21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Ад карпаратываў — да культуры?

26.08.2009 10:46 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ад карпаратываў — да культуры?

Думаю, што моцна не памылюся, калі скажу, што карпаратыўныя святы — асноўны напрамак большасцi аграсядзiб у Мiнскай вобласцi. Добра гэта альбо не — пытанне не такое простае, як можа падацца.

У сядзiб тая ж праблема, што i ў мас-медыя

Адваротны бок медаля ў тым, што ва ўсiм гэтым уласна турызму не так ужо i шмат. Блiзкасць прыроды абмяжоўваецца шашлыкамi ў двары, у лепшым выпадку — спартыўнай пляцоўкай летам i катаннем з горкi зiмой. Але гэта нярэдка аказваецца меней актуальным, чым лазня. Далёка не ўсе кампанii, якiя выязджаюць у вёску дзеля вечарыны, могуць зацiкавiцца мясцовымi традыцыямi, гiстарычнымi, культурнымi i прыроднымi помнiкамi, народнымi рамёствамi альбо фальклорнымi гуртамi.

Але i тут не ўсё так адназначна. Я чытала ў iнтэрнэце водгукi нейкай дзяўчыны пра аграсядзiбу, у якой яна пабывала якраз у складзе кампанii. Дзяўчына адзначыла не толькi добрую кухню, дызайн iнтэр’еру, але i шыкоўны сад, больш за тое, яна захацела прыехаць туды з iншай мэтай i ў складзе больш камернай кампанii. Але тут можна сустрэць праблему ўжо з боку гаспадароў сядзiб.

Бо, па-другое, прымаць кампанii больш выгадна, чым пары альбо сем’i. І ў першым, i ў другiм выпадках гаспадары выкладаюцца па поўнай праграме, але да банкету яны рыхтуюцца два днi (калi ежа замоўлена), потым яшчэ вечар i ноч на нагах, i ўсё — тыдзень адпачынку i някепскi заробак. А два чужыя чалавекi ў доме на працягу тыдня — гэта сем дзён напружанай працы, за якую грошы будуць значна меншыя. Вось чаму ў стакiламетровай зоне ад Мiнска знайсцi сядзiбу на выхадныя днi для сям’i вельмi праблематычна.

Па-трэцяе, сядзiбы вакол Мiнс-ка з’яўляюцца своеасаблiвым рухавiком агратурызму: яны хутка развiваюцца, карыстаюцца вялiкай папулярнасцю, нараджаюць нямала паслядоўнiкаў. Аднак вузкая спецыялiзацыя на карпаратыўных вечарынах, адсутнасць цiкавых культурна-забаўляльных праграм, якiя б адцягвалi народ ад застолля, могуць саслужыць нядобрую службу iмiджу агратурызму ў цэлым. I чым больш масавым становiцца такі вiд адпачынку, як калектыўны выезд у сядзiбу, тым больш рызыкоўным. Бо кампанii бываюць розныя. Як i людзi ў гэтых кампанiях. Некаторыя гаспадары ўжо адчулi гэта i iмкнуцца выпрацаваць свае механiзмы бяспекi. Выбар атрымлiваецца класiчны, пра яго кажуць выкладчыкi факультэта журналiстыкi студэнтам яшчэ на першым курсе: альбо апускацца да прымiтыўных жаданняў спажыўцоў, альбо падымаць культурны ўзровень гэтых самых спажыўцоў. Праўда, для апошняга варыянту трэба сама мала, мець адпаведны ўласны ўзровень культуры.

Вiна Купалы i Зоiн сад

Усе гэтыя думкi навеяла паездка па сядзiбах-намiнантах Мiншчыны. А вiнаваты, напэўна, ва ўсiм Янка Купала. Справа ў тым, што ў вёсцы Вязынка, дзе знаходзiцца лiтаратурны запаведнiк iмя паэта, з лета мiнулага года з’явiлася аграсядзiба. Пагадзiцеся, мясцiны абавязваюць быць патрабавальным. У плане чакання ўзроўню культурных праграм. Бо хоць i пражыў тут паэт усяго толькi год у несвядомым узросце, аднак для адукаваных беларусаў бераг Вязынкi — месца свяшчэннае:

Хто б ты нi быў,— наведаеш калi

Прыгожы i свяшчэнны гэты кут

Свабоднай беларускае зямлi —

З пашанай пакланiся ёй, бо тут

Купала нарадзiўся на свет белы

I ў бiтве з ворагам згарэў Гастэла.

Апошняя падзея i iмя, узгаданыя ў вершы, вядомыя не менш за першыя, але вось тое, што першы паветраны таран у Вялiкую Айчынную вайну быў здзейснены таксама тут, пад Радашковiчамi, памятаюць цяпер ужо далёка не ўсе нават мясцовыя жыхары.

Але вернемся да Купалы. Маладая сямейная пара з Магiлёва выклала ў "Жывым журнале" (iнтэрнэт-дзённiк) справаздачу ў пяцi частках пра свой чатырохдзённы адпачынак у сядзiбе "Вязынка". Яны адпачывалi там леташнiм жнiўнем чатыры днi разам з чатырохмесячнай дачкой (дарэчы, з панядзелка па пятнiцу — у буднi знайсцi сядзiбу для сям’i больш рэальна, чым у выхадныя). Iм вельмi спадабалася. Добра ўжо тое, што дзякуючы агратурызму яны змаглi адпачыць разам з такiм маленькiм дзiцем.

Але размова пра iншае. Карыстальнiкi iнтэрнэту чыталi, глядзелi фатаграфii i пакiдалi водгукi. Больш за астатнiя мяне зацiкавiў каментарый да вандроўкi гэтай сям’i ў Купалаўскi запаведнiк. Нехта з гэтай нагоды выклаў у iнтэрнэце наступную фразу: "Была нейкая тэлевiктарына па АНТ i я аслупянела, калi дзядзька не змог выбраць варыянт "Вязынка" на пытанне "Дзе нарадзiўся Янка Купала?".

Вось вам i магчымая роля агратурызму ў захаваннi i папулярызацыi нацыянальнай культуры. У сядзiбу "Вязынка" за няпоўныя дзевяць месяцаў работы прыязджалi турысты з Iспанii, Iталii, Бельгii, Эстонii, Украiны i Расii... Але асноўная колькасць была з Беларусi. З чэрвеня да новага года гаспадары сядзiбы заключылi 28 дагавораў, прынялi больш за 100 чалавек.

Купалаўскi запаведнiк — гэта першае, што прапануе гасцям Зоя Цвiрко. Адзiн з самых папулярных i любiмых у беларусаў музейных фiлiялаў, якi, дарэчы, уключаны ў спiс турыстычных маршрутаў ЮНЕСКА, знаходзiцца за 3,5 кiламетра ад яе дома.

Другi маршрут — пешая вандроўка па ваколiцах вёскi ў бок канала. Тут можна ўбачыць надзвычай маляўнiчыя краявiды, бабровыя плацiны. Па шляху ў сядзiбу альбо назад у Мiнск гаспадары раяць наведаць Лiнiю Сталiна, музеi i саборы Заслаўя. Яшчэ адна экскурсiя на 20 кiламетраў убок, у Ракаў i Iвянец, дзе таксама ёсць што паглядзець. I нарэшце, за 12 кiламетраў ад сядзiбы знаходзiцца гiдрапарк санаторыя "Сасновы бор".

Зоя Аляксандраўна зрабiла фотаальбомы, прысвечаныя кожнаму з названых маршрутаў, каб госцi маглi ўявiць сабе, што iх чакае, прачытаць нейкую iнфармацыю i выбраць тое, што падасца найбольш цiкавым.

Сядзiба "Вязынка" валодае яшчэ адной "фiшкай" — уласным унiкальным садам. Нават узiмку, калi дрэвы пакрытыя снегам, ён уражвае.

— Але сад трэба бачыць летам, — з доляй горычы заўважае Зоя Аляксандраўна. — Я хацела б, каб маю сядзiбу ацанiлi ў намiнацыі "Стыль i гармонiя", а асноўная гармонiя ў мяне — у садзе.

Асноўная гармонiя ў Зоi Аляксандраўны, насамрэч, не ў садзе. Яна спачатку — у душы i сям’i, i ўжо як адлюстраванне — унутры дома i звонку. Адзiн з пакояў у доме мае выхад на тэрасу (якая па праекце была задумана як зiмовы сад), адтуль адкрываецца прыгожы вiд. Турысты адзначаюць, што там вельмi прыемна ранiцай пiць каву, а вечарам размаўляць i глядзець на зоркi. Зручна тое, што дзверы ў пакой можна пакiнуць адчыненымi i чуць, як спiць дзiця.

У садзе Зоi Аляксандраўны расце больш за 1000 вiдаў кветак. У цэнтральнай частцы, дзе былая цяплiца перароблена ў альтанку, а дзiцячыя арэлi — у кветнiк, з ранняй вясны да позняй восенi цвiтуць белыя кветкi. Гаспадыня па прыкладу замежных садаводаў называе гэту тэрыторыю "Белы вальс".

У зоне блiжэй да дому пануе жоўты колер. Назва кампазiцый — "Жоўтая сiмфонiя". Тут штучны вадаём з самаробным фантанам, столiк i лава з апрацаваных аполкаў, увiтая лiмоннiкам i актынiдыяй пяргола, вялiзныя кусты гартэнзii ў каменных кветнiках, каля 50 гатункаў рудбекii вышынёй да 2,5 метра i працягласцю цвiцення ажно да маразоў...

У канцы саду гаспадыня пачала закладваць срэбна-барвяную зону. Пяць гадоў яна збiрае гэтую калекцыю, ужо ёсць лох серабрысты, пузыраплоднiк, жывучка паўзучая, ачаток, блакiтная хвоя, чырвоналiсцёвы арэшнiк, рабiна, чаромха, язмiн, шмат гатункаў бэзу... Зоя Аляксандраўна выклала каменную дарожку i прыдумала канструкцыю стала-фантана, якую засталося ўвасобiць яе мужу.

У 2007 годзе гаспадыня "Вязынкi" стала пераможцай конкурсу, якi праводзiў часопiс "Сад сваiмi рукамi". Яе дзецiшча — сад паказвалi па Беластоцкiм тэлебачаннi. Сюды можна прыязджаць, каб прайсцi майстар-клас, набыць саджанцы, прайсцi курс водара- i вiтамiнатэрапii.

Але ўсё гэта будзе патрэбна, калi мэты паездак на аграсядзiбу будуць больш шырокiя, чым толькi святочная вячэра...

Зоя Аляксандраўна кажа, што iмкнецца не выходзiць у сад, калi там гуляюць госцi. А мне здаецца — дарэмна. Калi б я была турыстам, то вельмi хацела б паназiраць за тым, як i што робiцца ў садзе, павучыцца, самой нешта "пастрыгчы" пад кiраўнiцтвам прафесiянала альбо пасадзiць. А потым ведаць, што недзе расце "мая" кветка альбо кусцiк, магчыма, прыехаць праз некаторы час, паказаць дзецям...

Больш за тое...

Маладзечаншчына — настолькi цiкавая, прыгожая i багатая на падзеi зямля, што праз яе можна вывучаць гiсторыю нашай краіны, лiтаратуры i культуры.

У першай палове XV стагоддзя на шырокай раўнiне памiж вёскамi Капачы i Груздава адбылася страшэнная бiтва памiж войскамi Свiдрыгайлы Альгердавiча i Жыгiмонта Кейстутавiча. З таго часу месца гэта называецца Чырвоная валока. З iм звязана мясцовая легенда пра рыцара Андрэя Саковiча, якога выхадзiлi мясцовыя сяляне i якi аддзякаваў сваiм выратавальнiкам, пабудаваўшы на свае сродкi дамы i царкву ў Груздаве.

У сярэдзiне XVI стагоддзя ў вёсцы Хоўхлава надрукаваў адну са сваiх кнiг славуты асветнiк i кнiгадрукар Сымон Будны. Прыкладна ў той жа час пад Радашковiчамi адбылася знакамiтая "вайна пеўня" — паход Жыгiмонта II Аўгуста супраць Iвана IV Жахлiвага.

Радашковiчы з сярэдзiны XVI да канца XVIII стагоддзя мелi статус каралеўскага горада. Тут знаходзiўся драўляны замак, горад славiўся сваiмi рамеснiкамi: кавалямi, рымарамi, белашвачкамi, шаўцамi, будаўнiкамi, гарбарамi, ганчарамi i краўцамi. Радашковiцкiя майстры былi запрошаны ў сярэдзiне ХVIII стагоддзя ў Маскву.

Радашковiцкiя ганчары вядомыя за межамi Беларусi i сёння. Я добра ведаю расiян, якiя, мiж iншым, дзякуючы агратурызму, аднойчы пабываўшы ў фiрмовай краме ААТ "Белмастацкерамiка" ў Радашковiчах, заўсёды цяпер прыязджаюць туды спецыяльна, каб сабе i сваiм сябрам прывезцi з Беларусi керамiчны посуд.

У канцы XVIII—пачатку XIX стагоддзя Маладзечна i шэраг навакольных мясцiн належалi магнацкаму роду Агiнскiх. Гетман Мiхаiл Казiмiр Агiнскi па сямейным пагадненнi аформiў у 1891 годзе маёнткi на свайго малодшага родзiча кампазiтара i дзяржаўнага дзеяча Мiхала Клеафаса Агiнскага. Праз тры гады Мiхал Клеафас стаў адным з кiраўнiкоў паўстання Касцюшкi.

У фальварку Кальзберг, якi належаў краязнаўцу, гiсторыку i археолагу Андрэю Снiтку, частымi гасцямi былi акадэмiк Шахматаў, этнограф Сербаў, кампазiтар Людамiр Рагоўскi. Швагер i сусед Снiткi Аляксандр Уласаў быў рэдактарам-выдаўцом "Нашай нiвы", арганiзатарам выдавецкага таварыства "Наша хата" ў Вiльнi, дзе выходзiлi беларускiя календары i творы пiсьменнiкаў. Гэта той самы "Дзядзька Улас", якi грукаў нагой у браму турмы ў Лукiшках, калi там сядзеў Янка Купала, i патрабаваў, каб замест паэта пасадзiлi яго, i дабiўся свайго.

Купала не толькi нарадзiўся i быў ахрышчаны ў гэтых краях, ён любiў гэтыя мясцiны, з iмi звязаны важныя падзеi ў яго жыццi. У вёсцы Яхiмоўшчына, дзе паэт працаваў памочнiкам вiнакура, ён напiсаў большасць вершаў для першага свайго зборнiка "Жалейка". Тут ён пасябраваў з настаўнiкам Гарадзiлаўскай пачатковай школы Андрэем Посахам, якi пазнаёмiў Максiма Горкага з творчасцю Купалы i Коласа. У 1913 годзе ў Радашковiцкiм будынку пажарнай аховы, а потым у маёнтку Мiгаўка была пастаўлена "Паўлiнка". Свята было непаўторным, на iм прысутнiчаў сам Янка Купала са сваякамi.

Сюды ў 1911 годзе прыязджаў на летнi адпачынак Максiм Багдановiч. У вёсцы Ракуцёўшчына знаходзiцца фiлiя музея паэта...

Тут шмат залежыць ад гаспадароў сядзiб, ад iх разумення, навошта гэта ўсё патрэбна. Калi першая хваля цiкаўнасцi да агратурызму схлыне, то запатрабаванымi застануцца тыя сядзiбы, якiя прапануюць нешта большае за лазню, стылiзаваны iнтэр’ер i банкетную залу. А для замежных гасцей (калi размова iдзе не пра паляўнiчых) аграсядзiба ў Беларусi, якая не знаёмiць з краiнай, яе гiсторыя i традыцыямi, не цiкавая ўжо i зараз...

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Маладзечанскi раён.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Думаю, што моцна не памылюся, калі скажу, што карпаратыўныя святы — асноўны напрамак большасцi аграсядзiб у Мiнскай вобласцi. Добра гэта альбо не — пы
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика