Бабулi паплылi
Бабулi паплылi
Мсцiслаўскiя пенсiянеры аздараўлiваюцца ў школьным басейне — Гэта радасць i свята! — так кажуць пра свае штонядзельныя заплывы бадзёрыя старыя. Самаму старэйшаму ўдзельнiку групы здароўя — 82 гады. — А мне — 17! — радасна смяецца адна з плыўчых. Людмiла Трафiмаўна Ізотава, у былым настаўнiца, нават брала ўдзел у раённых спаборнiцтвах па плаваннi сярод пенсiянераў. I яе 77 гадоў зусiм не перашкаджаюць заняткам: толькi не лянiцца, раiць яна. — Я пасля басейна адчуваю сябе добра i лёгка, — тлумачыць Людмiла Трафiмаўна. — Буду плаваць, колькi Бог адпусцiць сiлаў i здароўя. Кампанiя жанчын у бела-сiнiх шапачках плёскаецца ў невялiкiм басейне для самых маленькiх. Цёплая вада, невялiкая глыбiня i масажныя струменi падабаюцца пенсiянеркам. — У вялiкiм басейне глыбока: сэрца заходзiцца ад страху i ўзнiмаецца цiск, — прызнаецца жанчына. Таму асвойваць доўгiя водныя дарожкi адпраўляюцца смелыя мужчыны. Яўген Iванавiч Сiльчанка лiчыць фiзiчную актыўнасць добрым сродкам, каб умацаваць здароўе i працягнуць жыццё. Пенсiянер, якому 70 гадоў, мае ўласную аздараўляльную праграму: у дадатак да заняткаў у басейне штодня ранiцай адпраўляецца на лыжную прагулку. Яго сябар Юрый Iванавiч Смiрноў аддае перавагу пешай хадзе i ў любое надвор’е абыходзiць ускраiну Мсцiслава. Цяжка паверыць, што гэтаму падцягнутаму мужчыну ўжо 82 гады! — Мой першы прынцып здароўя — гэта фiзiчная праца на ўсё жыццё! — заявiў Юрый Iванавiч. — Мы жывём амаль што ў сельскай мясцовасцi, i гаспадарка вымагае працы. Гэта дапамагае пражыць болей. З умовай, зразумела, добрага харчавання. З ежай прынцып такi: лепей меней есцi, але больш якасна. Так што мой рэцэпт: добра працаваць i добра есцi. Не забыўся Юрый Iванавiч i на яшчэ адзiн складнiк здаровай старасцi: гэта жанчыны. Без надзейнага спадарожнiка жыцця, якi раздзелiць жыццёвыя клопаты, састарэламу чалавеку пражыць няпроста. Па прызнаннi Смiрнова, ад жонкi залежыць працэнтаў 70 яго здароўя. Таму i дзякуе ён сваёй Валянцiне Iванаўне, якая, дарэчы, з вялiкiм задавальненнем ходзiць на заплывы ў басейн. Мсцiслаўскi тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва стварыў клуб для пенсiянераў, хор ветэранаў вайны i працы, а таксама прапанаваў заняткi ў групе аздараўлення. Плаваннем цяпер займаюцца 16 чалавек. — У нас цiкавае жыццё, — кажа Алена Фёдараўна Кандыба. — Мы разам выступаем у хоры i ходзiм у басейн. I спяваем, i плаваем — на ўсё здатныя! У Соф’i Раманаўны Тадэуш заўсёды добры настрой. Яе хобi — анекдоты, якiмi яна з задавальненнем забаўляе сябровак i ў басейне. Праўда, не пра здаровы лад жыцця, а нешта вясёлае пра старэчы склероз. — Сакрэт здаровай старасцi — у смеху, — пераконвае Соф’я Раманаўна. — У мяне заўсёды добры настрой. Таму i цiск у мяне як у касманаўта: 130 на 80! I асаблiва хораша пасля басейна: iдзеш бадзёры, нiбыта гарыць на табе ўсё, i хочацца бегчы! Зою Дзмiтрыеўну Барысаву ў кампанii плыўчых лiчаць маладзiцай: ёй толькi 55 гадоў. Яна распавядае, што адпрацавала амаль 40 гадоў iнжынерам на адным працоўным месцы, i калi пайшла на пенсiю, то нечакана адкрыла для сябе новае жыццё. — Пасля пенсii ўсё толькi пачынаецца! — смяецца Зоя Дзмiтрыеўна. — У мяне з’явiлiся новыя жыццёвыя стымулы: я знайшла добрых сябровак, занялася сваiм здароўем, развяла ў садзе кветкi i стала пiсаць вершы. Яна парывалася чытаць вершы прама ў вадзе! Апошнi твор, напiсаны напярэдаднi чарговай трэнiроўкi, заклiкаў не сядзець "колам" на канапе перад тэлевiзарам, а актыўна рухацца. Настасся Стэфанаўна Жын таксама вучыць не забiвацца ў "норку" , а жыць! Асаблiва гэта датычыцца старых, якiя застаюцца на сконе гадоў у адзiноце: трэба хадзiць на ўсе мерапрыемствы, упэўнена Настасся Стэфанаўна, i жыццё будзе весялейшым. — Я хаджу i плаваю павольна, бо сэрца, вядома, ужо немаладое, — кажа жанчына. — Але трэба ж рухацца i жыць! Галiна Мiкалаеўна Казлова мае рэпутацыю самай валявой жанчыны ў групе аздараўлення. Сто скокаў праз скакалку — не пытанне, нават у 72 гады! Яна выгадавала 5 дзяцей, цяпер радуецца ўнукам i лiчыць, што вада дапамагае ад усiх хваробаў. — Мы яшчэ ездзiм на святую крынiцу ў Пустынкi, дзе непадалёк ад райцэнтра месцiцца старажытны манастыр, — распавядаюць жанчыны. — Вада толькi 7 градусаў цяпла, але яна гаючая. Там незвычайная энергетыка: гэта жыццярадасная купель. У Пустынках — Божая ласка, а тут, у басейне, — камфорт. Усё на карысць нам! Пенсiянеры з мсцiслаўскай групы аздараўлення зрабiлi для моладзi крытычную, але слушную заўвагу: не залiваць у арганiзм вадкасцi сумнiўнай карысцi для здароўя, а расслабляцца ў чыстай вадзе. Жыць даўжэй i быць здаровымi! Iлона Iванова. г. Мсцiслаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мсцiслаўскiя пенсiянеры аздараўлiваюцца ў школьным басейне — Гэта радасць i свята! — так кажуць пра свае штонядзельныя заплывы бадзёрыя старыя. Сама |
|