Дзве iпастасi ЗВЯЗДЫ: выкрывальнiца нацдэмакратызму i заступнiца беларусiзацыi
Дзве iпастасi ЗВЯЗДЫ: выкрывальнiца нацдэмакратызму i заступнiца беларусiзацыi
Леанiд Мiхайлавiч ЛЫЧ — даўнi аўтар "Звязды", якi падчас няхай не пераломных, але знакавых для Беларусi перыядаў у найноўшай гiсторыi краiны выказваўся па самых вострых, вызначальных праблемах, спрабуючы выклiкаць грамадскi рэзананс праз гiстарычныя аналогii i тым самым спрыяць развiццю падзей у тым кiрунку, якi дазволiў бы пазбегнуць памылак мiнулага, але выкарыстаць з найбольшай карысцю станоўчы вопыт. Сённяшнi артыкул Леанiда Лыча — з разраду такiх публiкацый. Ісцi наперад у развiццi сваёй дзяржаўнасцi, нацыянальнай годнасцi, не паўтараючы папярэднiх памылак, не ўпадаючы ў крайнасцi, але ўсё ж дамагаючыся адзiна прымальнага вынiку — усведамлення сябе як народа, як адметнай годнай нацыi — тэма артыкула, якую "Звязда" прапануе сваiм чытачам, адначасова вiншуючы прафесара, доктара гiстарычных навук Л. Лыча з яго 80- годдзем з дня нараджэння. Дзяржаўнай палiтыцы беларусiзацыi, якая бярэ свой адлiк ад лiпеня 1924 г., лёс наканаваў вельмi кароткае жыццё. Як толькi на мяжы 20—30-х гадоў абвастрылася барацьба з так званым нацдэмакратызмам, адразу актывiзавалi сваю дзейнасць адкрытыя i патаемныя працiўнiкi беларусiзацыi. Газета "Зьвязда", будучы перыядычным органам самога ЦК КП(б)Б, першай распачала на сваiх старонках выкрыццё "варожых" планаў "нацдэмакратаў". Калi ў красавiку 1930 г. ва Украiне быў вынесены прысуд "контррэвалюцыйнай" падпольнай арганiзацыi "Сьпiлцы Вызваленьня Украiны", пра выкрыццё якой рэгулярна паведамляў сваiм чытачам перыядычны друк i Беларусi, газета "Зьвязда" 21 красавiка таго ж года выступiла з грунтоўным перадавым артыкулам "Рэвалюцыйны прыгавор", дзе прыводзiлася вельмi шмат паралеляў у дзейнасцi членаў гэтай украiнскай антысавецкай арганiзацыi i беларускiх "нацдэмакратаў". Была зроблена, да прыкладу, такая выснова: "Беларускiя нацыянал-дэмакраты, як i iх браты ўкраiнскiя контррэвалюцыянеры, выкарыстоўвалi лёзунг "незалежнасьцi" для рашучай i непарыўнай барацьбы супраць беларускiх працоўных мас, супраць сапраўдна незалежнай Савецкай Беларусi". Асаблiва ўзмацнiлася барацьба з беларускiм "нацдэмакратызмам" напярэдаднi ХIII з’езда КП(б)Б (праходзiў 30 мая — 12 чэрвеня 1930 г.). З вялiкiм артыкулам "Нацыянальнае пытанне ў БССР i барацьба з нацыянал-дэмакратызмам i шавiнiзмам" выступiў у "Зьвяздзе" (21 мая 1930 г.) Аляксандр Сянкевiч, якi працаваў у той час рэктарам Камунiстычнага ўнiверсiтэта Беларусi iмя У.I. Ленiна. У сваёй публiкацыi ён беспадстаўна абвiнавацiў у нацыяналiзме шэраг беларускiх пiсьменнiкаў, у прыватнасцi Тодара Глыбоцкага, Цiшку Гартнага, Язэпа Пушчу, Уладзiмiра Дубоўку, Мiхася Зарэцкага. Раман апошняга "Крывiчы" названы "апафеозам беларускага нацыянал-шавiнiзму". Калi на старонках перыядычнага друку, у т.л. i газеты "Зьвязда", вялася толькi палемiка вакол "нацдэмакратызму", у iнтэлiгенцыi прысутнiчалi i смеласць, i жаданне працаваць на святыя iдэалы беларусiзацыi. Становiшча карэнным чынам змянiлася, калi на змену палемiкi прыйшлi розныя меры пакарання. (У шэрагi правафланговых беларусiзацыi сур’ёзны пярэпалах унеслi першыя паведамленнi аб арышце яе найбольш адданых прыхiльнiкаў. Адно з iх пад загалоўкам "Арышт контррэвалюцыйнай iнтэлiгенцкай групы нацыянал-дэмакратаў" змясцiла 30 лiстапада 1930 г. на сваёй чацвёртай старонцы i газета "Зьвязда". У лiку арыштаваных былi былыя мiнiстры БНР Ластоўскi, Цьвiкевiч, Краскоўскi, Смолiч, а таксама Лёсiк, Некрашэвiч i iнш. Зараз мы зусiм iншымi вачамi глядзiм на гэтых асобаў. Як ужо i тады стала трывалай практыкай, у наступным нумары газета "Зьвязда" ад 1 снежня 1930 г. змясцiла шэраг публiкацый у падтрымку праведзенага арышту названых беларускiх "нацдэмакратаў" пад такiм гучным шматслоўным загалоўкам "Выбух гневу i абурэньня пралетараў БССР супраць выкрытай органамi ДПУ контррэвалюцыйнай нацыянал-дэмакратычнай групы. Ня можа быць лiтасьцi агентам iнтэрвентаў, натхнiцелям банд крывавага Булак-Балаховiча". I што характэрна: першымi ў падтрымку гэтай акцыi ДПУ выступiлi беларускiя пiсьменнiкi. Ужо сам загаловак iх звароту ў газету "Сурова пакараць чорную зграю былых белых мiнiстраў, афiцэраў, царскiх чыноўнiкаў i буржуазных нацыяналiстаў" дае поўнае ўяўленне пра тое, як некаторыя майстры мастацкага слова пад уздзеяннем розных фактараў, не выключана, прыхiльна ставiлiся да рэпрэсiўнай палiтыкi савецкай улады ў дачыненнi i да тых, хто так багата зрабiў дзеля нацыянальна-культурнага адраджэння нашага краю. Беларуская асацыяцыя пралетарскiх пiсьменнiкаў давала клятву "ў адказ на контррэвалюцыйны замах беларускiх нацыянал-дэмакратаў з большай актыўнасьцю i паслядоўнасьцю... змагацца за генэральную лiнiю камунiстычнай партыi; высьвятляць перад працоўнымi масамi контррэвалюцыйную сутнасьць беларускага нацыянал-дэмакратызму...". У гэтым жа нумары газеты "Зьвязда" змешчаны верш Андрэя Александровiча "Паэма пра ворага", эпiграфам для якога ўзяты крылатыя словы пралетарскага, савецкага пiсьменнiка Максiма Горкага "Если враг не сдается, его уничтожают". Ахвотна шукала iх Я. Сякерская, якая выступiла з аб’ёмiстым артыкулам "Беларускi нацыянал-дэмакратызм i вялiкарасiйскi шавiнiзм на iдэалёгiчным фронце БССР" на старонках газеты "Зьвязда" (19 лiстапада 1930 г.). "Амаль да апошняга часу... БАН (Беларуская акадэмiя навук. — Л.Л.) была сапраўдным плацдармам беларускага нацыянал-дэмакратызму, якi разгарнуў там ва ўсю шырыню i глыбiню "навуковую" работу пад прыкрыцьцём нацыянал-апартунiстычнага кiраўнiцтва прэзыдэнта акадэмii Iгнатоўскага". У лагер iдэолагаў беларускага "нацдэмакратызму" Я. Сякерская, акрамя гiсторыка Усевалада Iгнатоўскага, залiчыла кiраўнiка Белдзяржвыдавецтва Змiтра Жылуновiча (лiтаратурны псеўданiм Цiшка Гартны), нядаўнiх наркамаў — асветы БССР Антона Балiцкага, земляробства Дзмiтрыя Прышчэпава, акадэмiкаў БАН Вацлава Ластоўскага i Сцяпана Некрашэвiча, гiсторыка Аляксандра Цьвiкевiча, аўтара шэрагу падручнiкаў па беларускай мове Язэпа Лёсiка. Гiстарычную навуку Беларусi яна назвала "арэнай для насаджэньня варожай нам нацдэмаўскай iдэалёгii". Сваю рашучую барацьбу з беларускiм "нацдэмакратызмам" партыя iмкнулася заўжды весцi адкрыта, рэгулярна iнфармуючы пра гэта грамадства, зразумела, у выгадным для сябе плане. "Арыштован рад контррэвалюцыянераў. Усе гэтыя даўно i добра вядомыя асобы — былыя "мiнiстры" БНР i белагвардзейскiя эмiгранты, накшталт Ластоўскага, Цьвiкевiча, Краскоўскага, Смолiча, Лёсiка цi Некрашэвiча..." Сярод жа "нацыянал-дэмакратаў", якiя заставалiся на волi, газета называе Алеся Дудара, Фелiкса Купцэвiча, Мiхася Зарэцкага, Уладзiмiра Дубоўку, Максiма Лужанiна, Язэпа Пушчу i нарэшце Янку Купалу. Маштабы барацьбы з "нацдэмакратызмам" маглi б стаць яшчэ большымi. У пэўнай ступенi перашкодзiлi гэтаму рашэннi ХVI з’езда УсеКП(б), якi праходзiў у канцы чэрвеня — пачатку лiпеня 1930 г. На iм вуснамi самога I. Сталiна было заяўлена, што зараз галоўную небяспеку для краiны ўяўляе вялiкадзяржаўны рускi шавiнiзм. З iм не магла не весцiся iнфармацыйная вайна i на Беларусi, у т.л. i на старонках яе вядучай партыйнай газеты "Зьвязда". Праўда, сур’ёзнай барацьбы з гэтым партыйным ухiлам, вялiкадзяржаўным шавiнiзмам, як такое назiралася ў дачыненнi да "нацдэмакратызму", не вялося. Не вялося таму, што гэтага не хацелi дапусцiць самi палiтычныя органы. Паўтарыўшы ў час выступлення ў пачатку лiпеня 1930 г. на сходзе Мiнскага партактыву сталiнскую ацэнку, адзiн з вядучых бальшавiцкiх iдэолагаў рэспублiкi А. Сянкевiч заявiў, што i зараз мы не павiнны "нi на ёту паслабiць змаганьня з беларускiм нацыянал-дэмакратызмам..." ("Зьвязда", 5 лiпеня 1930 г.). I яна сапраўды не паслаблялася. У вынiку такога змагання сотнi найбольш адданых iдэi беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння асобаў былi пазбаўлены магчымасцi ўсялякага ўдзелу ў iм. Той жа, хто не паспеў, а меў жаданне далучыцца да яго, цяпер ужо не адважваўся на такi патрыятычны ўчынак, не верачы, што ў БССР будзе праводзiцца адпаведная яе карэнным iнтарэсам нацыянальная палiтыка. Рэдакцыi газеты "Зьвязда" трэба аддаць належнае, што ў адрозненне ад усiх астатнiх рэспублiканскiх перыядычных выданняў, яна, актыўна дапамагаючы партыйным структурам, рэпрэсiўным органам грамiць "нацдэмакратызм", у той складаны час не выпускала з-пад сваёй увагi i надзённых праблем беларусiзацыi, якую з кожным годам станавiлася ўсё цяжэй i цяжэй праводзiць. Без перабольшвання газета "Зьвязда" з’яўлялася тады сапраўднай заступнiцай беларусiзацыi, хаця i мела прыкладна ўсяго толькi тры-чатыры гады працы на беларускай мове. I вельмi важна, што ў такой прагрэсiўнай ролi "Зьвязда" пачала выступаць акурат тады, калi iншыя газеты альбо зусiм абыходзiлi праблему беларусiзацыi, альбо ў завуаляванай форме выказвалiся пра немэтазгоднасць яе далейшага правядзення. Занадта катэгарычную, бескампрамiсную пазiцыю да працiўнiкаў беларусiзацыi "Зьвязда" заняла, змясцiўшы 10 кастрычнiка 1930 г. падборку артыкулаў пад такiм шматслоўным загалоўкам: "Бiць па супрацiўленцах правядзеньню ленiнскай нацпалiтыкi. Агонь барацьбы накiраваць супроць самага небясьпечнага расiйскага вялiкадзяржаўнага шавiнiзму. Нi на хвiлiну не паслабiм барацьбы з беларускiм контррэвалюцыйным нацыянал-дэмакратызмам i шавiнiзмамi ўсiх колераў" (1930, 10 кастрычнiка). Аналiзуючы матэрыялы, атрыманыя за час месячнiка па праверцы ходу беларусiзацыi, рэдакцыя газеты "Зьвязда" рэкамендуе партыйным арганiзацыям савецкiх устаноў рашуча выкараняць "той бяздушны фармалiзм, якi часамi пануе ў адносiнах да беларусiзацыi", прызнае, што яшчэ не вычышчаны з дзяржаўнага апарату чыноўнiцка-бюракратычныя элементы, якiя шалёна супрацiўляюцца "i на фронце правядзеньня нацпалiтыкi, i яе сустаўной часткi беларусiзацыi. Гэтым супрацiўленьням трэба даць бязьлiтасны бой". Пад зазначаным вышэй загалоўкам быў змешчаны матэрыял аб фактах грубага парушэння палiтыкi беларусiзацыi ў Цэнтральным доме селянiна, што знаходзiўся ў Мiнску. Аўтары гэтага матэрыялу брыгадзiры па ходу правядзення месячнiка беларусiзацыi Захарык i Сянкевiч зрабiлi правiльную выснову, што паколькi "Цэнтральны дом селянiна з’яўляецца адным з магутных вагароў уплыву партыi на працоўныя масы сялянства", дык i "ўсю яго работу трэба праводзiць на тэй мове, на якой гаворыць маса, якую ён абслугоўвае", г.зн. на беларускай. А вось што датычыць суровага прысуду, вынесенага брыгадзiрамi: "Вялiкадзяржаўных шавiнiстаў трэба пазьнiмаць з работы ў доме селянiна", тут рэдакцыя газеты "Зьвязда" справядлiва не стала на бок прыхiльнiкаў падобнай пазiцыi, напэўна ж, добра ведаючы, што такiм голым адмiнiстраваннем не зробiш беларускую мову любiмай i паважанай у асяроддзi працаўнiкоў Цэнтральнага дома селянiна. Для рэдакцыйнага калектыву газеты "Зьвязда" не з’яўлялася сакрэтам, што беларусiзацыя набудзе незваротны характар толькi пры ўмове падтрымкi яе самымi шырокiмi коламi грамадства. Таму, калi ў вераснi 1930 г. ЦК КП(б)Б меркаваў на сваiм пленуме разгледзець ход ажыццяўлення на Беларусi нацпалiтыкi, рэдакцыя газеты звярнулася 3 жнiўня 1930 г. да чытачоў з просьбай выступiць на яе старонках па названым пытаннi. У гэтым жа нумары быў змешчаны перадавы артыкул "За бальшавiцкiя тэмы беларусiзацыi!", у якiм больш гаварылася пра недахопы, чым дасягненнi ў яе рэалiзацыi. На матэрыялах "Зьвязды" чытач вучыўся разумець, наколькi гэта не толькi архiважная, але i складаная праблема — укараненне беларускай мовы ў грамадскае жыццё. Глыбока не разбiраючыся ва ўсiх тонкасцях i складанасцях запланаванага пераходу з рускай мовы на родную мову тытульнай нацыi рэспублiкi, некаторыя шчырыя прыхiльнiкi i непасрэдныя праваднiкi iдэй беларусiзацыi на практыцы праяўлялi пэўную паспешлiвасць i гарачку, звярталiся да адпаведных органаў з просьбай ужыць прымусовыя метады. Таўкачоў пасланы газетай "Зьвязда" для праверкi стану беларусiзацыi на прадпрыемствах i ў арганiзацыях Наркамгандлю БССР, дзе не надавалася асаблiвай увагi яе ажыццяўленню, зрабiў такую выснову: "Адмiнiстрацыя павiнна поўнасьцю скарыстаць свае правы для таго, каб прымусiць усiх супрацоўнiкаў ужываць беларускую мову". ("Зьвязда", 19 лiстапада 1930 г.). Са зробленай высновай не пагаджалiся ў газеце, бо такi прымус, акрамя шкоды, не мог нiчога прыўнесцi ў беларусiзацыi. Не ад выпадку да выпадку, а стала i паслядоўна асвятляла рэдакцыя газеты "Зьвязда" пытаннi ажыццяўлення беларусiзацыi ў вышэйшай i сярэдняй спецыяльнай школе, добра ведаючы, што ад гэтага ў вырашальнай ступенi залежаў лёс беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння ўвогуле. На старонках нiводнай з газет так грунтоўна, як у "Звяздзе", не асвятлялiся месячнiкi беларусiзацыi. Калi стала вядома, што тэрмiны яе завяршэння не вытрымлiваюцца, партыйныя i савецкiя органы даволi часта пачалi праводзiць такога кшталту мерапрыемствы. I яны, за рэдкiм выключэннем, давалi станоўчыя вынiкi. Рэдакцыя газеты "Зьвязда" высока ацанiла, што па iнiцыятыве ЦК ЛКСМБ праведзены трохмесячнiк пралетарскай беларускай i нацменаўскай культуры, адной з асноўных задач якога з’яўлялася i "канчатковая беларусiзацыя камсамольскай арганiзацыi". Па зразумелых прычынах галоўным участкам, на якi патрабавалася звярнуць самую пiльную ўвагу пры правядзеннi месячнiка праверкi беларусiзацыi, з’яўлялася сфера адукацыi. Незадоўга да яго завяршэння газета "Зьвязда" (23.ХII.1930) прызнала, што тут далёка не ўсё знаходзiцца на належным узроўнi, асаблiва ва ўсходнiх раёнах. Разам з тым былi сур’ёзныя недахопы ў беларусiзацыi навучальна-выхаваўчага працэсу ВНУ, тэхнiкумаў i ў самой сталiцы БССР, у тым лiку БДУ. Частка выкладчыкаў, студэнтаў яго факультэта народнай гаспадаркi была супраць ужывання беларускай мовы ў час чытання лекцый i правядзення семiнарскiх заняткаў. Калi засталося прыкладна з дзесятак дзён да заканчэння месячнiка праверкi беларусiзацыi i работы сярод працоўных нацменшасцяў, ЦК КП(б)Б прыняў спецыяльную пастанову па гэтым пытаннi. Трэба палiчыць за станоўчае, што ў ёй на гэты раз асаблiвая ўвага звярталася на неабходнасць разгортвання шырокай растлумачальнай працы сярод масаў аб значэннi беларусiзацыi. На гэта ж скiроўвала ўвагу сваiх чытачоў i рэдакцыя газеты "Зьвязда" (20.ХII.1930)... Яна прапаноўвала партыйным арганiзацыям даць рашучы адпор тым асобам, якiя распаўсюджвалi чуткi, што нiбыта з заканчэннем месячнiка праверкi беларусiзацыi можна будзе лiчыць завершанай усю працу на гэтай важнай дзялянцы нацыянальнай палiтыкi. 1930-ы яшчэ быў годам, калi здавалася, што ў дзяржаўнай палiтыцы беларусiзацыi ёсць будучыня. Наступны такога ўражання ўжо не ствараў. На яе стала звяртаць менш увагi нават газета "Зьвязда", бо партыя пачала крута мяняць курс сваёй нацыянальнай палiтыкi, на што не мог не рэагаваць яе друкаваны орган. Уклад журналiсцкага корпуса "Зьвязды" ў папулярызацыю iдэi беларусiзацыi i яе ажыццяўленне — адна з найвыдатнейшых старонак у гiсторыi гэтага друкаванага органа. Вывучэнне, творчае выкарыстанне тагачаснага пазiтыўнага вопыту могуць сёння ў многiм дапамагчы больш глыбокаму асвятленню ў перыядычным друку Рэспублiкi Беларусь кардынальных пытанняў самабытнага нацыянальна-культурнага развiцця, у якiх з году ў год не становiцца менш. Леанiд ЛЫЧ, доктар гiстарычных навук, прафесар.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Леанiд Мiхайлавiч ЛЫЧ — даўнi аўтар "Звязды", якi падчас няхай не пераломных, але знакавых для Беларусi перыядаў у найноўшай гiсторыi краiны
|
|