Мужчыны здаюцца без бою...
Мужчыны здаюцца без бою...
Адной маёй знаёмай (назавём яе Жаннай) казачна пашанцавала. Праўда, сам факт шанцавання яна прызнала значна пазней. А спачатку проста выскачыла замуж на трэцiм курсе медунiверсiтэта за звычайнага хлопчыка з паралельнага патоку. Хоць ён i тады быў не з апошняга дзясятку — займаўся беганнем i плаваннем, кiдаў цi то кап’ё, цi то ядро, яшчэ i вучыцца паспяваў амаль на "выдатна". Ажанiўшыся, ён стаў узорным сем’янiнам, ну проста з вялiкай лiтары "с". Атрымаў другую вышэйшую адукацыю, пабудаваў кватэру з усялякiмi "наваротамi", за лiчаныя гады адолеў некалькi кар’ерных прыступак... Жанет нарадзiла яму дваiх дзяцей, з якiмi ён няньчыўся нароўнi з ёю, а можа, i больш. Яго жыццё засяродзiлася на двух момантах — доме i рабоце, прычым першаму ён надаваў нiколькi не менш увагi нават праз дваццаць гадоў сумеснага жыцця. За гэты час не было нiводнага выпадку, каб бацька сямейства затрымаўся дзе-небудзь не па справе. Пiва з сябрамi? Крый, Божа!.. За ўсе гады жыцця — нiводнай нагоды для рэўнасцi, нiякiх пабочных iмёнаў у запiсных кнiжках, нiякiх "левых" званкоў па мабiльным... Па выхадных ён закупляе на рынку прадукты на тыдзень, а вярнуўшыся дадому, прасуе iм жа памытую бялiзну. Словам, казка, а не мужчына. І я не стала б так падрабязна засяроджваць на iм увагу, калi б не адзiн выпадак... Сустрэла неяк сваю суседку па пад’ездзе Людмiлу, якая таксама добра ведае Жанет (некалi мы ўсе жылi ў адным доме). Слова за слова — i раптам яна пытаецца: — Ну як там наша Жанка? Яшчэ жыве са сваiм занудам? Бедная... Я на трэцi дзень пасля вяселля застрэлiлася б! Вось i зразумей пасля гэтага жанчыну. Што, уласна кажучы, ёй трэба? А можа, гэта элементарная зайздрасць? Людмiла адразу абвяргае падазрэннi. — Памятаеш, як мой Шурык аднойчы хадзiў дыванок выбiваць? Днём у суботу пайшоў, а ранiцай у панядзелак вярнуўся. Я якраз блiнчыкi смажыла, патэльню ў руцэ трымала... I гэтай патэльняй яму па лысiне — трах! — расказвае яна, а ў голасе такое замiлаванне, такi гонар непрыхаваны!.. Людмiла i цяпер чакае мужа. Бо аднойчы ён пайшоў у чарговы раз са сваiм дыванком — у трэнiках i пакаёвых тапачках — i больш не вярнуўся. Не, нiчога дрэннага з iм не здарылася. Калi, безумоўна, не лiчыць "прызямлення" ў iншай кватэры iншага дома, дзе пражывала iншая жанчына з двума дзецьмi. Трэцяе нарадзiлася ў яе ўжо ад Шурыка, праз год, але гэта акалiчнасць Людмiлу чамусьцi не бянтэжыць. Як сапраўдная славянская жанчына, яна верыць i спадзяецца, спадзяецца i верыць. I спачувае нашай Жанет, бо ў той не было ў сямейным жыццi нi экстрыму, нi драйву — нiякiх прыгод... Натхнёная гэтай сустрэчай, я вырашыла правесцi апытанне сярод знаёмых жанчын. Папрасiла ў кожнай з iх назваць асноўныя якасцi, якiя, на iх думку, вылучаюць нашых мужчын з сусветнай, так бы мовiць, супольнасцi... Часцей за ўсё ў адказах фiгуравалi ведаеце якiя азначэннi? Абыякавасць i празмерная памяркоўнасць. Так-так, аказалася, што тая самая памяркоўнасць, якой мы так ганарымся i якую ўзводзiм у ступень ледзь цi не нацыянальнага здабытку, у сцэнах сямейнага жыцця адыгрывае далёка не станоўчую ролю. Гэта практычна тое ж самае, што i безынiцыятыўнасць, толькi ў больш мяккай афарбоўцы. Iнiцыятыўных мужчын (калi разглядаць узаемаадносiны полаў) у нас становiцца ўсё менш, iнiцыятыўных жанчын — усё больш. Што тут прычына, а што вынiк, ужо немагчыма вызначыць. Аднак рэальнасць такая, што хутка жанчыны канчаткова перахопяць iнiцыятыву ў свае рукi i пачнуць дыктаваць мужчынам правiлы гульнi. Яны i так наступаюць на ўсiх "франтах": з экранаў тэлевiзараў, са старонак глянцавых часопiсаў, з рэкламных шчытоў... Самаўпэўненыя, энергiчныя, сэксуальныя... Яны спадзяюцца сустрэць дастойны адпор, адэкватнае супрацiўленне, у рэшце рэшт, пачуць даўно забыты слоган, на якiм некалi трымаўся iнстытут шлюбу: "Хто ў доме гаспадар?!" Але не адчуваюць адпору, не бачаць жадання супрацiўляцца... Мужчыны здаюцца без бою. Яны сталi цiхiя i падатлiвыя, як авечкi ў статку вопытнага пастуха. I без пярэчанняў прымаюць форму кожнага чарговага "сасуда" — "улiваюцца" ў яго i цiха боўтаюцца там, пакуль аднойчы... не выплёскваюцца вонкi па прычыне празмернай застаяласцi. Пасля чаго спакойна "перацякаюць" у iншы "сасуд", знаходзяць iншае прыстанiшча... Ёсць у мяне адзiн нежанаты сябар — яму трыццаць з "хвосцiкам", разумны, прыгожы, начытаны. Калi ён не працуе, то ляжыць пад сваёй машынай, даводзячы да дасканаласцi нейкiя нябачныя механiзмы i палiруючы да бляску ўсё, што можна адпалiраваць. Калi не ляжыць пад машынай, то сядзiць за камп’ютарам, iнтымна перапiсваючыся з цэлым натоўпам жанчын (ад 20 да 50), кожная з якiх, зразумела, прэтэндуе на сваю эксклюзiўнасць у яго жыццi. А ён толькi паспявае ленавата адмахвацца ад прапаноў накшталт: "давай сустрэнемся, прыгажунчык!", "прыязджай у госцi, мой салодкi!", "я ўся твая" i г.д. I даўно ўжо не абцяжарвае сябе нiякiмi лiшнiмi рухамi, у лепшым выпадку робiць ласку сёй-той з "прэтэндэнтак", дазволiўшы запрасiць сябе ў госцi. Прычым нiякай iнiцыятывы не праяўляе. — А навошта? — усмiхаецца ён, прыжмурваючы свае прыгожыя вочы. — Самi прыйдуць i ўсё аддадуць. Памятаеш, у Булгакава?.. "Нiколi нi аб чым не прасi...". Спрацоўвае на ўсе сто працэнтаў! Рана цi позна ён ажэнiцца (сам прызнаўся). Напэўна, на самай iнiцыятыўнай са сваiх вiртуальных сябровак. I па-ранейшаму будзе ляжаць пад сваёй машынай цi "вiсець" на якiм-небудзь сайце знаёмстваў — таму што, каб змянiць звыклы лад жыцця, таксама патрэбна рашучасць. Ну як тут не ўспомнiць мудрыя словы нашага сэксолага Дзмiтрыя Капусцiна? Наконт таго, што "самка можа падпарадкаваць сабе толькi вельмi слабага самца". Спачатку яна будзе радавацца. А потым пачне кусаць сябе за локцi. I скардзiцца сяброўкам, што сямейнае жыццё не ўдалося, бо ў iм не хапае добрага драйву — такога, як у герояў амерыканскага фiльма "Мiстар i мiсiс Смiт". I рэч нават не ў тым, што мужчына, якi спiць у яе ложку, далёка не Брэд Пiт... Ён з зайздросным пастаянствам ходзiць выбiваць дыванок i гэтак жа рэгулярна вяртаецца дадому. Ён прадказальны, як прагноз надвор’я на поўднi. I даўно не купляе сам сабе адзенне i абутак, бо ўпэўнены, што жонка лепш ведае, якi фасон i колер яму пасуюць. А ёй, як любой жанчыне, хочацца змены падзей i фарбаў. Лёгкага вар’яцтва. Маленькай непрадказальнасцi... Яна, зразумела, таксама не Анджалiна Джолi, але ад шэрасцi стамляецца не менш. Тут ужо i да размахвання патэльняй недалёка. Сапраўды — чым не спосаб для стымуляцыi сямейнага тонусу? Калi iншага не дадзена?... Наталля УЛАДЗIМIРАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адной маёй знаёмай (назавём яе Жаннай) казачна пашанцавала. Праўда, сам факт шанцавання яна прызнала значна пазней. А спачатку проста выскачыла замуж
|
|