Беларусы i балгары — разам праз стагоддзi
Беларусы i балгары — разам праз стагоддзi
Дзень вызвалення Балгарыi з-пад асманска-турэцкага ярма — выдатная дата ў гiсторыi нашых народаў. 19 лютага (3 сакавiка) 1878 г. гераiчная барацьба рускiх, беларускiх, украiнскiх воiнаў i балгарскiх апалчэнцаў закончылася заключэннем у Сан-Стэфана мiрнага пагаднення памiж Расiяй i Турцыяй, паводле якога Балгарыя абвяшчалася самастойнай дзяржавай. Падчас Руска-турэцкай вайны 1877—1878 гг. значную частку славянскага войска складалi беларусы, якiя шмат зрабiлi для вызвалення Балгарыi. Сярод iх iмёны генерала Іосiфа Гуркi — аднаго з найбольш выдатных палкаводцаў у гэтай вайне, прадстаўнiка знанага беларускага роду Рамейкаў-Гуркаў; генерала Мiхаiла Скобелева, якi паходзiў з сям’i выхадцаў з Беларусi, што перасялiлiся на Стаўрапольшчыну; доктара Руселя — Мiкалая Судзiлоўскага, выратавальнiка параненых; героя гэтай вайны К. Хруцкага, узнагароджанага двума Георгiеўскiмi крыжамi. Нямала беларускiх прозвiшчаў на помнiках, усталяваных у Балгарыi ў памяць аб загiнулых за яе вызваленне. На мемарыяльных дошках, якiя захавалiся да нашага часу ў храме, пабудаваным у гонар перамогi ў Руска-турэцкай вайне, на Мiнскiх вайсковых могiлках, высечаны прозвiшчы беларусаў Ф. Несцяровiча, В. Караткевiча, Ф. Канановiча, А. Беразюка, М. Смолiча, С. Савiча i шмат iншых. Штогод Беларускае таварыства дружбы i культурнай сувязi з замежнымi краiнамi разам з дыпламатычным корпусам Балгарыi ўшаноўвае на Мiнскiх вайсковых могiлках памяць аб гэтых героях. Акрамя гэтага, таварыства "Беларусь — Балгарыя" наладжвае навуковыя канферэнцыi, "круглыя сталы", дзе дакладчыкi i выступоўцы дзеляцца цiкавай гiстарычнай iнфармацыяй. Так, летась таварыствам "Беларусь — Балгарыя" была наладжана чарговая моладзевая навуковая канферэнцыя па тэме "Руска-турэцкая вайна 1877—78 гг. Удзел Беларусi ў вызваленнi Балгарыi", прымеркаваная да 130-годдзя вызвалення Балгарыi. Засталося вельмi шмат цiкавых матэрыялаў па гэтай канферэнцыi, якiя, на жаль, нiдзе не былi надрукаваныя. Але старшыня прэзiдыума таварыства, адказны сакратар i проста душа таварыства "Беларусь — Балгарыя" Нiна Сямёнаўна Iванова захоўвае iх i вельмi спадзяецца, што яны ўсё ж убачаць свет i знойдуць сваё месца сярод паўнацэнных выданняў. Падрыхтавала сябра таварыства "Беларусь — Балгарыя" Валянцiна КУДЗIНА. Даўно вядома, што сцiсласць — сястра таленту. Прапануем нашым чытачам пазнаёмiцца з творамi некаторых сучасных балгарскiх пiсьменнiкаў, якiя працуюць у жанры сцiслай прозы.
Хрыста Карастаянаў ГРОШЫ, УСЯГО ТОЛЬКI ГРОШЫ...У самым канцы цяжкога лета, калi было так горача, што навокал пахла гарэлым, адна жанчына ўзяла адзiн дзень адпачынку за свой кошт: пайшла ў банк i нарэшце зняла тыя тры тысячы леваў, наконт якiх яны з мужам даўно вагалiся, цi варта iх здымаць... Але ў рэшце рэшт яна iх зняла. Загарнула iх у цэлафан, цэлафан той абматала гумкаю, потым засунула гэты тонкi пакуначак на самае дно сваёй старой сумкi i заспяшалася да прыпынку на iншым баку плошчы. Села ў першы аўтобус, загайдалася ў напрамку квартала за гнiлой тутэйшай рэчкай, i ўжо так неадрыўна пiльнавала, так ужо прыцiскала да сябе тую сумку, што ўжо лепш няма як, а вось жа выйшла на сваiм прыпынку, сунула руку ў сумку — i самлела! Грошай не было... Яна войкнула i спачатку памкнулася бегчы за аўтобусам, пасля кiнулася да таксафона, што вiсеў на аблупленым рагу дома, i ў рэшце рэшт проста пабегла дахаты... А муж яе, убачыўшы, якая жонка прыбегла спалоханая, як быццам ад каго ўцякала, i раскудлачаная, ускочыў i стаў распытваць, цi не здарылася чаго з тым самым... Жанчына расплакалася i адказала, што ў яе iх скралi... "Шалёная баба!" — выдыхнуў ён. "Каб цябе разарвала, шалёная баба!" — закрычаў i накiнуўся на яе з лаянкай. А потым вохнуў i пачаў яе бiць, куды толькi паспяваў патрапiць. Жанчына загаласiла, выбегла з кватэры i пабегла ўнiз па засiканай лесвiцы. Муж бразнуў дзвярыма, вярнуўся ў кухню i, натуральна, перш за ўсё угледзеў там кiнутую ў мiтуснi сумку. Ён павагаўся... потым нагнуўся, падняў яе нерашуча i ўрэшце высыпаў усё на стол. I сапраўды! Гэны перацягнуты гумкаю пакуначак з трыма тысячамi леваў быў там! Мужчына прысеў на крывое крэсла збоку, утаропiўся ў мутны цэлафан з грашыма ўнутры i раптоўна, нават сам сябе не чуючы, прамармытаў бездапаможна: "Толькi ж каб яна да мяне вярнулася, толькi каб вярнулася!.." ТОЙ БОК 1. Ён любiў уяўляць сабе, як раптам памiрае — або ў сне, або на вулiцы, на вачах уражаных мiнакоў. Проста ўзлятае — i ўжо мёртвы, яшчэ да таго, як упасцi на плiтку або на асфальт пешаходнай зоны ў цэнтры. Уяўляў сабе звычайна пераможны iнфаркт, але дапускаў i рак у якiм-небудзь больш-менш прыстойным месцы. У горле, напрыклад. I ён не будзе лячыцца! Нiякiх лякарняў! Нiякiх лекаў, аперацый... Ён не ўяўляў сябе абматаным трубачкамi i правадамi медыцынскiх апаратаў! Не ўяўляў сябе ў лайне доўгага ляжання, якое пазбаўляе чалавечага аблiчча. Гэтага ён не дапусцiць нi за што на свеце. Калi ўжо станецца так, што ён будзе пастаўлены менавiта перад небяспекай змарнець, кiнуты ў агонiю крыўднага i гнюснага зыходу, ён проста апярэдзiць нядбайнага нашага Стваральнiка: падымецца на дах суседняга сямiпавярховага кааператыўнага дома i скiнецца адтуль. Вось i ўсё. 2. Потым ён ужо i не памятаў, з якой прычыны яму давялося пайсцi да доктара, але так цi iнакш там яго прыспешвалi з нейкiмi ўсё больш сумнеўнымi аглядамi, дзе яго сустракалi i праводзiлi нейкiя дактары з усё больш спачувальнымi тварамi. Ён выконваў усё, што яму казалi, але рабiў гэта ад пачцiвасцi i ганарыста ўсё гэта цярпеў. I вось урэшце яму засмучана сказалi: агляды бязлiтасна паказваюць, што гэта рак у тым самым прыстойным месцы, у якiм ён гэта сабе i ўяўляў перад тым, i што сэрца яго ў настолькi перадiнфарктным стане, што ўвогуле незразумела, як ён яшчэ не ўпаў на тратуары падчас руху або не памёр у сне. 3. ... Ачомаўшыся пасля пачутага i зноў адчуўшы зямлю пад нагамi, ён каўтануў i сказаў: — Пiшыце рэцэпты! Расiца Баркоўскi ГАСПАДЫНЯЧысцiць, мые, гатуе. Вядзе гаспадарку, аберагае сям’ю. Клапоцiцца. Трывожыцца. Мые посуд. Пакуль мые, думае. Лыжкi, вiдэльцы, яе сын, нажы: "Цi добра ён дабраўся? I навошта яму было шукаць шчасця ажно ў Германii?! Хоць бы адгукнуўся! Хаця голас яго пачуць... Трэба не забыцца сказаць яму, каб купiў сабе шалiк, бо свой забыўся забраць у спешцы... а там жа, вiдаць, холадна..." Кубкi, хрустальныя, кволыя, яе дачка, i лёгка б’юцца: "Божа, няхай яе прымуць сёлета! Столькi вучыць, такая яна ў мяне разумнiца! Сядзiць дзiця адно ўвесь час у хаце, нiкуды не выходзiць, сяброў няма. А ў малой былi, таварыская была..." Талеркi, цэлы стос, глыбокiя, мужавы, i плыткiя: "Шмат працуе апошнiм часам. Ператамляецца. Усё пасяджэннi, сустрэчы. I гэная, новая яго начальнiца — надта ўжо амбiцыйная... ну што ж, як не мае сям’i..." Тэлефон. Спужалася. Выпусцiла талерку i думку пра мужа. Разбiлiся. "Алё! Я затрымаюся. Не чакайце мяне на вячэру. У начальнiцы — ты ж ведаеш, якая яна амбiцыйная — з’явiлiся новыя iдэi..." "Замесцi разбiтае. Выкiнуць. Потым талеркi падсушыць i раскласцi ў шафкi. Трэба, каб было чыста. Каб быў парадак. Каб не плакала..." Марцiн Златаў ЛIСТЁн кожны дзень адчыняе скрыню. Каля 9.30, пасля таго, як пройдзе паштальён. Але нiчога апроч рахункаў там няма. Яму сказалi, што дойдзе хутка. Кожны дзень пасля такой праверкi яго мацi садзiцца за стол у кухнi, падпiрае галаву левай далонню. "Ну што зробiш, — суцяшае яго, — патэлефануй, можа там нешта непрадбачанае, яны ж сказалi, што праз дзень-два, а ўжо другi месяц пайшоў..." Ён нешта мармыча i вяртаецца ў пакой, маўляў, не хоча iх турбаваць, раз яны сказалi, што прыйдзе, значыць, прыйдзе. Яго мацi ўстае, выцiрае рукi аб ружовы пеньюар i пачынае завiхацца ў кухнi: патэльнi, электраплiта, рукамыйнiк, вiхурныя акружнасцi, якiя паступова супакойваюцца i вяртаюцца на свае месцы. Потым яна клiча яго тым самым голасам, якiм з гонарам расказвае суседкам, што "от жа, ён мае перспектывы, хутка пераедзе ў вялiкi свет, пакiне яе, выберацца раз i назаўжды з нудоты, не патрэбная яму ўжо старая мацi". Запрашае яго на абед тым самым рухам рук, з якiм цiха спусцiлася ўнiз па прыступках, знайшла яго ў скрынi, схавала ў кiшэнь пеньюара, паднялася ў кухню, разадрала яго, расшморгала, схавала абрыўкi на дно сметнiцы, пад шалупiнне ад яек, скуркi ад памiдораў i лупiны ад бульбы i папрасiла: калi ласка, выкiнь смецце, таму што "сметнiца перапоўненая, занадта цяжкая, каб мне валачы яе ўнiз, а ты ж ведаеш, як мне цяжка з маёй спiнай, з гэтымi сардэчнымi праблемамi..." Iвона Тачава ПРЫМОР’ЕУзiмку час застывае ў рыбацкiм пасёлку, мора гудзе няспынна, цяжка i толькi часамi сiроцкае бледна-ружовае сонца прапальвае пашарэлы небасхiл. Тут не праязджаюць нi вандроўныя артысты, нi марудлiвыя скандынаўцы, нi разгульныя вялiкасцi. Жыццё ў пасёлку бязмежнае i няўлоўнае. Увечары мужчыны збiраюцца ў карчме, гуляюць у нарды i п’юць анiсавую гарэлку. Карчмар з алоўкам за вухам слухае навiны па радыё, абапершыся аб прылавак. Тут душна, але ўтульна. Пачырванелыя ад анiсаўкi i вятроў, рыбакi вяртаюцца дахаты. Iх жонкi ўжо нагрэлi вады ў чайнiках, палiваюць iм, каб яны памылiся, падаюць iм ручнiкi, ставяць на стол вячэру. Звонку мора сонна гудзе. У хатах гаснуць газнiцы i лампады. У рыпучых ложках мужчыны прыцiскаюцца да дужых целаў сваiх жонак, чые начныя сарочкi пахнуць самаробным мылам i арэхавым куфрам. Уладзiслаў Хрыстаў ЧОРНЫ ПАРЫКЯна купiла сабе чорны парык. Сказала сама сабе: "У iм я выглядаю прынамсi на 20 гадоў маладзейшай..." I было сапраўды так — мужчыны пачалi ўсё часцей заглядацца на яе, а гэта вельмi важна для жанчыны, чый пяты дзясятак заканчваецца. Кожнай ранiцай яна старанна расчэсвала свой чорны парык, спырсквала яго парфумаю, а пасля акуратна апранала на свае пасiвелыя валасы. Увечары, перад тым як легчы спаць, яна выносiла свой парык на тэрасу. "Натуральныя валасы маюць патрэбу ў кiслародзе!" Так ёй сказала прадавец у краме, дзе прадаюцца парыкi. Быў халодны лiстападаўскi ранак. Яна адчынiла дзверы на тэрасу i недаўменна паглядзела на свой чорны парык. У iм сядзела i сагравала свае яйкi натапыраная ад холаду галубка. Жанчына спачатку спалохалася, а потым пачала смяяцца. Галубцы таксама стала смешна, але паколькi яна не магла ўсмiхацца, дык стала лёгенька трымцець крыламi. ЦЕНЬЦень нараджаецца кожнай ранiцай. Цэлы дзень матаецца па горадзе ўслед за сваiм любiмым паштальёнам, а ўвечары змешваецца з тысячамi iншых ценяў, каб нарадзiўся той густы i непраглядны змрок, якога так баяцца маленькiя дзецi. Пераклад з балгарскай Марыны Абрагiмовiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзень вызвалення Балгарыi з-пад асманска-турэцкага ярма — выдатная дата ў гiсторыi нашых народаў. 19 лютага (3 сакавiка) 1878 г. гераiчная барацьба ру
|
|