Усё лепшае — сэрцу
Усё лепшае — сэрцу
Карысныя падказкi падчас "прамой лiнii" далi загадчык iнфарктнага аддзялення № 2 10-й мiнскай гарадской клiнiчнай бальнiцы Наталля ПАЛЯЎКОВА i ўрач-кардыёлаг блока iнтэнсiўнай тэрапii таго ж аддзялення Ірына ГРЫШЫНА.
(Працяг. Пачатак у нумарах за 21, 24 лютага.)
(Працяг. Пачатак у нумарах за 21, 24 лютага.) ( — Iрына Аляксееўна. 49 гадоў. Шмат гадоў — тахiкардыя. Варта крыху пахвалявацца, як сэрца пачынае стукаць як у зайца. Якiм можа быць лячэнне? — Тахiкардыя — гэта не асобны стан, а сiмптом нейкага захворвання. Гэта можа быць захворванне шчытападобнай залозы, таму варта зрабiць ультрагук i праверыць гармоны шчытападобнай залозы. Гэта можа быць пачатак iшэмiчнай хваробы сэрца, гiпертэнзii. Таму спачатку трэба дакладна вызначыць дыягназ. Наогул чым меншая частата сардэчных скарачэнняў, тым лепш. ( — Добры дзень. Валожынскi раён, Зоя Рыгораўна. Мне 75 гадоў. Маю гiпертанiю II ступенi. Больш як 5 гадоў прымаю берлiпрыл 5 мг. Аднак цiск нестабiльны, часта павышаецца, можа зашкалiць i за 200. Магчыма, мне трэба прымаць iншыя прэпараты? — Калi вы бачыце, што цiск пачынае павышацца, я раiла б прымаць берлiпрыл 10 мг, можна пакласцi пад язык 1—2 таблеткi каптапрылу цi прыняць 40—50 кропель карвалолу. Але гэта — як хуткая дапамога. Калi ж з’явяцца болi ў сэрцы i цiск працягвае расцi далей, трэба выклiкаць доктара. Надалей дадаць да лячэння iншыя прэпараты. ( — Нiна, Свiслацкi раён. Мне 58 гадоў. З 1971 года высокi цiск — 170/110. Лiтаральна сяджу на таблетках. Пад вечар цiск павышаецца, можа быць 230/120. Ранiцай знiжаецца, бо я яго збiваю. Але ўсё роўна менш чым 100 не бывае. Пастаянныя галаўныя болi. Прымаю малсiдамiн, дыратон, iндап, панангiн. Эфект нязначны. Што вы можаце параiць? — Вам трэба адкарэктаваць тэрапiю. Зноў звярнiцеся да раённага кардыёлага, каб ён перагледзеў схему прыёму лекавых прэпаратаў. Акрамя таго, звярнiце ўвагу на рэжым харчавання. Вам паказана ежа без солi або маласалёная. У кардыёлага вы павiнны пастаянна назiрацца. Магчыма, для падбору прэпаратаў з’явiцца неабходнасць у шпiталiзацыi. Гэта вырашыць спецыялiст. ( — Клецк, Тамара Фёдараўна. Мне 49 гадоў. Скажыце, доктар, што гэта за захворванне такое — экстрасiсталiя. Мне паставiлi такi дыягназ, а як лячыцца — не сказалi. — Такая паталогiя азначае пазачарговыя скарачэннi сэрца. Фiзiялагiчная норма — 60-80 удараў у хвiлiну. Калi ж iх болей, вы адчуваеце дыскамфорт. Гэты стан патрабуе карэкцыi. Звярнiцеся да кардыёлага, каб ён вам прызначыў лячэбныя сродкi. Сiтуацыю нельга запускаць, трэба лячыцца. ( — Краснаполле, Мiкалай Iванавiч, 67 гадоў. Пастаянна адчуваю ныючыя болi ў грудзях злева. У Магiлёве мне зрабiлi эхакардыяграфiю, якая паказала ўмеранае патаўшчэнне аорты, змяненнi ў левым жалудачку. Прымаю прэдуктал, дыратон, дылтыязем. Аднак нiжнi цiск не магу збiць, ён трымаецца на мяжы 120—130, пастаянна адчуваю стомленасць. Што рабiць? — Вы прымаеце нядрэнныя прэпараты. Пры ныючых болях можна прымаць нiтраты, напрыклад, нiтраглiцэрын кароткага дзеяння. Яшчэ абмяжуйце сабе фiзiчныя нагрузкi, жывiце ў больш спакойным рэжыме. I вам абавязкова трэба яшчэ раз пайсцi да доктара, бо ёсць вялiкая небяспека iнфаркту, i гэты момант нельга прапусцiць. ( — Салiгорск, Ларыса Iванаўна. Мне 62 гады. Маю дыягназ — артэрыяльная гiпертэнзiя 2-й ступенi. Часта адчуваю перапады цiску. Прымаю лiзiнапрыл 5 мг, L-тыраксiн, кардыямагнiл. На фоне гэтага лячэння быццам наступае паляпшэнне. А потым раптоўна здараецца нiбы крыз. Як параiце лячыцца? — Я параiла б на фоне вашага лячэння прымаць ранiцай лiзiнапрыл 10 мг. Можна ў вашу схему дадаць бэта-блакатары. Папiце таксама заспакаяльныя зборы, бо ў большасцi выпадкаў высокi цiск мае псiхасаматычную прыроду. Як мы кажам, усе хваробы ад нерваў. Карыснымi будуць зборы траў з мелiсай, сардэчнiкам, добра пiць зялёны чай з мёдам. ( — Мiнск, Надзея Мiхайлаўна. Месяц таму на правай назе, нiжэй за калена ў мяне выступiла чырвоная пляма, падобная на капiляр. Што гэта можа быць? I да якога спецыялiста трэба iсцi? — Iсцi трэба да хiрурга. Магчыма, так праяўляецца варыкознае расшырэнне венаў. Калi хiрург нiчога не знойдзе, неабходна будзе рабiць даследаванне сасудаў. Гэта можна зрабiць i ў нашай бальнiцы. Аднак лячыць паталогiю будзе хiрург. Такi стан небяспечны ўзнiкненнем тромба, якi можа адарвацца. Iдзiце да спецыялiста i нi ў якiм разе не займайцеся самалячэннем, каб не выклiкаць ускладненняў. ( — Алена, Мiнск. У мяне цiск 190/100. Прымаю два разы на дзень эналапрыл-10 мг. Цi правiльна я раблю? Цi трэба прымаць часцей? — Эналапрыл нельга прымаць больш за 2 разы на дзень. Да гэтага прэпарата варта дадаць прэпараты iншых груп. Парайцеся з участковым кардыёлагам. Акрамя таго, звярнiце ўвагу на рэжым харчавання. Вам не рэкамендавана салёная i вострая ежа, бо, ужываючы яе, мы больш п’ём вады, а ў вынiку ўзмацняецца нагрузка на сэрца, i цiск павышаецца. ( — Капыльскi раён, Ганна Рыгораўна. Мне 68 гадоў, маю цукровы дыябет. Ад гэтага цiск павышаецца, бывае да 240—260. З’яўляюцца ацёкi лёгкiх. Ляжала ў бальнiцы. Пасля таго як выпiсалася, далi II групу iнвалiднасцi. Прымаю лiзiнапрыл, карвiтон, iнсулiн. Але адчуваю сябе дрэнна, пастаянная задышка. Што мне можна параiць? — Я параiла б замест карвiтону прымаць карвiдылол. Ён вельмi эфектыўны пры той сардэчнай недастатковасцi, якая ёсць у вас, i пры цукровым дыябеце. Але гэты прэпарат робiць радзейшым пульс, таму прымаць яго трэба пад кантролем доктара. Неабходна рэгулярна мераць цiск i пiць мачагоннае. Шмат вадкасцi дрэнна для сэрца. У дзень можна пiць да 1,5 л вадкасцi, i гэта разам з сокам, чаем, супам, гароднiнай i фруктамi. Абмяжуйце ўжыванне салёнай i вострай ежы. ( — Нiна Пятроўна, Iвянец. Сын чатыры гады таму перанёс iнсульт. Аднаўляецца дрэнна: рука не працуе, маўленне малазразумелае. Што рабiць? — На жаль, iнфаркт мозгу — гэта цяжкая хвароба. Зусiм аднавiцца, як было раней, наўрад цi атрымаецца. Функцыя мозгу лёгка церпiць i цяжка аднаўляецца. Таму рэабiлiтацыя будзе доўгая. Я параiла б хоць бы раз на год праходзiць курсы якой-небудзь сасудзiстай тэрапii, таксама трэба займацца лячэбнай фiзкультурай. Святлана БАРЫСЕНКА i Вольга ШАЎКО. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карысныя падказкi падчас "прамой лiнii" далi загадчык iнфарктнага аддзялення № 2 10-й мiнскай гарадской клiнiчнай бальнiцы Наталля ПАЛЯЎКОВА |
|