21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Святлана Алексіевiч: Кожнага чалавека можна падняць

26.08.2009 10:46 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Святлана Алексіевiч: Кожнага чалавека можна падняць

Беларуская пiсьменнiца, якая цяпер жыве ў Германii, прыехала ў Мiнск на прэзентацыю першых чатырох кнiг са свайго збору твораў, выхад якога запланаваны ў сямi тамах. Творы беларускай пiсьменнiцы, якая пiша па-руску, выдаюць у Расii. Але падчас прэзентацыi кнiг у рамках кнiжнай выставы-ярмаркi, ля шапiка выдавецтва "Время" стаяла чарга: Святлана Алексiевiч некалькi гадзiн асабiста падпiсвала кнiгi i была рада сказаць слова людзям, якiм было пра што спытаць. Адчувалася: яна сапраўды рада пагаварыць са сваiмi землякамi, а ў iх было жаданне паслухаць разважаннi пiсьменнiцы...

Пра час

— Зараз я пiшу новую кнiгу, яна называецца "Час сэканд-хэнд. Канец чырвонага чалавека", — сказала Святлана Алексiевiч. — Гэта кнiга пра жыццё, якое мы з вамi пражылi за апошнiя 20 гадоў. Для мяне асабiста гэта былi складаныя гады. Мы ўсе безабаронныя перад сваiм часам, перад краiнай, у якой мы жывем. З аднаго боку, ёсць наша адзiнае жыццё. З iншага боку, мы ўсе залежым ад таго, што адбываецца сёння i зараз. Нiколi не было такога шляху ад сацыялiзму да капiталiзму, гэта абсалютна новая з’ява. Я асабiста не была да гэтага гатовая. Думаю, што калi шчыра, то кожны з нас не быў гатовы. Сёння трэба прызнацца, што тады, у 90-я гады, мы былi наiўнымi людзьмi. Мы думалi, што ўся справа ў тым, каб рухнула тое, што нас сцiскала, давiла, прымушала жыць у плоскiм чорна-белым свеце. А далей будзе новае цудоўнае жыццё, падобнае на заходнi супермаркет. Аказалася ўсё больш жорстка, больш жахлiва. Дзе мы зараз i што з намi адбылося за гэты час? Нi лiтаратура, нi палiтыкi, нi ўлада, нi грамадства ў цэлым адказу на гэтыя пытаннi не далi. Напэўна, таму, што гэтыя працэсы загналi кожнага з нас у адзiноту, у падземныя сховiшчы. Рэчы, якiя змянiлi чалавека, аказалiся непрагаворанымi. Мы не прагаворваем нашу гiсторыю — вось у чым бяда. Чаму мы не можам пайсцi далей? Таму што мы не ведаем, што засталося ззаду.

Пра чалавека

Я доўгi час жыла ў розных краiнах. Зразумела, што я сацыял-дэмакрат. Пасля сацыялiзму цяжка быць чыстым лiбералам, халодным, рабiць эксперыменты з чалавечай душой. Славянская душа першапачаткова думае пра роўнасць, братэрства. Калi мы не будзем пра гэта думаць, то будзем iншымi людзьмi, гэта будзе iншая краiна, iншы народ. І кiнуць нас адразу ў халодную адкрытую прастору, напэўна, было вялiкай памылкай. Дзякуй Богу, што мы пазбеглi грамадзянскай вайны, пазбеглi нейкай катастрофы. Патроху з усяго гэтага выходзiм. Але я бачу па людзях, што iм патрэбная такая размова. Так, чалавек можа стаць насычаным, можа паездзiць па свеце — гэта трэба. Але матэрыяльныя спакусы, абсалютна новыя для нашых людзей, нас змялi, паставiлi пад пытанне шмат якiя каштоўнасцi i нашу культуру. Мы аказалiся да гэтага негатовыя. Мне часам здавалася, што сталiнскiя лагеры людзi вытрымалi з большай годнасцю, чым выпрабаванне доларам. Жаданне нармальнага жыцця на нейкi час зацьмiла ўсе астатнiя пытаннi чалавечага iснавання, якiя застаюцца невырашаныя.

Мы — грамадства ахвяраў. Мае ўсе кнiгi пра экстрэмальныя сiтуацыi i падчас працы над iмi ўзнiкла адчуванне, што людзi хочуць застацца ў гэтым кокане. З аднаго боку, гэта кокан страшнаваты, але ён ужо абжыты культурай, абжыты кожным з нас, нашым родам. Таму што калi мы вернемся назад, то ў кожнага з нас нехта пацярпеў — была вайна, Чарнобыль. Мы ўсе адтуль, з гэтай памяцi. I ўзнiкае другое пытанне: чаму вучаць пакуты?

Тое, што я пiшу — гэта не толькi назапашванне вопыту пакутаў. У мяне больш за 100 выданняў ва ўсiм свеце. Чаму? Таму што свету цiкава, што гэта за людзi жывуць на такой вялiкай прасторы? Што за дзяржаву яны будуюць?

Пра дзяржаву

Я з тых людзей, якiя ўжо расчаравалiся ў такiх барыкадах, у самiм выхадзе на вулiцу. Я бачыла, як гэта адбывалася ў Парыжы, я бачыла падпалы машын, калi выходзiш ранкам i страшна глядзець на вулiцу. Гэта шлях у нiкуды. Зараз я жыву ў Берлiне. I што я бачу з акна? Ранiцой падыходзяць немцы адзiн за адным з некалькiмi пакетамi i пачынаюць будаваць дзяржаву: стаiць пяць кантэйнераў для смецця, у адзiн трэба класцi пластыкавыя бутэлькi, у другi — шкляныя, у трэцi — жывую арганiку i гэтак далей. I нiхто не кiвае: маўляў, смецце — не мой клопат, няхай дзяржава вырашае гэтыя пытаннi. Нам кожнаму патрэбна пачуццё адказнасцi — з яго пачынаецца дзяржава. Усе мае кнiгi пра гэта. Я вяду больш за 30 гадоў хронiку чырвонай цывiлiзацыi. Пiшу пра наша жыццё, якое называлася сацыялiзмам. Не трэба думаць, што яго ўжо зусiм няма: мы ездзiм на iншых машынах, носiм кiтайскiя цi iтальянскiя шмоткi, але мы яшчэ вельмi шмат у чым савецкiя. Мы яшчэ ў нейкiм iншым часе, i нам яшчэ кожнаму трэба будзе зрабiць шлях у новы час. Трэба кожнаму рабiць самога сябе.

Пра тых, хто побач

Сабраць трагiчны матэрыял вельмi складана. Але яшчэ больш складана знайсцi новы погляд, укласцi ўсё ў новую фiласофiю, каб гэта было адкрыццём. Мы сёння дастаткова культурныя, дастаткова разумныя — сёння грамадства разумнейшае за ўладу, разумнейшае нават за мастацтва i лiтаратуру. Таму трэба падумаць, з чым выйсцi да вас i што вам сказаць. Так што кнiгi даюцца вельмi складана. Вось я дапiшу кнiгу "Канец чырвонага чалавека" i ў мяне будуць яшчэ дзве кнiгi. "Дзiўны алень вечнай ахоты" — кнiга пра каханне, 50 мужчынскiх гiсторый кахання i 50 жаночых. Сёмая кнiга — пра сыход, пра старасць. Калi iдзеш па еўрапейскай вулiцы, то адчуваеш, што свет належыць састарэлым людзям. У краме быццам бы ўсё для моладзi, але мой 46-ы памер ужо паспрабуй знайсцi ў Францыi. Кнiга будзе пра старасць, пра смерць i каханне. Чаму пра гэта? Таму што калi разважаннi пра сутнасць таталiтарызму адышлi, то стала зразумела, што чалавечае жыццё круцiцца вакол дзвюх рэчаў: кахання i смерцi. Што мне падабаецца ў еўрапейскiх людзях, чаго мы не ўмеем? Бачу, як па вулiцы iдзе пара састарэлых людзей 70-80 гадоў, i думаю, як жа трэба прыгожа, па-сяброўску пражыць жыццё, каб захаваць такiя адносiны. У жыццi ж усё бывае — i здрады, i расчараваннi, i страты. Але яны iдуць, узяўшыся за рукi. Яны жывуць у вельмi жорсткiм свеце. Нiчога проста так не даецца i гэты супермаркет таксама. Але яны стараюцца, у iх ёсць разуменне шчасця жыцця. Таму што самае важнае — тваё адзiнае жыццё. I нiякi крызiс не пераможа. Зачапiцца трэба толькi за дом, за дзяцей, за ўнукаў.

Я магу сказаць пра сябе. У мяне могуць быць вельмi складаныя справы, але я дала слова сваёй маленькай трохгадовай унучцы, што буду ў чатыры гадзiны. Але калi ўжо адчуваю, што не буду своечасова, то вельмi перажываю: як мне патлумачыць, чаму я яе падманула? Трэба заўсёды даражыць сваiмi блiзкiмi. У еўрапейскiх людзей ёсць разуменне таго, што трэба захаваць да старасцi гэтае малое кола. У старасцi чалавек заканчвае адзiнокiм. Але трэба захаваць сабе дарагiх спадарожнiкаў як мага даўжэй. Я бачыла шмат знакамiтых людзей, я бачыла нават маршала Жукава напрыканцы жыцця. Ён выйшаў да мяне з палаты — непрыбраны стары чалавек. Таму што падчас вайны ён некалi сышоў да маладой жанчыны, яна памерла, а сям’я яму не даравала. I чалавек, перад якiм увесь свет быў на каленях, якога баяўся Сталiн, быў абсалютна безабаронны. Я запомнiла гэта на ўсё жыццё i зразумела: увесь час трэба сябраваць з тымi, хто побач.

Пра выхаванне культурай

У мяне прадзед быў настаўнiк, дзед, бацькi. Я ўвесь час ведаю, што я — гэта не толькi я, а назапашванне вопыту вясковага настаўнiцтва. Такiм чынам кожны з нас кiмсьцi з’яўляецца, нясе нейкую пэўную культуру...

Калi я пiсала кнiгу пра Чарнобыль, то аднойчы паехала блiжэй да рэактара. Мне гавораць з iронiяй: тут былi эстонцы i латышы, яны сабралiся i з’ехалi. Маўляў, баязлiўцы. Я пытаюся, а чаму яны з’ехалi? Таму што iх жанчыны адмовiлiся праць бялiзну рукамi, як нашы. Пральныя машыны хутка сапсавалiся. I нашы жанчыны — рукi ўсе ў язвах — мылi яе рукамi... Не думаючы пра абарону, якая, мiж iншым, iснавала. Але ў нас эканомiлi на чалавеку. У тым, што людзi паставiлi ўмовы, з аднаго боку стаiць культура: мы будзем рабiць, але не цаной свайго жыцця. А што зрабiлi ўсе астатнiя — украiнцы, беларусы, рускiя? Яны гераiзм бачылi ў тым, каб мыць бялiзну голымi рукамi. Каб памерцi... Так, гэтыя людзi ўратавалi нас. Менавiта яны, а не дзяржава.

Аднойчы, калi я паехала ў "зону", са мной былi замежныя журналiсты, паехалi з маленькiмi партфелямi, дзе мiнеральная вада ледзь не з Парыжа, бутэрброды, баначкi. I да мясцовых: раскажыце праўду. Сядзяць бедныя людзi, у iх краму зачынiлi, ежы няма, а яны паставiлi на стол, што ў iх было — сала, грыбочкi, усё натуральнае... Частуйцеся, госцi. А тыя кажуць: "Вы раскрыйце нам душу..." I тут жа сцiпленька раскрываюць партфельчыкi са сваёй ежай. Гэта людзi еўрапейскiя. А я чалавек славянскай культуры, выхаваны на рускай лiтаратуры, прывыкла iсцi да канца i рабiць усё па-шчырасцi. Калi ты пiсьменнiк, то павiнен пiсаць крывёй. I вось я села i стала есцi гэты бутэрброд. Я потым захварэла. Але я не магла выслухаць бабульку i не ўзяць яе пачастунак, хоць ведала, што ў мяне ёсць адказнасць перад старэнькiмi бацькамi, перад iншымi людзьмi. I да цяперашняга часу няма адказу, павiнна была я гэта рабiць, цi не. Хто з нас меў рацыю? Я ведала, што ў маiм свеце так нельга. У еўрапейскiм — можна. Мы людзi з абсалютна з iншай культурай.

Пра тэатральную пастаноўку

У мяне ёсць прапанова ад Мiкалая Пiнiгiна аб пастаноўцы спектакля. Звычайна абмяркоўваецца сама iдэя — я даю гэтае права. А што i як ён зробiць — гэта яго выбар, яго рашэнне. У той жа Францыi было 17 спектакляў па "Чарнобыльскай малiтве". Адна кнiга, а спектаклi вельмi розныя. I ў той жа час было чалавек 10 рэжысёраў, якiя сказалi, што хацелi б паставiць многiя з маiх кнiг, але не знайшлi гэты вобраз. Адзiн кiнапрадзюсар у мяне выкупiў "Чарнобыльскую малiтву", заплацiў вялiкiя грошы, i адмовiўся, адступiў: ён хацеў рабiць мастацкi фiльм. Але ўсё, што прапанавалi рэжысёры, не задаволiла яго. Калi брацца за такiя рэчы, то варта разумець, што атрымаецца.

Пра мэту пiсьменнiка

Я хацела б пiсаць кнiгi пра вельмi складаныя рэчы — пра жыццё, яго сэнс, пра сэнс пакутаў, пра сэнс вайны, таямнiцы Чарнобыля. Гэта ж усё таямнiчыя рэчы. Я хацела б гэта зрабiць так, каб чытаў i сноб, i бомж. Я хацела б, каб гэта чытаў мой сусед па часе. Гэта мая размова з iншым чалавекам пра ўсё. Калi прыходзiш да чалавека, то спачатку ён пачынае размаўляць з табой пра банальныя рэчы. Але ты пачынаеш размаўляць з iм сур’ёзна — i гэта ўжо абсалютна iншы чалавек. Таму што кожны з нас калiсьцi быў у здзiўленнi каля смерцi, у здзiўленнi ад здрады, у здзiўленнi ад прыгажосцi дня, месца. Кожнага чалавека можна падняць. Не прынiзiць. Але даць шанц праявiць сябе.

Запiсала Ларыса ЦIМОШЫК.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларуская пiсьменнiца, якая цяпер жыве ў Германii, прыехала ў Мiнск на прэзентацыю першых чатырох кнiг са свайго збору твораў, выхад якога запланаван
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика