Каб кола жыцця не перарывалася...
Каб кола жыцця не перарывалася...
Нашчадкі вогненных вёсак
Новая музейная экспазiцыя ў Дальве — сястры Хатынi 21 лютага, напярэдаднi Дня абаронцаў Айчыны, адбудзецца традыцыйны — ужо 35-ы! — лыжны агiтпрабег Мiнск — Хатынь — Дальва, прысвечаны 65-годдзю вызвалення Беларусi. У гэты ж дзень адбудзецца афiцыйнае адкрыццё новай музейнай экспазiцыi ў мемарыяльным комплексе "Дальва". У лыжных спаборнiцтвах будуць удзельнiчаць школьнiкi Лагойскага раёна, навучэнцы вучылiшча алiмпiйскага рэзерву г.п. Плешчанiцы, Мiнскага дзяржаўнага вышэйшага радыётэхнiчнага каледжа, студэнты Белдзяржунiверсiтэта iнфарматыкi i радыёэлектронiкi. Упершыню выйдзе на старт i СШ № 20 г. Мiнска — гэта падшэфная школа Белтэлерадыёкампанii, супрацоўнiкi якой першымi падтрымалi iдэю аб пабудове мемарыяла ў Дальве i вось ужо без малога чатыры дзесяцiгоддзi апякуюць помнiк. Нагадаю, Дальва была знiшчана ворагам за 10 дзён да вызвалення. У страшным полымi разам з вёскай загiнулi 44 жыхары. Цудам уратаваўся толькi падлетак Мiкалай Гiрыловiч. Жыццё сваё ён успрымаў як абавязак — увекавечыць памяць аб загiнулых земляках. Ён быў сапраўдным "маторам" узвядзення мемарыяла, якi будаваўся "на грамадскiх пачатках". А зараз Дальва — фiлiял мемарыяльнага комплексу "Хатынь". Нягледзячы на "крызiсныя" складанасцi, у Дальве iдуць рамонтныя работы з элементамi рэканструкцыi i рэстаўрацыi. Расказвае дырэктар ДМК "Хатынь" Канстанцiн Мiшын: — Летась мы адзначалi 35-годдзе з дня адкрыцця мемарыяла ў Дальве. Прайшоў час — i непазбежна пачалi ўзнiкаць праблемныя пытаннi... Ужо выкананы работы па рэканструкцыi брацкай магiлы дальвiнцаў i пастамента скульптурнай кампазiцыi. Як толькi сыдзе снег i ўсталюецца стабiльна "плюсавая" тэмпература, будзе завершана рэстаўрацыя "Сцяны памяцi". Паступова, наколькi дазволяць сродкi, будзем аднаўляць i iншыя кампаненты мемарыяла. Патрабуе правядзення рамонтна-рэстаўрацыйных работ пешаходная зона, сама скульптурная кампазiцыя. Навуковую канцэпцыю экспазiцыi музея мемарыяльнага комплексу "Дальва" распрацаваў загадчык навукова-метадычнага аддзела Мiнскага абласнога краязнаўчага музея Сяргей Старыкевiч. У абласным конкурсе на лепшую музейную экспазiцыю праект Старыкевiча заняў 1-е месца i вылучаны на рэспублiканскi конкурс. — Дальвiнская трагедыя болем адгукаецца ў маёй душы. Так атрымалася, што мая мацi, Нiна Iгнацьеўна, цудам засталася жывая, калi палiлi яе родную вёску Мясата Маладзечанскага раёна, — расказвае Сяргей Вiктаравiч. — Пры падрыхтоўцы экспазiцыi давялося i ў архiвах пакапацца, шмат дакументаў узняць. Канцэпцыю новай экспазiцыi адразу падтрымаў начальнiк упраўлення культуры Мiнаблвыканкама Анатоль Акушэвiч. Музей размешчаны ў драўляным будынку, таму ён можа нагадваць даваенную пабудову селянiна. Заходзячы ў гэты дом, мы нiбыта заходзiм у хату жыхара вёскi, каб пазнаёмiцца з тым, як ён жыў, якiя падзеi тут адбывалiся. Пры ўваходзе ў экспазiцыйную залу наведвальнiкаў сустракаюць радкi, напiсаныя ў памяць дальвiнцаў выдатным паэтам Юрасём Свiркам: Спалiў нас вораг чэрвеньскай парою — Дзядоў, жанчын, падлеткаў i дзяцей. Даруйце, людзi добрыя, за тое, Што вас не сустракаем, як гасцей. Асноўныя экспазiцыйныя матэрыялы размешчаны на планшэтах у выглядзе вокнаў — "вокнаў часу", на зачыненых лiштвах — як сiмвал таго, што гэты перыяд ужо гiсторыя — "акно часу" ўжо зачынена. У пакоi ўсе лiштвы зачыненыя, а калi падыходзяць наведвальнiкi мы iх адчыняем i быццам заглядаем у тыя далёкiя часы, знаёмiмся праз дакументы з тымi падзеямi. У другiм варыянце, калi лiштвы будуць усе зачыненыя, нiбыта прысутнiчае нейкая таямнiца — а што там, далей? Пераходзячы ад "акна" да "акна" па крузе, можна пазнаёмiцца з гiсторыяй вёскi, з яе людзьмi, з iх заняткамi, марамi, героямi i трагедыяй. Лiчыцца, што кола, калi iсцi па сонцы, — адзiн з самых старажытных сiмвалаў: сiмвал сонца, жыцця i вечнасцi. Так i жыццё кожнага асобнага чалавека ўяўляе сабой умоўны круг. У нейкай кропцы яно пачынаецца, праходзiць асноўныя этапы i ў нейкай кропцы заканчваецца. На змену гэтаму этапу праз жыццё новых пакаленняў пачынаецца новы круг, i так да бясконцасцi. I толькi калi па нейкiх прычынах круг не замыкаецца, а значыць, i новыя кругi (пакаленнi) не ствараюцца — значыць, жыццё спыняецца. Адна з тэмаў экспазiцыi прысвечана Мiкалаю Пятровiчу Гiрыловiчу, намаганнямi якога i быў адкрыты мемарыял. Усё сваё жыццё ён прысвяцiў гэтай святой справе. Ахвяраваў свой час, сродкi, дамагаўся, арганiзоўваў. Шмат хто дапамагаў яму ў гэтым пачынаннi — ад жонкi Рымы Iгараўны i дачкi Вольгi да школьнiкаў, прадстаўнiкоў дзяржаўных i грамадскiх арганiзацый. Зноў жа: iдэя "жыццёвага кола". Мiкалай Пятровiч тут нарадзiўся, перажыў вельмi трагiчныя гады лiхалецця, быў выдатным сем’янiнам, працаўнiком, шмат зрабiў, каб комплекс iснаваў. I, напэўна, сiмвалiчна тое, што за 4 днi да сваёй смерцi яшчэ раз прыехаў i пасядзеў на тым месцы, дзе была яго хата, дзе ён з’явiўся на свет. Жыццёвае кола яго замкнулася. Але на змену яму прыйдзе моладзь, i яго справа — рабiць людзям дабро — будзе прадоўжана. Выдатныя словы Юльяна Церабуна падводзяць вынiк пад усiм яго жыццём: З людзьмi спалiлi тваю Дальву, Што паўтарыла лёс Хатынi. Зрабiў ты ўсё, каб мы нiколi Пра тое гора не забылi... Намеснiк старшынi Лагойскага райвыканкама Галiна Драгунова паведамiла, што новая вулiца Лагойска названая ў гонар Мiкалая Гiрыловiча. Таццяна ПАДАЛЯК. Для ўсiх, хто можа аказаць фiнансавую дапамогу мемарыялу "Дальва", паведамляем нумар дабрачыннага рахунку — ён такi ж, што i ў Хатынi: УНП100514504, разлiковы рахунак 3625002840015, код 518, фiлiял № 611 ААТ "ААБ Беларусбанк", г. Лагойск, з пазнакай "для Дальвы".
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Новая музейная экспазiцыя ў Дальве — сястры Хатынi 21 лютага, напярэдаднi Дня абаронцаў Айчыны, адбудзецца традыцыйны — ужо 35-ы! — лыжны агiтпрабег |
|