Анатоль Міхайлаў і Ўладзімір Дунаеў разважаюць пра будучыню ЕГУ
15 февраля 2009 Общество
Юрась Вітальеў, Даніла Стрыжак, Еўрапейскае радыё для Беларусі Ад пачатку года ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце адбыліся значныя змены. Быў вызвалены з пасады адзін з заснавальнікаў ЕГУ прарэктар Уладзімір Дунаеў. А ва ўніверсітэце ўведзенае знешняе кіраванне. На фоне фінансавых праблемаў на чале ўніверсітэта стала кіроўная рада, у склад якой уваходзяць вядучыя спецыялісты ЗША і Еўропы ў сферы адукацыі. Старшыня кіроўнай рады ЕГУ Пэр Ункель быў міністрам адукацыі Швецыі і генеральным сакратаром Савета міністраў Паўночных Краін, цяпер губернатар Стакгольмскай акругі. У пачатку лютага адбылося першае паседжанне рады, на якім упершыню быў прыняты план стратэгічнага развіцця. У Беларусі пайшлі чуткі, што ЕГУ можа знікнуць як беларускі ўніверсітэт у выгнанні. І можа стаць рэгіянальным універсітэтам, а месцы для беларускіх студэнтаў будуць лімітаваныя. Пад пытаннем апынуўся лёс беларускамоўных праграм. Сёння многіх хвалюе лёс універсітэта, таму Еўрарадыё звярнулася з гэтымі пытаннямі да рэктара ЕГУ прафесара Анатоля Міхайлава і былога прарэктара прафесара Ўладзіміра Дунаева. Пра знешняе кіраванне ў ЕГУ Міхайлаў: "Змены, якія адбываюцца — гэта змены росту. Ухвалены ўпершыню стратэгічны план развіцця. На чале знаходзіцца кіроўная рада. У гэтай радзе вядучыя спецыялісты Еўропы і Амерыкі ў сферы адукацыі. Вядомыя людзі, прызнаныя спецыялісты, якія разумеюць у адукацыі больш чым хто. Я не хачу, каб людзі, якія знаходзяцца за межамі адукацыі, спрабавалі крытыкаваць людзей прызнаных, якія шмат дасягнулі ў гэтым. З гэтымі людзьмі трэба супрацоўнічаць. Мы павінны быць удзячныя ім за тое, што яны робяць. А мы лічым, што яны жадаюць разбурыць". Дунаеў: "З усяго вынікае, што рашэнні прымаюцца нейкай трансцэндэнтнай сілай, што ва ўніверсітэце існуе вонкавае кіраванне. І чальцы кіроўнай рады — яны прымаюць рашэнні, а ўніверсітэт падпарадкоўваецца гэтым рашэнням. Выпрацоўка стратэгіі — функцыя кіроўнай рады. Здаецца, гэта некалькі палохае. Але хто ведае, можа быць, чальцы кіроўнай рады лепш ведаюць, у якім кірунку павінен трансфармавацца ўніверсітэт". Пра змены, якія будуць адбывацца Міхайлаў: "Трансфармацыя будзе вось якая. У нас вельмі шмат праграм. Вы можаце прадставіць хоць адзін прыватны ўніверсітэт, які культываваў бы такога роду дысцыпліны? Гэта не будзе існаваць у такім выглядзе. Мы павінны прыцягнуць студэнтаў, якія будуць плаціць за сваю адукацыю, а для гэтага яна павінна быць якаснай. Што датычыцца кафедраў — мы перафарматуем іх. Не можа быць у маленькім універсітэце шмат дэканаў, 17 кіраўнікоў праграм. Не можа быць такога, каб ў адной магістарскай праграме па гісторыі не ведалі, што адбываецца ў іншай праграме па гісторыі. Розныя праграмы павінны ўзаемадзейнічаць. Трэба 5.5 млн еўра ў год, але і іх цяпер няма. Нам трэба хоць неяк нешта скараціць. Магістарская праграма каштуе 8000 еўра за 1 студэнта. Мы думаем, каб магістры таксама плацілі хаця бы 500 еўра — гэта толькі невялікі адсотак усіх выдаткаў пакрывае". Дунаеў: "Праблему трэба вырашаць. Калі фінансавыя цяжкасці перад універсітэтам паўстаюць, то трэба шукаць магчымасці, каб праблемы вырашаць. У тым ліку ў меншай залежнасці ад донараў, што існуе сёння. Ці трэба рабіць гэта за кошт скарачэння кіраўнікоў праграм або дэканаў і памяншэння праграм? Гэта таксама можа быць рашэннем, але малаэфектыўным, на мой погляд. Гэта ўжо хай універсітэцкая супольнасць вырашае. Я думаю, што ёсць падставы для сур'ёзнаага клопату наконт будучыні. Мне падаецца, цалкам лагічна выказаць здагадку, што фінансавыя праблемы будуць павялічвацца". ЕГУ — беларускі універсітэт у выгнанні ці не? Які лёс беларускіх праграм? Міхайлаў: "Калі мы кажам адукацыя — мы павінны быць адказнымі. Нам трэба стаць такім універсітэтам, які будзе прыняты ў кагорту вядучых універсітэтаў. Мы павінны быць партнёрамі. Нельга чакаць, што прафесар у Кембрыджы будзе зацікаўлены ў тым, каб падтрымліваць бедных і ўбогіх, якіх выгналі. Мы павінны стаць моцным універсітэтам, каб наогул казаць аб адукацыі. Мы не ператвараемся ні ў азербайджанскі, ні ва ўзбекскі ўніверсітэт. Проста любы ўніверсітэт не можа існаваць у абмежаванай прасторы. Якім чынам тыя, якія асцерагаюцца за лёс беларускамоўных праграм, садзейнічаюць, каб гэтыя праграмы існавалі? Яны паспрабавалі знайсці грошы ў амерыканскай дыяспары, напрыклад? Нам на 15 месцаў падаюць 13 аплікацый. На філасофію і на беларусістыку няма аплікацый. Мы жа не можам падтрымліваць праграмы без студэнтаў". Дунаеў: "Я так думаю, што калі б гэта быў міжнародны ўніверсітэт у Беларусі, то гэта было б перспектыўна. А міжнародны ўніверсітэт у Літве — думаю, на яго будзе цяжка атрымаць фінансавую падтрымку. Не толькі з фінансавага пункта гледжання, але і з палітычнага. Універсітэт у выгнанні — гэта тое, што магло прыцягваць донараў, выклікаць нейкія сімпатыі. Калі ўніверсітэт заявіць аб тым, што ён збіраецца канкураваць з тымі ж літоўскімі ўніверсітэтамі — баюся, што гэта значна паменшыць сімпатыі да яго ў літоўскай акадэмічнай супольнасці. Інакш да гэтага будуць ставіцца і донары. Але гэтае маё асабістае меркаванне".
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
15 февраля 2009 Общество Юрась Вітальеў, Даніла Стрыжак, Еўрапейскае радыё для Беларусі Ад пачатку года ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце адбыліся значныя змены. |
|