 2009 годзе, якi Прэзiдэнт абвясцiў Годам роднай зямлi, беларускае тэлебачанне (якое ўзначальвае беларус Аляксандр Зiмоўскi) не будзе плесцiся ў хвасце нацыянальнага адраджэння, а нарэшце ўспомнiць, што яно, ТБ, iснуе на старажытнай зямлi Беларусi, падсiлкоўваецца яе сокамi. I яшчэ хочацца спадзявацца, што беларускае тэлебачанне стане лакаматывам на нiве захавання i росквiту нашага найвялiкшага багацця — адной з самых прыгожых у свеце моў! Уладзiмiр ШУЛЯКОЎСКI, член Саюза беларускiх пiсьменнiкаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Са спадзяваннем на лепшае прачытаў у "Звяздзе" 30 студзеня 2009 года iнтэрв’ю, якое карэспандэнту газеты Вiкторыi Целяшук даў старшыня Белтэ
|
|