21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Пiў! Бiў!.. Забiў?

26.08.2009 12:07 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пiў! Бiў!.. Забiў?

Большасць сямейна-бытавых злачынстваў — на вёсцы i "пад градусам"

Мядзельскi раён, сям’я № 1

— Маўчы, старая, а то зноў на вулiцы начаваць будзеш, — гыркнуў у адказ мужчына i з усёй сiлы стукнуў нечым аб падлогу. — Вось бачыце, у сваёй хаце месца ўжо няма.

У святле мабiльнага тэлефона атрымалася разгледзець прапiтыя твары маленькай бабулькi i яе саракагадовага сына з мылiцай у руцэ. І пакуль супрацоўнiкi мiлiцыi праводзiлi прафiлактычную работу з праблемнай сямейкай, я пагрукала ў дзверы супрацьлеглай кватэры.

— Не канфлiктуеце з суседзямi?

— Дзякуй Богу, не. Але спакою ад iх таксама няма, пастаянна з пад’езда даносiцца нецэнзурная лаянка.

— Чуеш, там зноў Рыжы з Галяй сварацца, — спалохана тузае за падол бабулiнай сукенкi маленькi Арцём.

— Вось бачыце, — уздыхае жанчына, — i ўнук ўсё гэта чуе, мне нават страшна яго аднаго на двор выпускаць. Асаблiва пакутуем, калi Галя атрымлiвае пенсiю: на грошы, як на мёд, сюды збягаюцца ўсе мясцовыя алкаголiкi. Хутчэй бы ўжо ў Рыжага зажыла нага, абяцалi адразу ж забраць (ужо ў трэцi раз) у лячэбна-працоўны прафiлакторый (далей — ЛПП). Магчыма, тады зноў уздыхнём свабодна.

Мядзельскi раён, сям’я № 2

З братамi-дэбашырамi я пазнаёмiлася ў Нарачанскiм грамадскiм пункце аховы парадку. Iх твары, рукi i адзенне былi ў крывi, разрэзам вачэй (якiя былi ледзь прыкметныя з-за фiнгалаў) адзiн з iх нагадваў кiтайца. Паводле слоў малодшага ўчастковага Iгара РАГАЧЭЎСКАГА, Павел i Мiкалай даўно ўжо знаходзяцца на кантролi мiлiцыi.

— Абодва судзiмыя за хулiганства, адзiн з iх адбыў тэрмiн у ЛПП. Бацькоў старэнькiх шкада, жыцця iм не даюць. Нап’юцца, а пасля пачынаюць высвятляць памiж сабой адносiны пры дапамозе кулакоў. Пры допыце ж браты нiколi адзiн да аднаго прэтэнзiй не маюць.

Гэтыя сiнюшныя твары i пустыя вочы яшчэ некалькi дзён стаялi ў мяне перад вачыма. А пытанне, як да такога жыцця можна дакацiцца, пастаянна свiдравала мозг. Але пасля сустрэчы з намеснiкам начальнiка ўпраўлення прафiлактыкi Мiнiстэрства ўнутраных спраў Беларусi высветлiлася, што героi майго матэрыялу зусiм бяскрыўдныя ў параўнаннi з...

— У Шклоўскiм раёне зяць у стане алкагольнага ап’янення пачаў душыць цешчу. Калi б у гэты момант яе дачка не прыйшла з работы, то невядома, чым бы ўсё гэта скончылася — расказвае Уладзiмiр САЦЮК. — А ў вёсцы Забалоцце п’яны мужчына палкай пабiў сваю жонку, праз некалькi гадзiн жанчына памерла.

"У вёсках п’юць не гарэлку, а "чарнiла" i самагонку"

I гэта толькi адзiнкавыя прыклады. Усяго ж летась на глебе сямейна-бытавых адносiнаў здзейснена 207 забойстваў, 436 ахвярам нанесены цяжкiя цялесныя пашкоджаннi. Хвалюе, што апошнiм часам найбольш схiльныя да злачыннасцi жыхары сельскай мясцовасцi. Асобы без пастаяннага месца працы зарабляюць на скварку (а там, дзе скварка, ёсць i чарка) на сезонных шабашках. Летам сена адзiнокай бабцы нарыхтуюць для кароўкi, восенню бульбу выкапаюць, зiмой дровы пасякуць. Вось толькi не ведаюць бабулi, што, звязаўшыся з такiмi залежнымi ад алкаголю работнiчкамi, пасля ўсё жыццё будуць iм павiнны... Не так даўно ў Тураве малады падонак, якi да гэтага дапамагаў старэнькай бабулi па гаспадарцы, ноччу прабраўся да яе ў хату, душыў i патрабаваў грошы. Пасля таго як перапужаная аддала яму ўсё, што засталося ад пенсii, ён яе згвалцiў.

— Недзе 80 працэнтаў злачынцаў, якiя падымаюць руку на блiзкага чалавека, знаходзяцца "падшафэ", — адзначыў Уладзiмiр Сацюк. — Таму для таго каб скарацiць колькасць злачынстваў у побыце, трэба, у першую чаргу, перамагчы п’янства ў краiне. I адной мiлiцыi з гэтай задачай не справiцца. Вельмi важна, каб убаку не застаўся нiводны свядомы грамадзянiн. Але пакуль што з узаемападтрымкай не ўсё так, як хацелася б.

У той час як Мiнiстэрства аховы здароўя выступае з прапановай дазволiць прадаваць спiртныя напоi асобам з 21-гадовага ўзросту, прадаўцы, нягледзячы на забарону, умудраюцца рэалiзоўваюць алкаголь няпоўнагадовым. Толькi ў Бабруйску летась супрацоўнiкi МУС выявiлi шэсць такiх парушэнняў у гандлёвых пунктах, якiя размешчаны паблiзу школаў.

— З iншага боку, радуе, што мясцовыя ўлады ўсiх рэгiёнаў краiны падтрымалi нашу iнiцыятыву наконт правядзення Дзён цвярозасцi. Сутнасць гэтых акцый не столькi ў тым, каб забаранiць продаж спiртнога, а ў тым, каб замянiць гандаль спiртнымi напоямi iншымi культурнымi, асветнiцкiмi i спартыўнымi мерапрыемствамi, давесцi да людзей, што алкаголь — гэта зло, што ў п’янай нацыi няма будучынi.

— Падчас апытвання мужчына выказаў незадаволенасць Днём цвярозасцi. "Так атрымалася, што да мяне 14 лютага завiтаў сябар. Калi я прыйшоў у краму, каб купiць каньяк, то даведаўся, што сёння нам з госцем давядзецца праводзiць вечар з сокам".

— Акцыя была не раптоўнай, ва ўсiх крамах напярэдаднi вiселi аб’явы, — кажа Уладзiмiр Сацюк. — Таму я не думаю, што чалавек, якi чакаў гасцей, не паклапацiўся пра "пачастунак" напярэдаднi. А вось людзям, якiя жывуць адным днём i грошы на "чарнiла" ў iх з’яўляюцца, як правiла, пасля ранiшняга абходу сметнiц, давядзецца хоць раз на месяц даць свайму арганiзму перадыхнуць.

— У вёсках людзi асацыяльных паводзiнаў у асноўным п’юць пладова-ягаднае вiно. Я ж, як начальнiк мiлiцыi i як грамадзянiн, — уступае ў размову начальнiк аддзела ўнутраных спраў Мядзельскага раёна Аляксей БАЛЮК, — лiчу, што з вытворчасцi наогул трэба выключыць гэты надзвычай шкодны для арганiзма напой цi хоць бы абмежаваць яго продаж зранку. Бо чалавек, якi набывае "чарнiла" ў 9 гадзiн ранiцы, як правiла, адразу ж яго выпiвае. Якi з яго можа быць работнiк? Калi мы будзем даваць магчымасць народу набываць таннае вiно, то мы хутка страцiм вялiкую частку нашага насельнiцтва.

— Як кажуць у народзе, свiння заўсёды знойдзе бруд. Цi не лiчыце вы, што цвярозая акцыя дазволiць "азалацiцца" так званым "самагоншчыкам"?

— Сёлета ў Мiнску затрымалi некалькi таксiстаў, якiя нелегальна гандлявалi гарэлкай, — канстатаваў Уладзiмiр Сацюк. — Але гэта ўжо праблема мiлiцыi. Ведаючы, што праходзiць такая акцыя i што ёсць людзi, якiя не абмiнуць магчымасць на гэтым узбагацiцца, актывiзуюцца аператыўныя службы.

— Паверце, мы ведаем, як з iмi змагацца. Ёсць пастаянныя парушальнiкi, якiх мы трымаем на кантролi. Вось жыхар Мядзела некалькi разоў прыцягваўся да адмiнiстрацыйнай адказнасцi за рэалiзацыю самагону. Апошнi раз у яго канфiскавалi 400 лiтраў гэтай вадкасцi. Акрамя таго, у нас ёсць свае крынiцы iнфармацыi. Гэта i старасты вёсак, i неабыякавыя суседзi. I жонка, якая ведае, што яе мужа "спойвае" бабка Нюра, не будзе маўчаць. Не дазволiць яна ўзбагацiцца старой за кошт чужых мужоў.

— Упраўленне ўнутраных спраў Мiнаблвыканкама выступiла з iнiцыятывай — праводзiць Днi цвярозасцi ў дзень выдачы авансу i зарплаты...

— Нядрэнная iдэя. Жонкi гэтых працавiкоў скажуць толькi дзякуй мiлiцыi, бо больш грошай у сям’ю вернецца. Заўважалi, напэўна, што робiцца, напрыклад, ля Трактарнага завода па заканчэннi змены. У многiх адна забава — недзе на лавачцы распiць бутэльку з таварышамi па працы. Праблема тут, на мой пагляд, у тым, што бутэлька гарэлкi каштуе танней, чым бiлет у кiнатэатр. Калi б зрабiлi больш даступным кошт культурных мерапрыемстваў, то, магчыма, мужчыны iнтэлектуальныя гутаркi праводзiлi б не за шклянкай гарэлкi ля прахадной завода, а па дарозе ў кiнатэатр.

Iзаляваць алкаголiкаў i дармаедаў?

Яшчэ адна прычына сiстэматычных асацыяльных паводзiнаў, разам з алкагольнай залежнасцю, — дармаедства цi, iншымi словамi, працоўная незанятасць. Пры сiстэматычным парушэннi грамадскага парадку ў нецвярозым стане чалавека ў адпаведнасцi з законам можна прымусiць працаваць.

— Дарэчы, такая мера пакарання, якая прымяняецца ў дачыненнi да безнадзейных хранiчных алкаголiкаў, як ЛПП, засталася толькi ў Беларусi, — адзначыў Уладзiмiр Сацюк. — Летась у ЛПП было накiравана 5035 чалавек, з iх 924 жанчыны. Шмат у нас мамак, якiя кiнулi сваiх дзяцей i якiя абавязаны выплачваць сродкi, затрачаныя дзяржавай на iх выхаванне. Вось толькi многiя адмаўляюцца працаваць i працягваюць пiць непрабудна. Прыйшлi да таго, што ў жаночым ЛПП у нас месцаў не хапае.

— Мы практыкуем у сваiм раёне адпраўляць у ЛПП толькi страчаных для грамадства людзей, тых, хто адмаўляецца працаваць на волi і з’яўляецца небяспечным для навакольных, — падзялiўся сваiмi думкамi начальнiк аддзела ўнутраных спраў Мядзельскага раёна. — Людзей жа працаздольнага ўзросту, якiя не цураюцца працы, мы стараемся вярнуць да жыцця без iзаляцыi. Летась адправiлi ў ЛПП 30 чалавек, сёлета — толькi 4. Змагаемся за кожнага да апошняга. Толькi на днях будслаўскi ўчастковы павёз тры сям’i ў Мiнск на "кадзiроўку". Гэтыя людзi самi хочуць выкараскацца з багны, разумеюць, што так жыць далей нельга. Але не маюць сродкаў на лячэнне. Вось старшыня СВК, дзе яны працуюць, i пайшоў сваiм работнiкам насустрач — выплацiў аванс.

— А цi ўзнiмалася пытанне аб стварэннi рэабiлiтацыйных цэнтраў, дзе ўсе абавязаныя асобы працавалi б пад кантролем мiлiцыi?

— Так, гэта б палегчыла жыццё наймальнiкам, якiя цяпер вымушаны працаўладкоўваць абавязаных асобаў, — адзначыў Уладзiмiр Сацюк. — Безумоўна, такiм людзям нельга даверыць складаную тэхнiку, але ў нас дастаткова працы, якая выконваецца рукамi. Гэта пытанне стаiць на кантролi.

Мiлiцыя — не "пудзiла"

У МУС iснуюць тэлефоны даверу, куды можна патэлефанаваць i пакiнуць iнфармацыю аб сямейных дэбашырах. Зрабiць гэта можна ананiмна.

— Я лiчу, што калi дзесьцi штосьцi за сценкай адбываецца, нехта кагосьцi б’е, прынiжае, то абавязак суседа — патэлефанаваць у мiлiцыю, — кажа Уладзiмiр Сацюк. — Iншая справа, калi скардзяцца, што сусед гучна глядзiць тэлевiзар, слухае музыку цi цвiкi ў сценку забiвае. Гэта ўжо не да нас трэба звяртацца. За парушэнне правiлаў карыстання жылымi памяшканнямi адказваюць жыллёва-камунальныя службы. Ёсць яшчэ i такiя заяўнiкi, якiя лiчаць, што мiлiцыя — гэта пудзiла (напрыклад, жонка можа патэлефанаваць у мiлiцыю, бо муж не хоча выносiць смецце). Мы ж пужаць нiкога не збiраемся. Таму нагадваю, што за заведама непраўдзiвае паведамленне, якое пацягнула рэагаванне спецыяльных службаў, у тым лiку мiлiцыi, прадугледжваюцца вялiкiя штрафы.

Большасць ахвяраў сямейных дэбашыраў не толькi не заяўляюць на сваiх крыўдзiцеляў у мiлiцыю, але нават не скардзяцца сябрам i родным. I нават калi неабыякавыя суседзi выклiкалi супрацоўнiкаў мiлiцыi, жанчыны часта адмаўляюцца пiсаць заяву, бо баяцца помсты...

— Пракурор можа ўзбудзiць крымiнальную справу i без заявы пацярпелай, калi ён убачыць, што яна залежыць ад мужа цi сужыцеля.

Як бачым, мераў прафiлактыкi сямейна-бытавых злачынстваў хапае. Але самая эфектыўная, на думку маiх суразмоўцаў, — выяўленне менш цяжкiх злачынстваў у сям’i i быце.

— Выяўляючы такiя злачынствы, як пагроза забойства, катаванне, нанясенне лёгкiх цялесных пашкоджанняў i прыцягваючы вiнаватых да адказнасцi, мы тым самым папярэджваем больш цяжкiя злачынствы. Большасць людзей, якiя пройдуць праз прэвентыўныя меры пакарання, дзесяць разоў падумаюць, перш чым узняць руку на блiзкага чалавека.

Надзея ДРЫЛА.

Фота аўтара.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Большасць сямейна-бытавых злачынстваў — на вёсцы i "пад градусам" Мядзельскi раён, сям’я № 1 — Забiрайце хутчэй, каб вочы мае яго больш н
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика