21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Веснянiцтва

26.08.2009 10:45 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Веснянiцтва

На мяжы ХV i ХVІ стагоддзяў Давыд-Гарадок уваходзiў у вобласць так званага пiнскага гандлю, на шляхах якога стаялi мытныя каморы ў Чарнобылi, Мазыры, Тураве, Дубровiцы, Луцку, Чартарыйску, Берасцi, Слонiме i ў самiм Пiнску.

У 1529 годзе i ў Давыд-Гарадку паставiлi камору (мыта галаўное i саляное), а 5 сакавiка 1530 года Жыгiмонт Стары пацвердзiў каралеве Боне свой дазвол на ўсталяванне ў Давыд-Гарадку мыта галаўнога: "Чинимъ явно симъ нашим листом: жадала нас королевая наша и великая кнегини Бона ее милость, абыхмо дали и дозволили ее милости установити мыто головное великое для пожитку ее милости в замку ее милости городецкому. Ино мы з ласки нашое на жадане ее милости то вчинили, тое мыто великое головное к тому замку городецкому еи милости есмо дали: мает ее милость там мытников своих з моцы своее установити, которыи ж мытники мают мыто брати тым обычаем: вси купцы турецкие и волоские и всякии иныи наших и чужих которых колвекъ земль, которыи бы мели с товары своими ходити по панствех наших, а шли бы через городок и через повет городецкии сухимъ путемъ и воднымъ, то есть рекою припетю, ветлицею и горинею, ты вси мают от товаров своихъ ошацовавши отъ каждое копы давати по два гроши..."

Грамата засведчыла: па рэках давыд-гарадоцкага наваколля праходзiлi мiжнародныя гандлёвыя шляхi i, вядома ж, яны iснавалi яшчэ задоўга да панавання Жыгiмонта Старога — цi не з часу Давыда Iгаравiча?!

Спрадвеку жыхары Гарадка займалiся гандлем, але не проста прадавалi, абы прадаць, i куплялi, абы купiць, а рабiлi ўсё з толкам — былi ў гэтай вельмi клапатлiвай справе сапраўднымi ўмельцамi.

Тое, што давала больш прыбытку, лiчылася ганаровым заняткам.

Пры любой уладзе, дома i ў далёкiм свеце гарадчукi ўмелi зарабляць грошы i пры гэтым варушылi галавой, засцерагалi сябе: у гандля ж авечыя вочы, але воўчыя зубы, таму, каб не загубiць душу, трэба, гандлюючы, шанаваць людскасць i хрысцiянскую мараль.

Калi ж таму цi iншаму гандляру нешта замiнала стаяць на вышынях духу, тады ён абачлiва трымаўся простага даўняга наказу: як не ўмееш рабiць дабра, то хоць не рабi зла!

Вядома, грошы былi мэтай (а як жа без гэтага!), аднак жа i сам базарны дух дапамагаў жыць, рызыка заўсёднай канкурэнцыi маладзiла кроў, абарот зробленых сваiмi рукамi тавараў цешыў ясным празаiчным хараством, а само гэта агароднае паняцце гандаль успрымалася, як нешта таямнiчае, часам нават святое.

Место — так у Гарадку яшчэ зусiм нядаўна называлi i цэнтр горада, i сам базар, i не ведаць, што ў пятнiцу i ў нядзелю ў Гарадку базар, усё адно як не ведаць, што алфавiт пачынаецца з лiтары А...

Нешта блiзкае да рэлiгiйных пачуццяў узнiкала ў душы, калi гаворка заводзiлася пра гандаль.

— Куды iдзэш! — пыталася, напрыклад, суседка Маня ў суседкi Адаркi.

— На место! — з мяккай урачыстасцю ў лагодным пакорлiвым голасе адказвала Адарка i тут жа хрысцiлася...

Вясновы продаж кветкавага насення вёў да большай заможнасцi i задавальнення сабой, таму гэты вiд сезоннага гандлю (назаву яго веснянiцтвам!) стаў у Гарадку цi не асноўнай работай, а таксама ж займеў апiсальную назву: ехаць на вясну, цi, кажучы па-мясцоваму — на вэсну, i самi гарадчукi пачалi называць сябе веснянiкамi, або васнянiкамi.

Спачатку веснянiцтвам займалiся толькi мужчыны, але вось у 1933 годзе на вэсну паехала мяшчанка Ганна Ткачык i яна стала першай гарадзецкай веснянiчкай.

Цi не пра яе гэта песня:

На базары я стаю

I насенне прадаю —

Не праходзьце, людцы дарагiя!

А купiце... Ну, хоць раз...

I пасейце... Толькi ў час...

Кветкi вырастуць у вас

Залатыя!

Аж дзiвуецца базар —

Самы лепшы мой тавар!

I ярчэйшыя мае цiкеткi!

Падыходзьце, ваш прашу,

Да зярнятка пакажу

I як сеяць раскажу

Дзiва-кветкi.

Веснянiчкай стала я,

Бо вясна пара мая,

I зiмою стол мой не мiнайце...

Лёгка сыдземся ў цане,

Вас не падману я — не!

Кветкi сеяць у мяне

Выбiрайце!

Бальзамiна, цынiя

I валошка сiняя;

Шольсiя, мальва, павой...

Флёкса i петунiя,

Зорка i ляўконiя, —

I другое ўсё пад рукой!

Кларкiя, нямезiя —

Гандаль i паэзiя!

Веснянiцтва канчаткова перарабiла гарадчукоў з людзей хатнiх у людзей дарожных i навечна пасялiла ў душы трывожнае шанаванне дарогi.

Калi ў хаце нiхто не заставаўся, то апошняе, што рабiлi перад тым, як выбрацца ў дарогу — перавозiлi на схаванку да надзейнага чалавека куфар з дабром.

I вось управiўшыся з куфрам i на ўсiх дзвярах замкнуўшы ўсе замкi, цi не кожны гаспадар з чутным неспакоем у голасе i, нiбыта самому сабе, роздумна казаў: "До-ро-га-а..."

I пры гэтым глядзеў за свой плот i крыху вышэй — за суседскiя хаты — некуды туды вельмi далёка, пад край неба, быццам хацеў убачыць, што яго чакае ў чужым свеце.

У такiя хвiлiны дарога з геаграфiчнай меры пераходзiла ў мiфалагiчную, набывала рысы паганскага бажка, якому, каб уласкавiць яго, трэба ж было паказаць сваю пакору i страх...

Веснянiцтва гнала ляноту, вучыла аскетызму, умацоўвала цярплiвасць, змушала да вандроўнага жыцця, рабiла думкi рухавымi, а вочы быстрымi, абуджала кемлiвасць i спрыт, настройвала на знаходлiвасць, а часам схiляла i да надзеi на выпадковы поспех...

Кветкавае насенне не важылi, а мералi — гэта значыць, прадавалi не на вагу, а на лыжачкi.

I тут веснянiцтва мела свае хiтрасцi — металiчную лыжачку, якой з торбы ў папяровы кулёк насыпалi насенне, назнарок сточвалi напiльнiкам, рабiлi зусiм маленькай, каб як найменш у яе набiраць дарагога тавару.

Насенне ж гароднiны адпускалi чарачкамi, якiя выточвалi на такарным станку з бярозы, лiпы цi яблынi i называлi iх яшчэ мерачкамi цi келiшкамi.

Яны таксама былi з сакрэтам — з выгляду, здаецца, ёмiстыя, але ў сярэдзiне з неглыбокiм, а то нават i ледзь пазначаным дном.

Тавар "не шкадавалi", набiралi з верхам, i стваралася iлюзiя, што зерня ў такой бярозавай чарачцы багата.

I што цiкава — як толькi чарачку выпаражнялi, яе тут жа ставiлi ў торбачку дагары дном, каб клiент не ўбачыў, якой яна "глыбiнi".

З гадамi ж склалася яшчэ i такая метода: самым большым келiшкам адмервалi салодкi гарох, а таксама кармавыя i цукровыя буракi; сярэднiм келiшкам прадавалi буракi чырвоныя, а меншым адпускалi моркву, гуркi, радыску i сеянку (насенне цыбулi).

А вось у самую маленькую, цi кажучы па-гарадзецку, мэценькую чарачку набiралi круглае чорнае насенне капусты...

Так, веснянiцтва штурхала на хiтрасць; яно ўплывала на звычкi, характар, нават на святкаваннi — скажам, той жа Радаўнiцы.

Каб не зрывацца з далёкiх базараў, гарадчукi прылаўчылiся адзначаць гэта веснавое свята восенню — на Пакровы i ператварылi яго ў кветкавае шэсце.

I па сёння заўсёды 14 кастрычнiка з вялiкiмi букетамi познiх красак, пераважна бардовых астраў, людзi ў Давыд-Гарадку iдуць на могiлкi...

А вось на Вялiкдзень кiдалi таргаваць, ехалi дадому — уваскрэсенне Хрыста абавязкова сустракалi за родным сталом, а пасля зноў вярталiся на свае базары.

За iм, веснянiцтвам, не было асаблiва калi адпачываць — адпачывалi хiба што ў дарозе ды на вялiкiя святы...

Само сабой, з гадамi такое неспакойнае жыццё давалася ў знакi, бо слабела здароўе, а дарожная маладая iдылiя мiналася, ператваралася ў непераадольную змору, i тады з учарнелых вуснаў якога-небудзь старога васнянiка можна было пачуць:

— А коб Цiх зарэзаў гэту жытку!

А iншы стомлены стары мог паслаць i такi праклён:

— А коб Дох яе ўзяў!

Услед жа неслалася й жаночае:

— А шоб Рэзля яе вуразала!

Цiх, Дох i Рэзля — персанажы давыд-гарадоцкай дэманалогii, нешта сярэдняе памiж чортам, смерцю i прахам; iх заўсёды згадвалi i ўсё яшчэ згадваюць, калi бывае нявыкрутка якая, калi, напрыклад, да сэрца падступае злосць i апаноўваюць прыкрыя думкi.

Я не скажу, што гандаль не схiляў маiх землякоў да сквапнасцi, не затуманьваў розум празмернай прагнасцю — усякае здаралася.

Аднак жа пераважала не прагнасць, а неабходная скупасць, заўсёдны разлiк i разумная беражлiвасць, паводле якой, вобразна кажучы, хлеб кусалi раз, а бульбу два разы, таму невыпадкова даўней у бяднейшай хаце за абедзенным сталом часам чулася:

— Холера на цабэ, хлеб нi еш! Еш бульбу з кiслым молоком!

Гэта зусiм не значыла, што дзецям шкадавалi хлеба; не, не шкадавалi — проста напамiналi, што хлеб куплёны, а бульба з малаком свая, i гэтым самым вучылi ўсё той жа разумнай беражлiвасцi, якая дапамагала ў любых умовах ашчаджаць грошы, спрыяла дабрабыту i гаспадарчай незалежнасцi.

Словам, гарадчукi патрохi багацелi, бо ўмелi абмяжоўваць свае патрэбы...

Бог абдзялiў наша места чыгункай, i такая прыкрая акалiчнасць, вядома ж, не магла станоўча паўплываць на гандаль, аднак жа i не зменшыла яго ранейшы рух.

Гарадчукi заставалiся гарадчукамi — любая цяжкасць, здавалася, толькi маладзiла iхнюю агародную кроў.

Калi яшчэ не хадзiлi аўтобусы, то да блiжэйшых станцый Лахва, Сiнкевiчы i Гарынь веснянiкi дабiралiся хто як — i пяшком, i на падводзе, i на параходзе, а часцей за ўсё на лодцы спускалiся ў Прыпяць, а далей у раку Лань, калi кiравалiся на Сiнкевiчы, цi ў раку Смердзь, калi меркавалi сесцi на цягнiк у Лахве...

Яшчэ да вайны 1914 года мой прадзед па бацьку Васiль Андрэеў Дранько ездзiў на вэсну ў Варшаву; ён меў шасцёра дзяцей — дзве дачкi Полю i Ганну, i чатыры сыны — Сцяпана, Мiкалая, Мiхалка i Андрэя.

У Варшаве гаспадару Васiлю шанцавала.

Распрадаўшы насенне i з шыкам вытрусiўшы пустыя торбачкi, дахаты не спяшаўся, там жа, у польскай сталiцы, на ўсё лета заставаўся на лёдах — гэта значыць, наймаў работнiкаў, арандаваў будынiну i арганiзоўваў у ёй выраб марожанага.

На здымках давыд-гарадоцкага фотамайстра Мiхала Зубея можна ўбачыць колiшнiх прадаўцоў марожанага — у белых халатах пры двухколых вазках, на якiх добра чытаецца надпiс па-польску Lоdу.

Калi даўжэй паўзiрацца ў змястоўныя фота М. Зубея, то, здаецца, нават можна пачуць зазыўныя галасы гэтых старанных марожаншчыкаў: "Лёды — для панi млоды!"

Толькi восенню прадзед Васiль прыбываў у Гарадок, але доўга, склаўшы рукi, не сядзеў — наладоўваў лодку вэнджаным мясам, бобам, цыбуляй, сухiмi слiвамi, аўчынамi, кавальскiмi, бандарнымi i шавецкiмi вырабамi i з двума вольнымi ад работы сынамi плыў у Тураў i далей.

Скрозь — у Тураве, Перарове, Петрыкаве, Скрыгалове, Мазыры, Нароўлi — вёў бойкi гандаль, паволi спускаўся да самога Кiева, дзе па сходнай цане прадаваў пустую ўжо лодку i дадому, на станцыю Гарынь, вяртаўся чыгункаю...

I мой прадзед па мацi Андрэй Есiпаў Шапецька таксама меў шасцёра дзяцей — сына Iвана i дочак Юлю, Ганну, Параску, Просю I Вольгу.

Гаспадар Андрэй на вэсну ездзiў у Кiеў, летам на Валынi прадаваў сярпы i косы, потым перабiраўся ў Крым гандляваць сырамi, а восенню вазiў у Вiльню мярлiнскiя журавiны...

Колiшнiя гарадзецкiя веснянiкi, здаецца, не даязджалi са сваiм таварам да Афiнаў i не патраплялi ў Рым, але я ўпэўнены — iм спрыяў i Гермес, i Меркурый, слаўныя багi еўрапейскага гандлю.

Леанiд Дранько-Майсюк.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На мяжы ХV i ХVІ стагоддзяў Давыд-Гарадок уваходзiў у вобласць так званага пiнскага гандлю, на шляхах якога стаялi мытныя каморы ў Чарнобылi, Мазыры,
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика