21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Востраў здзейсненых мараў

26.08.2009 10:45 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Востраў здзейсненых мараў

"Звязда" працягвае распавядаць пра сядзiбы-намiнанты Першага рэспублiканскага конкурсу "Лепшая сядзiба года". Сённяшнi аповед — пра сядзiбу, якая "вырасла" з фермерскай гаспадаркi. Таму ў ёй ёсць свае асаблiвасцi, яна не падобна нi на вясковы дом, нi на катэдж, якi спецыялiзуецца на карпаратывах. Хоць якраз для вялiкiх кампанiй тут усё прадугледжана: дзве банкетныя залы, дастаткова спальных месцаў... Разам з тым тут многае разлiчана для сямейнага адпачынку: заапарк, возера, дзiцячы пакой... Альбо для "мядовага" тыдня. Хоць сама гаспадыня "Вераса" кажа, што самы лепшы тэрмiн на сядзiбе: тры днi. Потым, маўляў, госцi пачынаюць заўважаць недахопы. Пасля гэтых яе слоў я агледзелася больш прыдзiрлiва, але так i не змагла зразумець, жартуе гаспадыня, альбо сур’ёзна. Адно несумненна: i Ірына, i яе муж Мiхаiл Макей, паспяховы фермер i прадпрымальнiк, чалавек вядомыя не толькi ў Гродзенскай вобласцi, але i ў краiне, "хворыя" на вясковы турызм не менш за астатнiх членаў грамадскага аб’яднання "Адпачынак у вёсцы".

Уражанне

 

 

Уражанне

Паездкi па сядзiбах — справа цiкавая, прыемная i разам з тым нялёгкая. Шанцуе тым гаспадарам, чые адрасы першыя ў маршруце аргкамiтэта конкурсу. Сядзiба Макеяў — была апошняй у дзень, прысвечаны Гродзенскай вобласцi, але, здаецца, на ўражаннi, якое яна пакiнула, гэта нiякiм чынам не адбiлася.

Прыкметны факт. У Слонiме мы спыталi ў мiнакоў, дзе паварот на Елку (недалёка ад гэтай вёскi патрэбная нам сядзiба) i чалавек, якi адказваў, адразу здагадаўся: "Да Макея?"

Гаспадыня нас сустрэла як сваякоў, якiя не былi ў яе доўгi час. Спярша завяла ў "Карчму" — адмысловую кавярню ў будынку колiшняй гаспадарчай пабудовы, пачаставаць з дарогi гарачым кампотам. Тут шмат чаго было цiкавага: керамiчныя боты на барнай стойцы, фотаальбомы, якiя склалiся са здымкаў гасцей, друкаваныя матэрыялы пра гiсторыю Слонiма i Сынкавiцкай царквы, што за некалькi кiламетраў адсюль, кампазiцыi з засушаных кветак, гароднiны i злакаў, зробленыя рукамi Ірыны i нават... паўлiны за акенцам у суседнiм пакойчыку.

Пачакаўшы трошкi, пакуль мы перавядзём дух i агледзiмся, гаспадыня павяла нас на вулiцу — паказваць астатняе. I тады мы заўважылi, бадай, галоўную адметнасць сядзiбы — адчуванне прасторы навокал.

— У iх тут 100 гектараў зямлi, — паказала Валерыя Клiцунова, старшыня праўлення Грамадскага аб’яднання "Адпачынак у вёсцы", на цемру, якая ўхутвала асветлены сад.

I склалася ўражанне, што дом нiбы стаiць на востраве пасярод акiяна. А гаспадары ажыццяўляюць на гэтым востраве бясконцыя свае мары. У iх атрымалася стварыць нейкую казачную атмасферу, трошкi цацачную, але вельмi ўтульную i сiмпатычную.

Трохпавярховы гасцiнны дом стаiць на беразе возера, пасярод парку з лiхтарыкамi, альтанкамi, драўлянымi скульптурамi, засыпанымi снегам фантанамi. Плошча парку каля гектара, гаспадыня вырошчвае тут больш за 250 вiдаў дэкаратыўных раслiн, частку з якiх прадае. Ландшафтны дызайн — яшчэ адзiн вiд дзейнасцi аграсядзiбы.

— Тут вельмi шмат ядлоўцу, туй, сярод якiх самая прыгожая — Смарагд, — распавядае Iрына. — Яна не патрабуе клопату, стрыжкi, i не хварэе. А яшчэ ў мяне багатая калекцыя вясновых глебапакроўных: флёкс шылападобны, разуха каўказская...

За дэкаратыўным садам — пладаягадны. Ён у два разы большы, яшчэ малады, але яблыкаў, груш, слiў, вiшнi, клубнiц хапае i на гаспадароў, i на iх дзяцей, якiя ўжо жывуць уласнымi сем’ямi, i на турыстаў. У той вечар Iрына частавала нас незабыўнымi марожанымi клубнiцамi.

Дом падсвечаны так, што нагадвае невялiкi палац. Гаспадары здаюць яго цалкам за 200—250 долараў на суткi, таму найбольш выгадна сюды прыехаць дзвюма-трыма сем’ямi на выхадныя. Для кожнай будзе свой паверх з уласнымi санвузлом, камiннай залай, спальняй i балконам з вiдам на возера альбо сад. На першым паверсе ёсць сталоўка i кухня з рускай печчу, барам i крытай тэрасай. А дзяцей можна пакласцi разам у спецыяльным дзiцячым пакойчыку, дзе акрамя звычайных ложкаў ёсць двух’ярусныя i ляжанка — сем чалавек размесцiцца лёгка.

Увогуле на сядзiбе шмат месцаў, дзе можна адасобiцца, схавацца ад вялiкай кампанii. Таму, напэўна, пасля вяселляў маладыя любяць застацца тут яшчэ на некаторы час. Вяселлi Iрына ладзiць згодна з народнымi традыцыямi: з кажухом, караваем, гульнямi i абрадавымi стравамi. Вянчанне ў такiх выпадках, як правiла, адбываецца ў славутай Сынкавiцкай царкве, якая ў 2007 годзе адзначыла сваё 600-годдзе. Макеi, дарэчы, хоць i католiкi па веравызнаннi, бралi актыўны ўдзел у аднаўленнi праваслаўнай святынi.

Гаспадарка

Гаспадара мы ўбачылi напрыканцы вечара. Ён прыехаў ад сябра, вясёлы, лёгкi, малайцаваты — зусiм не падобны нi на фермера, нi на прадпрымальнiка. На Аляксандра Маслякова нечым падобны, напэўна, сваёй абаяльнасцю. З усмешкай павiтаўся з усiмi, агледзеў хуткiм позiркам стол, падышоў да Iрыны, пяшчотна абняў яе за плечы, нахiлiўся, нешта сказаў ласкавае... Мы мiжволi залюбавалiся гэтай сямейнай сцэнай. Але як толькi карэспандэнт дастала фотаапарат, Мiхаiл Францавiч выпрамiўся i, як нi ўпрошвалi яго, свой шчыры i прыгожы жэст, якi адносiўся да жонкi, паўтараць перад аб’ектывам не стаў.

У гэтай сям’i шануюць сваё, прыватнае жыццё. Таму i жывуць яны самi не на сядзiбе, а ў iншым доме — у Слонiме. Прымуць гасцей, раскажуць, пакажуць усё, калi трэба, накормяць, i пакiдаюць на вартаўнiка, якi i дроў у печ падкiне, i за пажарнай, i за iншай бяспекай прасочыць.

— Калi б я тут начавала, то не змагла б адпачыць, — кажа Iрына з мяккай усмешкай на твары. — Усхоплівалася б на кожны гук.

— А з людзьмi нам шанцуе, — дадае. — Нiводнага разу не было, каб нейкая непрыемнасць здарылася, з усiмi развiтваемся як з роднымi. I амаль што ўсе потым зноў прыязджаюць. А мы ўжо стараемся, каб былi ў iх новыя ўражаннi, нешта мяняем, нешта дадаём.

Толькi аднойчы адмовiлi яны гасцям. Прыехала "залатая моладзь" з Мiнска, на дарагiх машынах, i нешта было ў яе паводзiнах такое, што прымусiла Iрыну папрасiць прабачэння i развiтацца з вiзiцёрамi на самым пачатку сустрэчы.

— Наша сядзiба не з танных, — тлумачыць Мiхаiл Францавiч. — Мы просiм вышэй за сярэднi кошт не толькi таму што лiчым свой узровень адпаведным, але i каб абмежаваць паток турыстаў. Калi людзi да нас будуць ехаць штодня, то не будзе магчымасцi займацца нi гаспадаркай, нi сям’ёй.

Як правiла яны прымаюць гасцей у выхадныя. Тое, што Макеi зарабляюць на прыёме, практычна цалкам зноў укладаюць у развiццё сядзiбы.

Вясковы турызм — гэта той вiд бiзнэсу, якi зацягвае, увесь час вымушае на выдаткi i дастаўляе асалоду, у першую чаргу душэўную. Ствараць прыгажосць, ажыццяўляць мары, захоўваць старадаўнiя рэчы, якiя ўжо выйшлi з ужытку, даваць iм другое жыццё, дзялiцца ўсiм гэтым з добрымi людзьмi — гэта цудоўнае дапаўненне да фермерства.

А пачыналася ўсё ў 1991 годзе, калi тры чалавекi: галоўны аграном, галоўны энергетык i вадзiцель калгаса вырашылi паспрабаваць узяць зямлю. Да словазлучэння "фермерская гаспадарка" ў тыя часы яшчэ толькi прывыкалi. 29-гадовы Мiхаiл Макей тады ўпершыню ў жыццi не параiўся з жонкай — рашыў цалкам узяць адказнасць за выбар на сябе. Ды i страшна было прамовiць: "свая зямля".

— Нам пашанцавала, — тлумачыць Iрына поспех мужа. — Бульба ў той год добра ўрадзiла, мы завезлi яе ў Польшчу, прадалi, адразу выплацiлi крэдыт, купiлi тэхнiку i пабудавалi самыя неабходныя памяшканнi.

На сваiх ста гектарах Мiхаiл Макей сёння вырошчвае гароднiну (моркву, капусту, буракi) i збожжавыя. Гароднiна дае асноўны прыбытак, але i патрабуе ручной працы. У гаспадарцы "Верас" працаўладкавана 30 чалавек. Збожжавыя — неабходная ўмова для севазвароту. У апошнiя гады iх ураджайнасць складала 56 цэнтнераў з гектара.

Акрамя палеткаў, у Макея ёсць яшчэ сталярная майстэрня, цэх па вытворчасцi тратуарнай плiткi i прыдарожны сэрвiс: кавярня i стаянка грузавiкоў. Такая разнапланавасць дапамагае выплачваць людзям заробкi i трымацца на плыву незалежна ад сезона, хiстанняў рынку i сусветнага фiнансавага крызiсу.

Фермерская гаспадарка "Верас" неаднаразова прызнавалася лепшай у вобласцi па вынiках года. Яе кiраўнiк — лаўрэат Рэспублiканскага конкурсу "Прадпрымальнiк года" i член Савета па развiцці прадпрымальнiцтва Рэспублiкi Беларусь.

Планы

Наступная мара Макеяў, якая чакае свайго ўвасаблення — каларытны драўляны дом у старадаўнiм стылi.

— Людзям падабаецца даўнiна, яны хочуць узгадаць сваё дзяцiнства, зноў удыхнуць яго незабыўны водар, — кажа Мiхаiл Францавiч. — Дом будзе знаходзiцца тут жа, на тэрыторыi сядзiбы, каб турысты маглi выбраць тое, што iм блiжэй: нехта катэдж, нехта асобны пакойчык у карчме, а нехта — "бабульчыну хату".

Я спытала Мiхаiла Макея, што ў вясковым турызме першаснае: задавальненне для сябе альбо забеспячэнне задавальнення для людзей. Ён адказаў, што напэўна, уся штука гэтага занятку ў тым, што абодва гэтыя задавальненнi ўзаемазалежныя: быццам бы спачатку ты нешта робiш для сябе: чысцiш возера, садзiш сад, купляеш асляня i понi. Але тут жа аказваецца, што ўласна для сябе гэтага — зашмат. А вось калi сваю радасць падзяляеш з iншымi — тады яна набывае сэнс i падштурхоўвае да новых задум.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА,

в. Казловiчы, Зэльвенскi раён.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Звязда" працягвае распавядаць пра сядзiбы-намiнанты Першага рэспублiканскага конкурсу "Лепшая сядзiба года". Сённяшнi аповед — пр
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика