Радавыя Перамогi
Радавыя Перамогi
Рэха вогненнага 41-га — Ало! — у тэлефоннай трубцы зрываўся жаночы голас. — Нам стала вядома, што вы валодаеце звесткамi пра лёс майго таты, Івашкова Яўгена Мiхайлавiча. Ён прапаў без вестак яшчэ ў 41-м... Гэты тэлефонны званок з Вялiкага Ноўгарада стаў сапраўднай узнагародай для тых, каго гэтай вясной аб’яднала высакародная справа. ...На дзявяты дзень вайны, калi гiтлераўцы ўжо занялi Мiнск, жорсткi бой разгарэўся на подступах да Лагойска. На загадзя падрыхтаваных пазiцыях абарону трымалi воiны 228-га палка 64-й стралковай дывiзii i 331-га палка 100-й дывiзii. Фашысты абрушылi свой удар з мiнскага напрамку i з боку Гайны. Савецкiя воiны аказвалi ўпартае супрацiўленне, даходзiла нават да рукапашных схватак. Пазiцыi нашых воiнаў бамбiла варожая авiяцыя. У тым няроўным баi смерцю храбрых загiнулi многiя дзясяткi чырвонаармейцаў... А леташнiм красавiком зноў азвалася рэха таго памятнага бою. Пры рэканструкцыi аўтадарогi Мiнск—Вiцебск, на 40-м яе кiламетры былi знойдзены астанкi трох савецкiх воiнаў. А побач — фрагменты стралковай зброi, боепрыпасы, асабiстыя рэчы чырвонаармейцаў. Зразумела, што на месцы знаходкi перш-наперш працавалi сапёры з сабакам. Потым за справу ўзялiся салдаты 52-га асобага пошукавага батальёна на чале з ротным — прапаршчыкам I. Сёпкам i археолагам батальёна А. Каркоткам. Пад залеваю хлопцы лiтаральна рукамi перабiралi кожны камячок зямлi, каб адшукаць iх — маленькiя эбанiтавыя капсулы, у якiх спадзявалiся знайсцi звесткi пра загiнулых. На шчасце, iм гэта ўдалося. I вось ужо медальёны-"смяротнiкi" на стале ў эксперта 80-й цэнтральнай ваеннай судова-медыцынскай лабараторыi падпалкоўнiка I. Цiмашэнкi. Каля тыдня Iгар Юр’евiч праводзiў экспертызу. Нарэшце сталi вядомыя iмёны загiнулых на ўзлессi салдат. Гэта ўраджэнцы Смаленшчыны сяржант Iвашкоў Яўген Мiхайлавiч i чырвонаармеец Валасянкоў Васiль Канстанцiнавiч, а таксама ўраджэнец Маскоўскай вобласцi малодшы сяржант Сураў Сяргей Андрэевiч. ...Напярэдаднi Дня Вялiкай Перамогi астанкi воiнаў былi пахаваныя. З самага пачатку ў працу ўносiлi свой уклад супрацоўнiца раённай газеты Iрына Станкевiч i ваенны камiсар падпалкоўнiк Р. Харлап. Пасля таго, як сталi вядомыя iмёны загiнулых, менавiта яны з дапамогай iншых неабыякавых да гiсторыi краiны людзей занялiся актыўнымi пошукамi сваякоў абаронцаў Лагойска. Былi адпраўлены дзясяткi лiстоў, афiцыйных запытаў, зроблена безлiч тэлефонных званкоў. Нарэшце ў трубцы пачуўся такi доўгачаканы голас Яўгенii Яўгенаўны Iвашковай. А праз некалькi тыдняў на Лагойшчыну прыехала яна сама разам з сынам Аляксандрам i пляменнiцай Рымай. Ад iх i даведалiся, што ў Яўгена Iвашкова, калi ў сакавiку 41-га яго выклiкалi на вучобу, на Кардымаўшчыне засталiся жонка з дзвюма маленькiмi дочкамi. Старэйшай Зоi на той момант толькi-толькi споўнiлася два гадкi, Жэнi ж увогуле — усяго паўтара месяца. Больш пра бацьку яны нiчога не ведалi. На жаль, няма ўжо ў жывых нi Зоi, нi жонкi Яўгена — Ганны Канстанцiнаўны. Але жывым Усявышнi зрабiў падарунак. Праз 67 гадоў пасля трагедыi нашчадкi змаглi даведацца, як загiнуў iх бацька i дзед, пабачыць на свае вочы месца бою, пабываць на яго магiле i нават патрымаць у руках той самы медальён, дзякуючы якому i стала ўсё гэта магчымым. Яўгенiя Яўгенаўна, якой ён i належыць, перадала яго ў раённы гiсторыка-краязнаўчы музей. — Тут, — вырашыла жанчына, — i капсула, i ўкладыш будуць у большай захаванасцi. Жанчына прывезла фотаздымкi бацькi. Вось ён — малады i прыгожы чырвонаармеец у будзёнаўцы разам з сябрамi, вось — з жонкай i сястрой, а вось — са сваiмi бацькамi. Найбольшую каштоўнасць уяўляе пашпарт Яўгена Iвашкова, якi дачка шчыра захоўвала не адзiн дзясятак гадоў... Яшчэ не зусiм прайшло адчуванне задаволенасцi ад станоўчых вынiкаў напружанай працы ў аматараў-шукальнiкаў, як на iх адрас прыйшоў лiст з мунiцыпалiтэта Кардымаўскага раёна Смаленскай вобласцi. У iм значыцца, што i ў другога чырвонаармейца з гэтага краю, загiнулага пры абароне Лагойска, Васiля Валасянкова, на Кардымаўшчыне засталiся сваякi. У вёсачцы Варвараўшчына яшчэ жывуць яго стрыечныя брат i сястра — Пётр Парфёнавiч i Надзея Парфёнаўна Снапковы, людзi, зразумела, ужо немаладыя. Лiст змяшчаў i такую iнфармацыю: "Па сведчаннях жыхароў в. Сямёнаўскае, жонка i дачка Валасянкова В.К. пасля вайны пераехалi жыць у Беларусь". Iрыне Станкевiч удалося дазнацца, што жонку чырвонаармейца завуць Фёкла Еўдакiмаўна Валасянкова. — А таму я вельмi хачу звярнуцца да вас, паважаныя чытачы газеты "Звязда", — сказала Iрына. — Дапамажыце нам вярнуць яшчэ аднаму воiну вечны спакой. Магчыма, Фёклы Еўдакiмаўны ўжо няма сярод жывых. Але ў яе ёсць дачка, iмя якой, на жаль, мы не ведаем. А ў дачкi, магчыма, — свае дзецi. Адгукнiцеся, калi ласка, нашчадкi Васiля Канстанцiнавiча! Калi пошукi закончацца паспяхова, мы будзем рады зноў сустракаць сваякоў тых абаронцаў Радзiмы, чый прах прыняла тутэйшая зямля. Калi ж не — медальён В.К. Валасянкова i iншыя сабраныя пошукавай групай матэрыялы "паедуць" за межы Беларусi, у в. Варвараўшчына, да Надзеi i Пятра Снапковых. Вiктар НЕСЦЯРОВIЧ. Фота Леанiда ЗАГОРСКАГА i з сямейнага архiва Iвашковых. г. Лагойск.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рэха вогненнага 41-га — Ало! — у тэлефоннай трубцы зрываўся жаночы голас. — Нам стала вядома, што вы валодаеце звесткамi пра лёс майго таты, Івашкова |
|