Крыху Сочы на хутары Ксёнзаўка
Крыху Сочы на хутары Ксёнзаўка
Як ураджэнка знакамiтага курорта ўладкавалася ў беларускай глыбiнцы Тут нiзавошта не пачуеш пялёскання цёплых марскiх хваляў i не ўдыхнеш на ўсю моц лёгкiх саленаватага паветра. Таму што мора адсюль за шмат сотняў кiламетраў. Аднак прысутнасць вялiкай цёмна-блакiтнай воднай прасторы сапраўды адчуваецца. І гэта зусiм не жарт, бо Алена Чаховiч, гаспадыня сядзiбы на Валожыншчыне, нарадзiлася ў адным з самых вядомых яшчэ з савецкiх часоў курорце — Сочы. Вядома ж, часцiнку марскога горада жанчына заўжды зберагае ў сваёй душы. Мабыць таму той маляўнiчы куток, дзе яна ўладкавалася i аздабляе, здаецца, захоўвае тое непаўторнае адчуванне "вялiкай вады"... Леснiкова хата Афiцыйна лiчыцца, што гэта вёска Мiхалова — пра што нагадваюць нумарныя шыльды на будынках. Аднак прыгожыя домiкi сапраўды стаяць даволi далёка наводшыбе, а не ў агульным жылым масiве. Атрымлiваецца самы сапраўдны хутар — адасобленая тэрыторыя, праўда, не такая ўжо далёкая ад "цывiлiзацыi", аднак гэта ўжо зусiм iншы свет. Такога меркавання прытрымлiваецца i гаспадыня. — Калiсьцi гэта была леснiкова хата, — заўважае Алена Чаховiч. — I месца сапраўды мела асобную назву (яе нярэдка можна пачуць i дасюль) — Ксёнзаўка. Тлумачыцца ўсё проста: калiсьцi ўлетку сюды часцяком любiў прыязджаць на адпачынак каталiцкi святар. Вось i назвалi так гэты куток дасцiпныя месцiчы. А вось якiм чынам трапiлi сюды Чаховiчы — цэлая гiсторыя, якая налiчвае многiя гады, доўгiя кiламетры i разнастайныя падзеi. Справа ў тым, што Алена Уладзiмiраўна нарадзiлася i вырасла ў Сочы. Як выйшла замуж, то з мужам (якi, дарэчы, беларус — з Мiнска) пражылi ў курортным горадзе нядоўга — гады чатыры. У 1982-м вырашылi пераехаць у беларускую сталiцу, таму што тут былi пэўныя варыянты для вырашэння жыллёвага пытання. Iх чаканнi спраўдзiлiся — даволi хутка атрымалi асобную кватэру ў сталiцы. Такiм чынам, Алена Уладзiмiраўна ўжо больш чым чвэрць стагоддзя ў Беларусi i можа паўнапраўна лiчыцца тутэйшай. Спачатку Чаховiчы працавалi ў дзяржаўных структурах, а як толькi з’явiлася такая магчымасць, то вырашылi разам з мужам пачаць уласную справу. У 1988 годзе сталi аднымi з першых прыватнiкаў, прайшлi ўсе няпростыя прыступкi бiзнэсу. Праз колькi часу было ўжо ўласнае прадпрыемства з даволi вялiкiм штатам. Мелi ўсё неабходнае для жыцця, у тым лiку i дачу. Аднак загарадны дом, якi ў iх быў спачатку, уяўляўся ўсяго толькi лагiчным "дадаткам" да гарадской кватэры. Куды можна было калi-нiкалi заехаць у вольны час. Але аднойчы такое iх меркаванне лiтаральна ў адно iмгненне змянiлася, калi разам з сябрамi прыехалi адпачываць у ваколiцы Ксёнзаўкi. Калi даведалiся, што тут прадаецца дом, то без роздуму вырашылi набыць нерухомасць. Хоць, дарэчы, каштавала яна касмiчную па тых часах суму — 4,5 тысячы долараў. Для 1992 года гэта былi вялiкiя грошы, замежную валюту тады ў вочы мала хто бачыў. Тым не менш, пабегалi па знаёмых, улезлi ў даўгi, але леснiкову сядзiбу прыдбалi. I пачалi яе пакрысе абуладкоўваць на свой густ. Прыбаўка да пенсii Зрабiлi сучасны рамонт таго дома, якi набылi, а пасля пачалi ўзводзiць побач другi. Атрымаўся такi прыгожы комплекс, дзе ёсць усе самыя неабходныя выгоды i камфорт. Вось ужо на працягу апошнiх пяцi гадоў Чаховiчы пастаянна жывуць у сваёй любiмай Ксёнзаўцы. Як заўважае Алена Уладзiмiраўна, гэта раней сядзiба за 30 кiламетраў ад сталiцы ўжо лiчылася проста глушменем. Усе iмкнулiся абуладкавацца як мага блiжэй да мегаполiсу. Затое цяпер такiя меркаваннi падаюцца проста смешнымi — ад Мiнскай кальцавой да свайго хутара Чаховiчы дабiраюцца сама больш за дваццаць хвiлiн. Пра што тут весцi гаворку? Затое з тлумнага, мiтуслiвага, даўно перанаселенага горада трапляеш у iншае вымярэнне. Цiшыня, чыстае паветра, якое лiтаральна хочацца пiць глыток за глытком. Быццам крылы за спiнай вырастаюць i хочацца ўзляцець у высокае неба. Такiх аблокаў i зорак, як тут, у сталiцы дакладна не ўбачыш. Менавiта такiмi былi мае першыя ўражаннi ад Ксёнзаўкi. Нешта падобнае, напэўна, адчувалi i новыя гаспадары, якiя дагэтуль не мелi нiякага вопыту вясковага жыцця. Паспрабавалi — i вельмi спадабалася, кажуць, што ў горад ужо i не цягне. Калi наведваюцца па справах, то хутчэй хочацца вярнуцца ў свой хутар. На пенсiю Чаховiчы выйшлi разам, паколькi абодва нарадзiлiся ў адзiн дзень з рознiцай у пяць гадоў (цiкава, праўда). Зразумела, мелi пэўныя зберажэннi, аднак паколькi яшчэ ў сiле, то шукалi прымянення сваёй энергii. Як нi дзiўна, варыянт "адшукаўся" праз цяжкасцi. Год таму на iх сядзiбе здарыўся пажар, тады выгарала паўдома. Вядома, што на аднаўленне жылля спатрэбiлiся даволi значныя сродкi. Для таго, каб зарабiць пэўную прыбаўку да пенсii, муж з жонкай зноў вырашылi лiтаральна з нуля распачаць уласную справу — у гэты раз паспрабаваць сябе ў агратурызме. Склалi план дзеянняў, узялi крэдыт i ўжо цяпер аднавiлi дом, якi прыстасаваны для прыёму гасцей. Гэта прыгожы двухпавярховы будынак. Без залiшняй раскошы i пампезнасцi, але вельмi ўтульны i зручны. Усё тут зроблена з вялiкай любоўю. Афармленнем у асноўным займалася Алена Уладзiмiраўна, пэўнымi парадамi дапамагала дачка, дызайнер па прафесii. У гасцёўнi драўляны столiк, каля якога ў непагадзь заўсёды гарыць камiнок. А ў суседнiм пакоi прыгожы камiн у натуральную велiчыню, каля якога цудоўна адпачываецца. Дарэчы, абстаноўка — сучасная, аднак са сваiмi адметнасцямi, кшталту прыгожага посуду, карцiн. На другiм паверсе — дзве спальнi, адкуль з вокнаў проста шыкоўны вiд. Гаспадыня заўважае, што кошт пражывання ў такiх камфартабельных умовах яны нiколькi не завышаюць. Тарыф — як у сярэдняй гасцiнiцы. Асобна можна замовiць лазню з басейнам, а таксама смачнае харчаванне. Тут у Алены Уладзiмiраўны ёсць свая сапраўдная "фiшка". Ва ўспамiн пра сваю паўднёвую радзiму яна можа прыгатаваць спецыфiчныя стравы — хаш, шурпу, лобiа, плоў. Пагадзiцеся, такой смакаты не ўсюды пакаштуеш. Пры жаданнi можна замовiць беларускую кухню — гаспадыня выдатна гатуе i такiя стравы. Дарэчы, у двары гасцям можна самастойна прыгатаваць мяса з дымком, для гэтага ёсць усе ўмовы. Магчыма, сёлета яшчэ пабудуюць альтанку, якая пры неабходнасцi зможа зачыняцца (будзе абсталявана рассоўнымi дзвярыма). З кошыкам — на падворак Непадалёк ад хутара ў лесе цячэ рэчка Яршаўка, якая пасля ўпадае ў вядомую Iслач. Наўкола залiўныя лугi — маляўнiчыя мясцiны. Сюды прыязджаюць на адпачынак многiя. Проста пасядзець, рыбу павудзiць, выскачыць з шалёнага рытму сучаснасцi. Госцi, якiя прыязджаюць на сядзiбу да Чаховiчаў, рэдка ў доме сядзяць. Ды i навошта, калi тут такi ўнiкальны куток. Гаспадары з задавальненнем распавядаюць турыстам пра мясцовыя адметнасцi. Нярэдка для турыстаў здараюцца сапраўдныя адкрыццi. Алена Уладзiмiраўна ўзгадвала, што аднойчы да iх прыязджаў адпачываць чалавек з прозвiшчам Марцiнкевiч. Здаецца, сам рускi па паходжаннi. Дык гаспадары госцю пра яго магчымых продкаў многае расказалi (усё ж такi на Валожыншчыне доўгi час жыў бадай што самы вядомы прадстаўнiк гэтага слыннага роду — Дунiн-Марцiнкевiч) i паказалi дарогу да гiстарычных могiлак. Так што той чалавек быццам да сваiх каранёў дакрануўся i адпачыў добра. Як кажуць, спалучыў прыемнае з карысным. Дарэчы, менавiта такога праверанага прынцыпу прытрымлiваюцца гаспадары з хутара Ксёнзаўка падчас прыёму турыстаў. Побач жа столькi цiкавага! Па-першае, да Ракава лiтаральна некалькi кiламетраў. Гэта ўнiкальнае мястэчка са сваёй багатай гiсторыяй. Пры жаданнi госцi могуць наведаць i старажытны Iвянец, дзе iх з задавальненнем сустрэнуць, правядуць цiкавую экскурсiю. — Побач з нашай сядзiбай праходзiла старая ракаўская дарога, — заўважае Алена Уладзiмiраўна. — Дарэчы, яе i цяпер добра вiдаць. Паколькi знаходзiмся на скрыжаваннi шляхоў, то нярэдка можна пачуць, што ў такiх мясцiнах можна i скарб адшукаць (усмiхаецца). А што, нядрэнная "прынада" для турыстаў! Адзiн наш родны як пачуў пра скарбы, дык ледзьве ўвесь падворак не перакапаў. Аднак, што вы думаеце, аднойчы каля лаўкi ён знайшоў старажытную шпору. Раней у Чаховiчаў была даволi вялiкая гаспадарка — трымалi 30 бараноў. Гаспадар хоць i гарадскi чалавек, аднак заўсёды марыў сабе такую, а можа нават i большую, чараду завесцi. I спраўдзiў сваю мару. Аднак нядоўга пратрымаўся, паколькi для гэтых жывёл многа корму трэба, вялiкая паша. А зямлi побач не выдзелiлi. Вось i давялося "вытворчасць баранiны" проста згарнуць. А шкада — унiкальная справа "наклёўвалася". Цяпер прысядзiбная гаспадарка "прадстаўлена" градкамi, пэўная частка з якiх засаджана разнастайнай зелянiнай. Перш за ўсё гэта, кiнза, рукала i шмат чаго яшчэ. Алена Уладзiмiраўна перакананая, што без зелянiны многiя стравы (халодныя i гарачыя) не маюць такога смаку. Ды i вельмi карысна гэта для здароўя. Летась найбольш ўрадзiлi агуркi i кабачкi. Так што пры жаданнi госцi могуць пакаштаваць ксёндзаўскiх далiкатэсаў. Акрамя ўсяго iншага гэта i грыбочкi, якiя ўдалося сабраць. прама на падворку, лiтаральна за некалькi крокаў ад ганка. Грыбы растуць моцныя — з тоўстымi ножкамi i вялiкiмi шапкамi. I вельмi смачныя атрымлiваюцца. — Вельмi падабаецца тут жыць, — шчыра кажа Алена Чаховiч. — Штогод iмкнуся наведваць родных у Сочы, аднак праз тыдзень адтуль ужо назад цягне. Толькi вось па моры ўвесь час сумую, як убачу, дык не перадаць свае пачуццi. Таму трэба, каб на сядзiбе абавязкова была вада. У нас ёсць невялiкая сажалка, думаем выкапаць большую, каб i з вудай можна было душэўна пасядзець. Планаў шмат — паспець бы iх рэалiзаваць. Мiкалай ЛIТВIНАЎ, Валожынскi раён. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як ураджэнка знакамiтага курорта ўладкавалася ў беларускай глыбiнцы Тут нiзавошта не пачуеш пялёскання цёплых марскiх хваляў i не ўдыхнеш на ўсю моц |
|