Друкапiсы не гараць
Друкапiсы не гараць
Творчасць лiтаратурнага аб’яднання "Бум-бам-лiт" заняла сваё месца ў гiсторыi дзякуючы кнiжцы, якая выйшла ў выдавецтве "Галiяфы". Новую кнiжку "Друкапiсы. Вялiкая iмправiзацыя" былыя "бум-бам-лiтаўцы" перадалi ў Дзяржаўны лiтаратурны музей разам з арыгiнальнымi самвыдаўскiмi кнiжачкамi, якiя некалi з’явiлiся ўвасабленнем беларускага лiтаратурнага авангарду. Гэта 10 самаробных кнiжачак з калекцыi Мiхася Башуры, якiя стваралiся ў сярэдзiне 90-х гадоў у рамках эпатажнага праекта "Бум-бам-лiт". Пра сваю эпатажнасць некаторыя з удзельнiкаў узгадваюць нiбыта пра дзiвацтвы маладосцi. А некаторыя ўсё яшчэ трымаюцца авангарднага духу i нават нядаўна ўдзельнiчалi ў фотасесii з распрананнем. Аднак менавiта выданне "Друкапiсаў" стала самым яскравым сведчаннем таго, што ў беларускай лiтаратуры адбыўся авангард. А тое, што гадоў 15 таму было лiтаратурна-мастацкай з’явай, цяпер трэба разглядаць як частку гiсторыi. Праўда, некаторыя з самвыдаўскiх кнiжачак дзеля гiсторыi ўжо захоўвалiся ў Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi, некаторыя засталiся ў прыватных калекцыянераў. Але цяпер факсiмiльнае выданне ў 216 старонак аб’яднала пад адной вокладкай 10 друкапiсаў, якiя пададзены дакладна так, як аўтары рабiлi iх сваiмi рукамi: на паперы фармату А4, самi пiсалi, малявалi, потым на ксераксе рабiлiся копii, усё змацоўвалася i атрымлiвалiся маленечкiя кнiжачкi. Успамiнам пра тое, што было тады, аддавалiся былыя ўдзельнiкi "Бум-бам-лiту" падчас... абсалютна акадэмiчнай вечарыны. Пра былыя авангардныя iдэi нагадаў хiба Юрась Барысевiч, якi раiць ужываць лiтаратуру нетрадыцыйным спосабам — праз таблеткi i гарчычнiкi. Ды сапраўдным "бум-бам-лiтаўскiм" рарытэтам стаў колiшнi тазiк, у якога была асаблiвая мiсiя: гучна паведамiць пра пачатак новага часу ў беларускай лiтаратуры. У яго i цяпер даволi спрытна грукаў "бессмяротны хросны бацька "Бум-бам-лiту" Валянцiн Акудовiч. Калiсьцi ён грукнуў у гэты тазiк на першай вечарыне новага лiтаратурнага руху ў Доме лiтаратараў. Гэты кароткi бум павiнен быў засведчыць заканчэнне гiсторыi той класiчнай лiтаратуры, якая была да "Бумбалёту", i зафiксаваць пачатак iншага часу — лiтаратуры без гальштукаў, без тытулаў. Гэты бум нiбыта пераносiў беларускую лiтаратуру ў iншае вымярэнне, забяспечыўшы ёй прыток свежага паветра. Так, беларускi лiтаратурны авангард здарыўся нашмат пазней, чым у iншых краiнах. Амаль на стагоддзе пазней, чым ён з’явiўся ў свеце, i на дзесяцiгоддзi пазней, чым у Расii. Затое ён выспеў. Затое паспеў самасцвярдзiцца да таго, як новыя камп’ютарныя тэхналогii, развiццё iнтэрнэту не запатрабавала пошуку новых спосабаў размовы з чалавекам, новай iмправiзацыi. Можа таму сёння так важна падсумаваць i патлумачыць сэнс таго лiтаратурнага руху, якi першы ў Беларусi паказаў: лiтаратура можа быць iншай. Як той рух трэба ўспрымаць сёння, адказала ўкладальнiца кнiжкi "Друкапiсы. Вялiкая iмправiзацыя" Інэса Кур’ян: — Гэтая кнiжка не з’яўляецца вялiкай цаглiнай у муры, якi можна назваць "авангард у беларускай лiтаратуры". Гэта не цаглiна, а маленькi вельмi яскравы фрагмент гiсторыi нашага авангарда, якая, можа, наогул не пiсалася. Жменя кнiжак-аднадзёнак, якiя на той час павiнны былi штосьцi прыспешыць, якiя павiнны былi стаць свежым поглядам на жыццё, увайшлi ў зборнiк (iх дзесяць выпадкова, няхай не крыўдзяцца тыя, хто не патрапiў). Гэта наш спазнёны авангард: беларусы павiнны зразумець, што яны заўсёды спазняюцца i наогул не спяшаюцца. Але галоўнае, што гэта адбылося: з’яўлялiся кнiжкi, якiя ўтрымлiваюць важную рысу авангарда — эпатажнасць, якiя павiнны былi прадэманстраваць усе таленты аўтараў. Выданне "Друкапiсаў" — гэта кароткi погляд на тое, што адбывалася там i тады. Не трэба чакаць, калi азiрацца i вызначаць месца той лiтаратурнай з’явы. Архiў трэба альбо адразу палiць у печы, альбо ратаваць... Гiсторыя любiць, калi ў ёй усё раскладзена па палiцах, калi падведзены вынiк. Вынiкам таго, што было тады, можна лiчыць не толькi з’яўленне пэўнай плынi ў беларускай лiтаратуры, але прыход у яе новых аўтараў. Выдадзеная кнiга "Друкапiсы" гэта замацавала дакументальна. I кожны з удзельнiкаў "Бум-бам-лiту" па-свойму сёння вызначае ролю гэтага руху ў сваiм жыццi. Паэт Вiктар Жыбуль: — Мяне прымушаюць узгадваць пра мой друкапiс, калi iмкнуцца даведацца, колькi ў мяне кнiжак. Паўстае пытанне: а друкапiс лiчыць цi не? Я дагэтуль не вызначыўся, цi трэба лiчыць гэта за кнiжку. Але калi параўноўваць з музыкай, то нашы самвыдаўскiя друкапiсы, напэўна, выконвалi ролю "дэмак", якiя настройваюць людзей на тое, што далей трэба чакаць паўнавартаснага альбома, цi кнiжкi, калi гаворка пра паэта. Лiтаратар Змiцер Вiшнёў: — Я як выйшаў з "Бум-бам-лiту" напрыканцы 90-х гадоў, так у яго па сёння i не ўваходжу. Займаюся ўласнай творчасцю. У лютым я скончыў свой раман "Замак пабудаваны з крапiвы", гэта аб’ёмны твор, я над iм працаваў досыць доўга. Урыўкi перакладзены ўжо на нямецкую, чэшскую, польскую мовы, улетку я спадзяюся прэзентаваць кнiжку i па-беларуску. За апошнi год я не напiсаў нiводнага верша. Апошнiя два гады не займаюся перформансам прынцыпова. Кожны з нас пайшоў па ўласным шляху, хоць мы памiж сабой засталiся сябрамi. Мы выраслi, не толькi пасiвелi, але i пасталелi — у творчасцi таксама. Скандал, эпатаж ужо не з’яўляецца для нас нечым асноўным, гэта элемент нашай творчасцi. Нават у 90-я гады гэта быў толькi элемент творчасцi, але на той момант ён быў больш яскрава пададзены. Паэт i лiтаратуразнаўца Мiхась Башура: — "Бум-бам-лiт" — гэта не арганiзацыя. Гэта нiякая не суполка, а вольны рух. Мы нiкога ў яго не запрашалi, людзi прыходзiлi i выходзiлi з "Бум-бам-лiту" самастойна. Таму на сёння сiтуацыя такая: ёсць удзельнiкi руху, якiя ў 97-98 гадах аб’явiлi аб сваiм выхадзе з гэтага руху. А ёсць тыя, хто да гэтага часу яго прапагандуе i стараецца неяк прасоўваць: Сяржук Мiнскевiч, Алесь Туровiч. Калi казаць пра дасягненнi тых, хто выйшаў з "Бум-бам-лiту", то iх сённяшняя творчасць запатрабаваная па-за межамi Беларусi. Прозу Альгерда Бахарэвiча i Iллi Сiна перакладаюць на еўрапейскiя мовы. "Тэатральныя дэманы" Iллi Сiна, якiя толькi рыхтуюцца па-беларуску, збiраюцца выдаваць у кракаўскiм выдавецтве асобнай кнiжкай. Кнiжка Альгерда Бахарэвiча, якi цяпер жыве ў Гамбургу, выйшла па-польску i з’явiцца ў перакладзе на нямецкую мову. Перакладалiся на розныя мовы свету вершы Змiцера Вiшнёва, Вiктара Жыбуля. Вальжына Морт увогуле цяпер жыве ў Амерыцы... А меру цi вагу эксперыменту ў сённяшняй творчасцi кожнага з iх трэба будзе вызначаць асобна. Вось яшчэ будзе працы ў лiтаратуразнаўцаў... I калi сёння некаторыя кажуць, што выданне кнiжкi забiла цвiк у труну "Бум-бам-лiту", то абсалютна вiдавочна, што засталiся нашчадкi, для якiх авангард сярэдзiны 90-х гадоў мiнулага стагоддзя застанецца бацькоўскiм домам, дзе некалi яны маглi ўволю пагуляць з формай, са словам. I дзе ў гульнi словаў галоўнай была iдэя. Пра гэта лепш сказаць словамi Ганны Цiханавай: Змест атрымаўся агульны. Змест атрымаўся... А гульнi? Ларыса ЦIМОШЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Творчасць лiтаратурнага аб’яднання "Бум-бам-лiт" заняла сваё месца ў гiсторыi дзякуючы кнiжцы, якая выйшла ў выдавецтве "Галiяфы"
|
|